Вы тут

​Сыйшліся народы і паэты!


Гісторыя часам нагадвае пра ўнікальны характар стаўлення да прыгожага пісьменства. Вось і гэты артыкул газеты «Звязда» ад 17 лютага 1936 года пад назвай «За народную паэзію соцыялізма» прымушае задумацца над многім... 


Няма і 19 гадоў, як Кастрычнік прывёў новую ўладу. Яшчэ меней часу прайшло ад грамадзянскай вайны. Па шматпакутлівай беларускай зямлі зусім нядаўна тапталіся боты нямецкіх жаўнераў, польскіх ваяроў-акупантаў... Частка Беларусі — пад прыгнётам Польшчы. Толькі-толькі пачалася калектывізацыя. Адным словам, ці да мастацтва, ці да літаратуры?! Але ж створаны Саюз савецкіх пісьменнікаў. Сталін пільна ўглядаецца ў тое, што выходзіць з-пад пяра паэтаў, празаікаў, драматургаў. І ясна, што без яго добрай волі наўрад ці адбылася б у Мінску такая падзея — пленум ССП, прысвечаны шматнацыянальнай савецкай паэзіі. Пленум, на якім з дакладамі выступалі і паэты і высокага рангу палітыкі. У тым ліку — і старшыня Саўнаркама БССР М. М. Галадзед. Інтэлігенцыю, яе памкненні Мікалай Мацвеевіч, якога крыху болей як праз год арыштавалі па абвінавачванню ва ўдзеле ў праватрацкісцкім блокам і ўкраінскай нацыянал-фашысцкай арганізацы, добра ведаў. У снежні 1930 года паставіў подпіс пад пастановай СНК БССР аб выключэнні са складу Акадэміі навук Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Пічэту, Язэпа Лёсіка, Сцяпана Некрашэвіча, Гаўрылы Гарэцкага, Аляксандра Дубаха, пазбавіўшы іх звання акадэмікаў «як ворагаў пралетарскай рэвалюцыі». Па адных звестках Галадзед выкінуўся з пятага паверха будынку НКУС БССР у час допытаў. Па іншых — быў закатаваны да смерці...

Чытаем у галоўнай беларускай партыйнай газеце «Звязда» ад 17 лютага 1936-га: «Ужо два дні абмяркоўвае пленум становішча і праблемы развіцця совецкай паэзіі. 

Даклады тав. Суркова аб совецкай паэзіі, тав. Сенчэнка аб паэзіі Совецкай Украіны, тав. Александровіча — аб паэзіі Совецкай Беларусі і ўсе выступленні па дакладах пранікнуты адной мыслю — стварыць сапраўды народную паэзію соцыялізма.

У Совецкім Саюзе — сказаў тав. Суркоў у сваім дакладзе — паэзія карыстаецца вялікай любоўю. Слова паэта ўзнімаецца на рыштаванні новабудоўляў, гучыць з трыбуны партыйнага з’езда. Частушка, народжаная каля кастра палявога стану, ўрываецца ў рапарт Пашы Ангелінай партыі ў ўраду». З частушкамі, праўда, былі розныя гісторыі... Не ўсе яны вызначаліся бравурна-сацыялістычным зместам...

Чытаем у «звяздоўскім» артыкуле: «Ахарактарызаваўшы сучаснае становішча паэзіі, спыніўшыся падрабязна на творчасці Асеева, Пастэрнака, Міхаіла Галоднага, Светлова, Лугаўскога, Дзем’яна Беднага і іншых, тав. Суркоў канчае свой даклад заклікам да паэтаў — памятаць, што “верш — гэта бомба і сцяг”, заклікам стварыць вялікую народную паэзію соцыялізма. 

Тав. Сенчэнка ў сваім дакладзе аб паэзіі Савецкай Украіны разгортвае перад удзельнікамі пленума краціну барацьбы украінскай літаратуры за народную паэзію соцыялізма...» 

Украінскі празаік Іван Сенчанка (1901 — 1976), у адрозненні ад беларускага дакладчыка і таварыша па пяру — Андрэя Александровіча, нейкім чынам здолеў пазбегнуць махавіка рэпрэсій... Пэўна ж, давяралі яму на розных абсягах, як і даверылі празаіку зрабіць даклад па паэзіі... Яшчэ ў сярэдзіне — другой палове 1920-х гг. Сенчанка ўваходзіў у лік арганізатараў і быў актыўным удзельнікам літаратурных арганізацый «Плуг» і «Гарт». Таксама ўваходзіў у «Свабодную Акадэмію Пралетарскай Літаратуры» (1925 — 1918). Вывучаў філалогію ў Харкаўскім інстытуце народнай адукацыі. Наведваў лекцыі легендарнага вучонага А. Бялецкага. Адначасова працаваў у рэдакцыях харкаўскіх газет і часопісаў. З 1926 года — адказны сакратар выданняў «Літаратурны кірмаш» і «Палітфронт». У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі. Працаваў сельскім настаўнікам. Пасля быў выкліканы ў Маскву, дзе пачаў працаваць адказным сакратаром часопіса «Україна». Іван Сенчанка — аўтар аповесці «Паравы млын» (1926), якая паклала пачатак «Чырванаградскаму цыклу» пісьменніка. Асноўная тэма — сацыялістычныя пераўтварэнні на вёсцы. Але некаторым творам украінскага празаіка прыпісвалася і тое, што Сенчанка ідэалізаваў кулака. З-за крытыкі Сенчанка фактычна і перарваў працу над празаічным цыклам на многія гады. Мо таму і выжыў, пазбег рэпрэсій украінскі пісьменнік..? У 1930-я гг. Сенчанка піша гістарычную аповесць пра Францыю XI стагоддзя «Чорныя вароты» і аповесць для дзяцей «Рыжыя ваўкі» — пра старажытных славян. Пераклаў украінскі пісьменнік на сваю родную мову А. Радзішчава, А. С. Пушкіна, М. В. Гогаля, М. Горкага і іншых рускіх класікаў. Выдаўшы да 1941 года ці не тры дзесяткі кніг (зборнікі апавяданняў, аповесці, кнігі нарысаў, раманаў і зборнік вершаў), Іван Сенчанка пасля Вялікай Айчыннай вайны друкаваўся шмат меней... 

У Мінску з вуснаў украінскага пісьменніка ўдзельнікі пленума ССП пачулі пра тое, што ўкраінская паэзія дасягнула ў адлюстраванні сацыліястычных пераўтварэнняў вялікіх поспехаў. Вылучыў дакладчык творчасць Паўла Тычыны, Міколы Бажана, Леаніда Первамайскага, Паўла Беспашчаднага... Хаця ж працавалі ў тыя самыя гады ва ўкраінскай паэзіі і іншыя, не меней цікавыя аўтары. 

Далей «Звязда» у публікацыі за 17 лютага 1936 года расказала: «—Беларуская паэзія — гаворыць тав. Александровіч у сваім дакладзе — выйшла на ўсесаюзную арэну. Перад ёю стаіць рад яшчэ нявырашаных і складаных задач. Але гэтыя задачы, — канчае свой даклад тав. Александровіч, — нам па-плячу, бо намі кіруе партыя Леніна — Сталіна, бо нас вядзе вялікі Сталін. 

Апошнія словы тав. Александровіча пленум сустрэў бурнымі авацыямі ў гонар таварыша Сталіна. 

Пасля прамоў тав. Гольберга, Зелінскага і Джэка Алтаўзена выступіў тав. Спаскі, які падрабязна спыніўся на праблеме мастацкага вобразу. 

— Наша паэзія — заявіў ён — адстае ад патрабаванняў сённяшняга дня. Ёй яшчэ не хапае мастацкага вымыслу. А соцыялістычнае мастацтва — гэта сапраўднасць, памножаная на мастацкі вымысел. Без гэтага нельга стварыць вялікіх паэтычных вобразаў...» Сяргей Дзмітрыевіч Спаскі (1898 — 1956) зараз згубіўся за безліччу літаратурных імёнаў. А ў 1920-1930-я быў даволі вядомым пісьменнікам. Паэт, празаік, драматург, перакладчык (перакладаў у тым ліку і творы Янкі Купалы, Міхася Калачынскага), ён да часу пленума ўжо шмат паспеў зрабіць у літаратуры. Гэта аб прозе Спаскага адгукаўся Андрэй Белы: «Востра, моцна, ясна, арыгінальна!» І сапраўдную цану мастацкаму вымыслу Спаскі, несумненна, ведаў. 

«Творчасць Андрэя Александровіча, — гаворыць паэт-ордэнаносец Арменіі тав. Зар’ян, — мне падабаецца за яе эмацыянальнасць і палітычную насычанасць. Голас Александровіча з’яўляецца мужным басам у агульным аркестры совецкай паэзіі. Верш Глебкі “Вясёлая песня” тав. Зар’ян ацэньвае, як сапраўднае паэтычнае адкрыццё. Тав. Зар’ян канчае сваю прамову заявай, што працоўныя Арменіі ў хуткім часе будуць чытаць Купалу, Коласа. Александровіча, Чарота на сваёй роднай мове». 

А вось і «Вясёлыя песні», усё ж у множным ліку... Верш «Вясёлыя песні» Пятра Глебкі нараджэннем з 1934 года:

Ад першай нашай стрэчы

І па астатні дзень

Мы ходзім кожны вечар 

На мора паглядзець. 

У гэты час,

Пад поўнач, 

З усіх канцоў зямлі

Нагружаныя поўна

Прыходзяць караблі. 

 

Абвеяныя ветрам,

Абмытыя вадой,

Матросы ў шэрых гетрах

Вітаюцца са мной. 

 

Як гонар свій,

Тады ты

Нясеш маю руку, 

Раўнівы і сярдзіты,

З наганам на баку. 

 

Падумаеш — 

Прыгожы,

Адзін на цэлы свет!

У шырачэзным клёшы,

Значок на рукаве!

 

Ты паглядзі на прыстань

Матросамі кішыць,

Адно маргну,

І трыста за мною пабяжыць. 

 

Табе мо невядома, 

Які ў мяне пасаг? — 

Заводы,

Шахты,

Домны

І русая каса. 

 

Нядарам стояць жарты

Чужыя маракі — 

Магу любога заўтра

Узяць у прымакі. 

 

Не задавайся ж вельмі: 

Праз некалькі гадзін

Мне трэба на цагельню — 

Давай жа паглядзім,

 

Як поначы на пырстань

З усіх канцоў зямлі

Высокія ўрачыста 

Прыходзяць караблі. 

... Што да Купалы і Коласа, то, канешне ж, гэтая «задача Стаўскага» здзейснілася. Яны і без яго даклада ведалі цану «мастацкаму вымыслу»... У Александровіча і Чарота, як і ў напісанага імі, — іначай склаўся лёс. Меней як праз год — 24 студзеня 1937 года — Міхась Чарот будзе арыштаваны і адначасова выключаны з кампартыі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка паэта расстраляюць. І толькі пасля рэабілітацыі 8 снежня 1956 года чытач зможа адкрываць для сябе новыя публікацыі вершаў і паэм «чырванакрылага вешчуна», якога закатавалі як «ворага народа». Андрэй Александровіч, які і сам у 1929-1931 гг. выступаў супраць «нацдэмаў» (прысвяціў гэтаму паэму «Цені на сонцы»), 2 ліпеня 1938 года будзе арыштаваны. Асудзяць на 15 гадоў... Вернецца з лагера ў 1947 годзе. Паўторна арыштуюць у лютым 1949 года. Рэабілітацыя прыйдзе ў 1955-м... Бальшыня твораў апантанага спевака рэвалюцыйных пераўтварэнняў жыцця праверку часам, відавочна, не вытрымала... 

Чытаем у артыкуле «Звязды»: «Гаворачы аб недастатковай сувязі паэтаў з жыццём працоўных, Якуб Колас у сваім выступленні падкрэслівае, што перад беларускай паэзіяй, як і перад паэзіяй усяго Савецкага Саюза, стаіць задача — распрацаваць тэмы соцыялістычнай радзімы і пралетарскага гуманізма». 

Якуб Колас у 1935 — 1938 гады — член ЦВК БССР. У 1928 годзе яго абралі акадэмікам Акадэміі навук БССР, з 1929 года — член Прэзідыўма, віцэ-прэзідэнт АН БССР. І гэтыя ўсе адзнакі, званне народнага паэта не мяшалі націску на паэта. У яго доме неаднойчы праводзіліся вобыскі. Пісьменніка выклікалі на допыты. Коласа спрабавалі прыцягнуць да розных спраў, зладжаных органамі дзяржбяспекі, — так званых «лістападаўскай» і «Саюза вызвалення Беларусі». Абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», у «шкодных ухілах». Былі рэпрэсіраваны многія калегі і блізкія сваякі Якуба Коласа... Арышт неднаразова пагражаў і самому жывому класіку... Можна толькі здагадвацца, у якім псіхалагаічным стане знаходзіўся паэт. І ўсё ж пісаў, працаваў, як толькі мог... Дадаваў да сваіх назіранняў над жыццём «мастацкі вымысел»...

«Паэт Безыменскі віншуе ўсіх удзельнікаў пленума з вялікай перамогай Ільі Сельвінскага, напісаўшага паэму аб Сталіне. 

- Усе мы, гаворыць тав. Безыменскі, і ў тым ліку — я, з’яўляючыся гаспадарамі нашай краіны. І як гаспадар краіны, я ганаруся тым, што на маёй зямлі жывуць такія паэты, як Нікалай Асееў, Ціханаў, Святлоў, Міхаіл Галодны, Дзем’ян Бедны. 

- З пачуццём вялікай адказнасці, — гаворыць Нікалай Асееў, — узнімаюся я на трыбуну пленума. Я не знаходжу слоў, каб выказаць тыя пачуцці, якія я перажыў тут, у Совецкай Беларусі, дзе з першага дня я адчуваю сябе як свій чалавек, прыехаўшы дамоў. 

Тав. Асееў уносіць прапанову аб арганізацыі творчага спаборніцтва паміж нацыянальнымі рэспублікамі на лепшыя паэтычныя творы.» Наконт спаборніцтва ў паэтычныхт намаганнях — крута, кажучы маладзжным слэнгам іншых часін!..

З Масквы, вобразна кажучы, са сталінскага кабінета ( і не вобразна, а прама кажучы — таксама) ішлі кіраўніцтва і ўвогуле маладой савецкай літаратурай, і савецкай шматнацыянальнай паэзіяй таксама. Як і выбудоўваліся формы інтэрнацыянальнага выхавання народаў, якія яшчэ толькі пачыналі гаварыць на адной мове. Якіх толькі «мастацка»- ідэалагічных прыдумак пры гэтым не выкарыстоўвалі. Старшынямі новых пісьменніцкіх аб’яднанняў станавіліся часам нікому невядомыя людзі, журналісты ці настаўнікі, якія толькі-толькі напісалі і надрукавалі першыя свае вершы. Нараджаліся такія з’явы, як народныя песняры (акыны, ашугі) — варта згадаць хаця б Джамбула, Сулеймана Стальскага (Горкі назваў яго «Гамерам XX стагоддзя»)... 

...А што да конкурса і конкурсаў, то Ілья Сельвінскі у 1-й Маскоўскай алімпіядзе паэтаў у 1923 годзе выйграў першы прыз. Хаця сярод прэтэндэнтаў на званне «караля паэтаў» быў і Уладзімір Уладзіміравіч Маякоўскі. І ўсё ж прыз быў прысуджаны маладому паэту з Крыма, які зрабіў сапраўдны фурор сярод слухачоў, чытаючы свае вершы «Злодзей», «Цыганскі раманс на гітары», іншыя творы. Канешне ж, дакладчык Безыменскі трымаў у памяці і гэтае вызначэнне, нададзенае Сельвінскаму, — «кароль паэтаў»... Дзякуй Богу, Сельвінскі шмат зрабіў у літаратуры, паэзіі, важна, што агіткі і плакатызм ён ставіў на шалі вагаў з сапраўднасцю «профіляў», напісаў пра гэта цэлую паэму — «Дэкларацыя паэтаў»... Па рознаму ставілася і партыя да Сельвінскага. Ужо ў час Вялікай Айчыннай вайны паэта моцна крытыкавалі, на што, як сведчыць Б. Сарноў, Сталін аднойчы кінуў такую рэпліку: «З гэтым чалавекам варта абыходзіцца беражліва, яго вельмі любілі Троцкі і Бухарын». На той час Троцкага ўжо забілі ў Мексіцы. Бухарына расстралялі ў родным Савецкім Саюзе. Вось і разумей, як хочаш сталінскую рэпліку розным Мехлісам, ды і арганізатарам літпрацэсу — Фадзееву і іншым таксама...

Што ж, якую ісціну шукалі савецкія паэты на паэтычным пленуме ў Мінску? З якой мэтай дазволіў гэты пленум Сталін, які, безумоўна, не мог не быць у курсе справы?.. Справаздачы пра пленум на працягу ўсіх дзён яго працы друкавалі ўсе цэнтральныя маскоўскія газеты.

У пленуме ўдзельнічалі і таджыкскія пісьменнікі... Чытаем у «Звяздзе»: «Пісьменнік Таджыкістана тав. Гані Абдула таксама пачынае сваю прамову воклічам на беларускай мове: “Няхай жыве ордэнаносная Беларусь” і падносіць пісьменнікам Беларусі дыван, вышыты калгасніцамі Таджыкістана». 

У Мінску тады, у 1936-м, пабывалі і іншыя таджыкскія пісьменнікі. Яны нават наведаліся ў рэдакцыю газеты «Звязда»... Гэта сёння Таджыкістан як суверэнная краіна Цэнтральнай Азіі не так і блізка ад Беларусі. А ў часы савецкай гісторыі і ў Беларусі добра ведалі пра ўнікальны кніжны праект — бібліятэчны збор Нурэкскай ГЭС. Пісьменнікі з усяго Савецкага Саюза (пэўна, і з сацыялістычных краін) дасылалі ў бібліятэку Нурэка свае кнігі з аўтографамі. Ініцыятарам праекта быў часопіс «Дружба народов» са сваім шматгадовым галоўным рэдактарам Сяргеем Баруздзіным. Была яшчэ і прэмія Нурэкскай ГЭС. Каб уручыць яе Васілю Быкаву ў Мінск прыязджаў легендарны таджыкскі паэт Мумін Канаат. З Беларуссю звязаны і іншыя таджыкскія пісьменнікі. Сярод іх — і Фатэх Ніязі, ваенны журналіст, супрацоўнік таджыкскага выпуска газеты 3-га Беларускага фронта «Красноармейская правда»... У розныя дзесяцігоддзі ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову пабачылі свет асобныя кнігі, творы таджыкскіх паэтаў і празаікаў Ато Хамдама, Саідалі Мамура, Нізома Касіма, Фарзоны.... Спіс падаецца бясконцым!.. Ці не тады, у 1936-м, закладваліся вытокі літаратурнай дружбы?!. Магчыма, спрыяла гэтаму і наступная інціыятыва, агучаная на пленуме: «...Аб рабоце з літаратурным маладняком, аб ідэйна-паэтычным выхаванні пісьменнікаў, аб крытыцы, якая ў многіх выпадках апашляе творчасць Маякоўскага, замест таго, каб вучыць нашых паэтаў на вопыце яго творчасці, гаворыць тав. Стаўскі. Тав. Стаўскі прапануе арганізаваць пры саюзах совецкіх пісьменнікаў СССР і нацыянальных рэспублік камітэты парпаганды мастацкай літаратуры. 

Апошнім выступае ў спрэчках тав. Кірсанаў. Ён гаворыць аб тым, што асноўным недахопам нашых паэтаў з’яўляецца абязлічка ў выбары тэмы і недастатковая эмацыянальнасць іх твораў. Тав. Кірсанаў таксама гаворыць аб вялікім значэнні твораў Маякоўскага для нашай сучаснай паэзіі...» 

У пленуме прымаў удзел і кітайскі пісьменнік... «Кітайскі паэт Эмі-Сяо ад імя кітайскага народу, — чытаем у «Звяздзе» — вітае працоўных Беларусі воклічам на беларускай мове: «Няхай жыве Совецкая соцыялістычная Беларусь»! Я двойчы ваш, — гаворыць ён. — Двойчы таму, што я грамадзянін вялікага Совецкага Саюза і грамадзянін Совецкага Кітая. 

Зала адказвае на гэтыя словы бурай авацый і воклічамі «ура!» ў гонар кітайскай Чырвонай арміі і гераічнай компартыі Кітая. Апладысменты нарастаюць, калі тав. Эмі-Сяо на кітайскай мове спявае песню «Как родная меня мать провожала». 

Эмі Сяо, чые творы па-беларуску загучалі ў перакладах Максіма Танка, Міколы Мятліцкага, — надзвычай цікавая постаць у гісторыі кітайскай літаратуры, кітайскай паэзіі. Нарадзіўся ў 1896 годзе ў Хунані. Пражыў вялікае жыццё (памёр у 1983 годзе), якое ўмясціла процьму самых няпростых драматычных выпрабаванняў. Яшчэ ў 1921 годзе ўступіў у Камуністычнуюю партыю Кітая. З Мао Цзэдунам пазнаёміўся ў Туншаньскай школе (Хунань). Разам з Цай Хэсэнам і старэйшым братам — Сяо Юем заснавалі «Акадэмічнае таварыства новага чалавека». У 1920 — 1922 гг. Эмі Сяо — у Францыі, наведаўся ў Бельгію і Германію. У 1922 годзе накіраваўся ў Маскву, паступіў у Камуністычны ўніверсітэт працоўных Усходу імя І. В. Сталіна. Пачынае друкавацца. Пераклаў на кітайскую мову «Інтэрнацыянал». Пасля прыхода да ўлады Мао Цзэдуна займаў шэраг адказных пасад у сферы культуры і музейнай справы. Пра сустрэчу з Эмі Сяо ў Кітаі расказвала беларуская пісьменніца Лідзія Арабей... Яна наведала Кітай з турыстычнай паездкай. Эмі Сяо быў адным з арганізатараў міжнароднага культурнага абмену. 

Яшчэ ў 1930-я гады ў Савецкім Саюзе выйшлі кнігі вершаў Эмі Сяо ў перакладах А. Рома — у Маскве і Харкаве: «Вершы», «За Савецкі Кітай», «Крывавы ліст», «Хунаньская флейта»... У час Культурнай рэвалюцыі ў Кітаі Эмі Сяо за дружбу з СССР арыштавалі як «шпіёна савецкага рэвізіянізма»... У 1967 годзе колішняга мінскага госця асудзілі да адзіночнага затачэння. Вызвалілі толькі ў 1974 годзе. А рэабілітавалі ў 1979 годзе... Разам з мужам праз пакутлівыя выпрабаванні прайшла і яго супруга — Эва Сяо (1911 — 2001), адна з найболей вядомых фотажурналістаў часін Мао Цзэдуна. 

Такія розныя лёсы ва ўдзельнікаў мінскага паэтычнага пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў... За кожным імем — творы, жыццёвыя перыпетыі... У кожнага — свае чытачы... Але, пэўна, для ўсіх, нягледзячы на рознасць эстэтычных поглядаў, гэты пленум быў кропкай адліку, пэўным грунтам. І нават для азербайджанскіх паэтаў Гусейна Джавіда і Мікаэла Мушфіга. Гусейна Джавіда арыштавалі ў 1938, асудзілі да 8 гадоў лагера, памёр паэт (ці загінуў?) у Тайшэцкім лагеры... Мушфіга арыштавалі 4 чэрвеня 1937 года... Ён аказаўся ў так званым Сталінскім расстрэльным спісе, зацверджаным 7 снежня 1937 года... Такіх спісаў, дарэчы, было некалькі соцен...

Відаць, самымі яснымі і правільнымі на пленуме аказаліся словы Барыса Пастэрнака, якія з яго прамовы занатавала «Литературная газета» і надрукавала ў сваім нумары ад 24 лютага 1936-га..: «...Скажам праўду, таварышы: у многім мы вінаватыя самі. Бо не ўсё на свеце ствараецца дэдуктыўна, аднекуль зверху. Кожная грамадская група жыве па-свойму і часткова вінаватая ў прыродзе сваіх назапашванняў. Мы ўвесь час накладваем на сябе нейкія дадатковыя путы, нікому не птарэбныя, нікім не запатрабаваныя. Ад нас чакаюць справы, а мы ўсе клянёмся ў вернасці... за рэдкім выключэннем, вельмі нямногія прамоўцы гаварылі спакойна, цвяроза, па сутнасці. Праўда, задача невыканальная — у межах пленума спакойна дыскутаваць пра самыя асновы мастацтва, калі б нават кожнаму далі па гадзіне на выступленне. Ёсць шмат замшэлых забабонаў і прадузятых меркаванняў. Разбору гэтых памылковых поглядаў трэба было б прысвяціць усё жыццё, што нялёгка само па сабе, але задача гэтая абцяжараная і з другога боку. Мноства ілжывых поглядаў стала дагматамі таму, што яны нараджаюцца ў пары з нечым іншым, непагрэшным і нават святым, і тады як быццам частка лагоды з гэтых абсалютных бясспрэчнасцяў пераходзіць на сцвярджэнні, далёка не для кожнага абавязковыя. ...Увогуле пра вершапісанне тут гаварылі, як аб працы нейкага пастаянна дзеючага апарата з выпрацоўкай, прама прапарцыянальнай прыкладзеным намаганням. Мне ўявілася вадзяная помпа, якая нягледзчы на ўсе памкненні, ўсё яшчэ адстае ад агульных патрэб. Але ўсе кляліся: націснем, ну, ясна, вады будзе цяпер болей, наконт нашай паэтычнай будучыні можна быць спакойным...» 

Што ж, тэорыя «вадзяной помпы» ці тэорыя «паэтычнай вады» не толькі для 1936 года, не толькі для савецкай паэзіі... Яе, гэтую тэорыю, час, як і самі творцы, не адмянілі. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.