Вы тут

Журналісты «Звязды» даведаліся цэны і пакаштавалі новы ўраджай ягад


У гэтым годзе сезон клубніц і чарэшні на рынках краіны пачаўся пазней, чым гэта адбываецца звычайна. Але цяпер ён паступова набірае абароты. Цэны на клубніцы досыць высокія, але далей ягады будуць таннейшымі, абяцаюць прадаўцы. Чарэшні на рынках пакуль мала ў параўнанні з мінулымі чэрвенямі, і істотнага зніжэння цэн на яе ў гайбліжэйшыя дні прадаўцы не прагназуюць. Галоўныя сімвалы пачатку лета — клубніцы і чарэшня: з якіх краёў прыязджаюць яны на рынкі гэтым летам, пачым іх прадаюць і якія яны на смак? Пытаемся аб цэнах і спрабуем.


Камароўка: Беларусь vs Грэцыя

Клубнічны сезон адкрыўся ў Мінску нядаўна. Спачатку былі гэтыя ягады казачна дарагія, потым сталі крыху таннейшыя, цяпер — у сярэднім ад 10 да 15 за кіло ў залежнасці ад таварнага выгляду. На Камароўцы ў латках з клубніцамі горда красуецца надпіс «Беларусь». Айчынныя клубніцы, зразумела, — з самага поўдня краіны, з Брэсцкай вобласці. Замежныя «аналагі» — з Грэцыі (іншай геаграфічнай прыналежнасці гэтых ягад на мінскіх рынках заўважана не было).

Клубніцы — той выпадак, калі матываваць «Купляйце беларускае» нікога не трэба. Калі казаць аб гэтай ягадзе, усе і так ахвотна падтрымліваюць айчыннага вытворцу.

— Беларускія клубніцы купляюць з задавальненнем, — распавядае прадавец Ірына. — Яны экалагічна чыстыя, карысныя і бяспечныя. Не настолькі вялікая адлегласць, каб патрэбна была нейкая апрацоўка ягад.

Грэчаскія клубніцы, дарэчы, цяпер таннейшыя за беларускія: на Камароўцы іх прадаюць па 12 рублёў за кіло. Распаўсюджаны маркетынгавы ход — кошт 11.99.

— Грэцкія — самыя смачныя клубніцы на рынку, — рэкламуе свой тавар малады чалавек. — А тыя, хто расказваюць вам, што клубніцы ў іх беларуская, дык там таксама палова грэчаскіх, — пакрыўджана дадае ён.

Пакупнікі нахіляюцца над латкамі: калі ёсць клубнічны водар, вераць, што клубніцы беларускія. Грэчаскія — прыгожыя, «пластыкавага выгляду» і зусім не пахнуць. Зрэшты, буйныя беларускія клубніцы — такія ж прыгожыя, глянцавыя і таксама не маюць водару. Затое дробныя (у параўнанні з адборнымі волатамі па 15-16 рублёў за кг), звыклага віду «з бабулінага агарода» «(пра іх кажуць — «грунтавыя ўжо») выпраменьваюць выразны клубнічны водар. Ды яны і таннейшыя — у сярэднім па 10—12 рублёў за кілаграм. Іх і бяруць больш за ўсё.

— У мяне і грэчаскія, і беларускія клубніцы, — распавядае прадавец. — Гэта брэсцкія, цяплічныя. Дам пакаштаваць. Грэчаскія — вельмі салодкія. Нашы першыя беларускія ягады салодкімі не бываюць. Яны з кіслінкай, хлусіць не буду. Але яны ж першыя! Я вам па сакрэце скажу, дзяўчынкі, — паніжае голас прадаўшчыца і нават трохі нахіляецца да нас з-за высокага прылаўка. — Гэта на рынку першыя беларускія ягады. Тое, што да гэтага прадавалі і казалі «брэсцкія», былі не беларускія клубніцы.

Спрабаваць на Камароўцы клубніцы даюць, але не так, як раней — ягадамі, а ма-а-аленькімі кавалачкамі: ягадку рэжуць вострым нажом так, што адной хапае «на пакаштаваць» дзясятку пакупнікоў. Але, улічваючы цэны, і на тым дзякуй. Сапраўды, грэчаскія вельмі салодкія, беларускія — кіславатыя.

У сярэднім цэны, як ужо гаварылася, на айчынныя клубніцы 12—15 рублёў за кіло, хоць ёсць вельмі буйныя ягады нават па 18 рублёў за кілаграм і дробныя па 10. Рынак ёсць рынак — заўсёды можна знайсці танней.

— Такія клубніцы мы прадавалі па 14, але гэтая партыя сёння прыехала месцамі падушаная, транспарціроўка няўдала прайшла, таму прадаём па 10.99 за кілаграм.

Да прылаўка — чарга. Станаўлюся ў хвост: можна выбраць латок з зусім цэлымі, непадушанымі ягадкамі.

Прадавец распавядае, што, нягледзячы на дарагоўлю клубніц, людзі купляюць: у дзень сыходзіць і 40, і 50 скрынь ( у кожнай 3 кілаграмы).

Фермеры: будзе танней

Калі на Камароўцы асаблівай дэталізацыі паходжання клубніц няма — у асноўным на цэнніках пішуць «Беларусь» або «Брэст», на Заходнім рынку, куды прывезлі ягады прыватнікі, можна дакладна даведацца пра мясцовасць, дзе яны выраслі: на цэнніках пішуць «Камянец», «Лунінец», «Столін», а часам і назву канкрэтнай вёскі, аграгарадка ці хутара. Пакаштаваць тут даюць больш шчодра. Ды і самі прадаўцы ў чаканні пакупнікоў (раніцай у будні дзень іх няшмат) не-не ды і кінуць у рот клубнічку. Свой жа тавар, сам вырасціў, сам прадаеш, вось і ясі колькі хочаш. І неяк адразу ўзнікае жаданне таксама купіць сабе скрыначку.

На Камароўцы прадаюць у асноўным ягады ранняга сорту «Альба», у фермераў — значна большая сартавая разнастайнасць. Як, зрэшты, і цэнавая: атрымалася нават знайсці зусім дробныя (але, дарэчы, салодкія) клубніцы па 5 рублёў. Праўда, не за кіло, а за 800 грам: больш у прадаўца не было.

— Даражэнькія мае, каштуйце, калі ласка. Дамашнія ягадкі! — напеўна запрашае дзяўчына на прыгожай беларускай мове. Сярод звыклай вуху гараджаніна рускай гаворкі яе чуеш адразу. Зразумела, падыходзім да яе прылаўка.

— Гэта сорт «Амелія». Проста бомба! — бойка рэкламуе свой тавар дзяўчына. — Пакаштуйце, я вам ягадку памыю.

— Я, можа, яшчэ не куплю...

— Усё роўна пакаштуйце, каб ведалі, якія на смак. А вось гэта «Альба», для параўнання. Мы яшчэ трэці сорт возім, «Сунічны». Але яго ўжо разабралі.

— А адкуль возіце?

— Брэсцкая вобласць, Столінскі раён, аграгарадок Белавуша. Там у нас хутар, каля Белавушы. Мама і цётка займаюцца, мы з братам возім і прадаём. Яшчэ агурочкі возім — вунь там прылавак, можаце падысці купіць.

— Клубніцы ў вас цяплічныя?

— Усе пакуль цяплічныя, — шчыра прызнаецца дзяўчына. — Дзе ж яны ў адкрытым грунце выспеюць, сонца ж яшчэ не было! У адкрытым грунце ў нас такія ж па памерах ягадкі звычайна вырастаюць. Яны, дарэчы, у адкрытым грунце заўсёды саладзейшыя. Але ў гэтым годзе я наогул не ведаю, што там будзе: у адкрытым грунце ягады толькі завязаліся. Мы ў мінулым годзе вазілі клубніцы ў Мінск з 10 мая. А ў гэтым стаю на рынку ўсяго тры дні. А ўжо канец мая, заўтра лета! — уздыхае суразмоўца.

Наогул, клубніцы, распавялі фермеры, недалюбліваюць спякоту. Самыя салодкія ягады — тыя, што спеюць паступова, павольна назапашваючы цукры і вітаміны. Галоўнае, каб яны паспелі выспець, а не пачалі гніць на градцы.

— Цяпер пайшлі дажджы, клубніцы на кусце не паспяваюць выспець, пачынаюць гніць. Што паспяваем выбраць, тое і прадаём. Дажджы нам вельмі перашкаджаюць. І цана з-за гэтага атрымліваецца такая. У мінулым годзе па 8 клубніцы прадавалі!

Заадно прадавец прапануе буякі. Садовыя буякі, дарэчы, таксама ўжо паўсюдна ёсць у продажы, буйныя і вельмі салодкія. Але па касмічным цэнах.

— 10 рублёў шкляначка, 70 рублёў кілаграм. Гэта першыя, таму такія дарагія. Каштаваць можна. Будзеце купляць — зраблю любую вагу.

Суразмоўніца кажа, што і буякі, і клубніцы ў найбліжэйшыя тыдні патаннеюць. З'явіцца больш грунтавых клубніц.

— Яны будуць ўжо «сапраўдныя», такія, як мы ўсе прывыклі з дзяцінства. Тады і на варэнне можна будзе купляць. Гэтыя ж клубніцы пакуль першыя. Цэны абавязкова будуць падаць! — запэўнівае яна.

У падземным пераходзе: на бягу

Клубніцы на трасах або ў пераходах метро часцей за ўсё з тых жа рынкаў, проста іх купляюць оптам на досвітку і потым на працягу дня прадаюць з аднаму толькі прадаўцу вядомым дабавачным коштам. Калі клубніцы вязуць здалёк, каб захаваць таварны выгляд, часам могуць выкарыстоўваць кансерванты. Не пераблытаць айчынныя ягады з прывезенымі з іншых краёў у прынцыпе можна па вонкавым выглядзе, але часам лепш папрасіць дакументы на прадукцыю. Хоць калі вы набываеце ягады ў пераходзе або на прыпынку грамадскага транспарту, з гэтым могуць узнікнуць праблемы — у людзей, што бягуць міма, няма часу і жадання спрачацца наконт нейкіх паперак з прадаўцамі, што сядзяць каля кардонных каробак з таварам. Прасцей паверыць на слова.

— Адкуль клубніцы? — пытаюся ў мужчыны каля выхада са станцыі метро. Малюсенькая паўза. І чаканы адказ:

— Брэсцкія.

Ці апрацаваныя ягады хімікатамі, адгадаць толькі па іх вонкавым выглядзе наўрад ці ўдасца. Але можна зразумець па ўскосных прыкметах. Напрыклад, купляючы клубніцы, у першую чаргу звяртаем увагу на латок. Калі сезон у разгары, клубніцы відавочна не ехалі на рынак здалёк, і наша задача — купіць досыць цвёрдыя ягады. Калі на сценках латка ёсць кавалачкі раздушаных ягад, такія клубніцы не бяром. Пакуль жа — парада дыяметральна супрацьлеглая.

— Трэба паглядзець на дно латка або скрыні, — навучаюць мяне прадаўцы на Заходнім рынку. — Нават вельмі свежыя «нармальныя» клубніцы пад ціскам верхніх ягад выдзяляюць некалькі кропелек соку.

Калі дно абсалютна чыстае, з клубніцамі нешта нячыста: альбо яны на смак зусім «гумавыя» і не сакавітыя, альбо ягады апрацавалі для захаванасці, распавялі на рынку. Выбіраючы латок з клубніцамі, памятаем: ягад з гнілым бачком ў ім быць не павінна. Нават адна падгнілая ягадка заразіць астатнія клубнічкі.

Чарэшня: цэны кусаюцца!

Гандлююць ужо і чарэшняй. Прыехала яна сёлета на беларускія рынкі ў асноўным з Узбекістана, хоць ёсць і ягады з Таджыкістана, а таксама азербайджанскія. Цэны кусаюцца. Мінімальная — 14 рублёў за кіло (на Камароўцы), максімальная — 25. За 18-19 дакладна можна купіць. Па чарэшню лепш ісці на буйныя рынкі, на маленькіх ягады будуць даражэйшыя. Яно і зразумела: у нас чарэшня асабліва не расце, і фермеры яе не прывязуць. Пакупнікі капрызяць.

На Камароўцы чарэшню можна пакаштаваць.

Прыехала чарэшня сёлета на беларускія рынкі ў асноўным з Узбекістана,  хоць ёсць і ягады з Таджыкістана, а таксама азербайджанскія.

— Салодкая, цвёрдзенькая! Каштуйце! Прадам нават паштучна: рубель — ягадка, — жартуе прадавец.

Дарэчы, для захаванасці чарэшні і надання таварнага выгляду часам могуць быць выкарыстаны не занадта карысныя для здароўя хітрасці. Прыйшоўшы дадому, некалькі ягад заліце цёплай (амаль гарачай) кіпячонай вадой. Плёнка на паверхні — сведчанне наяўнасці кансервантаў. Каб пазбавіцца ад іх, можна замачыць ягады ў растворы соды (чайная лыжка на літр вады) на 5—10 хвілін. Выбіраць чарэшню прадаўцы раяць па «хвосціках» — тыя павінны быць зялёнымі, а не карычневымі, і «жывымі», а не сухімі. Ягадкі аднаго сорту павінны мець аднолькавую афарбоўку. Калі ягадка святлейшая — ягадка цямнейшая, чарэшню здымалі няспелай, і даспявала яна ўнутры фуры або на складзе.

Чарэшня асабліва багатая на антыаксіданты, пры тым, што цукру і вугляводаў у ёй практычна няма. Дадайце да гэтага шырокі спектр вітамінаў, вялікую колькасць жалеза і здольнасць пазбаўляць ад ацёкаў — і атрымаеце ідэальны варыянт для пахудзення. Праўда, «чарэшневыя» разгрузачныя дні сёлета звязаны з такімі выдаткамі, што лепш (танней) харчавацца паўнавартасна. Акрамя таго, варта памятаць, што чарэшня — алерген. Так што дарослым лепш не перавышаць норму — 400 г гэтых ягад у дзень, ды і дзяцей перакормліваць такім «вітамінам» не варта.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».