Вы тут

З гісторыі пра вядомага географа


Штуршком для таго, каб у будучыні стаць географам, для гамяльчаніна Анатоля Ісачанкі стала кніга, выдадзеная ў Беларусі ў 1925 годзе

Сусветна вядомы географ Анатоль Ісачанка (28 мая 1922, Гомель – 2 сакавіка 2018, Санкт-Пецярбург) пражыў вялікае і вельмі рэзультатыўнае жыццё. (Для тых, хто не ў тэме, нагадаем: Анатоль Рыгоравіч быў доктарам геаграфічных навук, ганаровым прафесарам Санкт-Пецярбургскага дзяржуніверсітэта (Ленінградскі ж універсітэт і закончыў у 1947-м), ганаровым сябрам Рускага геаграфічнага таварыства. Ён аўтар больш чым 400 навуковых работ, у тым ліку 30 манаграфій. – Рэд.) Пра свой шлях “у геаграфію” ён расказаў у лісце да мяне, які можа зацікавіць як гомельскіх друкароў, супрацоўнікаў “Гомельскай праўды” і мясцовых географаў, так і ўсіх аматараў-краязнаўцаў.


Ліставаліся мы з земляком гадоў 30 таму. Ёсць у маім архіве такі ліст ад яго. 27.12.1992 г.: “З вялікім спазненнем хачу падзякаваць Вам за віншаванне з 70-годдзем і за добры артыкул у “Гомельскай праўдзе”. Гэты артыкул – самы вялікі падарунак для мяне, бо ён нагадаў пра радзіму і бацьку. Бацька – друкар “Палесдрука”, друкаваў гэтую газету яшчэ ў 20-я гады, і я ў дзяцінстве яшчэ рэгулярна чытаў яе. Бацька прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, вярнуўся інвалідам і ў 1948 г. памёр, пахаваны на Навабеліцкіх могілках (апошні раз я быў на яго магіле 3 гады таму).

Артыкул і газета напомнілі пра многае. Дарэчы, Вам, магчыма, будзе цікава даведацца (у сувязі са згадваннем у Вашым лісце пра выданне геаграфічнай літаратуры ў Беларусі), што яшчэ ў 20-я гады ў друкарні “Палесдрук” друкавалася нямала навукова-папулярнай літаратуры, а сярод яе была кніга вядомага тады папулярызатара М. Рубакіна "У пагоні за славай, за нажывай, за ведамі". Не памятаю дакладна год выдання, з таго часу яе не сустракаў, цяпер гэта, вядома, бібліяграфічная рэдкасць. Але гэтая кніга пра вялікіх падарожнікаў зрабіла мяне географам. Я прачытаў яе, калі мне было гадоў 7 (па-мойму, яшчэ і ў школу не хадзіў, але дакладна не памятаю), і з тых часоў вырашыў стаць географам. Наогул жа я тады захапляўся кнігамі пра падарожжы і беларускай літаратурай. Сабраў прыстойную бібліятэчку беларускіх пісьменнікаў, якая загінула ў часе вайны разам з усёй нашай маёмасцю. Між іншым, я і мае аднагодкі вельмі любілі прыгодніцкія кнігі Янкі Маўра (“Беларускія рабінзоны” (правільная назва – “Палескія рабінзоны". – А. С.) ды іншыя)”.

Анатоль Рыгоравіч, калі згадвае пра артыкул, то мае на ўвазе мой тэкст “Арктыка, Урал, а таксама Кітай...” (“Гомельская праўда”, 1992, 23 ліп.), напісаны з выкарыстаннем матэрыялаў ад яго. Артыкул быў таксама выкарыстаны ў томе “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля” (Кн. 2. Мінск, 1999, артыкул “Ісачанка Анатоль Рыгоравіч”, с. 356). Што да згаданай кнігі, то гэта твор Мікалая Рубакіна “В погоне за наживой, за славой, за знаниями: рассказы о великих путешественниках и знаменитых путешествиях” (Гомель : Гомельский рабочий, 1925). Гэтае выданне – вялікая рэдкасць у свеце. То было б добра знакавую кнігу факсімільна перавыдаць, ды таксама ў Гомелі.

Дарэчы. Як напісаў нам Алесь Сімакоў, і сам ён даследчыкам беларускай дыяспары на амерыканскім Паўднёвым Захадзе, у Каліфорніі ды на Алясцы стаў у немалой ступені дзякуючы кнізе Альбертаса Лаўрынчукаса “Трэці бок долара”.

Алесь Сімакоў, г. Гомель.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».