Вы тут

Каляндар Якуба Коласа. Як беларускі класік уяўляў дні тыдня


У кнізе асабістага сакратара Якуба Коласа Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе» ёсць цікавы эпізод. Колас распавядае Лужаніну пра сваё дзяцінства, як бацька прывучаў іх да таго, што ў нядзелю нельга ні шыць, ні секчы, наогул нічога рабіць — расказваў байку, як некалі нядзеля была жывая і хадзіла па зямлі, і была ўся зрэзаная-сколатая ад таго, што людзі працуюць, а на ёй застаюцца раны ад іх інструментаў.

І Колас прызнаўся сакратару, што ад таго часу кожны дзень тыдня ўяўляе ў пэўным вобразе. Давайце ж пагартаем разам з класікам ягоны каляндар.


Нядзеля

«Нядзеля — поўная шпулька белых нітак. Відаць, таму, што маці ў гэты дзень не бралася за шытво і не адрывала нітак, а застаўляла сваю скрыначку з голкамі, гузікамі і шпулькамі высока на паліцу».

Часта Колас называе гэты дзень тыдня ласкава — «нядзелька». У яго нават твор такі ёсць 1922 года напісання — «Святая нядзелька», у якім Колас пераказвае пачутую ад бацькі казку пра нядзелю.

У паэме «Новая зямля» ёсць сакавіты раздзел «Раніца ў нядзельку»:

«Дзень быў святы.

Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся на сняданне»

А ў апавяданні «Сірата Юрка» аўтар шкадуе героя: «І не адзін раз, бывала, у нядзельку вечарам, калі бацькі вернуцца з рынку і накупляюць сваім дзеткам і абновак, і ўсялякіх гасцінцаў, з зайздрасцю пазіраў Юрка на радасць сваіх таварышаў, стоячы збоку ад іх, бо і дзеці дзеляцца гасцінцамі толькі з тымі, ад каго самі могуць атрымаць гасцінцы».


Панядзелак

Гэты дзень Колас параўноўваў з нядзелькай:

«Панядзелак — такая самая шпулька, але без нітак.

Гэта ўяўленне таксама можна растлумачыць. Пустыя шпулькі звычайна аддаваліся мне, я качаў іх па падлозе або разразаў, надзяваў на дубчык колцы і майстраваў нешта накшталт цялежкі. Найчасцей шпулькі траплялі да мяне пасля нядзелі, калі маці бралася за шытво, перастаўляла сваю скрыначку з паліцы на лаву».

Сумны гэта быў дзень ва ўяўленні Коласа, звязаны з працай і непрыемным шляхам... Герой рамана «На ростанях» настаўнік Лабановіч мусіць у панядзелак везці сваіх вучняў вёрст за пяцьдзясят на экзамены. Прыгажуня Ядвіся, у якую Лабановіч закаханы, у панядзелак павінна ад'ехаць.


Аўторак

«Аўторак — на гліняным белым кубку сіняя плямка — фабрычная марка.

Мы пасцілі не толькі ў пятроўку ці ў піліпаўку, а і кожную сераду і пятніцу. Такім чынам, аўторак быў перадпосным днём. Маці ўвечары прыносіла з прыгрэбкі вялікую гладышку малака і налівала нам. Асабліва смачна пілося малако з белага кубка, адзінай крамнай пасудзіны ў нашай хаце».

Менавіта ў аўторак малады настаўнік Лабановіч, поўны энтузіязму, хоча пачаць сваю працу ў школе, хоць святар Кірыл раіць не спяшацца: «Вы думаеце, яны, гэта быдлё, зразумеюць, што вы для іх будзеце старацца, вучыць іх?» А ў вершы «Каля парога», напісаным у 1909 годзе ў Мінскім астрозе, турэмнік праганяе маці, якая прыйшла адведаць свайго сына-вязня:

«Ці няможна бачыць сына?

Я здалёк, саколік!

— Апазнілася, старая,

Прыхадзі ў аўторак»


Серада

«Серада — драўлянае біла на ложку (з клапамі ў шчылінах)» — так Якуб Колас вызначыў сваю асацыяцыю з гэтым днём тыдня.

«Каб уся работа не спіралася на суботу, маці пачынала апратваць хату з палавіны тыдня. Выносіла на двор пасцельныя бэбахі і, пакуль яны ветралі на плоце, грэла ваду і залівала кіпнем ложкі. Такі малюнак жыве ў маёй памяці.

Але нехта з братоў, ці не Уладзя, пярэчыць, кажа, што ласткоўская хата была чыстая, без гэтых непажаданых жыхароў. Калі гэта праўда, не ведаю, чым падмацаваць сваё ўяўленне. Можа, бачыў я такое выпарванне ў чыёй другой хаце. Можа, дзе ў іншым месцы заўважыўся нячысты ложак з клапамі ўсярэдзіне. А па гукавым падабенстве слова «сярэдзіна» я пачаў звязваць з серадою».

У творах Коласа амаль не сустракаецца згадак пра сераду, а вось у ягоным лісце, адасланым 11 мая 1943 года з Масквы жонцы, Марыі Дзмітраўне, у Ташкент, гаворыцца: «Дарагая Маруся! ...Мне трэба выступіць 16-га на радыё, у нядзелю. А паязды адгэтуль ідуць у суботу і ў сераду. Серада прыпадае на 19-ае мая. К гэтаму дню і буду рыхтавацца да выезда».


Чацвер

«Чацвер — адвёртка з ручкаю.

У бацькі была добрая паляўнічая стрэльба, а ў дзядзькі Антося зусім благенькая. Ён заўсёды корпаўся з ёю: то курок туга ходзіць, то якая другая прычына. Стрэльба гэтая моцна рвала і тузала, і звычайна пасля палявання ў дзядзькі пабольвала плячо і адна шчака была падышоўшы, як пампушка. Аднак яму ўдавалася тое-сёе ўпаляваць, вельмі метка страляў...

Дык вось, паляўнічым днём у дзядзькі лічылася пятніца, а напярэдадні ўвечары рабілася генеральная праверка і падрыхтоўка стрэльбы: чыстка, разборка. Мы не адступаліся ад майстра і, вядома, заміналі яму. Тады дзядзька браўся за адвёртку і настаўляў каму-небудзь у жывот: «От я зараз падкручу табе пуп, каб добра страляў увесь тыдзень, ад чацвярга да чацвярга».

Чацвер згадваецца ў трылогіі «На ростанях» неаднойчы: «Але, «што не ўдалося цяпер, тое ўдасца ў чацвер», — паўтарыў Лабановіч прыказку дзядзькі Марціна, — верыць народ, што прыйдуць лепшыя дні».


Пятніца

«Пятніца ўяўлялася як прыклад паляўнічай стрэльбы».

З гэтай асацыяцыяй звязаны ўражлівы выпадак. Аднойчы дзядзька Антось прынёс з палявання некалькі птушак. Адна аказалася недастрэленай.

«Дзядзька падняў яе за крылы і ўдарыў галоўкаю аб прыклад. Птушка абмякла і дайшла. Я кінуўся да дзядзькі з кулакамі, закрычаў, заплакаў: «Ты гэтак можаш і нашага пеўня забіць! Ты сабе страляй у птушкі, але не бі іх галавою».

Гучаць згадкі пра гэты дзень тыдня ў творах даволі часта:

«— У вас сем пятніц на тыдні! — сказала Ядвіся». Менавіта ў пятніцу Лабановіч дамаўляецца са сваім сябрам Янкам на віртуальнае спатканне — стаць кожны ў сваёй вёсцы на гары і махаць адзін аднаму.


Субота

«Нарэшце — субота. Гэты дзень я ўяўляў як верхні абрэз халяў у мужчынскіх ботах. У суботу ўсюды крыху раней канчалася праца. Каб чалавек паспеў схадзіць у лазню, змыць грахі, што назбіраліся за тыдзень, і, чысценькі, кіраваўся ў царкву, на вячэрню...

Даставаў наш дзядзька свае заслужаныя боты з юхтовымі халявамі і гамбургскімі перадамі. Усё адны і тыя ж служылі яму на працягу многіх год. Не таму, што былі моцныя, а проста насіліся на кійку за плячыма, як кажа стары жарт. Але як старанна ні начышчаў іх Антось, зверху халяў заставалася крыху рудаватая палоска».

Згадваецца гэты дзень тыдня і ў «Новай зямлі»:

«Прыйшла вялікая субота,

Даўно прыпынена работа,

І ўжо пад вечар сама хата

Была прылучана да свята».

Няхай жа творы класіка абудзяць у вас фантазію, і вы складзяце свой каляндар.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?