Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Працяг. (Пачатак можна прачытаць тут).


Тэорыя і практыка маёй рэктарскай працы

Канешне, я хваляваўся — стадыён умяшчаў 10 000 чалавек, — ці прыйдуць усе запрошаныя. Студэнты ж могуць, вызваліўшыся ад заняткаў, разысціся па сваіх справах. Ці збяруцца на прадстаўленне школьнікі са сваімі настаўнікамі? Ідзём на 11.00 на стадыён — начальнік упраўлення выхаваўчай работы Т. М. Кузьміна, прарэктар па вучэбнай рабоце У. І. Папоў і я. Пры ўваходзе на спартыўны комплекс ціха, наша хваляванне нарастае, агінаем галоўную трыбуну, уваходзім на стадыён — і нас «накрывае» энергетычная хваля трыбун. Цалкам запоўненых маладымі людзьмі ў чаканні грандыёзнага спартыўнага свята. Гледачы не памыліліся: дзве гадзіны фізкультурных практыкаванняў, скачкі на батуце, выступленні гімнастаў, акрабатаў, баксёраў, футбалістаў, валейбалістаў, эстафета зборных факультэцкіх каманд. А ўрачысты парад знакамітых спартсменаў — выпускнікоў універсітэта — адкрывалі чэмпіёны Алімпійскіх гульняў Святлана Баітава і Аляксандр Масейкоў. Але самае моцнае ўражанне на мяне зрабілі студэнты выпускнога курса фізкультурнага факультэта. Калі завяршылася свята, мы з прарэктарамі і дэканамі затрымаліся на трыбунах, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі, падвесці першыя вынікі гэтага спартыўнага мерапрыемства. Праз нейкі час я азірнуўся, каб яшчэ раз паглядзець на чашу стадыёна, і ўбачыў нечаканую карціну: студэнты выстраіліся шарэнгай, расцягнуўшыся ад крайніх месцаў на трыбунах праз усе бегавыя дарожкі і зялёнае поле, і, марудна прасоўваючыся, збіралі смецце, якое засталося пасля гледачоў. Я адразу ж дэкану Шутаву аб'явіў падзяку менавіта за гэтую культуру яго студэнтаў-пяцікурснікаў.

Завяршылі мы дні ўніверсітэта ў горадзе канцэртам у самай вялікай гарадской глядацкай зале ДК «Хімвалакно», якая ўмяшчала 1100 гледачоў. Нашы музыканты, харэографы, вакалісты перажывалі, ці справяцца. Бо ў гэтай зале традыцыйна праходзіў маштабны міжнародны фестываль «Залаты шлягер», у якім удзельнічалі зоркі сусветнай і савецкай эстрады. Справіліся! Дастаткова спакушаны магілёўскі глядач годна ацаніў узровень майстэрства ўніверсітэцкіх мастацкіх калектываў, адзначыўшы душэўнасць атмасферы на канцэрце. А дэманстрацыя высокага прафесіяналізму ў сваёй справе — гэта таксама ідэалагічная работа.

Зразумела, што праца на развіццё ўніверсітэта як рэгіянальнага ідэалагічнага цэнтра патрабавала пэўных выдаткаў, не ўласцівых для многіх выкладчыкаў нагрузак, пашырэння звыклай для прафесуры ВНУ аўдыторыі. Адкрыта гучала крытыка маіх калег: навошта нам выступаць з лекцыямі на заводах? Прарэктар па вучэбнай рабоце выказаўся негатыўна нават з нагоды спартыўнага свята на стадыёне — маўляў, два месяцы рэпетыцый да яго займалі ў студэнтаў час ад традыцыйных вучэбных заняткаў. Хаця дэкан Шутаў яму рэзонна запярэчыў з гэтай нагоды, што напружаныя рэпетыцыі і ёсць непасрэдны працэс прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка фізкультуры. Але я атрымліваў часам і самыя нечаканыя пацвярджэнні правільнасці такога падыходу ў развіцці ўніверсітэта. Аднойчы выступаў у Краснапольскім раённым Доме культуры як член абласной інфармацыйнай групы. Расказваў пра ўніверсітэт, пра шляхі яго развіцця, пра тое, як мы са студэнта рыхтуем не толькі спецыяліста, але і фарміруем усебакова развітую асобу, грамадзяніна. Пасля лекцыі я адказаў на публічныя пытанні і сказаў прысутным у зале:

— У вас ёсць магчымасць асабіста звярнуцца да рэктара ўніверсітэта. Бо некаторыя тэмы, праблемы, якія вас хвалююць, вы не жадаеце абмяркоўваць пры ўсіх. Таму я ў зале затрымаюся і пастараюся адказаць на вашы пытанні.

Адразу з'явілася чарга, асабіста пагаварыць з рэктарам вырашылі чалавек 15—17. Пытанні былі пра выбар прафесіі для сваіх дзяцей, просьбы дапамагчы з месцам у інтэрнаце, хадайніцтвы пра падыходзячае месца працы ў размеркаванні выпускнікоў, якое набліжалася. Недзе 11-12-м стаяў і цярпліва чакаў сваёй чаргі на размову строга апрануты мужчына, і калі дайшло да яго, ён мне сказаў:

— Аляксандр Міхайлавіч, я працую дырэктарам Краснапольскага лясніцтва і хачу адказна заявіць, што ўсё, што вы сёння расказвалі пра свой універсітэт, — праўда! Мая дачка вучыцца ў вас на фізіка-матэматычным факультэце, дадому прыязджае толькі змяніць сезонную вопратку, нават не застаецца начаваць. На маё пытанне: «Што цябе так цягне ва ўніверсітэт?» яна нязменна адказвае: «Тата, там так цікава!»

Універсітэт — гэта навуковая арганізацыя, і таму кіраваць ім павінен вучоны. Навуковая праца развівае мысленне, вучыць здабываць і сістэматызаваць веды, прымушае шукаць і абдумваць новыя гіпотэзы, па іх ствараць перспектыўныя праекты і імкнуцца рэалізаваць іх на практыцы. Даследчык разважае мадэлямі, таму ўласны вопыт заняткаў навукай дапамагае творча асэнсаваць сістэму кіравання даручанай табе ўстановай. І не так важна, у якім кірунку спецыялізаваўся рэктар — гісторык ён, матэматык, філосаф, фізік, філолаг, хімік, псіхолаг, механік, аграном. Калі ў яго ёсць уласны вопыт навуковых даследаванняў, ён грунтоўна прадумае і ажыццявіць разумнае кіраўніцтва вялікім і шматгранным калектывам, якім і з'яўляецца ўніверсітэт.

Станаўленне і развіццё чалавека як вучонага патрабуе пэўных этапаў, фармальна вызначаных вучонымі ступенямі і званнямі. Праходжанне гэтых этапаў патрабуе сістэматызацыі і афармлення атрыманых навуковых рэзультатаў, іх адкрытай публікацыі, публічнай абароны перад калегамі, прадметнай ацэнкі навуковай супольнасцю. Доўгі і цяжкі шлях, але ён фарміруе вучонага, чалавека, які здольны здабываць веды і вырашаць новыя, часцей за ўсё нестандартныя, задачы і тым самым болей рацыянальна і эфектыўна ўладкоўваць наша навакольнае жыццё. Толькі прайшоўшы такі шлях, рэктар зможа арганізаваць навуковы складнік універсітэта, пакласці ў аснову яго развіцця даследчыцкія вытокі, прывіць і выкладчыкам, і студэнтам неадольную цікавасць да вывучэння жыцця.

Прадукцыйная даследчыцкая праца ажыццяўляецца ў навуковых школах. Іх узнікненне і развіццё вызначаецца актуальнай і магутнай даследчыцкай тэматыкай, аўтарытэтным лідарам, які здолеў аб'яднаць вакол сябе вучоных-аднадумцаў і непасрэдна зацікаўленага ва ўдасканальванні прафесіяналізму сваіх падначаленых. Усё гэта можна ўсвядоміць толькі ў тым выпадку, калі ты сам трапіў у варонку такога навуковага калектыву і непасрэдна адчуў сілу яго ўдзеяння на тваё станаўленне як вучонага і як асобы ўвогуле. Я гэта адчуў яшчэ студэнтам. У нас на фізіка-матэматычным факультэце выразна выдзяляліся тры навуковыя школы — дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльнай геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі. Лідары школы дыферэнцыяльных ураўненняў (прафесар Ю. С. Багданаў) і дэферэнцыяльнай геаметрыі (прафесар А. С. Фядэнка) выкладалі ў БДУ. У нас на факультэце прадукцыйна працавалі іх вучні. А вось навуковы натхняльнік сусветна вядомай школы методыкі выкладання матэматыкі прафесар А. А. Столяр тварыў у нас на вачах, у нашым інстытуце.

Я судакрануўся з кожнай з гэтых школ. З вучнем А. С. Фядэнкі дацэнтам А. К. Лапкоўскім мы даследавалі кінематыку сінуса-шарыкавага рэдуктара, з вучнем Ю. С. Багданава дацэнтам Г. М. Пятроўскім вывучалі сістэмы дыферэнцыяльных ураўненняў Пфафа. Мне давялося асабіста пазнаёміцца і з прафесарам А. С. Фядэнкам, і з прафесарам Ю. С. Багданавым. Юрый Станіслававіч нават апаніраваў маёй кандыдацкай дысертацыі, аднак канчаткова я далучыўся да навуковай школы прафесара Столяра. Ён быў побач і сваім магутным прыцягненнем уцягваў у працэс сваіх даследаванняў. Пад яго кіраўніцтвам я даследаваў метады навучання матэматыцы студэнтаў фізіка-матэматычных спецыяльнасцяў, у прыватнасці, асаблівасці і магчымасці метаду навучання праз задачы, каля вытокаў якога стаяў яшчэ Сакрат. Працаваць у гэтым кірунку было захапляльна і цікава, перш за ўсё таму, што прафесар Столяр быў на той час вядомым і вельмі прадукцыйным вучоным, яго кнігі з арыгінальнымі навуковымі ідэямі выдаваліся і ў Мінску, Маскве, Венгрыі, Германіі, Японіі. Ён быў арганізатарам і натхняльнікам рэспубліканскіх і ўсесаюзных канферэнцый па методыцы выкладання матэматыкі, і да нас у Магілёўскі педінстытут прыязджалі з дакладамі вядомыя вучоныя, кантактаванне з якімі ўзбагачала новымі навуковымі ідэямі і дазваляла аб'ектыўна ацаніць рэзультаты сваіх даследванняў. Абрам Аронавіч часта выступаў апанентам на абаронах кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, да нас з навуковымі дакладамі прыязджалі саіскальнікі гэтых вучоных ступеняў, і тым самым мы набывалі вопыт афармлення, прэзентацыі навуковых дасягненняў. Надзвычай важна было, што ўсе мы на сваім фізмаце штодзённа «круціліся» з вучнямі Ю. С. Багданава, А. С. Фядэнкі, С. А. Чуніхіна, В. І. Вядзернікава — першакласнымі матэматыкамі і таленавітымі педагогамі дацэнтамі Г. М. Пятроўскім, І. І. Мартынавым, М. П. Лельчуком, А. А. Мазанікам, Б. М. Архіпавым, М. І. Урбановічам, А. К. Лапкоўскім, Я. В. Карабёнкам, М. П. Марозавым, Б. Д. Чабатарэўскім. Яны забяспечвалі на факультэце высокую матэматычную культуру, дэманстравалі імкненне атрымліваць новыя навуковыя рэзультаты і ўдасканальваць метады навучання матэматыцы. Мы разам эксперыментавалі з вучэбным працэсам, пісалі артыкулы і вучэбныя дапаможнікі, абменьваліся паміж сабою атрыманымі навуковымі рэзультатамі і абмяркоўвалі новыя ідэі. Гэта была сапраўдная навуковая школа.

Пасля аспірантуры ў прафесара Столяра і абароны кандыдацкай дысертацыі я шэсць гадоў працаваў намеснікам дэкана фізіка-матэматычнага факультэта і непасрэдна спасцігаў азы кіравання навучальным працэсам у ВНУ. Пасля мяне выбралі загадчыкам кафедры алгебры і геаметрыі, і я стаў займацца арганізацыяй вучэбнага працэсу з пазіцый гэтай пасады. Заўважу: калі дэкан для кіравання факультэтам мае прыкметны адміністрацыйны рэсурс, то кафедрай, на мой погляд, можна прадукцыйна кіраваць, толькі выкарыстоўваючы свой навуковы аўтарытэт, гэта значыць, кіраваць калектывам не столькі ўладнымі, колькі інтэлектуальнымі падыходамі.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 18 чэрвеня

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.