Вы тут

Бысюк: Магчымасці Брэсцкай крэпасці ў справе патрыятычнага выхавання не абмежаваныя


Сказаць, што з Рыгорам Бысюком за трыццаць гадоў работы ў Брэсце даводзілася камунікаваць шмат разоў, будзе правільна, але, відаць, не зусім дакладна. Лепш — пра плённае працяглае супрацоўніцтва. І калі Рыгор Рыгоравіч шмат гадоў працаваў у культуры, і пазней, напрыклад, у бытнасць сенатарам, заўсёды вызначаўся камунікабельнасцю, быў лёгкі на пад’ём. У каментарыі, здаецца, не адмовіў ніводнаму журналісту, гатовы зрабіць гэта ў любы час у любой сітуацыі. Колькі яго ведаю, не мае моды апраўдвацца занятасцю, ківаць на недахоп часу. Гэтак жа і цяпер, калі Рыгор Бысюк узначальвае знакавы для Брэста аб’ект — Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Сёння мы таксама гаворым пра крэпасць, але размову пачынаем з работы ў Савеце Рэспублікі.


— Што вам даў вопыт работы ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны?

— Вельмі многае. Удзел у заканатворчым працэсе заўсёды спрыяе пашырэнню кругагляду, выпрацоўвае дзяржаўнае мышленне. Даводзілася рыхтаваць некалькі дзясяткаў паведамленняў па канкрэтных заканадаўчых актах. А яшчэ гэта магчымасць знаёмства з цікавымі людзьмі і магчымасць знайсці аднадумцаў у сваёй справе. Тыя напрацоўкі, сувязі, скажам, з расійскімі музеямі выкарыстоўваем у рабоце і цяпер. Стасункі з саюзнымі парламентарыямі спрыяюць прыняццю і рэалізацыі праграм па далейшым развіцці мемарыяльнага комплексу. Заўсёды ўзбагачаюць сустрэчы з дзяржаўнымі дзеячамі, інтэлектуаламі ад эканомікі, і, што мне асабліва цікава, ад культуры.

— Дарэчы, як вы прыйшлі ў культуру? Гэта быў свядомы выбар ці збег абставін?

— І тое і другое. Цяпер думаю, што ёсць, несумненна, пэўны элемент выпадковасці, але болей усё ж заканамернасці. Я нарадзіўся ў невялікай вёсцы Нэплі, што пад Брэстам. Там пайшоў у першы клас, а потым нашу школу закрылі, дзеці пачалі хадзіць у Клейнікі, за шэсць кіламетраў па бездарожжы: тады ж не было школьных аўтобусаў. І людзі пацягнуліся бліжэй да горада. Вось і мае бацькі пабудавалі хату ў прыгарадзе, мы сталі жыць ў цяперашнім мікрараёне Рэчыца. Я пайшоў вучыцца ў гарадскую школу. З часам стаў наведваць рэпетыцыі ансамбля танца «Прыбужжа», які к канцу маёй вучобы ў школе атрымаў званне народнага, потым танцаваў у нашай знакамітай «Радасці». Так што з культурнай галіной пэўным чынам звязаны сваё жыццё.
Адукацыю атрымаў у Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце — ён так тады называўся — на філалагічным факультэце. Затым была служба ў войску, работа ў камсамольскіх, партыйных органах. У пачатку 1990-х гадоў прыйшоў на працу ў Брэсцкі гарвыканкам намеснікам старшыні, курыраваў сацыяльныя пытанні, у тым ліку і культуру. А ў 1996 годзе ўзначаліў упраўленне культуры аблвыканкама і працаваў тут 12 гадоў.

Генеральны консул Расіі ў Брэсце Ігар Канякін уручае прывітальны адрас прэзідэнта Расіі дырэктару мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгору Бысюку

— У гэты час актыўна закрывалі многія сацыяльныя аб’екты ў сельскай мясцовасці, асабліва ўстановы культуры...

— Так, людзей на вёсцы станавілася менш, паступова сталі закрываць магазіны, школы, клубы, бібліятэкі. З гэтым працэсам, як я ўжо казаў, мая сям’я сутыкнулася ў 1960-я гады. І працэс увесь час працягваўся. Урбанізацыя цягне за сабой згасанне невялікіх сельскіх населеных пунктаў. Але адна справа, калі ты пасіўны назіральнік гэтых з’яў, а іншая — калі табе трэба ехаць на сход, тлумачыць прычыны такога кроку, знаходзіць працу людзям, якія застаюцца пасля закрыцця аб’екта. Важна было не проста закрыць тую ці іншую ўстанову, але, як цяпер кажуць, аптымізаваць яе. Дзе можна было, стараліся аб’яднаць клуб з бібліятэкай у адно. Тады ж з’явіліся першыя так званыя дамы сацыяльных паслуг. Пачалі ўкараняць новую форму абслугоўвання — бібліятэчныя, клубныя аўтамабілі, якія, дарэчы, запатрабаваныя і карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва.

— І ўсё роўна, калі закрываюць школу, клуб, краму, жыццё з вёскі пачынае паволі сыходзіць. Вы згодны з такім сцвярджэннем?

— Цалкам згодны. І таму вось гэтую з’яву пад назвай аграгарадкі, іншымі словамі дзяржаўную праграму па развіцці вёскі, лічу вельмі правільнай і своечасовай. Прынятыя на дзяржаўным узроўні сацыяльныя стандарты дазволілі захаваць у буйных населеных пунктах Дамы культуры, бібліятэкі, адрамантаваць, мадэрнізаваць будынкі, напоўніць новым абсталяваннем і зместам. Успамінаю, як даводзілася літаральна прабіваць камп’ютарызацыю сельскіх бібліятэк. Некаторым кіраўнікам раёнаў прыйшлося даволі настойліва даказваць неабходнасць гэтых фінансавых выдаткаў, бо ў бібліятэцы мусіць быць камп’ютар, нават калі яна невялікая і сельская.

Тое ж і з клубамі. Яны не толькі месцы правядзення мерапрыемстваў, свят — гэта найперш месца сустрэчы творчых людзей, самадзейных артыстаў. Вы не ўяўляеце, колькі ў нас апантаных песняй, танцам, хто гатовы былі ехаць на конкурс, фестываль, паказваць сваё мастацтва толькі таму, што любяць гэтую справу. І як гэтых людзей можна не падтрымаць?! Вось згадваю народны ансамбль з вёскі Тэльмы. Нехта працуе на цяплічным камбінаце, нехта — у суседняй гаспадарцы, іншы кожны дзень едзе на працу ў горад, але кожны вечар спяшаецца на рэпетыцыю. А ў глыбінцы, аддаленых вёсках такіх калектываў у маю бытнасць налічвалася вялікае мноства. Самадзейныя артысты зрываліся і ехалі на любое мерапрыемства па першым закліку. Пры тым, што дома чакала сям’я, часам даволі вялікая падсобная гаспадарка, якую пакідалі на мужа альбо жонку, часам нават на суседзяў. Песня, музыка, народны танец іх так аб’ядналі, што па-іншаму яны ўжо жыць не могуць, гэта стала часткай іх душы.

Цяпер ужо не так часта бываю на розных фестывалях альбо аглядах самадзейных калектываў, але калі бываю, то радуюся, што многія з іх жывуць, папаўняюцца новымі сіламі з ліку маладзейшых артыстаў. Не так даўно на юбілеі «Радасці» бачыў такія калектывы: дзіцячыя, маладзёжныя, дарослыя — якія ўсяляюць аптымізм за будучыню самадзейнага мастацтва.

Каля 200 навабранцаў-пагранічнікаў прынялі прысягу ў Брэсцкай крэпасці

— У 90-я гады ў Брэсце пачыналіся знакавыя фестывалі, конкурсы. Прапаную ўспомніць той час.

— Разам з нашымі дырэктарамі тэатраў Аляксандрам Козакам і Міхаілам Шавелем мы пачыналі арганізацыю міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа». Фэст у верасні станавіўся сапраўдным святам тэатральнага мастацтва, да нас ехалі прафесійныя трупы з многіх краін свету. Новым зместам быў напоўнены тады міжнародны фестываль «Студзеньскія музычныя вечары», які ўзнік у 1980-х гадах. Да гэтага кіраўнік музычнага таварыства Лілія Батырава ў яго арганізацыі абапіралася толькі на свае намаганні, у 1990-х фэст атрымаў дзяржаўную падтрымку.

Мы сталі падтрымліваць творчых людзей. Згадваю конкурс «Берасцейская зорка», калі адзначалі дзеячаў культуры па розных намінацыях. Пачаліся фестывалі духавой музыкі, якія цяпер паспяхова працягваюцца. У раёнах сталі з’яўляцца свае творчыя фестывалі і святы. Атрымлівалі вядомасць актыўнасці ў раёнах, той жа Мотальскі музей альбо школа бондарства ў Іванаве — стараліся падтрымаць народных майстроў, энтузіястаў музейнай справы. Зараз я пералічваю многія кірункі літаральна штрыхамі, а за кожным такім мерапрыемствам, кожнай кампаніяй, справай стаялі месяцы, часам гады напружанай працы, высілкі многіх і многіх людзей.

— Другая палова 1990-х — час работы над знакавымі аб’ектамі па аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны. У свой час кожны з іх быў уключаны ў дзяржаўную праграму і атрымаў адпаведнае фінансаванне, але ж гэтаму папярэднічала вялікая ці, лепей сказаць, аграмадная арганізацыйная работа, шмат папер, узгадненняў. Што асабліва запомнілася?

— У тую пару спецыялістам па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны ў нас працаваў Леанід Несцярчук. Многія яго ідэі былі падтрыманы і рэалізаваны. А запомніліся гады работы найперш вынікамі, калі адкрывалі гэтыя аб’екты для наведвальнікаў, калі заканчвалася першая чарга якой-небудзь работы, гэта значыць, першы крок здзейснены. І зараз прыемна заязджаць, скажам, у Ружанскі палац, які прымае мноства турыстаў, мае добры музей. А галоўнае — работа там працягваецца. З часам Ружанскі палацавы комплекс абяцае стаць асаблівай турыстычнай жамчужынай. Скажам, у Косаве нейкія дваццаць гадоў таму наогул нічога не было, адны руіны. Зараз маем сядзібу-музей Тадэвуша Касцюшкі, а праз дарогу — велічны Косаўскі палац. Адрадзіўся і палац Нямцэвічаў пад Брэстам, з’явілася шмат знакавых мясцін у раёнах вобласці. Трэба аддаць належнае таму пакаленню работнікаў культуры, у тым ліку і нашай камандзе, з якой давялося працаваць. Сёння маем што паказаць дзецям, гасцям Брэстчыны. Да нас едуць турысты.

— Як і ў Брэсцкую крэпасць, сярод наведвальнікаў якой — дзясяткі мільёнаў. Ці лічыце вы цяперашнюю работу вяршыняй сваёй кар’еры?

— Несумненна. Цяпер відавочна, што гэта самыя цікавыя гады маёй працы, напоўненыя сустрэчамі, адкрыццямі, дасягненнямі. У ліку апошняга можна згадаць стварэнне новых экспазіцый, адкрыццё новых музеяў, рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу. І яшчэ — усведамленне знакавасці, асаблівасці гэтага аб’екта напаўняе гонарам, адказнасцю. Адным словам, я палюбіў усё гэта адразу, як толькі прыйшоў. Тут працуе цудоўны калектыў прафесіяналаў, якім можна ганарыцца, які дастойна працягвае традыцыі папярэднікаў. Нядаўна мемарыяльны комплекс быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. У нас нямала адзнак на дзяржаўным узроўні. Але ж галоўнае — гэта водгукі людзей, цікавасць да крэпасці. Як я нядаўна сказаў на сустрэчы з моладдзю, не зарастае народная сцяжына ў крэпасць.

— Пасля перапынку, звязанага з пандэміяй, паток турыстаў аднавіўся?

— За тры першыя тыдні мая ў нас было 160 тысяч наведвальнікаў. Такая колькасць звязана найперш са святочным днём 9 Мая. Як вядома, былі дні бясплатнага наведвання музеяў па ўсёй краіне. Зранку мы назіралі — ці паверыце? — вялікі паток людзей. Такое павярхоўнае знаёмства, з аднаго боку, не лепшым чынам спрыяе засваенню інфармацыі. Чалавек праходзіць па экспазіцыі: паглядзеў направа, паглядзеў налева, пайшоў далей. А з іншага боку — хоць так. Яго нешта зачапіла, зацікавіла, ён прыйдзе зноў, каб паглядзець больш удумліва. Прыйдзе з сям’ёй ці сябрамі, хай сабе нават у адзін з музеяў. Дарэчы, ведаеце, якую асаблівасць заўважыў у асяродку турыстаў? Усе хочуць пачынаць агляд з Музея абароны. Бывае, калі патокі турыстаў вялікія, каб развесці іх, асобным групам прапануем пачынаць агляд з новых музеяў, якія побач. А яны не пагаджаюцца, кажуць, што хочуць з гэтага.

Пастаянны камітэт СД прэзентаваў у Брэсце кнігу «Подзвіг савецкага народа бессмяротны»

— Нядзіўна, Музей абароны працуе з 1956 года, ён ёсць ва ўсіх зборніках, буклетах, менавіта тут знаходзіцца знакаміты гадзіннік, які паказвае 4 гадзіны раніцы, час нападзення на крэпасць 22 чэрвеня... І, хоць апошнім часам у сваёй газеце мы не раз расказвалі пра новыя музейныя экспазіцыі, думаю, варта нагадаць пра іх зноў, бо яны знамянуюць сабой чарговы этап развіцця мемарыяльнага комплексу.

— Так, найстарэйшы наш музей асаблівы, можна сказаць, што гэта намоленае месца. З яго пачынаўся мемарыяльны комплекс. Гэты музей стаў цэнтрам камунікацый з абаронцамі крэпасці, іх сустрэч тут, што самае каштоўнае ў нашай рабоце. Ён уяўляе сабой класічны музей.

З 2015 года ў нас з’явіліся такія экспазіцыі, як «Музей вайны — тэрыторыя міру», «Летапіс Брэсцкай крэпасці». Апошнюю можна назваць унікальнай, аналагаў якой няма ў Беларусі. Яшчэ адна экспазіцыя расказвае пра абарону Усходняга форта. Рэканструяваны Пяты форт стаў асобным музеем. Пачынаючы з 2018 года дзевяць аб’ектаў было адрамантавана, тры музейныя экспазіцыі адкрыты ў рамках рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Работа ўвесь час працягваецца. Ёсць задумкі, праекты, планы на далейшае развіццё крэпасці менавіта пры садзейнічанні Саюзнай дзяржавы. Гэта наш абавязак перад будучымі пакаленнямі — захаваць крэпасць як сімвал мужнасці і стойкасці яе абаронцаў. Ну а для гэтага трэба падтрымліваць у стане, прывабным для наведвальнікаў. Таму наперадзе — вялікая работа, якой хопіць і новым пакаленням работнікаў мемарыяла.

— Крэпасць для кожнага брастаўчаніна, можа, нават для жыхара нашай краіны — аб’ект асаблівы. Мемарыял не абыходзіць ніводная дэлегацыя, тут ледзь не кожны дзень ладзяцца мерапрыемствы. Што лічыце цяпер самым важным у рабоце, што радуе ці выклікае заклапочанасць?

— Тое, што нас не мінае ніводная дэлегацыя, гэта абсалютна дакладна. І форум камунальнікаў, і сімпозіум дактароў, як правіла, пачынаюцца з ускладання кветак да Вечнага агню, не кажучы ўжо пра ўрадавыя ці парламенцкія дэлегацыі. Пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, палітыкі часта ў розных кантэкстах згадваюць подзвіг гарнізона крэпасці як узор мужнасці і вернасці Радзіме. І гэта цудоўна. У нас прымаюць прысягу воіны, прысвячаюць у студэнты, праводзяць выпускнікоў асобных устаноў. Нядаўна бачыў, як прымалі ў піянеры вучняў школ з Пінскага і Івацэвіцкага раёнаў. Некаторыя школы гэтых раёнаў зрабілі традыцыяй прывозіць дзяцей у крэпасць, каб завязаць гальштукі тут. Падобных традыцый павінна станавіцца больш. Асабліва цяпер мы па-новаму пачынаем усведамляць, як гэта важна для патрыятычнага выхавання маладога пакалення. А патэнцыял для такога выхавання ў Брэсцкай крэпасці не абмежаваны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».