Вы тут

Sex-балясы: І «вусны вафелькай»...


Трэнды ў сучаснай модзе і касметалогіі зараз змяняюцца настолькі імкліва, што паспець за імі проста немагчыма. Таму і не будзем сабе ставіць такую задачу, а проста прыгадаем, што было «цікавага» за апошні час. Напрыклад, вы, магчыма, ведаеце, што «вусны качачкай» ужо не ў фаворы? («— Ну навошта ты зноў так губкі надзьмула, яны ж у цябе сіліконавыя, могуць лопнуць!») Больш за тое, адышла мода і на «вусны д'ябла», калі дзяўчаты і жанчыны рабілі хвалю на верхняй губе — такі варыянт называўся «медуза», «асьміног» ці тыя самыя «вусны д'ябла». Жаданы эфект дасягаўся пры дапамозе прэпаратаў, якія ўводзілі побач з краем вуснаў, тым самым змяняючы іх контур. («Іра так моцна павялічыла губы, што на вусы перасталі звяртаць увагу».)


Фота: pixabay.com

Дык і гэта ўжо ўчарашні дзень! Нават не ведаю, праўда гэта ці фэйк, інфармацыі няшмат... Але зараз такое часам адбываецца, што і не такому паверыш... Карацей, ёсць нешматлікія згадванні пра «вусны вафелькай». Ну, вы ж гэты кандытарскі выраб бачылі, памятаеце, якая ў яго паверхня? Можна яшчэ батон варанай каўбасы прыгадаць, калі з яго здымаюць вяровачкі, якімі ён абкручаны. Уявілі відовішча? («— Дачка, і куды ж ты сабралася ў такім выглядзе? А гэтыя вусны ўвогуле памадай фарбаваць не прынята!») Але чаму, калі былі «вусны качкай», дык не можа быць «вуснаў вафелькай»? Хто яго ведае...

Больш даверу новаму трэнду, які, як мяркуецца, стане модным сёлета: так званыя «пандэмійныя», або размазаныя, вусны. Пра іх яшчэ гавораць так: пад маскай усё роўна не відаць. («Скажыце, а хтосьці з такім ужо сутыкаўся? Калі ў масцы зламаўся дроцік на пераноссі — гэта ўжо ўсё ці яшчэ нешта можна зрабіць?») Пандэмія нечакана паўплывала на трэнды ў макіяжы. За апошнія два гады жанчыны прывыклі больш увагі аддаваць вачам і бровам. Візажысты лічаць, што прыйшоў час заняцца і вуснамі. Яны прапануюць вярнуць у моду «зацалаваныя вусны» і крыху мадыфікаваць іх. (Аб'ява: «Павелічэнне грудзей, вуснаў, ягадзіц. Без усялякіх аперацый, нядорага. Спытаць пчаляра дзядзьку Федзю».) Эфект зацалаваных вуснаў — гэта такое нанясенне памады, што здаецца, быццам частку яе ўжо «з'елі». Вусны зараз можна фарбаваць не так акуратна і сіметрычна, але і за контур выходзіць не варта. У 2022-м годзе яны павінны выглядаць так, быццам вы хадзілі ў масцы, а памада адбілася на ёй і страціла інтэнсіўнасць. («Хвіліна маўчання за тых жанчын, якія напампавалі вусны за дзве тысячы еўра, а цяпер мусяць насіць маску за адзін еўра».) Мне толькі не зусім зразумела: навошта ўсе гэтыя выкрунтасы, калі пад маскай нічога не відаць?

Вось іншая справа. Брытанскі модны дом Burberry прадставіў адкрытую рэч на анлайн-паказе і падвергся крытыцы ў сацыяльных сетках. Гаворка ідзе аб трэнчы бэжавага колеру з выразам на спіне, які цалкам агаляе ягадзіцы мадэлі. («— Ну, канешне, гэта Гучы! Прымярайце — станавіцеся на кардонку, а я пакуль шторку патрымаю!») Карыстальнікі сеткі паднялі на смех плашч брэнда, палічыўшы яго дызайн недарэчным. «Пра што думаў дызайнер, калі прыдумляў гэты трэнч? Смяюся ў голас», «Рыкарда проста адарваў кавалак плашча», «Як яму прыйшло гэта ў галаву — проста трызненне», «Якой жа дзіўнай стала мода», — выказваліся юзэры. («Я сам сябе проста так не хвалю. Вось такі я малайчына!»)

А што, гэта вам не Паўночная Карэя. Там Кім Чэн Ын забараніў сваім грамадзянам насіць скураныя плашчы, каб яны не маглі паўтарыць яго культавы вобраз. Сам правіцель насіў скураныя курткі, забароненыя ў краіне. Таму што людзі пачалі яго капіраваць, і была ўведзена забарона. Кажуць, нават была створана спецыяльная «модная» паліцыя, каб сачыць за яе выкананнем. Бо, як той казаў, не трэба замахвацца. Але ў гэтым месцы мы жартаваць не будзем...

А вось вам яшчэ крыху «аголенкі». Раней іншы дызайнер і экаактывіст увёў у моду дзіравыя шкарпэткі, чым вельмі ўсіх развесяліў. Японскі мадэльер Такаюкі Фукудзава патлумачыў, што, на яго думку, калі рванае адзенне стане трэндавым, то будзе служыць уладальніку даўжэй, паколькі яму не давядзецца яго выкідваць. («— Вася, як табе не сорамна? Ты прыйшоў у госці ў дзіравых шкарпэтках?! — «Гэта не дзіркі». — «А што тады?» — «Дэкальтэ!»)

Ну, што, «апрануліся па модзе»? «Макіяж» зрабілі? А, яшчэ ж аксесуар патрэбны! Модны брэнд Bottega Veneta прадставіў каралі, якія нагадваюць перакручаны тэлефонны провад. («—Чужыя рукі цябе лашчаць, чужыя губы шэпчуць табе...» — «Калі я правільна разумею, іPhone ў цябе ўкралі?») Міленіялы такія штукі ўжо не памятаюць, таму разлік менавіта на іх. Самае цікавае, што такое будуць браць, сцвярджаюць эксперты. Не, не з-за прыгажосці. Тут хутчэй справа ў арыгінальнасці і іроніі з сябе і свету. Калі нейкае забытае і бескарыснае старое раптам можа мець вялікую каштоўнасць, амаль як арт-аб'ект. («— Вы ў парадку?» — «Так, у выпадковым».)

...Цяпер гатовы? Масачку я ўсё ж прыхапіў бы. Тады — «вусны вафелькай» — і наперад?.. Як парадзіравала аднайменную песню каманда КВЗ «ДАЛС»: «У вуснаў тваіх цукерачны, цукерачны смак...»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.