Вы тут

Генератар новых ідэй і падыходаў


Маштабны фестываль ландшафтнага мастацтва «Горад-сад» завяршыў сваю работу ў Брэсце. Мэр горада Аляксандр Рагачук пры адкрыцці зазначыў, што падчас фэсту закладзена традыцыя правядзення новага значнага мерапрыемства, якое дазволіць зрабіць горад яшчэ больш прыгожым. «У Год гістарычнай памяці варта згадаць, што канцэпцыю горада-саду сто гадоў таму агучыў архітэктар Юльян Лісецкі», — нагадаў кіраўнік горада. Тады ж, дарэчы, быў створаны Гарадскі сад, які брастаўчане нядаўна аднавілі.


Пля­цоў­ка па ву­лі­цы Гро­дзен­скай.

На ступенях «Садовага маркету»

Брэст адным з першых у краіне распрацаваў стратэгію азелянення і стаў увасабляць яе ў жыццё. Часткай яе і стаў названы конкурс. У другі яго дзень адбыўся вялікі кірмаш «Садовы маркет», які наведалі кіраўнікі горада і вобласці разам з удзельнікамі калегіі Міністэрства ЖКГ. На пляцоўцы «Зялёны востраў» размясціліся прадстаўнікі прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ, прадпрымальнікі, якія прапануюць сваю прыгожую прадукцыю, іншыя зацікаўленыя вытворцы. Звярнуў на сябе ўвагу ўдзельнік кірмашу з Пінска Дзмітрый Паўлючык з прыгожымі плеценымі вербамі. Аўтару гэтых радкоў прадпрымальнік сказаў, што сваім зялёным бізнесам ён займаецца з 1998 года. За некалькі гадзін, нягледзячы на дождж, разабралі большую частку яго тавару. Яго арыгінальныя дрэвы ў кадушках, сплеценыя у прыгожыя ўзоры стваламі, выглядаюць сапраўднай экзотыкай, а растуць у нас. Іх яшчэ называюць паўночнымі пальмамі. Такая расліна, несумненна, упрыгожыць любую вуліцу, сквер альбо прыватны падворак.

Тут было шмат прадукцыі для сядзіб, клумб, градак. Працавала нават салдацкая кухня. Выступалі самадзейныя артысты, прыйшло шмат гасцей. Адкрываючы кірмаш «Садовы маркет», старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА сказаў, што мерапрыемства закліканае вывучыць найлепшы вопыт архітэктурных, творчых падыходаў да пытанняў добраўпарадкавання, азелянення вялікіх гарадоў, райцэнтраў, аграгарадкоў.

— Сёння мы наведалі некалькі пляцовак як узораў добраўпарадкавання, убачылі сапраўдныя астраўкі ўтульнасці, прыгажосці, камфорту. І ўпэўніліся: нішто так не ўзнімае настрой, як прыгажосць. Добра, што гэтую прыгажосць мы ствараем сваімі рукамі, — рэзд\юмаваў ён.

Сквер і брэнд

Міністр ЖКХ рэспублікі Андрэй ХМЕЛЬ паведаміў удзельнікам форуму цудоўную навіну. Сёлета Брэст прызнаны ў краіне лідарам па добраўпарадкаванні.

Конкурс працягваўся пяць дзён і стаў аглядам многіх добрых спраў па ўпрыгажэнні горада. Скажам, на вуліцы Гродзенскай з'явіўся арыгінальны сквер. А два гады таму, дарэчы, тут праходзілі грамадскія слуханні, і на гэтым месцы мог з'явіцца шматкватэрны дом. Але людзі выказалі іншую прапанову, і ўшчыльнення не адбылося. Сквер у густанаселеным раёне стаў сапраўдным аазісам паветра, а яшчэ прыгажосці. Гэты ўчастак добраўпарадкавалі, усталявалі дзіцячую пляцоўку. Ёсць і спартыўная. Да азелянення тэрыторыі падышлі творча: зялёныя астраўкі, каменьчыкі, драўляная шчапа — усё выглядае гарманічна. Цэнтрам гэтага міні-парку сталі тры вялікія літары, якія адначасова выконваюць ролю арт-аб'екта і лавак для адпачынку. Бо на кожнай лаўцы можа адначасова размясціцца некалькі чалавек. Калі прыгледзецца, чытаюцца літары БЖС, гэта рускамоўная абрэвіятура КУП «Брэстжылбуда», які з'яўляецца аўтарам кампазіцыі. Забягаючы наперад, скажу, што па выніках конкурсу названае прадпрыемства атрымала Гран-пры менавіта за гэтую пляцоўку.

Валуны і гістарычныя скульптуры

Парк валуноў таксама стаў падзеяй не толькі фестывалю, але і гарадскога жыцця. Гэты праект рэалізоўвалі прыкладна паўгода. Больш за сорак валуноў з Камянецкага і Пружанскага раёнаў даставілі на набярэжную Мухаўца ў раён Гарадскога саду. Аўтары канцэпцыі праекта — выкладчыкі брэсцкіх універсітэтаў Наталля Мартысюк і Максім Багдасараў (таксама прызёры конкурсу. — Аўт.) адзначалі падчас адкрыцця, што задаліся мэтай адлюстраваць сімволіку лясоў і палёў Беларусі, сведкамі якой з'яўляюцца гэтыя аграмадныя каменныя глыбы. Кампазіцыю дапоўнілі стваламі сосен, якія пацярпелі ад караеда, што закрануў значную частку лясоў нашай краіны. І тут жа — маладыя парасткі дрэў як сімвалы паспяховага аднаўлення лясоў. Алеі новага парку валуноў выкладзены каменнымі бардзюрамі. Гісторыю кожнага з валуноў можна адсачыць з дапамогай QR-кодаў, якія ўстаноўлены тут. Такі вось сімбіёз: мінулага працягласцю ў мільёны гадоў і сучаснага.

Амаль кожная з пляцовак гэтага фестывалю засталася гараджанам на добры ўспамін і прыемны адпачынак. Так вынікам пленэра рэзчыкаў паркавай скульптуры «Візітоўкі гасціннага Бярэсця» стала цэлая галерэя скульптур, звязаных з гісторыяй горада. «Грэбень», «Купец», «Манетны двор», «Біблія», «Яўрэй і сінагога», «Грунвальд», «Сейм», «Магдэбургскае права», «Вакзал», «Мухавец і Буг» — назвы гавораць самі за сябе. А каля кожнай скульптуры цяпер устаноўлена лаўка, дзе можна ўтульна адпачыць.

Дзміт­рый Паў­лю­чык і яго паў­ноч­ныя паль­мы.

Конкурсы і знаходкі

Верш Петруся Броўкі: «Мая айчына — поле, нівы...», дзе ёсць радок «Прыгожы Брэст і Мінск шумлівы», думаю, многія памятаюць са школьных гадоў. Дык вось Брэст апошнія гады стаў актыўна апраўдваць гэтае шаноўнае званне, прысвоенае некалі літаратарам-класікам. У горадзе з'явілася многа цікавостак, якія становяцца ўлюбёнымі месцамі гараджан і адначасова славутасцямі, што прэтэндуюць на брэнды. І ўжо не толькі Савецкая з яе знакамітымі ліхтарамі, але і больш ціхія ды не менш прывабныя мясціны, як тая ж рэканструяваная Набярэжная імя Францыска Скарыны, Гарадскі сад, прыцягваюць увагу, становяцца месцам спатканняў і сустрэч. Горад прыгажэе, і з гэтым, думаю, ніхто не будзе спрачацца. А конкурсы, падобныя таму, які адбыўся, становяцца штуршком для далейшага развіцця ў гэтым кірунку. Дарэчы, на сёлетнім конкурсе быў прадстаўлены цэлы россып кветкавых кампазіцый, якія прывезлі прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі розных гарадоў Беларусі. Узнагародамі за кветкі адзначаны госці з Магілёва, Жодзіна, Смалявіч. Прызёраў было вельмі шмат.

Хачу сказаць яшчэ пра аднаго з іх. Другое месца ў намінацыі «Зялёны горад» атрымала ААТ «Брэстпраект» за добраўпарадкаванне пляцовак на праспекце Машэрава. Аўтар гэтых радкоў жыла 30 гадоў таму ў доме, побач з якім з'явілася арыгінальная пляцоўка. Здаецца, нічога асаблівага, добраўпарадкаванне ў стылі мінімалізму, калі былі захаваны ўсе старыя дрэвы, але пракладзены дарожкі, устаноўлены лаўкі, пасадзілі невялікія кусты бэзу. І месца зайграла, стала ўтульным, крышачку стылёвым і па-дамашняму мілым. Трэба толькі, каб такіх мясцін станавілася больш.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА і аўтара

Загаловак у газеце: Прыгажосць, што ратуе настрой

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».