Вы тут

Дзесяць любімых раслін Купалы і Коласа


У кожнага пісьменніка і паэта сустракаюцца так званыя магістральныя вобразы — тыя, што ён, свядома ці несвядома, ужывае часцей...


У Янкі Купалы і Якуба Коласа таксама ёсць улюбёныя вобразы. У тым ліку раслінныя. На пачатку лета, калі ўсё квітнее і буяе, давайце пройдземся па чароўным садзе, створаным уяўленнем нашых Песняроў, палюбуемся на тыя дрэвы, кусты, кветкі, якія найчасцей сустракаюцца ў іх творах... Некаторыя любілі яны абодва, некаторыя былі ўлюбёнцамі толькі аднаго з іх...

Папараць-кветка

Гэтая дзівосная расліна — сімвал аднаго з Песняроў, а менавіта Янкі Купалы. Кветка, якая расцвітае толькі ў ноч на Івана Купалу — калі і нарадзіўся Іван Луцэвіч. Папараць-кветка дае таму, хто яе знайшоў, магчымасць разумець мову птушак і звяроў, бачыць скрозь зямлю скарбы... Але ж і спакушае людзей магчымасцю лёгка стаць багатым і моцным. У вершы «Заклятая кветка» Янка Купала перасцерагае:

«Чуць толькі

Купальскае свята

Набліжыцца з ночкай

сваей,

Як папараць-кветкай

заклятай

Чаруе

няшчасных людзей...

 

З надзеяй, і верай,

і сілай

З усюль,

куды б дзе ні зірнуць,

Праз высі, даліны,

магілы

Па кветку

бягуць і бягуць!»

Бягуць дурныя людзі, гінуць мільёнамі за тую прывідную расліну... У вершы «У Купальскую ноч» паэт зноў апісвае героя, які пакутліва шукае кветку-шчасце, а яго ўсё падманваюць, усё мучаюць злыя духі лесу...

«Стой! Здаецца,

вунь зірнула,

Як бы зорка,

як бы сонца!

Ах, не тое! Адвярнула!..

Гэта шышка

на сасонцы».

Вось ужо як бы і знайшоў — але заспяваў певень, і кветка знікла. Верш вельмі ў духу сімвалізму, пошукаў чалавекам Сіняй птушкі, самаідэнтыфікацыі, сэнсу жыцця... Для Купалы папараць-кветка — гэта яшчэ і лёс Беларусі ўвогуле. Недарэмна заканчваецца твор крыкам: «Дайце кветку! Дайце сонца!»


Каліна

Беларускія песні ўпадабалі кустоўе, што буяе ўвесну белым кветам, а ўлетку ягады яго крывавяць барвай... Абодва Песняры згадваюць гэты вобраз. У эпапеі Коласа «На ростанях» пра каліну пяе Ядвіся:

«Ядвіся адышла далей у куток каля кахлянай печы і заспявала:

«Ці я ў полі не калінаю была?..»

Голас у яе быў малады, свежы, сакавіты. Спявала яна з такім праўдзівым пачуццём, што рабіла вельмі добрае і прыемнае ўражанне.

Лабановіч слухаў гэтыя спевы, і нейкі жаль ахопліваў яго. Яму хацелася падысці да дзяўчыны і запытаць яе: «Скажыце, якое гора ў вас на сэрцы?»

Ну а Янка Купала, натхніўшыся гэтым сімвалам дзявочай датклівай красы, стварыў верш «Явар і каліна», які стаў новай беларускай песняй пра каханне, непадуладнае суворым выпрабаванням:

«Песняй

вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

Ў сумнай даліне

над ярам».

Успамінае каліну ён і ў паэме «Бандароўна», апісваючы гераіню:

«І стаіць яна прад панам,

Як калінка тая,

Што у лузе, над ракою

Вецер пахіляе».


Дуб

Вось пра гэтае дрэва, калі цытаваць абодвух класікаў, і кнігі не хопіць... Нездарма ж Колас уласнаручна пасадзіў каля свайго дома, дзе цяпер музей, чатыры дубы і бярозу, як сімвалы сябе, трох сыноў і жонкі, а адзін з варыянтаў помніка Янку Купалу ўяўляў сабою курган, на вяршыні якога расце дуб... Зусім як у ягонай паэме «Курган»:

«Дуб галлё распусціў

каранасты над ім,

Сухазелле у грудзі ўпілося;

Вецер стогне

над ім уздыханнем глухім,—

Аб мінуўшчыне

ў жальбах галосе».

У прыпавесці Коласа «Дуб» гэтае дрэва апісанае з найвялікай пашанай: «Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб — мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай у пачатку вясны». У ягоным вершы з такой жа назвай

«Сілачом стаіць

Дуб разложысты,

І здалёк відаць

Пышны верх яго».

Гэта і сімвал гістарычнай памяці, і трывушчасці беларускага народу.

«Налятаў віхор

З навальніцаю,

Ды не гнуўся ты

Перад бураю!..»

А вось у прыпавесці «Як птушкі дуб лячылі», напісанай у 1955 годзе, калі Колас часта хварэў, можна ўгледзець атаясамленне аўтара сябе са старым дубам, якога ледзь не залячылі занадта клапатлівыя птушкі, не даючы дыхаць вольным паветрам.

Максім Лужанін успамінаў, як з сябрамі наведваў Коласа ў 1944 годзе ў падмаскоўным санаторыі Вузкае, і паэт павёў пасля ўсіх у парк, дзе прадставіў... мясцовым дубам:

«Так Колас пазнаёміў нас з дубамі, пазнаёміў літаральна, бо кожнае дрэва мела чалавечае імя. Канстанцін Міхайлавіч ахрысціў іх так трапна, што, калі называў чарговае імя, здавалася, перад намі не дуб, а сапраўдны Рыгор, вясковы дзядзька ў лапціках і шапцы-аблавушцы. Наймагутнейшы і найстарэйшы ў гэтай сям'і называўся Сымон-дзядзя. Ён замацаваўся на жыццё ў Коласавым вершы «Вузкае». Падставы для пашаны і далікатнага абыходжання з дрэвам, безумоўна, былі. Мы паспрабавалі абняць Сымона: не стала рук. Да нас далучыўся Канстанцін Міхайлавіч. Ён пачаў клікаць у гурт і Марыю Дзмітраўну.

— Хопіць і вас, самі добрыя дубы,— пасміхнулася яна».


Груша

А вось гэтае дрэўца — улюбёнка менавіта Якуба Коласа. У трылогіі «На ростанях» з дзікай ігрушкай асацыіруе настаўнік Лабановіч каханую Ядвісю. Нават знаходзіць у лесе маладую грушку, каб пасадзіць яе на памяць пра дзяўчыну.

Цікава, што Ядвіся сапраўды атаясаміла дрэўца з сабою.

«Яна доўга разглядала яе. Потым засмяялася і сказала:

— Я вырву яе і выкіну.

— Чаму?

— Бо яна такая ж калючая і дзікая, як я.»

А калі Ядвіся павінна ад'ехаць, няшчасная ад таго, што, не папярэдзіўшы, пакіне Лабановіча, ідзе да грушкі:

«Яна аглядаецца, бярэцца за дрэўца. Але грушка моцна бароніць сябе і коле Ядвісі руку.

«Гэта ж я такая калючая,— думае Ядвіся ,— бо я — дзікая!»

Яна зноў падымае руку, асцярожненька бярэ за самы вяршок і ломіць яго. Нашто яна гэта зрабіла? Яна проста хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая. Няхай ён ведае гэта».

Якуб Колас распавядаў Максіму Лужаніну, як нарадзіўся адзін ягоны верш:

«— З ігрушамі была яшчэ адна фацэція. Помніш мае «Грушы-сапяжанкі»? Гэтак амаль і адбывалася са мною і з братам Алесем. На ласткоўскай сядзібе расло некалькі груш. Мы з Алесем пасвілі авечкі недалёка ад хаты. Дзядзька Пятрусь гупаў цэпам у гумне. Алесь падвучыў мяне, і я палез у грушы. Дзядзька згледзеў, давялося ўцякаць.

Мы з авечкамі адагналіся далей ад дому, каб паказаць, што нас блізка няма. Цяпер цішком падаўся на раздабыткі Алесь. Узлез наігрушу, налупіў запазуху, а тут — дзядзька! Алесь — наўцёкі, дзядзька за ім. Пакуль Алесь бег, усеігрушы пагубляў. Так мы і не паласаваліся. А дзядзькі доўга пасмейваліся: «А што, смачныя грушкі?»


Вярба

У беларускім фальклоры гэтае дрэўца ўспрымаецца як сімвал тугі і самоты, горкай жаночай долі. Для Янкі Купалы — найлепшы сродак стварыць гатычны пейзаж:

«Стаіць вярба сухая

У полі на мяжы,

Кару з галін спіхае,

Галіны — як крыжы».

Верш напісаны ў 1911 годзе, калі Янка Купала жыў і вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, дзе якраз расцвітаў сімвалізм у мастацтве.

У вершы «Вярба» Якуба Коласа гэтае дрэўца таксама невясёлае:

«Пытаў ручаёчак

Сірату-вярбіну,

Што над ім стаяла,

Знізіўшы галіны,

Да вады галоўку

Звесіўшы самотна,

Ды з паўднёвым ветрам

Зюкала журботна...»

Ручаёк пытаецца, чаго ж вербачка над ім такая пахілая ды журботная — аказалася, гэта таму, што ручаёк падмывае яе карэнне, і «нашто я цябе любіла», карацей.


Бяроза

Вядома, ні Купала, ні Колас не маглі не згадваць у сваіх творах бярозу... Праўда, вельмі па-рознаму.

«Расце бяроза серад поля,

Ўдалі ад лесу, сіратой;

Жыве пясняр

з сваёй нядоляй,

З сваёй маркотнаю душой.

Ваюе з бурамі бяроза,

Мароз, слата сячэ яе;

Пясняр з няпраўдай

б'ецца ў слёзах,

За ўсіх цярпіць,

для ўсіх пяе».

Так Янка Купала ў вершы «Дзве долі» паралеліць лёс бярозы з лёсам паэта. У другім вершы, які стаў песняй, бяроза выглядае яшчэ жаласней:

«Шумныя бярозы

Пабяліў мароз.

Хацеў бы я плакаць,

Дый не маю слёз».

У Якуба Коласа вобраз той жа, настрой іншы:

«Надышлі марозы,

Рэчкі закавалі,

Белыя бярозы

Шэранем убралі».

Ну і тое, што Колас пасадзіў ля свайго дому бярозку ў памяць пра жонку Марыю Дзмітраўну, таксама кажа пра ягонае светлае ўспрыняцце гэтага дрэўца.


Лілея

Не так шмат у Песняроў згадак пра асобныя кветкі, хоць Колас ладзіў дзялянкі ля свайго дома — але вырошчваў жыта і ячмень, а Купала, па сведчаннях, дужа любіў ружы — меў пры доме разарый, дзе расла нават рэдкая чорная ружа. Найчасцей у творах абодвух згадваюцца кветкі ўвогуле...

Але ёсць у Янкі Купалы цікавы верш «Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея». Праўда, зусім ён не пяшчотны, як, здавалася б, вымагае вобраз... Наадварот, баявіты:

«Гэй ты, дзяўчына,

кветка-лілея

Вольная птушка

сумнай зямліцы!

Сееш ты слёзы,

думак уроду,

Слёзы-брыльянты

 яснай крыніцы».

Верш напісаны ў 1914 годзе, і прысвечаны ён Уладзіславе Станкевіч, якая ў 1916-м стане жонкай паэта. Уладзіслава Францаўна была сапраўды дзяўчынай баявітай, актыўнай беларускай дзяячкай.

З лілеяй параўноўвае Янка Купала і іншую сваю баявітую гераіню, Бандароўну, якая ўцякае ад злога пана і робіцца сімвалам змагання:

«Як маліны, яе губкі,

А твар, як лілея,

Як дзве зоркі, яе вочы,

Гляне—свет яснее».


Сосны

Ну як жа беларускі лес без сасны! Як пісаў Колас на пачатку «Новай зямлі»,

«Вось як цяпер,

перада мною

Ўстае куточак той

прыгожа,

Крынічкі вузенькая ложа

І елка ў пары з хваіною,

Абняўшысь цесна

над вадою,

Як маладыя ў час кахання,

Ў апошні вечар

 расставання».

Хаця сосны тыя не толькі ў лесе — ля дома Коласа ў Мінску таксама раслі, Лужанін згадваў, як пісьменнік злаваў на гракоў, што сяліліся на «прыхатніх соснах»: «ломяць, бачыце, галлё, а дрэвы праз гэта ўсыхаюць».

А Янка Купала напісаў усхваленне соснам Карэліі:

«Сосны выносныя,

Гордыя сосны!

Шмат вы ўжо носіце

Сонечных вёснаў».

Хвоі ў абодвух паэтаў не проста дрэвы — яны ўмеюць слухаць і гаманіць, і ўжо куды больш чулыя, чым людзі.

«А елкі хмурымі крыжамі

Высока ў небе

выдзялялісь,

Таемна з хвоямі

шапталісь».


Асіна

Згадаем і яшчэ адно дрэўца, якое дазваляе нагнаць у твор жуды:

«Скрыпяць трухляцінай асіны,

Над курганамі звяр'ё вые...

Гасцінцам, церневай пуцінай,

У ёрмах, скованы, скацінай

Ідуць нябожчыкі жывыя».

Ну вось любіў Янка Купала сімвалізм, дэкаданс і готыку... А вось асіну не любіў, хаця часта згадваў. Асіну ж і беларускі фальклор не шкадуе — дрэва здрады і пакарання. Ужыў той вобраз Купала і ў вершы-памфлеце супраць трацкістаў:

«Мала іх павесіць

На сухой асіне,

Бо нават асіна

Ад сябе адкіне».

А вось у вершы «Дзевяць асінавых колляў», яго Купала не паспеў дапісаць, распавядаецца пра жудасны выпадак генацыду, які фашысцкія захопнікі ўчынялі на беларускай зямлі:

«Іх вывелі дзевяць маіх беларусаў,

Іх вывелі дзевяць яўрэяў маіх,

Зямлі беларускай людзей сівавусых,

Людзей непавінных, мне родных, блізкіх».

Якуб Колас таксама ведаў пра фальклорныя асаблівасці асіны — дзядзька Антось вечарамі распавядаў пляменнікам страшную гісторыю пра несупакоенага нябожчыка, якога належала сустрэць асінавым калом...

Цікава, што як ведзьмака, хаваюць жыўцом Гусляра з паэмы «Курган» — «Закапалі, убілі асінавы кол».


Ліпа

Да ліпы паэты адносіліся паважліва. Светлае дрэва, меданоснае..

«Высока, разлажыста

Расселася пры хаце

Стара-старая ліпа,

Паважная, як свацця»— піша Купала.

У ягоным жа вершы «Забытая скрыпка» менавіта з ліпы зроблены інструмент, здольны абудзіць сэрцы:

«Льюцца пяснярскія словы,

З дошкай ліповай пяюць;

Звесіўшы людзі галовы,

Слухаюць, думкі снуюць».

У вершы «Лірнік вясковы», прысвечаным Сыракомлю, герой гадуецца ў ліповай калысцы. А ў паэме «Нікому» на магіле гераіні вырастаюць ліпа і клён, на знак, што закаханыя з'ядналіся і пасля смерці.

Сваю прыпавесць «Даль» Якуб Колас пачынае так:

«Зацвіла прыгожая ліпа.

Колькі шуму было тут на гэты час, колькі рознагалосага спеву! Працавітыя пчолкі, усялякія мушкі гулі так, што здавалася, нібы ліпа — гэта нейкі дзіўны музыкальны інструмент і тут адбываецца ігрышча».

А потым насенне ліпы захацела паляцець далёка, у сінюю даль... Старой ліпе шкада было пускаць дзіця ў чужы свет, але блаславіла. Паляцела маладое насенне з ветрам, глядзіць на родную зямлю: «няўжо гэта тыя самыя малюнкі, на якія глядзела яно так нядаўна? А дзе ж іх хараство? Дзе тыя абрысы, дзе грабяні, што так павабна выглядалі адтуль — з ліпы?»

Занепакоілася насенне, ці туды яно ляціць, дзе ж тая прывабная сіняя далеч?

Каб зразумець прыпавесць, варта паглядзень на год напісання: 1917. Год вялікіх перамен і вялікіх надзей.

Спадзяюся, кожны з вас захоча знайсці расліны з дрэва гэтага віртуальнага саду на старонках класікаў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».