Вы тут

«Беларусь 3» сустрэнецца з гледачамі ў Маладзечне


У дні правядзення XXІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022» 10 і 11 чэрвеня гледачоў сацыякультурнага тэлеканала чакаюць прэм'еры, шэраг рэпартажаў і інтэрв'ю, а наведвальнікаў культурнага форуму — тэматычныя сустрэчы з творчай групай «Беларусь 3». Сёння ўвечары глядзіце прамую трансляцыю ўрачыстага адкрыцця, а заўтра ў вячэрнім эфіры тэлегледачы змогуць убачыць гала-канцэрт закрыцця фэсту «Настальгічны дывертысмент».


Як паведамляе афіша фэстывалю, у час урачыстага адкрыцця адбудзецца ўзнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а пасля ўвазе аўдыторыі будзе прадстаўлена канцэртная праграма «ХХІ — адлік новага часу. Пачатак» у выкананні заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі». Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — Максім Расоха. Удзел у мерапрыемстве таксама возьме шэраг вядомых беларускіх артыстаў, сярод якіх Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Дзмітрый Карачоўскі, Наталля Тамела, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» і лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні.

А на наступны дзень на канцэрце закрыцця фестывалю запланаваны выступленні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча з праграмай «Песні вяртаюцца», ансамбля «Сябры», гурта «Аўра», ансамбля «Чараўніцы», артыстаў Алены Ланской, Аляксандра Саладухі, фольк-бэнду «Неруш» і іншых. Выступіць тут і пераможца шоу «Х-Фактар. Беларусь» Андрэй Панісаў. Таму плануйце свае вечары з разлікам усё ж не прапусціць прамыя трансляцыі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022» і атрымаць асалоду ад сустрэчы з любімымі выканаўцамі.

Насычаныя фестывальныя дні «Беларусь 3» правядзе разам з жыхарамі і гасцямі Маладзечна. У праграме культурнага форуму — адразу некалькі актыўнасцяў, падрыхтаваных тэлеканалам. Так, сёння на вялікім экране кінатэатра «Радзіма» — паказ дакументальнай стужкі «Імправізацыя», прысвечанай памяці Міхаіла Фінберга — стваральніка і ідэйнага натхняльніка фестывалю ў Маладзечне. Як адзначыла сцэнарыст фільма Надзея Габец, у ходзе яго падрыхтоўкі каманда тэлеканала сабрала мноства жывых успамінаў: 17 інтэрв'ю, 700 хвілін — іх хапіла б на паўнавартасны цыкл фільмаў!

У мясцовым Палацы культуры ў фестывальныя дні можна будзе ўбачыць фотавыставу, прысвечаную эпізодам стварэння тэлепраекта «Жывая спадчына», лаўрэата прафесійнай прэміі «Тэлевяршыня-2022».

У суботу, 11 чэрвеня, таксама на базе культурнай установы ў 14.00 (з нагоды 10-годдзя музычна-пазнавальнага праекта «Наперад у мінулае») адбудзецца творчая сустрэча з яго аўтарамі. Першы юбілей праграмы, якая ў вандроўках па ўсёй краіне пры дапамозе фальклорных калектываў і прафесійных музыкаў стварае аўдыятэку народных беларускіх песень у сучаснай аранжыроўцы, адзначаецца выхадам пяцісотай кампазіцыі. Яна прагучыць упершыню, у жывым выкананні і ў сяброўскім коле на сустрэчы з вядучай праграмы Аксанай Вечар і рэжысёрам Анатолем Вечарам, аранжыроўшчыкамі і народнымі калектывамі. Спецыяльныя госці — заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Наталля Тамела і Алена Ланская.

А самыя яскравыя моманты фестывальных дзён, рэпартажы з тэматычных пляцовак, сустрэчы з удзельнікамі і гасцямі прапануюць гледачам тэлеканала «Беларусь 3» карэспандэнты праграмы «Навіны культуры».

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.