Вы тут

Аб аграгаліне на мове школьнікаў


З запатрабаванымі ў сельскай гаспадарцы прафесіямі, традыцыямі работы на роднай зямлі і аграрыямі, удастоенымі звання «Герой Беларусі», пазнаёміліся вучні Гомельскай сярэдняй школы № 32. Навучэнцаў 8—11-х класаў запрасілі на дыялогавую пляцоўку «Гонар за Беларусь. Вырашчана беларусамі» ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна».


Госцем сустрэчы стаў супрацоўнік аднаго з вядучых будаўніча-рамонтных прадпрыемстваў краіны, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Хімрамонт» Сяргей Зюкін. Ён расказаў аб спецыфіцы работы таварыства, падраздзяленні якога будуюць «пад ключ» аб'екты — ад завадскіх цэхаў да птушнікаў. На прадпрыемстве, як адзначыў прафсаюзны лідар, рады кваліфікаваным маладым спецыялістам.

Вучні старэйшых класаў пацікавіліся, з дыпломам якіх навучальных устаноў можна працаўладкавацца ў «Хімрамонт», а таксама пацікавіліся і асабістым стаўленнем старшыні прафсаюзнай арганізацыі да выбару будучай прафесіі.

— Важна, упэўнены, выбраць прафесію даспадобы, тады і работа ў радасць, і твая праца карысная грамадству і дзяржаве, — падзяліўся Сяргей Зюкін.

У размове з навучэнцамі ён закрануў і тэму рэлакацыі маладых кваліфікаваных кадраў, калі супрацоўнік «мігрыруе» следам за сваёй кампаніяй за межы краіны.

— Працаваць на роднай зямлі, лічу, — сапраўды шчасце, — падкрэсліў старшыня прафкама будаўніча-рамонтнага прадпрыемства і прывёў прыклады, калі дасведчаныя спецыялісты ў чужой краіне становяцца нікому не патрэбныя, увогуле не могуць працаўладкавацца.

Каб больш падрабязна даведацца аб рабоце ААТ «Хімрамонт», педагогі і вучні звярнуліся з просьбай наведаць вытворчыя падраздзяленні прадпрыемства з экскурсіямі.

Удзельнік дыялогавай пляцоўкі «Гонар за Беларусь. Вырашчана беларусамі», настаўнік хіміі Гомельскай сярэдняй школы № 32 Настасся Зайцава пазнаёміла вучняў з асноўнымі напрамкамі развіцця айчыннай сельскай гаспадаркі. Педагог прапанавала з дапамогай інфармацыйных слайдаў разабрацца, як аграрная галіна стала найважнейшай часткай эканомікі краіны і якія вынікі развіцця галіны сельскай гаспадаркі былі дасягнуты за гады суверэнітэту Беларусі.

Аб знакамітых аграрыях, удастоеных звання «Герой Беларусі», школьнікам распавяла настаўнік біялогіі Гомельскай сярэдняй школы № 32 Ала Сіманенка. Педагог звярнула ўвагу на тое, у якіх навучальных установах ў краіне сёння рыхтуюць спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю, расказала, дзе маюцца шырокія магчымасці для паступлення і чаму маладыя кваліфікаваныя кадры ў галіне сельскай гаспадаркі заўсёды запатрабаваныя на рынку працы.

Вучні гарадской школы ў сваім штодзённым асяроддзі пазбаўленыя прыкладаў працоўнай дзейнасці ў сельгасарганізацыях. Таму, як падкрэсліла арганізатар дыялогавай пляцоўкі — намеснік дырэктара СШ № 32 горада Гомеля Наталля Шчурава, асабліва важна тлумачыць дзецям, якую ролю ў эканоміцы нашай краіны адыгрывае сельская гаспадарка, якія формы стымулявання студэнтам прапануюць сельгасарганізацыі, каб зацікавіць маладых спецыялістаў.

— Сёння многія вучні выпускных класаў, — заўважыла Наталля Шчурава, — выказваюць зацікаўленасць у паступленні на спецыяльнасці сельскагаспадарчых профіляў. Шэраг нашых выпускнікоў 9-х класаў у сёлетнюю ўступную кампанію будзе падаваць дакументы па паступленне ў Гомельскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй. У школе мы таксама арганізавалі сустрэчу вучняў са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яны вельмі падрабязна расказалі не толькі аб навучанні ў ВНУ, але і найцікавейшым грамадскім жыцці студэнтаў акадэміі. Для многіх нашых навучэнцаў гэта была сапраўды матывацыйная сустрэча, — падкрэсліла намеснік дырэктара.

Па выніках удзелу вучняў у дыялогавай пляцоўцы «Гонар за Беларусь. Вырашчана беларусамі» педагогі асабліва адзначылі водгук дзяцей на жывыя сустрэчы з дасведчанымі экспертамі і гасцямі:

— Увогуле ўсе мерапрыемствы праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» дапамагаюць нам, настаўнікам, максімальна эфектыўна прапрацаваць з вучнямі самыя актуальныя ў грамадстве тэмы, арганізаваць цікавыя інфармацыйна-адукацыйныя сустрэчы, папулярныя сярод школьнікаў, — падзялілася Наталля Шчурава.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.