Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Малодшая дачка з'ела цюбік фруктовага пюрэ і адразу ж папрасіла цукерку.


Мама ёй кажа:

— Ксенія, ты толькі што цэлы пачак салодкага пюрэ з'ела, у цябе ўвогуле сумленне ёсць?

Гляджу, дзіця задумалася.

Пытаю ў яе:

— Ксенія, а ты ведаеш, што такое «сумленне»?

— Не.

— Калі ў чалавека няма сумлення, ён можа з'есці вельмі многа цукерак.

Ксенія радасна:

— Мама, дай мне цукерку, у мяне няма сумлення!

Але тут раптам высветлілася, што сумленне ёсць у мамы, і маміна сумленне не дазволіла ёй даць дачцэ лішнюю цукерку. Таму для шчасця мала проста не мець сумлення, трэба яшчэ, каб яго не было ў навакольных.

P. S. А ўвогуле, як гэта цудоўна — на пытанне «А ты ведаеш, што такое сумленне?» шчыра і радасна адказаць «не».

***

Старэйшай дачцэ сяброўка падарыла на дзень нараджэння кігурумі.

Хто не ведае, кігурумі — гэта такая піжама-камбінезон у выглядзе жывёлы. У нашым выпадку ў выглядзе аднарога. Дачка надзела гэта самае кігурумі з рогам на лбе і стала ганяцца за малодшымі сёстрамі.

Калі яны набегаліся, самая малодшая, Ксюша, падышла да яе і кажа:

— Марта, а можаш ператварыцца ў каго-небудзь яшчэ?

— Магу ператварыцца ў Ксюшу.

Пасля чаго зрабіла капрызны тварык, стала дрыгаць рукамі-нагамі і крычаць агідным голасам: «Хачу мульцікі! Хачу цукерку! Хачу мульцікі! Хачу цукерку!»

Ксенія паглядзела на гэта збянтэжана, пасля чаго сказала ціхім голасам:

— Ладна, пайду я ўжо...

Усё ж карысна хоць бы час ад часу глядзець на сябе збоку.

P. S. Касцюм аднарога — гэта, вядома, цудоўна, але ў нашым цырку і без аднарогаў заўсёды быў поўны аншлаг.

***

Купіў учора ў краме шакаладку. Паклаў на халадзільнік (праверанае месца!), думаю: вечарам з чаем з'ем. Вечарам вяртаюся дадому, хачу ўзяць шакаладку, але на халадзільніку ёсць усё, акрамя яе.

На ўсякі выпадак зазіраю за халадзільнік — бывае, туды што-небудзь правальваецца. Але там таксама нічога няма.

Кажу дзецям:

— Дзеці, вы шакаладку не бачылі?

— Неа.

Жонка:

— Там нейкая абгортка ад шакаладкі ў сметніцы валяецца, не ад тваёй выпадкова?

Гляджу: дакладна, ад яе, роднай.

Кажу дзецям:

— Ну што, прызнавайцеся: як дзялілі?

Поля:

— Я толькі адзін квадрацік з'ела.

Вера:

— Я таксама адзін.

Марта:

— Я два.

Ксенія паказвае тры пальцы: значыць, тры квадрацікі з'ела.

Жонка і тая ўспомніла, што дзеці яе частавалі. Карацей, халадзільнік як месца захоўвання каштоўных прадуктаў сябе цалкам дыскрэдытаваў.

Але самае крыўднае іншае: дзеці палічылі, колькі яны з'елі квадрацікаў, аднялі гэту колькасць з агульнай колькасці квадрацікаў у шакаладцы, і заявілі, што палову шакаладкі ўмалоў я!

У выніку я аказаўся яшчэ і вінаваты, што «умяў» большую частку шакаладкі. Карацей, я прыйшоў да высновы, што такія рэчы, як шакаладка, дадому ўвогуле прыносіць нельга: дзеці яе лёгка знаходзяць у любым патаемным месцы — проста па паху.

У ідэале шакаладку трэба есці проста на месцы — у краме, не даходзячы да касы, але там могуць узнікнуць іншыя пытанні.

P. S. Так я застаўся на гэты раз без запаветнай шакаладкі. Затое прыдумаў новы фразеалагізм: «Жуй шакалад, не даходзячы да касы».

Павел ХОЛАД

Загаловак у газеце: Восем пельменяў — ідэальная колькасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?