Вы тут

Чым будзе здзіўляць фестываль беларускай песні Маладзечна-2022?


У гэтым годзе XXІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022» пройдзе 10 і 11 чэрвеня на базе амфітэатра, Палаца культуры і іншых устаноў горада. Аб гэтым паведамілі на прэс-канферэнцыі напярэдадні мерапрыемства. Арганізатарамі аднаго з найбуйнейшых творчых форумаў з'яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі выканаўчы камітэт, Маладзечанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай музыкі і Белтэлерадыёкампанія.


Фота з архіва БелТА

Людміла Манакова, кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, адзначыла, што ў аснове канцэпцыі музычна-паэтычнага форуму — такія падзеі, як Год гістарычнай памяці, 140-годдзе беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 75-годдзе народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга:

— Традыцыйна цэнтральнай падзеяй першага дня стане Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні — у спаборніцтве возьме ўдзел 21 канкурсант. Удзельнікі павінны будуць выканаць два музычныя творы беларускіх аўтараў.

У фестывалі актыўны ўдзел прымуць творчыя саюзы Беларусі — пісьменніцкі, кампазітарскі і мастацкі. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель:

— Распачне святкаванні выстаўка работ саюза мастакоў «Памяць пакаленняў» да Года гістарычнай памяці, якая прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Таксама 10 чэрвеня адбудзецца адкрыццё выставы «Песняры роднага краю», прысвечанай зоркам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу. Наведаць яе можна будзе ў абласным краязнаўчым музеі. Чакаюць нас і паэтычныя чытанні паэтаў, сяброў Саюза пісьменнікаў Беларусі — мерапрыемства пройдзе пад назвай «Люблю цябе, мой родны край». Маладзечна на два дні ператворыцца ў тэатральны цэнтр: Драматычны тэатр і Тэатр лялек пакажуць спектаклі ў першы і другі дзень. Прыедзе і тэатр Янкі Купалы з п'есай «Чорная панна Нясвіжа», п'есу пакажуць 11 чэрвеня.

Таксама падчас правядзення форуму адбудзецца «Музычны алімп» — уручэнне ўзнагарод беларускага саюза кампазітараў за захаванне нацыянальных песенных традыцый і стварэнне высокамастацкіх твораў і беларускіх хітоў.

Жыхарам і гасцям Маладзечна прэзентуюць фільм «Імправізацыя», прысвечаны памяці народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, які стаяў каля вытокаў фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага аркестра Рэспублікі Беларусь Максім Расоха адзначыў, што праграма XXІ фестывалю цікавая тым, што ў адкрыцці форуму прымуць удзел як салісты аркестра, так і вядомыя выканаўцы — народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаная артыстка Ірына Дарафеева. Удзельнічаць у канцэрце будуць і маладыя таленты Елісей Касіч і Ганна Трубяцкая — яны прадставяць нашу краіну на Славянскім базары:

— Мы захаваем традыцыю беларускай паэзіі і музыкі, але праграму падбіралі так, каб яна адрознівалася ад папярэдніх фестываляў. Упершыню ў нас адбудзецца невялікі перформанс, каб адлюстраваць шматграннасць аркестра: падчас урачыстага адкрыцця форуму выканаўцы будуць не проста сядзець, а выйдуць па групах і выканаюць сваю частку музычнага твора.

Рэжысёр цырымоніі адкрыцця фестывалю Ніна Осіпава засяродзіла ўвагу на тым, што свята мае глыбокія традыцыі, якія неабходна захоўваць і развіваць:

— Форум будзе асаблівы, бо ён упершыню пройдзе без маэстра Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Таму нашай мэтай было максімальна данесці тое, што было ім створана. Вядома, будуць і ўласныя падыходы: наведвальнікі ўбачаць шмат харэаграфіі, а таксама спецыяльны відэакантэнт.

У сваю чаргу рэжысёр цырымоніі закрыцця Вольга Брылон распавяла, што падчас канцэрта акцэнт будзе зроблены на ветэранах беларускай эстрады. Нумары канцэртаў прадставяць старонкі кнігі, якая распавядае аб жыцці і творчасці выдатных артыстаў:

— На сцэну выйдзе сузаснавальнік «Песняроў» Уладзіслаў Місевіч. Згадаем мы і творчасць ансамбля «Сябры», рок-групы «Сузор'е», ансамбля «Чараўніцы». Сучасную эстраду прадставяць Алёна Ланская, Уладзімір Громаў, Юлія Быкава.

Акрамя канцэртаў адкрыцця і закрыцця, запланаваны канцэрты «Музыка беларускіх кампазітараў — майстроў мастацтва — пакаленню XXІ стагоддзя» і «Джазавы калейдаскоп». Навінкай сезона стане творчы праект «Сустрэча каля раяля. Беларускі раманс» з удзелам беларускіх кампазітараў, а таксама салістаў Вялікага тэатра Беларусі.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».