Вы тут

Дапамога інвалідам, абарона персанальных даных і захаванне кадравага патэнцыялу


Каля 14 тысяч працоўных мігрантаў прыбылі на тэрыторыю Беларусі з 80 краін за мінулы год. Аб гэтым, прадстаўляючы ў першым чытанні законапраект аб знешняй працоўнай міграцыі, паведаміў міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ. Пры гэтым кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што на тэрыторыі нашай краіны прагназуецца павелічэнне працоўнай міграцыі. 


— Па нашых падліках, толькі па бязвізу да нас за тры месяцы з Літвы і Латвіі прыбылі каля 45 тысяч чалавек, — заўважыў міністр унутраных спраў. — Людзі прыязджаюць, ацэньваюць наш узровень жыцця, умовы працы. Мы можам меркаваць, што колькасць працоўных мігрантаў павялічыцца.

Як падкрэсліла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Вольга Петрашова, палітыка Рэспублікі Беларусь у сферы знешняй працоўнай міграцыі пастаянна ўдасканальваецца. «І адной з задач гэтай палітыкі з’яўляецца абарона нашых грамадзян, якія працуюць за мяжой, — заўважыла парламентарый. — Прадугледжана ўвядзенне норм, якія будуць абараняць замежных грамадзян, якія працуюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Калі паглядзець аналіз структуры імпарту-экспарту працы, то колькасць замежных грамадзян, якія прыязджаюць працаваць на тэрыторыю нашай краіны, мае тэндэнцыю да зніжэння, а колькасць працоўных мігрантаў, якія выязджаюць працаваць за мяжу, — да павелічэння. Вельмі своечасовае сёння прыняцце комплексу мерапрыемстваў, якія будуць садзейнічаць, у першую чаргу на заканадаўчым узроўні, захаванню кадравага патэнцыялу нашай краіны, прыцягненню прафесійных, кваліфікаваных кадраў з-за мяжы ў нашу краіну». 

Палажэнні Закона «Аб знешняй працоўнай міграцыі» не будуць дзейнічаць на замежных грамадзян, якія пажадаюць працаваць на тэрыторыі Беларусі будучы ўдзельнікамі студэнцкіх атрадаў, сезонных сельскагаспадарчых работ, пераможцамі і лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. Таксама новаўвядзенні не будуць распаўсюджвацца на прафесійных спартсменаў і трэнераў. Удасканальваюцца і падыходы да рэгламенту працаўладкавання нашых грамадзян за мяжой. Гэтая навацыя і многія іншыя, па словах Вольгі Петрашовай, будуць садзейнічаць ўдасканаленню імпарту і экспарту працоўнай сілы.

У першым чытанні дэпутаты прынялі законапраект «Аб змяненні законаў» (па пытанннях абароны персанальных даных). Як расказаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, абарона персанальных даных, інфармацыйная бяспека з’яўляеццца адным з галоўных пытанняў у МУС. Цяпер, па словах кіраўніка міліцэйскага ведамства, у кожным абласным упраўленні ўнутраных спраў прадугледжаны падраздзяленні, якія займаюцца непасрэдна толькі абаронай інфармацыі. Акрамя таго, створана падраздзяленне, якое ў кругласутачным рэжыме забяспечвае інфармацыйную бяспеку.

— Сёлета было шмат спроб несанкцыянаванага доступу да інфармацыйных баз, — заўважыў Іван Кубракоў. — Усе яны былі паспяхова адбіты. Па гэтых фактах праводзяцца праверкі сумесна з нашымі калегамі з іншых сілавых структур.

Праект Закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», адобраны дэпутатамі ў другім чытанні, накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін, якія датычацца сферы падачы і разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб у мэтах найбольш поўнай абароны іх правоў і законных інтарэсаў.

— У сваім родзе гэта ўнікальны дакумент, аналагаў якому не існуе ў заходніх краінах, — акцэнтавала ўвагу член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Наталля Тарасенка. — З яго дапамогай у нас у Рэспубліцы Беларусь выбудоўваецца канструктыўны дыялог паміж уладай і грамадствам па вырашанні самых надзённых пытанняў і праблем. Адной з яркіх навацый законапраекта з’яўляецца змяненне парадку падачы электронных зваротаў. У апошнія гады колькасць электронных зваротаў, у параўнанні з пісьмовымі і вуснымі, значна вырасла. Прапаноўваецца, каб электронныя звароты ўносіліся праз Дзяржаўную адзіную (інтэграваную) рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Такім чынам яны будуць трапляць у дзяржаўныя органы і дзяржаўныя арганізацыі. 

Па словах дэпутата, звароты грамадзян — індыкатар жыцця выбаршчыкаў у рэгіёнах. «Мы бачым праблемы, якія ўзнікаюць перад нашымі выбаршчыкамі і разумеем, у якім кірунку дзейнічаць у рэгіёнах, — удакладніла Наталля Тарасенка. — Любая праблема на месцах можа стаць сістэмнай праблемай, якая будзе неабходная для таго, каб пэўны законапраект яе ўлічыў».

У другім чытанні парламентарыі прагаласавалі і за законапраект «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Ключавыя новаўвядзенні дакумента накіраваны на паўнапраўнае ўключэнне людзей з інваліднасцю ў грамадства, а таксама рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, стварэнне даступнага асяроддзя і паляпшэнне якасці жыцця інвалідаў, падтрымку сем’яў з інвалідамі.

Як паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Людміла Канановіч, законапраектам уводзяцца такія новыя паняцці, як мова жэстаў, універсальны дызайн, як асістэмныя сістэмы і тэхналогіі, зразумелая мова. «Гэта тыя паняцці, якія сёння неабходныя для таго, каб жыццядзейнасць людзей з інваліднасцю была забяспечана, — канстатавала дэпутат. — Закопраектам прадугледжана кватаванне працоўных месцаў. Варта адзначыць і такую сур’ёзную навацыю, як удасканаленне механізму ўзаемадзеяння на мясцовым узроўні. Існуе Рэспубліканскі савет па правах інвалідаў. Мы пойдзем далей — і такія саветы будуць стварацца на абласным і раённым узроўнях. Вельмі важна, каб на мясцовым узроўні праблемы інвалідаў вырашаліся своечасова».

Акрамя таго, з мэтай стварэння камфортных умоў для карыстання паслугамі сацыяльнай інфраструктуры прадугледжваецца стварэнне новага інфармацыйнага рэсурсу — аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Актуальныя звесткі аб даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры будуць кансалідавацца ў інфармацыйнай сістэме і затым аўтаматычна перадавацца для размяшчэння на публічнай кадастравай карце, даступнай для ўсіх грамадзян у інтэрнэце. 

Падтрымалі дэпутаты і законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці», разгледжаны ў першым чытанні. Парламентарыямі ратыфікаваны дамова паміж Беларуссю і Расіяй аб супрацоўніцтве ў сферы мытні, пратаколы да пагаднення аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння медыцынскіх вырабаў у межах ЕАЭС, пагаднення па пытаннях свабодных эканамічных зон на тэрыторыі Мытнага саюза, пагаднення аб парадку абмену звесткамі, якія ўваходзяць у склад крэдытных гісторый, у межах ЕАЭС. У другім чытанні былі разгледжаны законапраекты аб аказанні псіхалагічнай дапамогі, аб абыходжанні з адходамі і аб іпатэцы.

Вераніка КАНЮТА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?