Вы тут

Кніжны ілюстратар Лізавета Пастушэнка аб працы з кнігамі Караткевіча і дзіцячай літаратурай


Алегарычная, філасофская графіка і цудоўныя ілюстрацыі да дзіцячых кніг – усё гэта Лізавета ПАСТУШЭНКА, член Саюза мастакоў Беларусі, загадчыца падрыхтоўчага аддзялення БДАМ, пераможца 61-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Найлепшы кніжны ілюстратар». З уганараванай кнігі «Жоўты бусел» выдавецтва «Народная асвета» і пачалася наша гутарка з таленавітай мастачкай.


Лізавета Пастушэнка.

– Узнагарода стала прыемнай нечаканасцю. Пацвярджэннем таго, што мой выбар узяцца за афармленне кніг быў слушным. Гэта і зваротная сувязь: мая праца выклікала ў гледачоў, чытачоў эмацыянальны рэзананс.

«Цяпер час росквіту дзіцячай кнігі»

– «Жоўты бусел» – кніга кітайскіх народных казак. Ці складана было прасякнуцца атмасферай краіны, яе фальклору?

Культура Кітая вялікая і цікавая, стаўлюся да яе з павагай, але не магу сказаць, што была пагружана ў яе да таго, як пачала ілюстраваць кнігу. Таму, каб быць у тэме, прыйшлося папрацаваць. Вывучала стылістычныя і тэхнічныя прыёмы кітайскага жывапісу і графікі, каляровую палітру. У ілюстрацыях да кнігі старалася вытрымаць стыль і перадаць атмасферу. Рада, калі гэта ўдалося. Да слова, на падрыхтоўчым аддзяленні БДАМ, дзе я працую, раней мне даводзілася весці заняткі ў кітайскіх слухачоў, і часам я распытвала іх пра асаблівасці жыцця ў Кітаі.

– Вас зацікавіла якая-небудзь асаблівасць кітайскага малюнка?

Мне падалося цікавым, як мастакі з Кітаю працуюць з дэталямі, стылізацыяй, колерам і выкарыстоўваюць розныя фактуры.

– Такое ўзаемадзеянне з іншай культурай узбагаціла вас як мастачку?

Безумоўна. Новыя веды, уменні асвоіўшы іх, нешта набываеш для сябе. Я люблю вывучаць розныя стылі, кампазіцыйныя і тэхнічныя прыемы.

– За выданне кнігі «Старая казка» Уладзіміра Караткевіча, якую Вы праілюстравалі, выдавецтва «Народная асвета» было ўдастоена дыплома I ступені ў намінацыі «Літфармат» 60-га конкурсу «Мастацтва кнігі». Узвышаны рамантызм, нацыянальныя карані, метафарычнасць казак класіка – усё гэта прачытваецца ў Вашых ілюстрацыях. Праца над кнігай захапіла Вас?

Творчасць Уладзіміра Караткевіча мне ўвогуле блізкая. Раней на кінастудыі «Беларусьфільм» працавала над анімацыйным фільмам паводле казкі «Вясна ўвосень». Гісторыя, якая ляжыць у аснове гэтага твора, вельмі глыбокая, і кожны ўбачыць у ёй сваё. Для мяне яна пра Бога – пра тое, што адбываецца, калі просіць не адзін, а многія. Прамое прачытанне казкі таксама працуе. Творы Караткевіча шматслойныя, яны нясуць у сабе ўніверсальныя законы жыцця.

Сама атмасфера гэтых казак, настрой, багацце асацыяцый спрыяюць таму, што мастацкія вобразы лёгка ўзнікаюць ва ўяўленні – не даводзіцца доўга шукаць цікавы варыянт для ілюстрацыі.

– Калі мастак адчуў рэзананс з тэкстам, поспех гарантаваны?

Эмацыянальны водгук – гэта выдатна, але трэба працаваць, каб мастацкая задача вырашалася ў кнізе ў цэлым гарманічна. Нельга, напрыклад, дапусціць перагружанасці ў кампазіцыйным плане. Тэхнічныя моманты зразумее спецыяліст, а ў звычайнага чытача проста павінна скласціся цэласнае ўражанне ад кнігі.

– Каляровая гама для кнігі Уладзіміра Караткевіча абрана Вамі няяркая, стрыманая...

Такое маё прачытанне гэтых казак – задуменных, філасофскіх, мудрых, крыху сумных, хоць радасць там прысутнічае. А вось для кнігі «Жоўты бусел» яркія, насычаныя фарбы – якраз тое, што трэба. Нават сама назва кнігі падштурхоўвае да гэтага. Хаця гісторыі, расказаныя ў гэтых казках, таксама не назавеш простымі, яны загадкавыя і змястоўныя.

– Ёсць меркаванне, што ад ілюстратара дзіцячай кнігі патрабуецца ўменне зірнуць на сваю працу вачыма дзіцяці. Ці абавязкова для гэтага захаваць у сабе ўнутранае дзіця? Або ўмець адасабляцца ад сябе-дарослага.

Мяркую, гэта важна. Як мне здаецца, сваё ўнутранае дзіця я захавала. Я і зараз добра памятаю, як успрымала кнігі ў дзяцінстве, якія з іх падабаліся і чаму. Напрыклад, даводзілася бачыць кнігі аднаго аўтара, аформленыя рознымі мастакамі, адна мне падабалася, а другая падавалася не такой прыцягальнай.

– Не кожны мастак зможа афармляць кнігі для дзяцей?

Думаю, крыху лепей з гэтым справіцца чалавек, які абапіраецца на эмоцыі, звязаныя з дзяцінствам. Камерцыйны падыход да нейкай ступені можна прымяніць, разлічыць, як гэта павінна выглядаць. І ў той жа час калі звычайнаму чалавеку паказаць працу «разлічаную» і працу, прапушчаную праз сэрца, розніцу ён адчуе адразу. То-бок, пры разумовым, лагічным падыходзе некаторыя моманты будуць уздзейнічаць на гледача, але мацней закране тая ілюстрацыя, у якой жыве душа мастака.

Вокладка кнігі «Жоўты бусел»

 – Як дзіцячай кнізе захаваць свае пазіцыі сёння, калі многія дзеці глядзяць на свет праз прызму камп’ютарных гульняў, айфонаў?

Насамрэч дзіцячая кніга перажывае зараз росквіт. Шмат мастакоў-ілюстратараў у Расіі працуюць на самым высокім прафесійным узроўні, у іх пазнавальны стыль, кожная ілюстрацыя – як самастойны мастацкі твор. Ёсць нават катэгорыя рэдкіх кніг з абмежаваным тыражом і арыгінальнымі ілюстрацыямі, зробленымі ўручную ў друкаваных графічных тэхніках.

А з іншага боку – ёсць гаджэты. Для дзіцячай псіхікі, якая толькі фармуецца, гэта як фастфуд. А кніга – сапраўднае харчаванне для душы, яна стварае асобу. Але як нельга сілкавацца аднымі прысмакамі, так і дзіця не павінна быць увесь час пагружана ў свет віртуальны. Дарослы мусіць  кантраляваць дзіця ў карыстанні гаджэтамі, інакш можа ўзнікнуць залежнасць.

Вярнуцца да Евы

– Пагаворым аб Вашай графіцы. Гэтыя працы алегарычныя, яны аб вечным, але на ўзроўні вобразаў вырашаюцца праз вядомыя дэталі – кветкі, птушкі, жанчыны. Адкуль прыходзіць творчы імпульс?

Часта імпульс прыходзіць пры чытанні духоўных кніг. У мяне з’яўляецца азарт: як паказаць тое, што немагчыма ўбачыць? Як адлюстраваць ідэю? Каб чалавек адчуў яе ў пэўных вобразах.

А бывае наадварот: ідзеш ад канкрэтных вобразаў, ад незвычайнага ракурсу. Напрыклад, аднойчы давялося апынуцца на поўдні Францыі ў горадзе Серэ. Там ёсць старажытны каменны мост, ён называецца мост Д’ябла. Я раздумвала пра тое, як з’явіўся гэты мост, чаму ў яго такая назва. У выніку зрабіла тры працы, у якіх гэты аб’ект прысутнічае. Адна з іх называецца «Tet-a-tet». Два чалавекі – дзве апоры моста на розных берагах ракі: яны асуджаны ўвесь час глядзець адно на аднаго, але ніколі не змогуць быць разам.

Вокладка кнігі «Старая казка»

– Вы часта пішаце жанчын у сімвалічнай манеры...

Маёй дыпломнай працай была серыя афортаў «Вяртанне да Евы». Гераінямі партрэтаў сталі мае сучасніцы. Мне захацелася паспрабаваць ачысціць жаночыя вобразы ад вонкавага, наноснага, прыбраць сучасныя дэталі і праявіць сутнасць жанчыны, схаваную ўнутры, пабачыць правобраз.

– Дайсці да вытокаў вечнай жаноцкасці?

Магчыма. У мяне ёсць цыкл малюнкаў «Жанчыны і кветкі». Кожная жанчына – пэўная кветка. Не таму, што гэта традыцыйная паралель. Я хацела паказаць, што прырода – нешта першапачатковае, чалавек і прырода ўзаемазвязаны са старажытнасці. Кветкі я заўсёды любіла маляваць. Уражвала, што нават дробная палявая кветачка – цалкам дасканалы твор прыроды. Гэтаксама і жанчына – калі вызваліць яе ад выпадковага, неістотнага, кожная нясе ў сабе прыродную дасканаласць і прыгажосць.

«Я проста рабіла свой выбар»

У Акадэміі мастацтваў Вы выкладаеце малюнак. Ці можна навучыць чалавека быць мастаком?

– Навучыць маляваць можна амаль кожнага. Але быць мастаком – наўрад ці, бо майстар вырастае са свайго ўнутранага свету. Калі ў чалавеку ёсць талент, можна толькі дапамагчы яму раскрыцца.

– А калі Вы самі зразумелі, што мастацтва Ваш шлях?

– Гадоў з трох я малявала. Дзе б я ні знаходзілася, мне дастаткова было алоўкаў, фарбаў і паперы, больш мяне нішто не цікавіла. Я займалася ў ізастудыі, скончыла мастацкую школу, Мінскі каледж мастацтваў, Акадэмію мастацтваў... Наогул, на кожным адукацыйным этапе ідзе адбор, многія адсейваюцца, застаюцца толькі тыя, хто адназначна выбірае мастацтва. Я проста рабіла свой выбар на кожным этапе жыцця, а атрымалася так, што ішла сваім шляхам да таго, каб стаць мастаком.

Ілюстрацыя да кнігі Уладзіміра Караткевіча «Старая казка»

– Што Вы параілі б ілюстратарам-пачаткоўцам?

Калі ілюстравала сваю першую дзіцячую кнігу для выдавецтва «Мастацкая літаратура», мне пашанцавала працаваць з мастацкім рэдактарам ​​Маргарытай Яўгенаўнай Шкурпіт. Яна была сапраўдным прафесіяналам сваёй справы і мудрым чалавекам. Дапамагла мне разабрацца з ўсімі тонкасцямі і асаблівасцямі мастацкага афармлення кніг. Маладым мастакам важна не баяцца эксперыментаваць і ў той жа час важна, каб побач быў прафесіянал, які падкажа, як зрабіць гэта правільна.

А яшчэ варта часцей глядзець на працы найлепшых майстроў, спасцігаць, як гэта зроблена. Такі візуальны досвед таксама дапамагае хутчэй знайсці свой уласны стыль.

З серыі «Жанчыны і кветкі»

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Лізаветы Пастушэнка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».