Вы тут

Лета «на заказ» — гэта калі тэмпература на 3—6 градусаў вышэйшая за норму


У нашу краіну паступіла вельмі цёплая паветраная маса з паўднёвых шырот, пасля чаго ўсталявалася вельмі цёплае надвор'е з тэмпературным фонам, нашмат вышэйшым за кліматычную норму. Пры павышаным фоне атмасфернага ціску на большай частцы тэрыторыі краіны ападкі не назіраюцца, толькі па паўночным захадзе, дзе размясціўся атмасферны фронт, адзначаюцца кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Вельмі цяжка будзе метэазалежным у найбліжэйшыя два дні, калі тэмпература днём будзе паднімацца да 25—32 градусаў вышэй за нуль, а ўначы будзе апускацца ўсяго толькі да плюс 13—19 градусаў, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: БелТА

У сувязі з высокімі тэмпературамі паветра на 10 чэрвеня абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. У выхадныя захаваецца цёплае, а па паўднёвым усходзе краіны гарачае надвор'е. Аднак характар надвор'я будзе няўстойлівы: пры развіцці канвектыўнай воблачнасці па краіне чакаюцца кароткачасовыя навальнічныя дажджы.

У пятніцу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па паўночным і заходнім раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ў разгар дня будзе падымацца да 26—32 цяпла.

У суботу нашу краіну трошкі «адпусціць», і стане свяжэй. У гэтыя суткі ўначы месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах будуць навальніцы. Уначы паветра прагрэецца да плюс 12—18 градусаў. Днём слупок тэрмометра дасягне плюс 22—28 градусаў, а па паўднёвым усходзе да плюс 29—32 градусаў. Усё, перавядзём дыханне, далей будзе лягчэй.

На наступны дзень кароткачасовыя дажджы з навальніцамі будуць ісці таксама месцамі, але вада нам на галовы пальецца ўжо больш халодная. У нядзелю тэмпература паветра ноччу складзе плюс 11—18 градусаў, а ўдзень 22—28 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах будзе туман. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 9—15 градусаў, а ўдзень паветра прагрэецца да плюс 21—28 градусаў. Гэта ўжо не 30 градусаў спякоты, але яшчэ досыць цёпла.

Канкрэтная свежасць прыйдзе да нас у аўторак. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах — навальніцы і моцныя дажджы. Ноччу тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 9 да плюс 16 градусаў, а ўдзень ад плюс 16 да плюс 23 градусаў. Плюс 23, можна плюс 25 градусаў — вось такая тэмпература ў нашай краіне папраўдзе лічыцца камфортнай.

І яшчэ. У сувязі з гарачым надвор'ем Белгідрамет нагадаў аб асноўных правілах паводзін у спякоту. «Старайцеся выбіраць для прагулак ранішні або вячэрні час. Калі ўсё ж такі трэба выйсці на вуліцу ў перыяд максімальнага прагрэву паветра, апранайце галаўны ўбор і захапіце з сабой бутэлечку з вадой. Асабліва асцярожнымі варта быць людзям з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, не забывайце ўзяць з сабой неабходныя лекі. Адпраўляючыся на вадаёмы, улічвайце, што тэмпература вады дасягнула камфортных значэнняў яшчэ далёка не ўсюды і ў рэках на сёння яна складае плюс 16—22 градусы, а ў вадаёмах — плюс 18—21 градус».

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».