Вы тут

Уласны пляж і не толькі


Яшчэ два гады таму ва ўсім Зеляневіцкім сельсавеце, што на Пружаншчыне, не было ніводнай зоны адпачынку з пляжам. Улетку гэта станавілася праблемай, бо моладзь, школьнікі заўсёды знаходзілі мясціны, для купання не прыстасаваныя, не абсталяваныя, а значыць, небяспечныя. Але ў 2020 годзе тэрыторыя возера ў Магілёўцах трапіла ў раённую праграму абсталявання пяці новых зон адпачынку.


Вольга Аўдзейчык у зоне адпачынку.

Уласны пляж

— Раней тут і блізка не знайшоў бы такога вось пясочку, — паказвае старшыня Зеляневіцкага сельскага Савета Вольга Аўдзейчык. — Узбярэжжа зарасло кустоўем і чаротам. Да вады было не падысці. Галоўным фундатарам і заадно выканаўцам работы па добраўпарадкаванні стала ААТ «Радзіма», арандатар гэтага вадасховішча. Найперш была ачышчана тэрыторыя. Прывезены жоўты пясок, як і належыць на пляжы. Затым сюды прыйшлі будаўнікі сельгаспрадпрыемства, яны ўладкавалі выратавальны пост, паставілі лаўкі, зманціравалі арэлі. Паступова з'явіліся раздзявалкі, альтанка, іншыя аб'екты інфраструктуры.

Уся работа праводзілася пры падтрымцы мясцовай улады, сельсавет паклапаціўся пра размяшчэнне інфармацыйных стэндаў, якія нагадваюць правілы паводзінаў на вадзе і паблізу. Па просьбе грамадзян зрабілі шашачны стол, дзе людзі сярэдняга і старэйшага пакалення могуць пагуляць у шашкі ці шахматы. Цяпер клопатам сельвыканкама стала падкошванне тэрыторыі, падтрыманне яе ў парадку. Сёлета плануецца прывезці некалькі дэкаратыўных фігур жывёлін для ўпрыгажэння. Пакуль толькі стаіць вялікі зялёны дыназаўр, якога падарыў пляжу мясцовы дзіцячы садок.

З наступленнем цяпла, паводле слоў старшыні сельсавета, тут становіцца шматлюдна. Асабліва калі на канікулы прыязджаюць унукі мясцовых жыхароў, дзятва цягне дарослых на бераг, дзе можна пакупацца, пазагараць. Прыемна, што гэта можна зрабіць культурна, з карысцю для здароўя і фізічнай формы.

Праблема пустых дамоў

Варта сказаць, што Зеляневіцкі сельсавет самы аддалены ў Пружанскім раёне, да Пружан адсюль 65 кіламетраў, у той час як, напрыклад, да Ваўкавыска 38 кіламетраў, да Свіслачы — 40. Рабіць пакупкі, па нейкіх гаспадарчых справах людзі едуць у Гродзенскую вобласць. Гэтая аддаленасць ад райцэнтра найперш абумоўлівае паступовае скарачэнне насельніцтва. Зараз у 24 населеных пунктах пражывае каля паўтары тысячы чалавек. Значная частка жыхароў вёсак мае сталы ўзрост. Кожны год папаўняецца спіс пустых дамоў, якія нярэдка становяцца галаўным болем мясцовай улады.

Сёлета, напрыклад, у плане значыцца 17 пустых дамоў, якія трэба знесці. Летась было знесена 15 пабудоў, былі гады, калі зносілі 11, але менш не было. Бо год ад году такіх дамоў становіцца больш.

— Выклікаюць нязменную павагу тыя нашчадкі, якія клапоцяцца пра бацькоўскія хаты, падтрымліваюць у парадку, — гаворыць Вольга Аўдзейчык. — Але нямала і такіх, хто забывае дарогу на малую радзіму. Яны нават не з'яўляюцца ўласнікамі, толькі меркаванымі нашчадкамі, што стварае дадатковыя цяжкасці. Складана бывае гэты дом адсудзіць, каб яго знесці альбо прадаць у далейшым. Напрыклад, сёлета рыхтуем да продажу адзін дом. Даўно не было такога, але ж дом яшчэ даволі моцны, у здавальняльным стане. Дык няхай паслужыць людзям. Пусціць пад бульдозер — самы просты шлях распараджэння нерухомасцю, якую вясковыя жыхары ўзводзілі ў спадзяванні на доўгае карыстанне.

Тым больш што знесці пабудову — далёка не ўвесь клопат па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Добра, калі тэрыторыя былой сядзібы прымыкае да земляў сельгаспрадпрыемства. Тады гаспадарка праводзіць рэкультывацыю ўчастка і пускае зямлю ў севазварот. А калі дом стаяў пасярод вуліцы ў вёсцы? Праз год-другі ён становіцца новай праблемай. Бо на свежым участку добра расце пустазелле, бур'ян, абуджаюцца ў зямлі карэнні кустоўя і выпускаюць новыя парасткі. І тады даводзіцца кожны год праводзіць работы па добраўпарадкаванні, касіць траву, зносіць кустоўе.

Старадаўняе Лыскава

Вёска Лыскава — асаблівы населены пункт у сельсавеце. Тут кожны камень, кожны завулак дыхае гісторыяй. Лыскава вядомае з 1504 года. Аб яго багатым мінулым нагадвае велічны напаўразбураны касцёл Прасвятой Тройцы, узведзены ў ХVІІІ стагоддзі, помнік архітэктуры позняга барока. Спецыялісты кажуць, што ў яго ўзвядзенні прымаў удзел нямецкі архітэктар Бекер, той самы, што ствараў Ружанскі палац. Яго почырк угадваецца ў вытанчаным пластычным малюнку святыні. Асабліва эфектна выглядае чатырох'ярусная вежа, якая выступае з плоскасці галоўнага фасада. Храм закрылі пасля вайны, і ён пачаў імкліва разбурацца не без удзелу вандалаў. Цяпер на фасадзе замацавана дошка, якая сведчыць пра гісторыка-культурную каштоўнасць. Побач з манастырскімі сценамі ёсць магіла польскага пісьменніка і паэта Францішка Карпінскага, які тры дзесяцігоддзі жыў у гэтых мясцінах.

Магіла Францішка Карпінскага.

Цяпер падтрыманне парадку побач з гістарычнымі помнікамі стала клопатам мясцовай улады. На рэстаўрацыю альбо нават кансервацыю касцёла патрэбны вялікія грошы. Некаторыя уваходы ў падземныя камунікацыі гмаху становяцца аварыйнымі, іх даводзіцца закрываць ад цікаўных турыстаў дзеля бяспекі.

Лыскава — цікавая для турыстаў мясціна. На вуліцы паміж касцёлам і манастыром місіянераў, які, дарэчы, захаваўся вельмі добра і служыць людзям у якасці ўстановы аховы здароўя, ляжыць старадаўняя брукаванка. На тэрыторыі размешчаны старадаўнія каталіцкія могілкі, дзе пахавана нямала вядомых людзей. Мясцовая ўлада клапоціцца, каб усё гэта абкошваць, даглядаць, падтрымліваць у парадку. Побач з магілай літаратара Карпінскага, які чэрпаў сваё натхненне ў тутэйшых мясцінах, цвітуць цюльпаны, стаяць лампадкі. А ў наваколлі касцёла скошана трава.


Мікалай Кудравец, старшыня Пружанскага раённага Савета:

— Зеляневіцкі сельвыканкам мае сваю спецыфіку работы, якая дыктуецца яго аддаленасцю, па-першае, і вялікай колькасцю пажылога насельніцтва, па-другое. Мясцовай уладзе даводзіцца больш за іншых працаваць у плане забеспячэння пенсіянераў медыцынскім, гандлёвым, бытавым абслугоўваннем.

Па стане на 1 студзеня на тэрыторыі зарэгістравана 375 пустых дамоў, гэта самы вялікі паказчык сярод сельсаветаў раёна, таму кожны год праводзіцца вялікая работа па зносе дамоў. Хоць тут даволі многае зроблена ў плане дарог, інфраструктуры, застаюцца праблемы з замацаваннем моладзі. Скажам, аб'язная дарога вакол Белавежскай пушчы праходзіць праз Лыскава, што дае магчымасць камфортных зносін з раённым цэнтрам. Сёлета пракладзена 14 кіламетраў асфальтаванай дарогі Ружаны — Магілёўцы для камфортнага праезду ў Ружаны. Да цэнтра сельсавета таксама маюцца прыстойныя дарогі з асноўных населеных пунктаў. Лыскава — цікавы ў турыстычным плане населены пункт: тут ёсць кафэ, у сезон бывае нямала падарожнікаў. Таму асаблівая адказнасць мясцовай улады за парадак у населеным пункце. І, хоць сельвыканкам не ажыццяўляе вялікіх праектаў у плане добраўпарадкавання, з работай па падтрыманні парадку, на мой погляд, спраўляецца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Пружанскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».