Вы тут

На «Беларусь 3» пакажуць фільмы «Шукайце жанчыну» і «Пайсці і не вярнуцца»


Ажыўляць на экране літаратурныя творы — справа цікавая як для рэжысёраў, так і для акцёраў. Спробы гаварыць з гледачамі сюжэтамі вядомых пісьменнікаў рабіліся неаднаразова, і сёння гэтая практыка працягваецца. Мы па-ранейшаму адсочваем у тэлепраграме фільмы, якія ў найбліжэйшы час можна будзе паглядзець на тэлеканале «Беларусь 3». І сёння хочацца звярнуць увагу на кінастужкі-юбіляры, якія якраз маюць літаратурную аснову і заклікаюць аўдыторыю да назірання за цікавымі персанажамі і іх гісторыямі.


Так, у суботу глядзіце фільм «Шукайце жанчыну» рэжысёра Алы Сурыкавай (1982 г.). «Гісторыя аднаго забойства ў дзвюх серыях» — так напісана ў самым пачатку гэтай дэтэктыўнай гісторыі, створанай па матывах п'есы французскага драматурга Рабера Тама. «Cherchez la femme» ў французаў гучыць, калі ім не ўдаецца знайсці разгадку ў заблытанай справе. І дзеянне фільма таксама адбываецца ў адной з натарыяльных кантор, дзе на вачах жанчыны гіне яе начальнік. Апрытомнеўшы, Аліна Пасцік даведваецца, што цела пацярпелага знікла. А ў канторы з'яўляецца грозны і змучаны прастудай інспектар крымінальнай паліцыі Грандэн па мянушцы «Жалезны лоб», якому даручылі весці справу. Толькі мужчына нават уявіць не мог, што на гэты раз яму давядзецца працаваць не аднаму. Бо сведка здарэння — сапраўдны Мегрэ ў спадніцы. Аднак Аліна, вырашыўшы ўзяць расследаванне ў свае рукі, заблытвае ўсё яшчэ больш...Дзеянне ўсяго фільма адбываецца ў адным памяшканні, ад чаго складваецца ўражанне, быццам гэта кінаспектакль. Але ўсе згаданыя там адрасы існуюць і ў рэальнасці. А вось фразы герояў кінастужкі сталі па-сапраўднаму крылатымі. Як, напрыклад: «— Дзяўчыну ўпрыгожвае сціпласць». — «Так, гэта калі няма іншых упрыгожванняў!» Альбо: «Якая ж ты прыгожая, калі маўчыш»... Згадаць іх у атмасферы падзей фільма зможаце заўтра на «Беларусь 3».

У панядзелак у ранішнім эфіры сацыякультурнага ўбачым ваенную кінааповесць «Пайсці і не вярнуцца», якой сёлета спаўняецца 30 гадоў. Знятая яна была на «Беларусьфільме» рэжысёрам Мікалаем Князевым па матывах аднайменнага твора Васіля Быкава. Па сюжэце разам ідуць у горад з партызанскага атрада Антон Галубін і юная Зося. Ён — вопытны партызан, які неаднаразова ўжо бываў у розных небяспечных пераплётах, цяпер хоча толькі аднаго — выжыць любой цаной. І таму прапаноўвае дзяўчыне з'явіцца да немцаў з каяннем, а тая адмаўляецца. Цяпер Зося шкадуе, што паверыла Антону і амаль прывяла яго на яўку, і гатовая памерці, але не здрадзіць тым людзям, хто даверыўся ёй. Фільм, дарэчы, быў першай работай вядомай сёння актрысы і тэлевядучай Юліі Высоцкай у кіно. Сярод акцёрскага складу можна таксама ўбачыць Генадзя Аўсяннікава, Сяргея Хрыпача і іншых артыстаў. А гісторыя, якую распавядаюць увасобленыя імі героі, нагадвае і паказвае не толькі вайну, але і тое, як мяняе яна чалавека. Таму што не толькі ад ворага можна было чакаць удару, але часам і ад тых, хто знаходзіўся зусім блізка. Але ж ці заўсёды лёгка распазнаць ваўка ў авечай скуры і як застацца са сваімі перакананнямі, калі розум спрачаецца з сэрцам? Пра гэта і не толькі дакладна захочацца паразважаць пасля прагляду фільма.

Але­на ДРАП­КО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».