Перапіска Саюза пісьменнікаў, яго кіраўнікоў з вышэйшай ў рэспубліцы партыйнай інстанцыяй часам падводзіць да думкі, што, маўляў, кожны крок творчаму саюзу трэба было ўзгадняць. Можа яно і так... Але ж пісьменнікі спадзяваліся на ЦК і з іншага пункту гледжання: у структураванай адміністрацыйна-партыйнай сістэме не проста ўзгадняліся тыя ці іншыя пытанні, а з ліста, са звароту ў ЦК КПБ, са звароту непасрэдна да Пятра Міронавіча Машэрава альбо да сакратара ЦК Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна пачыналася выпрацоўка механізма вырашэння таго ці іншага пытання. «Хітрасць» была ясная і зразумелая ўсім: дасць ЦК «дабро» — і ў выніку падключацца органы ўлады на месцах, у справу будзе задзейнічаны ўрад, адпаведныя міністэрствы безапеляцыйна пачнуць займацца тым ці іншым патрэбным клопатам. Відавочна, што ўгаварыць кожную з інстытуцый спрычыніцца да вартай і патрэбнай грамадству, айчыннай культуры, нацыянальнай літаратуры справу паасобку наўрад ці атрымалася б... Пункт гледжання ЦК, рашэнне ЦК, яго падказка — зусім іншая справа.
Вось і ў выпадку з ўшанаваннем памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа першы сакратар праўлення Саюза пісьмнннікаў БССР Ніл Гілевіч звяртаецца ў ЦК... 4 студзеня 1981 Ніл Сымонавіч падпісвае ліст да сакратара ЦК КПБ А. Т. Кузьміна... «Паважаны Аляксандр Трыфанавіч!
8 лютага 1981 года спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Івана Паўлавіча Мележа.
Сваё кароткае жыццё ён цалкам аддаў служэнню роднаму народу, Савецкай Радзіме, Камуністычнай партыі, пакінуўшы багатую і непаўторную спадчыну, узнавіўшы ў мастацкіх вобразах этапныя перыяды няўхільнага поступу Кастрычніцкай рэвалюцыі па краіне. Творы яго вядомы людзям яшчэ са школьных гадоў, яны шырока перакладзены на мовы народаў СССР і многія замежныя.
Юбілейную дату Івана Мележа варта было б адзначыць шырока ў друку, па радыё і тэлебачанні, у школах, бібліятэках, палацах культуры і клубах, на радзіме пісьменніка і ў Мінску, дзе ён вучыўся і працаваў да апошніх дзён свайго жыцця.
У Мінску агульнагарадскі вечар, на наш погляд, варта было б правесці ў тэатры імя Янкі Купалы, на сцэне якога ішлі яго п’есы (“Пакуль мы маладыя” і “Дні нашага нараджэння”), а таксама інсцэніроўка па раману «Людзі на балоце». Гэты спектакль мог бы стаць мастацкай часткай вечара». Канкрэтная праграма... Праўда, ліст напісаны, што называецца, у самы-самы пярэдадзень юбілея... Чаму не звярнуліся раней? Мо баяліся, што навагоднія святы зблытаюць усе папярэднія планы? Мо разлічвалі, што нагадаць пра юбілей за месяц — час дастатковы?.. Хто ведае «кухню» праходжання афіцыйных папер у высокіх інстанцыях, задумаецца: а ці не сапраўды запозна звярнуліся... Адным словам, можна толькі такое апраўданне знайсці: маўляў, усё і без таго адладжана і будзе рухацца, адзінае, што трэба — «добрая воля» ЦК партыі... Альбо — і ў самім Саюзе паставіліся да будучага юбілея фармальна, пра важкасць падзеі гаворку вялі на словах, не дужа рупячыся пра саму высокую падзею, якая змагла б прыцягнуць найбольшую ўвагу да класіка беларускай літаратуры, які «жыццё аддаў служэнню роднаму народу»...
Што ж вырашылі ў ЦК КПБ?.. Пытанне даручылі разгледзець двум аддзелам — культуры і прапаганды і агітацыі. На той час іх узначальвалі Іван Іванавіч Антановіч і Савелій Яфімавіч Паўлаў адпаведна. 23 студзеня яны падпісваюць службовую запіску... Чытаем, што ж было вырашана ўсяго за два тыдні да самога юбілея..: «8 лютага 1981 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння лаўрэата Ленінскай прэміі народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа.
Саюз пісьменнікаў БССР увайшоў у ЦК КПБ з прапановай па правядзенню юбілея І. П. Мележа. Аддзелы культуры, прапаганды і агітацыі ЦК КПБ вывучылі дадзенае пытанне і лічаць мэтазгодным:
Праграма, несумненна, цэласная і правільная... Кантроль наладжаны. Захавалася і такая запіска: «11 лютага 1981 г. адбудзецца юбілейны вечар, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння І. Мележа. Просім прадоўжыць тэрмін выканання дакумента <...> да 12 лютага г.г.» Падпісаў запіску загадчык аддзела культуры ЦК КП Беларусі І. Антановіч. Унізе — 5 лютага — рэзалюцыя: «Тэрмін прадоўжыць да 12 лютага 1981 г.» На запісцы, якой дакладвалі сітуацыю два загадчыкі — І. Антановіч і С. Паўлаў — рэзалюцыя па факту (падпісаў яе А. І. Бутэвіч): «Усе пункты выкананы ў поўным аб’ёме. Праведзены мерапрыемствы на радзіме І. П. Мележа, у школах, ВНУ. 11 лютага 1981 г. адбыўся агульнагарадскі вечар, прысвечаны 60-годдзю І. П. Мележа...»
З 1981 года мінула нямала часу. У 2021 годзе адзначалі ўжо 100 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Аўтара неўміручых раманаў пра беларускую вёску згадвалі і ў друку, і на тэлебачанні і радыё. Самымі ўдзячнымі ў дачыненні да памяці пра Івана Мележа былі, канешне ж, землякі — жыхары Гомеля, жыхары Хойнік і Хойніцкага раёна. Варта згадаць, што ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна працуе ўнікальны па сваёй цеплыні, па насычанасці мемарыяльнымі рэчамі літаратурна-краязнаўчы музей, прысвечаны пісьменнікам Гомельшчыны. І ўвага ў яго экспазіцыі да Івана Мележа самая што ні ёсць шырокая...
Напамін пра старыя архіўныя «паперы» — гэта яшчэ і падказка нам, сённяшнім: «Не забыцца! Не забыць!..» Беларускае прыгожае пісьменства настолькі багатае і вартае ўвагі, што мінаючы пэўныя вялікія даты стваральнікаў нацыянальнай літаратуры — мы ў выніку страчваем нешта важнае і сёння…
Кастусь ЛЕШНІЦА
Фота БелТА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».