Вы тут

На канікулы — разам з кнігай


Летнія канікулы сёлета пачаліся з шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных дзецям. У Доме-музеі Якуба Коласа адбылося адкрыццё першага фестывалю дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Мерапрыемства стала сапраўдным святам для наведвальнікаў, якіх чакалі цікавая сустрэчы с пісьменнікамі, аўтограф-сесіі, гульні, віктарыны, майстар-класы.


Арганізатарамі выступілі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», РУП «Акадэмічная кніга». Фестываль названы ў гонар класічнага твора — паэмы «Міхасёвы прыгоды». Яна прысвечаны малодшаму сыну Коласа — Міхасю — і яго прыгодам на ўлонні прыроды. Дарэчы, у мінулым годзе «Міхасёвы прыгоды», «Савось-распуснік» і «Рак-вусач» выйшлі ў новым выданні і афармленні, адаптаваныя для сучаснага чытача. Прадмовы да кніг напісалі ўнучка пісьменніка Марыя Міцкевіч і праўнучка Васіліна Міцкевіч. Таксама былі выдадзены паэтычны зборнік «Якуб Колас — дзецям» і празаічны «Казкі жыцця». «Шчаслівыя тыя дзеці, якія чытаюць „Міхасёвы прыгоды“», — пісаў Коласу Самуіл Маршак. Таму фестываль невыпадкова мае аднайменную з паэмай назву.

— Для мяне фестываль не проста ўрачыстае мерапрыемства, але яшчэ і магчымасць зацікаўленым пазнаёміцца бліжэй з творчасцю і асаблівасцямі характару Якуба Коласа. Пісьменнік вельмі любіў жыццё і прыроду. Хоць нарадзіўся ў сям’і паляўнічага, да навакольнага свету і жывёл ставіўся з павагай, любоўю. У хаце пісьменніка заўсёды жылі каты і сабакі, увесь навакольны свет быў яго натхненнем. Паэмы Якуба Коласа ўводзяць нас у рамантыку рэчак, азёр, лясоў. Таму вельмі добра, што наш фестываль «Міхасёвы прыгоды» праходзіць у такім зялёным месцы. Кнігі — наш скарб, таму я з задавальненнем назіраю за чытацкай актыўнасцю дзетак, — адзначыла Марыя Міцкевіч.

Сімвалічна, што цырымонія адкрыцця свята адбылася ў дворыку сядзібы-музея. Святочную атмасферу стварылі выступленні юных музыкантаў з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ва ўнутраным дворыку праводзіліся інтэрактыўныя гульні, у самім музеі праходзілі чытанні, лялечныя прадстаўленні па матывах беларускіх народных казак у апрацоўцы Якуба Коласа, майстар-класы па вырабе папяровай закладкі і па роспісе бульбянымі пячаткамі.

Гасцей чакалі творчыя сустрэчы з сучаснымі дзіцячымі пісьменнікамі — Жаннай Міус, Інай Фраловай, Віктарам Кажурам, Людмілай Рублеўскай, Таццянай Дашкевіч, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Аленай Стэльмах, Міхасём Пазняковым, Уладзімірам Мазго.

Алена Стэльмах, аўтар шматлікіх кніг для дзяцей, падчас адкрыцця фестывалю адзначыла: «Усе дзеці хочуць хутчэй стаць дарослымі. Аднак для многіх сакрэт, як гэта зрабіць. Сакрэт у тым, што вырасці можна дзякуючы чытанню кніг. Гэтак жа рабілі і мы, дарослыя. Прайшлі гады, многае змянілася ў жыцці, але кнігі, прачытаныя ў дзяцінстве, назаўсёды з намі. Цяпер юныя чытачы вучацца не толькі па творах Коласа, але і па кнігах сучасных аўтараў. З імі можна сёння пазнаёміцца. Няхай фестываль „Міхасёвы прыгоды“ будзе цікавым і змястоўным. Няхай вялікі свет кнігі захопіць сэрцы чытачоў, і яны вырастуць сапраўдным гонарам Беларусі».

У гасцей свята была цудоўная магчымасць набыць кнігі вядомых дзіцячых пісьменнікаў і атрымаць аўтограф ад аўтараў. Пісьменнікі арыгінальна паставіліся да задачы пазнаёміць чытачоў са сваёй творчасцю. Жанна Міус правяла гульню з наведвальнікамі — загадала розныя загадкі на

падставе сваіх кніг. Разам з пісьменніцай Інай Фраловай выступіў узорны хор «Вішанька». Чытачы змаглі паслухаць выступленні і нават напісаць казку. Віктар Кажура таксама загадваў наведвальнікам цікавыя прыдуманыя ім загадкі. Кацярына Хадасевіч-Лісавая ўвогуле з’явілася ў касцюме шахматнай каралевы — у стылі галоўнай гераіні казкі «Загадка прынцэсы Агнэсы». Пісьменніца прэзентавала сваю новую кнігу «Сакрэты аднаго каралеўства»,

што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Казка прысвечана прыгодам жыхароў Грыбной дзяржавы, галоўныя героі якой — Паняёлус Матыльковы і Бледная Паганка.

На сустрэчу з наведвальнікамі дзіцячая пісьменніца Таццяна Дашкевіч прыйшла з гітарай. Так яна вырашыла прэзентаваць сваю кніжку «Аблокі для Мілы» («Облака для Милы»), у якой расказваецца пра падарожжы гераіні па розных пакоях дома, поўнага сакрэтаў і таямніц. У кнізе ёсць раздзел аб сусвеце, які існуе ўнутры звычайнай гітары, таму пісьменніца і выканала розныя дзіцячыя песні. Пра гісторыю стварэння авантурна-прыгодніцкага цыкла гісторый, прысвечаных шляхцюку Пранцішу Вырвічу, расказала Людміла Рублеўская.

— Творы дапамагаюць фантазіраваць, уяўляць, бачыць свет такім, якім яго хацеў паказаць аўтар, — падкрэсліў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, які з’яўляецца аўтарам шматлікіх дзіцячых кніг: «Побач з татам», «Тры чарадзеі», «Ехаў поўны воз дзівос», «Шые вожык кажушок», «Дзівосны свет» і інш. — Каб стаць цікавым чалавекам, а тым больш пісьменнікам, трэба мець вельмі багатую фантазію. Спачатку твор трэба ўбачыць сэрцам, душой, а пасля выкласці на паперу. Натхніўшыся «Міхасёвымі прыгодамі» Коласа, я расказаў пра свае прыгоды ў кнігах. Спадзяюся, што фестываль стане традыцыйным святам пісьменнікаў, бібліятэкараў, кнігавыдаўцоў, чытачоў. Усе мы аб’яднаны адзіным светам, імя якому — Кніга, — дадаў пісьменнік і прачытаў наведвальнікам свой верш:

Нам кніга — вечнае святло,

Крыніца ведаў, цуд бясконцы!

І параўнацца з ёй магло б,

Відаць, у свеце толькі сонца ...

Яе вялікасць, заўсягды

Яна — дарадца, сябар чуйны.

Дасць нам глыток жывой вады,

Кране святыя ў сэрцы струны.

Дзіцячыя кнігі бываюць розныя, але ўсе яны жыццесцвярджальныя. Таму дзеці любяць кнігу і радуюцца ёй. Задача аўтараў, настаўнікаў, бацькоў — дапамагчы дзіцяці зразумець кнігу і адчуць яе ва ўсёй паўнаце. Палюбіўшы станоўчага кніжнага героя, дзеці бяруць з яго прыклад і пераносяць свой давер да яго і любоў з казачнага свету ў рэальны. Таму так важна далучаць маленькіх чытачоў да кніжнага свету і праводзіць розныя змястоўныя мерапрыемствы, каб цікавасць да кнігі не страчвалася.

Мэта фестывалю «Міхасёвы прыгоды» — прыцягнуць увагу выдаўцоў і чытачоў да дзіцячай кнігі. Здаецца, яна цалкам дасягнута. Дзякуючы інтэрактыву дзеці, якім у першую чаргу прысвечана свята, не проста цікава і займальна правялі час, але і пазнаёміліся з выданнямі і іх аўтарамі, атрымалі падарункі, цудоўны настрой і адправіліся на канікулы разам з кнігай. Арганізатары плануюць праводзіць фестываль кожны год, насычаючы праграму яшчэ большымі цікавосткамі.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.