Вы тут

Добруш: Як сёння жывуць-працуюць землякі Івана Шамякіна


«Беларуская Венецыя», горад паперы, фарфору, архітэктуры часоў князёў Паскевічаў — Добруш ужываецца ў новую ролю сталіцы Дня беларускага пісьменства — 2022. Нацыянальным арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні свята пастаўлена задача ператварыць райцэнтр у асаблівы пункт прыцягнення турыстаў. Пра тое, чым зацікавіць не толькі аматараў пазнання беларускіх гарадоў, але і інвестараў, прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, ды і ўсіх ахвотных жыць і працаваць у паўднёвым краі з найцікавейшай гісторыяй, размаўляем са старшынёй Добрушскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Матарасам.


— На Гомельшчыне ў працоўным семестры бягучага года статус абласной маладзёжнай будоўлі прысвоены будпраекту па добраўпарадкаванні зоны адпачынку «Востраў» і тэрыторыі набярэжнай у Добрушы. Гэта адзін з этапаў, які дапаможа гораду сустрэць Дзень беларускага пісьменства ў новым абліччы?

— Вядома, статус сталіцы сёлетняга агульнанацыянальнага свята абавязвае. Асаблівая ўвага сёння ўдзяляецца добраўпарадкаванню горада, аднаўленню і ўзвядзенню аб'ектаў інфраструктуры... Усё гэта не толькі паспрыяе развіццю турыстычнага патэнцыялу Добрушскага краю, але і будзе доўгія гады радаваць жыхароў райцэнтра, заахвочваць да актыўнага сямейнага адпачынку нашых гараджан. Плануецца сур'ёзна рэканструяваць цэнтральную частку горада. Тут да Дня беларускага пісьменства прымеркавана адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну. Падарункамі гораду да свята стануць і адноўленая зона адпачынку на набярэжнай, добраўпарадкаванне цэнтральнага пляжа як асаблівыя пункты прыцягнення для ўсяго насельніцтва горада. Да таго ж будзе адрамантавана дарожная сетка, вода- і цеплацэнтралі. Распачаты бягучы і капітальны рамонт жылля. Усё гэта на карысць людзей, каб забяспечваць камфорт.

Мы зрабілі ўлёткі і кожнаму жыхару горада давялі да ведама, што рыхтуемся да Дня беларускага пісьменства, што плануецца правесці ў Добрушы і абласныя «Дажынкі». Мы звярнуліся да гараджан і папрасілі іх далучыцца да агульнай працы па добраўпарадкаванні горада і навесці парадак каля сваіх домаўладанняў. І людзі адгукаюцца, што не малаважна. Гэта вельмі радуе.

— Праблемы людзей — адно з галоўных пытанняў для мясцовай вертыкалі ўлады... Такі прыярытэт у рабоце вы дакладна акрэслілі падчас уступлення на пасаду старшыні райвыканкама паўгода таму. Аляксандр Васільевіч, як сёння выбудоўваеце работу з жыхарамі раёна, сваёй камандай райвыканкама?

— Мясцовыя жыхары заўсёды асацыіруюць з кіраўнікамі раёна не столькі дасягненні, колькі праблемы, якія існуюць. Таму ў месенджарах я стварыў групу «Дорбруш — дыялог з уладай». Падпісваюцца ўсе, хто жадае. Я рады, што людзі напрамую могуць выказацца аб праблемах, якія іх хвалююць. Гэта дае магчымасць дакладна разумець, чым яны жывуць. Усе, хто хоча мець зносіны з уладай, за секунду могуць гэта зрабіць. Часам людзі дасылаюць фатаграфіі фактаў ці падзей, якія іх турбуюць. Адказваюць на звароты грамадзян спецыялісты, якія курыруюць адпаведныя пытанні. І я таксама бачу, як рэагуюць службы. Мяркую, што гэта добрыя ўмовы для работы на месцах з нашым насельніцтвам. Увогуле, усе свае 27 гадоў на дзяржаўнай службе я быў і застаюся непрымірымым праціўнікам бюракратыі. Адна з першых задач на пасадзе кіраўніка раёна, якую паставіў перад сабой, — стварыць сістэму, каб праблему, прапанову, ідэю, ініцыятыву можна было давесці да мяне без перашкод і затрымкі. Стварыў электронную скрыню, прадставіў яе на ўсіх узроўнях і патлумачыў, што гэтую карэспандэнцыю я асабіста прачытаю, калі ёсць да мяне зварот. Сёння працую і над тым, каб сваім прыкладам мяняць псіхалогію ў рабоце маіх калег. Упэўнены, што арганізацыйных рэзерваў, прадугледжаных заканадаўствам, вельмі шмат. А законы, палажэнні, інструкцыі — гэта платформа, у першую чаргу, якая дае магчымасці, каб вырашыць тое ці іншае пытанне, а не падставы, як знайсці перашкоду.

— Добрушскі край адметны сваім геаграфічным размяшчэннем на мяжы трох дзяржаў... У цяперашніх палітычных умовах рэсурс тэрытарыяльны — гэта плюс ці мінус?

— На жаль, бягучая палітычная сітуацыя ва Украіне не на нашу карысць. Але, як вядома, «і гэта пройдзе», а мы застанёмся жыць і працаваць на сваёй зямлі. Застануцца і жыхары прыгранічных раёнаў, якім неабходна будзе развівацца, і, вядома, без наладжвання адносін, стасункаў адзін з адным ну ніяк не абысціся. Мы ўпэўнены, што менавіта геаграфічнае становішча адыграе сваю ролю ў далейшым развіцці нашага раёна. Моц Добрушскага краю, лічу, сёння і ў тым, што мы ўсёй нашай камандай райвыканкама робім усё магчымае для таго, каб рэсурс эканамічны, прамысловы, які ёсць у раёна, годна прадставіць. Каб той, хто захоча працаваць у Добрушскім раёне, мог гэта зрабіць без бюракратычных перашкод, бачыў, што тут гатовы падтрымліваць усе добрыя ініцыятывы.

— Бадай самую лепшую рэкламу Добрушскаму краю зрабіў Прэзідэнт Беларусі. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы Добруш сёння выйшаў, як кажуць, у вышэйшую лігу цэлюлозна-папяровай вытворчасці. Маштабны інвестпраект, рэалізаваны на «Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія «Беларускія шпалеры», матывуе развіваць новыя і новыя вытворчасці ў рэгіёне. Якіх інвестараў сёння чакае Добруш?

— Упэўнены, што флагман раёна — Добрушская папяровая фабрыка — гэта ўнікальнае прадпрыемства з пункту гледжання развіцця сумежных вытворчых магчымасцяў. Прадукцыя фабрыкі вельмі запатрабаваная, у тым ліку сярод вытворцаў упакоўкі. Гэта цяпер вельмі актуальнае пытанне. Адкрыць у Добрушы прадпрыемства па выпуску ўпакоўкі — такі праект маглі б ажыццявіць якраз інвестары. На жаль, пакуль такога інвестара няма. Застаецца спадзявацца, што будзе больш актыўна развівацца кааперацыя прадпрымальнікаў, якія змогуць развіць гэты вытворчы патэнцыял раёна.

Упэўнены, што на Добрушчыне ёсць амаль некрануты перспектыўны сегмент бізнесу — перапрацоўка сельгаспрадукцыі і ўвогуле больш актыўнае развіццё сельскай гаспадаркі. Па ўрадлівасці глебы наш раён на трэцім месцы сярод рэгіёнаў Гомельшчыны. На тэрыторыі раёна сёння — менш чым тры дзясяткі фермераў. Гэта не буйныя гаспадаркі, але ёсць ужо ўдалыя прыклады, фермеры з мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны вырабляюць паўфабрыкаты, хлебабулачныя вырабы. Увогуле ж, сёння галоўны пасыл ад кіраўніцтва раёна нашым прадпрымальнікам, якія развіваюцца ў нас пераважна ў сферы гандлю, — неабходна думаць аб вытворчасці і больш актыўным развіцці паслуг. Стымул у гэтай дзейнасці ёсць! У нашых жыхароў высокі пакупніцкі попыт, які яны задавальняюць у абласным цэнтры. А гэтыя грошы, якія людзі аддаюць на неабходныя ім тавары ў Гомелі, маглі б траціць тут, у сваім раёне.

— Цікава, як увогуле бізнес Добрушчыны адгукаецца на праблемы развіцця раёна, вырашэнне яго сацыяльна значных задач?

— Нашы прадпрыемствы і арганізацыі, адзначу, неабыякавыя да лёсу свайго раёна і яго жыхароў. Адзін з нядаўніх прыкладаў: у фармаце вясновых суботнікаў, якія праходзілі на тэрыторыі раёна, індывідуальныя прадпрымальнікі дапамаглі добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол сажалкі, якая знаходзіцца каля Добрушскай гімназіі. Вельмі прыгожы вадаём, але ўзнікла пытанне бяспекі дзяцей. Дзякуючы прадпрымальнікам прыродную зону належным чынам абгарадзілі. Райвыканкам у сваю чаргу ўзяў на сябе добраўпарадкаванне паркоўкі і пад'язнога шляху да навучальнай установы. Лічу, што сёння вельмі важна, каб прадстаўнікі бізнесу, прадпрыемстваў, арганізацый у раёне разумелі, што мясцовая вертыкаль улады — гэта ў першую чаргу самы галоўны партнёр як у падтрымцы мясцовых ініцыятыў, так і любых праблемных пытанняў.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?