Вы тут

Пах смачнай і якаснай ежы да «Вялікага каменя» давядзе


Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2022» праходзіць ужо не першы год у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».


«Дзякуючы ўзважанай палітыцы дзяржавы, на аснове развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання, пры падтрымцы навукі, дзякуючы працавітасці беларусаў нашай краіне ўдалося забяспечыць харчовы дабрабыт. Мы сталі самадастатковай экспартна арыентаванай краінай», — сказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Леанід Заяц падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця.

Ён звярнуў увагу на тое, што сёння аказваецца жорсткі санкцыйны ціск з боку Захаду. «Гэта выклікае ў беларусаў і расіян рэакцыю ў адказ. Мы павінны больш актыўна кааперавацца, каб зрабіць нашы краіны яшчэ мацнейшымі і народы багацейшымі», — заявіў віцэ-прэм'ер. Гаворачы аб «Белагра», ён падкрэсліў, што выстава сапраўды стала брэндам краіны, аб'ядноўваючы вакол сябе мноства прадпрыемстваў і арганізацый. «Сёння будуць дэманстраваць інавацыі больш чым 400 айчынных і замежных кампаній. Прыбыла вялікая дэлегацыя Расіі. Прыемна адзначыць, што адлегласць не перашкода. Прыехалі дэлегацыі з Уладзівастока, Сахалінскай і Мурманскай абласцей. Мы шчыра вітаем дэлегацыі з Манголіі, Венесуэлы, Таджыкістана, Ірака, Ірана і іншых краін», — дадаў Леанід Заяц.

У Беларусі і Расіі вялізны эканамічны патэнцыял

Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. Ён адзначыў, што на «Белагра» прадстаўлена як айчынная тэхніка, так і дружалюбных краін. «Сёння мы падводзім вынікі работы за апошнія 20 гадоў. Мы сталі атрымліваць больш збожжа, малака і мяса. Вырашылі пытанні харчовай бяспекі, а таксама забяспечылі сваю краіну сельгастэхнікай. Беларуская тэхніка паказала сваю канкурэнтаздольнасць. Але, нягледзячы на ўсе нашы поспехі, ніколі не трэба спыняцца на дасягнутым», — падкрэсліў пасол.

Нашы краіны цалкам забяспечваюць сваю харчовую бяспеку, нягледзячы на санкцыі. Пра гэта падчас выставы заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

«Летась нашы прэзідэнты падпісалі 28 саюзных праграм, частка з якіх забяспечвае ўзаемадзеянне ў аграпрамысловай сферы, а таксама паказвае ўзровень нашай канкурэнтаздольнасці. Фарміруюцца новыя вытворчыя ланцужкі, развіваецца імпартазамяшчэнне. На нашы дзяржавы аказваецца беспрэцэдэнтны ціск ад заходніх партнёраў, аднак мы цалкам забяспечваем сваю харчовую бяспеку. Гэтыя цяжкасці — новы этап ва ўзаемаадносінах нашых краін», — падкрэсліў дзяржсакратар.

«Для нашых людзей «Белагра» — падзея, многія завітваюць сюды сем'ямі. Яны прыехалі сюды, каб умацаваць адносіны з беларускімі партнёрамі, паказаць сваю прадукцыю, гаварыць аб новых пагадненнях у супрацоўніцтве, а таксама пацвердзіць дружалюбны статус нашых краін. Вельмі важна памнажаць патэнцыял развіцця нашых краін», — падсумаваў Дзмітрый Мезенцаў.

Мы разлічваем на 9 мільёнаў тон збожжа

Гэтую лічбу прывёў на выставе журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Міністр падкрэсліў, што наша краіна сёлета будзе з прадуктамі харчавання, усе перадумовы для гэтага ёсць. «Нам удалося назапасіць мінеральных угнаенняў практычна па тэхналагічных нормах, мы цалкам забяспечаны палівам, тэхніка падрыхтавана. Ставім задачу павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі па выніках гэтага года амаль на 5 %. Перакананы, што з гэтай задачай справімся», — сказаў Ігар Брыло.

Планы на ўраджай — 9 мільёнаў тон збожжа, каля 760 тысяч тон рапсу, каля 5 мільёнаў тон цукровых буракоў. «Па ўсіх пазіцыях стаяць дастаткова амбіцыйныя задачы», — адзначыў міністр, дадаўшы, што Беларусь пастаўляе прадукты харчавання ў больш чым 100 краін.

«Мінулы год мы скончылі з рэкорднай сумай экспарту — 6,7 мільярда долараў. Гэты год нядрэнна пачалі, нягледзячы на змены лагістыкі, якія былі выкліканы вядомымі падзеямі. За чатыры месяцы экспарт ужо склаў 2,2 мільярда долараў з ростам на 11 % да ўзроўню мінулага года», — звярнуў увагу Ігар Брыло.

Рыбы хопіць усім

Першы раз наведаў наш горад і папрацаваў на выставе дырэктар досыць буйнога перапрацоўчага прадпрыемства «Ахоцкае», якое знаходзіцца на востраве Сахалін, Вячаслаў Фёдараў. Са слоў кіраўніка, у асноўным іх прадпрыемства робіць кансервы і прадае гатовыя паўфабрыкаты з атлантычнага селядца, гарбушы, салаты з марской капусты з даданнем кальмара і трубача (сахалінскі малюск). Далікатэсам з'яўляецца філе вэнджанай кеты, філе ціхаакіянскага селядца ў алеі. Дадзены пастаўшчык прапануе нам свежамарожаную рыбу (селядзец, гарбуша і кета) у любых колькасцях з гэтага рэгіёна.

У сувязі з заходнімі санкцыямі (нарвежская рыба), у нас на паліцах сталі з'яўляюцца свабодныя нішы. Расійскія перапрацоўшчыкі і проста пастаўшчыкі рыбы досыць хутка сарыентаваліся і гатовыя заняць гэтыя нішы. Таму і прыехалі на выставу. Лагістыка дастаўкі прадуктаў цалкам прапрацавана і складае не больш чым два тыдні.

Акцыянернае таварыства «Ахоцкае» вырабляе са свежай рыбы 10—12 мільёнаў бляшанак кансерваў. Гэта ж прадпрыемства з'яўляецца гандлёвым прадстаўніком буйных рыбных гаспадарак рэгіёна. Сябры з Сахаліна з нашымі буйнымі і сярэднімі гандлёвымі пунктамі гатовыя працаваць з адтэрміноўкай плацяжу або з іншымі льготнымі ўмовамі. Дырэктар прадпрыемства ўпэўнены, што з дапамогай гэтай выставы ўдасца нарасціць пастаўкі рыбы і рыбапрадуктаў у нашу краіну не ў разы, а ў сотні і тысячы разоў. У дадзенай фірмы ёсць заводы-партнёры, якія таксама зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве.

Акрамя таго, Вячаслаў Фёдараў адзначыў, што востраў перад ім паставіў задачу не проста прадаць рыбу, а яшчэ і закупіць у Беларусі якасныя кармы для жывёл, свежую гародніну, цвёрдыя сыры, сельскагаспадарчую і іншую тэхніку. Усё гэта прадстаўлена на выставе па даступных цэнах і прымальных умовах пастаўкі.


Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. Сёлета (7—11 чэрвеня) удзел у выставе прымаюць кампаніі з Беларусі, Кітая, Казахстана, Таджыкістана і іншых. Вялікая колькасць удзельнікаў запланавана ад Расіі — больш за 30 рэгіёнаў і 16 асобных стэндаў. Калектыўныя экспазіцыі сфарміравалі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук, канцэрн «Белдзяржхарчпрам» і Белкаапсаюз.

Акрамя таго, «Белагра» стане і пляцоўкай для дзелавых перагавораў. У праграму выставы ўвайшлі В2В-сустрэчы, круглыя сталы, канферэнцыі, дэманстрацыйныя паказы і конкурсы.

А яшчэ. У выставе гэтым разам прымала ўдзел Міністэрства абароны нашай краіны. Музычнае суправаджэнне на выставе было пад музыку рытмаў марша ваеннага аркестра. Амаль у любым пункце парка лунаў водар палявой кашы з мясам, якую салдаты раздавалі бясплатна. Свята працягваецца да суботы ўключна, а даставяць на яго ўсіх ахвотных бясплатныя аўтобусы, што некалькі разоў на дзень адпраўляюцца ад метро «Магілёўская».

Сяргей КУРКАЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».