Вы тут

У Магілёве дзецям падарылі сучасную паліклініку


Электронная чарга, разумнае абсталяванне, шыкоўны дызайн, зручная мэбля — дзіцячая паліклініка № 1 у самым цэнтры Магілёва сапраўды радуе вока. Раней у трохпавярховіку знаходзілася дарослая паліклініка № 3, але пазалетась яна пераехала ў спецыяльна пабудаваны для яе будынак у Казіміраўцы. На яе ранейшых плошчах і стварылі ўмовы для дзіцячай паліклінікі № 1. Дагэтуль размяшчалася на першым паверсе жылога дома. І цэлых тры паверха ў падарунак гэта сапраўднае багацце для такой сацыяльна важнай установы. 


Удзел у адкрыцці паліклінікі прынялі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Яны прайшліся па кабінетах рэканструяванай установы, ацанілі набытае для яе абсталяванне, пазнаёміліся з персаналам. 

— Гэта вельмі сучасны аб’ект, бо клопат пра дзяцей заўсёды на першым месцы, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — Паліклініка, як мы ўбачылі на свае вочы, функцыянальная, разлічана на 250 наведванняў у змену, абсталяванне высакакласнае, усё для работы ёсць, медперсанал цалкам укамплектаваны. Самае галоўнае, каб нашы дзеці былі здаровыя. Радуе, што гэта не адзіны аб’ект у вобласці, які накіраваны на паляпшэнне інфраструктуры для грамадзян. У цэлым гэта палітыка нашай дзяржавы, асабіста Прэзідэнта, якая накіравана на сацыяльную абарону людзей.

Дзмітрый Піневіч ацаніў тую работу, якая была зробленая для стварэння выключных умоў для лячэння і прафілактыкі захворванняў сярод дзяцей. 

— Дзеці самы важны наш капітал, таму важным элементам дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца клопат пра дзяцей, — адзначыў ён. — У дзіцячай паліклініцы мы перш за ўсё звяртаем увагу на прафілактыку, дзе закладваецца аснова здароўя ўсіх грамадзян. Вельмі знамянальна, што ў Міжнародны дзень абароны дзяцей у Магілёве адкрываецца такая высокатэхналагічная паліклініка. Тут шмат спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, якая характэрна для нашай сістэмы аховы здароўя і даступная для пярвічных звенняў. 

Перад адкрыццём паліклінікі міністр паспеў азнаёміцца ў Магілёве з ходам будаўнічых работ яшчэ на трох медыцынскіх аб’ектах, два з якіх плануецца ўвесці ў эксплуатацыю сёлета. 

— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў Магілёве будуюцца магутны анкацэнтр і інфекцыйная клінічная бальніца, — паведаміў ён. — А летась, таксама па даручэнні Прэзідэнта, быў пабудаваны кардыяцэнтр пры абласной бальніцы. Усё гэта сведчыць пра высокі ўзровень медыцынскай дапамогі ў нашай краіне. Нават дзіцячая паліклініка, якую мы сёння адкрылі, зроблена з такім улікам, каб папярэдзіць распаўсюджанне любой інфекцыі. Для гэтага тут прадугледжана заніраванне тэрыторыі. Усё гаворыць пра тое, што наша медыцына рэагуе на выклікі вельмі хутка. 

Дзмітрый Піневіч таксама закрануў тэму забеспячэння галіны кваліфікаванымі кадрамі, адзначыў, што робіцца ўсё магчымае, каб замацаваць у ёй спецыялістаў. 

— Усе нашы медыцынскія ВНУ з’яўляюцца запатрабаванымі, — падкрэсліў ён. — Не думаю, што сёлета будзе выключэнне. Мы захоўваем тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваныя, у прыватнасці, тры педыятрычныя факультэты, адзін з якіх нядаўна адкрыты ў Віцебскім медуніверсітэце. Прадугледжаны шэраг заахвочванняў для людзей гэтай прафесіі. Зарплата медыкаў будзе паступова расці. На ўзроўні Прэзідэнта дадзена даручэнне наконт выдзялення істотных даплат больш шырокаму кругу медыцынскіх работнікаў. Для спецыялістаў будзе выдзяляцца арэнднае жыллё, якое з часам можна будзе выкупіць па астаткаваму кошту. Усё гэта робіцца для таго, каб зацікавіць моладзь у выбары гэтай прафесіі. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.