Вы тут

На 8 чэрвеня жоўты ўзровень небяспекі з-за спёкі


У Беларусі на 8 чэрвеня абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі з-за жары. Гарачае надвор’е пратрымаецца і ў чацвер, і ў пятніцу.


Сёння месцамі па краіне чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах максімальная тэмпература паветра дасягне плюс 30 градусаў. У сувязі з гэтым МНС папярэдзіла аб магчымай небяспецы.

Па даных ратавальнікаў, з-за такога надвор’я ўзнікаюць небяспекі, да прыкладу, у спякоту і навальніцу магчыма ўзнікненне прыродных пажараў, могуць загарэцца і жылыя дамы, вытворчыя будынкі. Абцяжараная ў такіх умовах праца рачнога транспарту. Акрамя таго, у спякоту вельмі высокая верагоднасць цеплавых удараў.

У цэлым на працягу дня будзе пераменная воблачнасць, у асноўным без ападкаў, толькі месцамі па паўночным захадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Вецер падчас навальніц будзе парывісты — да 14 м/с.

Таксама спецыялісты нагадалі, што, паводле прагнозаў сіноптыкаў, сёння, 8 чэрвеня, па паўднёва-заходняй палове Гродзенскай вобласці і ў Гродне чакаюцца сурёзныя навальніцы. Навальнічная абстаноўка захаваецца да канца дня.

9 і 10 чэрвеня таксама пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра складзе ад плюс 12 градусаў уначы да 32 спякоты днём. З-за гэтага можа адключацца электрычнасць у сувязі з перагрэвам трансфарматарнага абсталявання, узнікаюць рызыкі павелічэння захворвання інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі, а таксама рызыкі абвастрэння сардэчна-сасудзістых хвароб.

Ратавальнікі папярэджваюць, што могуць узнікаць аварыі на чыгуначным транспарце з-за дэфармацыі рэек. У цэлым у такое надвор’е павялічваецца колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і няштатных сітуацый на сістэмах жыццезабеспячэння і энергетыкі.

Гідраметэацэнтр падрыхтаваў практычныя рэкамендацыі аб правілах паводзін у экстрэмальных умовах надвор’я ў летні перыяд.

Спякота

Фота pixabay.com

Пры ўстойлівым павышэнні тэмпературы рэкамендуецца:

  • удзень зачыняць вокны аканіцамі і шторамі, і адкрываць іх толькі на ноч. Па магчымасці, у гадзіны найбольшага павышэння тэмпературы, неабходна заставацца дома і карыстацца кандыцыянерам;
  • штодня выпіваць 1,5 — 2 літры вады, пазбягаць ужывання алкаголю, а таксама напояў, якія змяшчаюць кафеін і вялікую колькасць цукру;
  • насіць галаўны ўбор і вопратку светлых тонаў, абмежаваць знаходжанне на сонцы;
  • штодзённы рацыён харчавання змяніць на карысць летніх салатаў, мінеральнай вады, сокаў і халодных супоў.
  • кіроўцам не рэкамендуецца садзіцца за руль у сонцапёк, калі аўтамабіль не абсталяваны кандыцыянерам.

Моцны вецер

Калі папярэджанне аб моцным ветры заспела вас на вуліцы, варта неадкладна схавацца ў пад’ездзе або любым іншым памяшканні.

Знаходзячыся ў дачным доме або ў кватэры вы павінны:

  • зачыніць усе вокны і праверыць надзейнасць іх закрыцця;
  • уключыць радыё або іншыя сродкі, якія дазваляюць вам быць у курсе падзей;
  • па магчымасці выключыць электрычнасць і газ, перакрыць водаправод.

Трэба памятаць:

* падыходзіць да разеткі, труб і правадоў вельмі непажадана;
* самыя бяспечныя месцы — месцы далей ад вокнаў, калідоры;
* пры выхадзе на вуліцу пасля спынення буры будзьце ўважлівымі, не падыходзіце да абарваных правадоў, да шыльдаў, якія разгойдваюцца, да слупоў і іншых збудаванняў, якія выклікаюць у вас сумнеў.

Каб не было лясных пажараў:

  • Не разводзьце вогнішча ў сухім лесе ці на тарфяніку. Не падпальвайце сухую траву на палях або палянах у лесе.
  • Ніколі не пакідайце вогнішча без нагляду! Прыгатаванае пра запас паліва трымайце метрах у трох-пяці ад палаючага вогнішча.
  • Калі пажар толькі-толькі пачынае разгарацца, паспрабуйце збіць полымя венікам з зялёных галінак або закідаць яго зямлёй. Паведаміце пра здарэнне ў бліжэйшы населены пункт або лясніцтва.
  • Калі пажар моцны, ваша задача — як мага хутчэй пакінуць небяспечнае месца.
  • Пазбягайце буралому: сухія дрэвы і трава ўспыхваюць імгненна.
  • Адносна бяспечнымі месцамі з’яўляюцца ўзаранае поле, вялікая пустка або камяністая града.

Туман 

Туман уяўляе небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху. Для пачатку трэба падумаць: а ці варта наогул ехаць у непрагляднай імгле на аўтамабілі? Калі ёсць магчымасць пачакаць або скарыстацца іншымі відамі транспарту, то лепш так і зрабіць. Пры руху ў тумане хуткасць варта выбіраць зыходзячы з бачнасці, неабходна ўключаць габарытныя агні або процітуманыя фары, нельга ўключаць далёкае святло.

Фота pixabay.com

Пры руху на аўтамабілі ў тумане неабходна адмовіцца ад лішніх перастраенняў і абгонаў. Важна ўлічваць, што туман прыглушвае адлегласць — мэтазгодна павялічыць звычайную дыстанцыю. Хуткасць руху ў тумане павінна быць значна ніжэй хуткасці пры ясным надвор’і. Варта пазбягаць раптоўных тармажэнняў: пры неабходнасці прыпынку хуткасць трэба зніжаць плаўна.

Навальніца

Калі навальніца заспела вас знянацку:

  • пазбягайце асобна стаячых дрэў;
  • працуючы ў поле, пакіньце металічныя прылады працы;
  • не стойце пад раскрытым парасонам;
  • не дакранайцеся да электрычных прадметаў і дастаньце іх з кішэняў;
  • адключыце сотавы тэлефон (былі выпадкі, калі ўваходны званок быў прычынай траплення маланкі);
  • калі ёсць магчымасць, перачакайце навальніцу ў аўтамабілі;
  • трымайцеся далей ад высокіх металічных канструкцый;
  • не купайцеся, не пераходзьце ўброд раку, адыдзіце далей ад вадаёму;
  • класціся на зямлю нельга, бо зямля з’яўляецца добрым правадніком электрычнасці, і маланка можа патрапіць у яе;
  • імкніцеся да таго, каб не аказацца самай высокай кропкай на мясцовасці.

Моцны дождж

Калі моцны дождж застаў вас у аўтамабілі, знізьце хуткасць або спыніцеся. Выяўляйце асаблівую абачлівасць пры пад’ездзе да скрыжаванняў з грунтавымі дарогамі, а таксама пры з’ездзе на абочыну.

Фота pixabay.com

Пры моцным дажджы варта перамяшчацца з уключанымі фарамі. Калі з-за пласта вады на лабавым шкле бачнасць недастатковая, спыніцеся і перачакайце дождж. Адсочвайце інфармацыю ў СМІ аб участках дарог, найбольш схільных да затаплення ў вашым населеным пункце. У моцны дождж карэктуйце маршрут свайго руху, каб пазбегнуць месцаў з вялікім скопішчам вады.

Пешаходам таксама варта праяўляць асаблівую асцярожнасць. Памятайце, што вас вельмі дрэнна бачна падчас дажджу. Перабягаючы вуліцу ў неўстаноўленым месцы, вы не толькі падвяргаеце сваё жыццё небяспецы, але і ствараеце дадатковыя цяжкасці кіроўцу. Лепш прамокнуць пад дажджом, дабіраючыся да бліжэйшага пешаходнага пераходу або рэгуляванага скрыжавання, чым справакаваць аварыйную сітуацыю на дарозе.

Град 

Калі вы перамяшчаецеся на аўтамабілі, то неабходна спыніць рух. Калі паблізу няма падыходнай хованкі (мост, эстакада, крытая стаянка), то пераканайцеся, што вы не знаходзіцеся пасярод праезнай часткі і, па магчымасці, прыцісніце бліжэй да яе краю. Ні ў якім разе не пакідайце аўтамабіль падчас граду.

Калі град застаў вас у памяшканні, то трымайцеся як мага далей ад вокнаў і не выходзьце з хаты. Не карыстайцеся электрапрыборамі, бо град звычайна суправаджаецца навальнічнай дзейнасцю.

Калі град застаў вас на вуліцы, то паспрабуйце выбраць сховішча, у адваротным выпадку абараніце галаву ад удараў градзін.

Не спрабуйце знайсці сховішча пад дрэвамі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.