Вы тут

Драйвер інавацый. Чым запомніўся форум ШАС у Шэньчжэне?


У Шэньчжэне, што ў правінцыі Гуандун у паўднёвым Кітаі, прайшоў першы Маладзёжны навукова-тэхнічны і інавацыйны форум Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва «Інавацыі маладых — тэхналогіі будучыні». З ініцыятывай яго правядзення выступіў летась у верасні старшыня КНР Сі Цзіньпін падчас пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС у Душанбэ. Як заявіў тады кітайскі лідар, «гэта дасць магчымасць стымуляваць інавацыйную крэатыўнасць маладых людзей». Дарэчы, менавіта такім чынам усё і адбылося.


Энергія маладосці

Форум быў арганізаваны ў анлайн- і афлайн-фарматах. У яго рамках прайшоў шэраг паралельных форумаў, удзельнікі якіх абмеркавалі пытанні маладзёжнага інавацыйнага ўзаемадзеяння, здароўя народа, развіцця лічбавай эканомікі, штучнага інтэлекту, «зялёнага» развіцця, а таксама супрацоўніцтва па скарачэнні беднасці і развіцця сельскіх раёнаў. Адметна, што віртуальным вядучым цырымоніі адкрыцця форуму стаў робат са штучным інтэлектам.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — найбуйнейшая сусветная рэгіянальная платформа ўзаемадзеяння. Цяпер яе членамі з'яўляюцца восем краін з агульным насельніцтвам больш за тры мільярды чалавек, якія фарміруюць чвэрць глабальнага ВУП. Чатыры дзяржавы (сярод іх — Беларусь) маюць статус наглядальнікаў, яшчэ шэсць з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу.

Моладзь — нястомны рухавік інавацый, якія з'яўляюцца драйверам эканамічнага развіцця. Як паведаміў генеральны сакратар ШАС Чжан Мін, цяпер на тэрыторыі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва больш чым 700 мільёнаў маладых людзей. Зразумела, гэта магутны рэсурс, таму і правядзенне тэматычнага форуму — унікальная ініцыятыва. «Пад эгідай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва праходзіць шэраг важных мерапрыемстваў — у галіне бяспекі, эканомікі, гуманітарнай сферы. Але форум у Шэньчжэне лічу знакавым, — адзначыў у сваім выступленні ў фармаце відэасувязі першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў. — Менавіта энергія маладосці, яе кампетэнцыя, імкненне да стварэння і інавацый і ёсць будучыня».

Як адзначыў першы віцэ-прэм'ер, сёння Кітай упэўнена рушыць да сусветнага тэхналагічнага лідарства. «Гэта дае ўсім краінам прасторы ШАС перакананасць у тым, што палітычны і эканамічны суверэнітэт не супярэчаць тэхналагічнаму развіццю», — заўважыў Мікалай Снапкоў. Беларусь гатова адкрыта дзяліцца дасягненнямі моладзі, актыўна ўдзельнічаць у навукова-тэхналагічных абменах. Як перакананы Мікалай Снапкоў, многія дасягненні нашых маладых суайчыннікаў у межах гэтай ініцыятывы будуць запатрабаваныя ў многіх краінах. «Разлічваем на актыўны ўдзел маладых навукоўцаў у фарміраванні пула тэхнапаркаў ШАС, які накіраваны на інтэграцыю навуковай, адукацыйнай і вытворчай сферы агульнай прасторы, — падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. — Беларусь гатова актыўна падключыцца да практычнай рэалізацыі інавацый».

ІТ-сталіца Паднябеснай

Шэньчжэнь нездарма быў абраны сталіцай гэтага форуму, адзначыў Мікалай Снапкоў. Агульная колькасць насельніцтва ў гэтым кітайскім мегаполісе яшчэ ў 2011-м перавысіла 15 мільёнаў чалавек, паведаміла «Жэньмінь жыбаа». За 42 гады з моманту стварэння горад прайшоў шлях ад невялічкага рыбацкага пасёлка да інавацыйнай сталіцы Паднябеснай і аднаго з сусветных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій. Дзякуючы маштабным замежным і дзяржаўным інвестыцыям за даволі кароткі перыяд часу горад ператварыўся ў буйны прамысловы, фінансавы і транспартны цэнтр эканамічнага рэгіёна дэльты Жамчужнай ракі і ўсёй краіны ў цэлым. «Шэньчжэнь — гэта зусім новы горад, створаны пасля пачатку рэалізацыі палітыкі «рэформаў і адкрытасці». Гэта цудоўная інтэрпрэтацыя сацыялізму з кітайскай спецыфікай», — такая ацэнка была дадзена старшынёй КНР Сі Цзіньпінам на святкаванні 40-годдзя стварэння спецыяльнай Шэньчжэньскай эканамічнай зоны ў 2020-м, згадаў Мікалай Снапкоў. За гэты час яе ВУП узрос у 10 тысяч разоў!

Як паведамілі ўлады Шэньчжэня, па выніках мінулага года амаль траціна агульнага валавога рэгіянальнага прадукту было сфарміравана на кошт лічбавай эканомікі. У мегаполісе забяспечаны першы ў свеце поўны ахоп 5G. У 8K, штучным інтэлекце, секвеніраванні генаў, трохмерным адлюстраванні, транспартных сродках на новай энергіі, дронах і іншых галінах інавацыйныя магчымасці Шэньчжэня — наперадзе ўсёй планеты. Гэты кітайскі мегаполіс часта параўноўваюць з амерыканскай Сіліконавай далінай. У самім горадзе і яго наваколлях засяродзілася звыш 11 тысяч лабараторый, цэхаў, заводаў, якія працуюць на ніве перадавых тэхналогій. Тут робяць тэлефоны Apple і Samsung. Тут базіруюцца кітайскія гіганты Huaweі, Lenovo, Tencent, ZTE, якія сталі вядомымі на ўвесь свет.

Сёлета адбудзецца ХХ з'езд Камуністычнай партыі Кітая, на якім будзе названы грандыёзны план далейшага развіцця КНР, заўважыла намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Усетайскага сходу народных прадстаўнікоў, старшыня Камітэта Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве Шэнь Юэюэ. Яна адзначыла, што кітайскі бок вітае краіны прасторы ШАС у наладжванні плённых кантактаў з правінцыяй Гуандун і горадам Шэньчжэнем і выкарыстанне магчымасцяў падчас развіцця рэгіёна «Вялікага заліва» Гуандун — Сянган — Аамэнь у мэтах актывізацыі супрацоўніцтва і сумеснага развіцця.

На ветразях супрацоўніцтва

Як заўважыў на тэматычнай пляцоўцы Маладзёжнага навукова-тэхнічнага і інавацыйныйнага форуму ШАС віцэ-прэзідэнт кампаніі Huaweі Technologіes Co., Ltd Ван Чэндун, лічбавая эканоміка — адзін з драйвераў глабальнага развіцця. Ключавым элементам у гэтай мадэлі становяцца вялікія даныя. Цяпер лічбавая працэдура ў выглядзе падключэння да інтэрнэту ўсё больш мае патрэбу ў суправаджэнні воблачных тэхналогій і штучнага інтэлекту. Усё гэта спрыяе развіццю электроннай камерцыі, належнаму міжнароднаму абмену таварамі і паслугамі. Тут не павінна стварацца штучных перашкод. Як заўважыў віцэ-прэзідэнт кампаніі Huaweі, лічбавая эканоміка не мае межаў і фінальнай кропкі.

Адметна, што далёкі ад нас сусветна вядомы мегаполіс на поўдні Кітая і беларускую сталіцу звязваюць братэрскія сувязі. Шэньчжэнь і Мінск сталі пабрацімамі ў студзені 2014-га. Гарады маюць намер больш цесна супрацоўнічаць у сферы інавацый, развіваць высокатэхналагічныя вытворчасці і належным чынам выкарыстоўваць базу Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

Аб гэтым, у прыватнасці, вялася размова падчас сустрэчы на палях форуму генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Гуанчжоў Андрэя Папова з дырэктарам канцылярыі знешніх сувязяў Народнага ўрада Шэньчжэня Цай Сайсянь. Бакі абмяняліся думкамі па шэрагу перспектыўных напрамкаў актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Шэньчжэня, у тым ліку ў кантэксце дзейнага пабрацімскага пагаднення паміж гэтым кітайскім мегаполісам і беларускай сталіцай. Перагаворы датычыліся навукова-тэхналагічных і адукацыйных абменаў, а таксама супрацоўніцтва па лініі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

Па выніках глабальнага мерапрыемства была прынята Шэньчжэньская ініцыятыва. У ёй адзначаецца, што ў свеце адбываюцца нябачаныя за стагоддзе глабальныя змены. Форум заклікаў краіны да далейшага ўмацавання добрасуседства, паглыблення ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, фарміравання ўсебаковай, шматканальнай і разнапланавай структуры ўзаемадзеяння. Як адзначаецца ў Шэньчжэньскай ініцыятыве, у постпандэмічную эпоху салідарнасць — гэта ветразь, а супрацоўніцтва — гэта вёслы, дзякуючы якім аб'яднаныя намаганні, узаемадапамога і падтрымка краін дапамогуць разам пераадолець цяжкасці і рушыць у светлую будучыню.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.