Вы тут

Кнігі XX стагоддзя


Час няўмольна рухаецца наперад. Банальная, зразумела, фраза. Але яе ніяк не абыйдзеш і не абгоніш — час ён для ўсіх адлічвае свае секунды, мінуты, гадзіны, дні, тыдні, месяцы, гады... Час шмат што забірае з сабою ў будучыню. А шмат што пакідае у мінулым. Людзі забываюцца на падзеі, якія, здавалася б, мянялі свядомасць цэлых пакаленняў. Рэчы не вытрымліваюць выпрабаванне дажджамі і сонцам. І кнігі... Адны надоўга застаюцца прыхаванымі на бібліятэчных паліцах, якія, дарэчы, даволі часта «прарэджваюць». Другія трывала ўваходзяць у памяць і жывуць з пакаленнем, якому былі непасрэдна адрасаваны. Самі па сабе кнігі не жадаюць маўчаць, яны ўбіралі словы пад свае вокладкі не дзеля маўчання!.. І ўсё ж, нават нягледзячы на руплівасці Вікіпедыі і іншых электронных рэсурсаў, кнігі застаюцца ў тым часе, якому абавязаны сваім нараджэннем... Ці дапамагаюць яны з вышынь сённяшніх дзён убачыць праўду пра ранейшыя чалавечыя трывогі і згрызоты, адчуць ранейшае шчасце...


«Была зямля, цяпер — малыя соткі...»

Пімен Панчанка. «Высокі бераг» Мінск, «Мастацкая літаратура», 1993 год. 

Апошняя прыжыццёвая кніга народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Выдадзены «Мастацкай літаратурай» зборнік вершаў і эсэ, артыкулаў «Высокі бераг» адрэдагаваў другі народны паэт Беларусі — Рыгор Барадулін. 

Фота БелТА

«Была зямля, цяпер — малыя соткі.../ Адданасць знікла да карміцелькі-зямлі,/ Няма ўжо бульбы той — разварыстай і сопкай,/ І не гудуць скрозь пчолы і чмялі./ З наседжаных мясцін сагналі нас Хрушчовы,/ І мы — неперспектыўныя — пайшлі да гарадоў./ Сяліліся ў смярдзючыя трушчобы,/ А на кватэры спіс — на сто гадоў./ Глядзім і лічым, што яшчэ не ўкралі?/ Пра што зноў хлусяць?/ Веры больш няма.../ Даўно мы з лёну палатно не ткалі.../ У сэрцы непагодная зіма...» Пімен Панчанка, нягледзячы, што і з партбілетам быў, і напісаў шмат «агітак», заставаўся Паэтам з вялікай літары. Таму многія яго вершы выклікалі абурэнне ў кіраўнікоў і чыноўнікаў. Калі і не выказвалі гэтае абурэнне ўслых, то па напружанню ў стаўленні да паэта гэта было відавочным. У свой час, калі ў самога Пімена Емяльянавіча было жаданне пайсці на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», то адпаведныя начальнікі зрабілі ўсё магчымае, каб ён не дайшоў да гэтага выдання. Зразумела чаму. Паэт імкнуўся б друкаваць лепшае, найболей праўдзівае, што пісалі яго паплечнікі... 

У «Высокім беразе» вершы выкладваюць рэтраспектыўны погляд на пражытыя дзесяцігоддзі. Краінай, народам і ім, паэтам. Сумна паэту. На сыходзе свайго жыцця ён так, як калісьці адстойваў прыродныя скарбы роднай старонкі, займаецца экалогіяй душы. Бездухоўнасць, бездушэўнасць, чэрствасць чалавека, адсутнасць сардэчных перажыванняў за свет і саміх сябе ў гэтым свеце — вось што хвалюе паэта. Ён — самы што ні ёсць патрыёт, якіх яшчэ пашукаць трэба. «...Да роднай зямлі я/ Душою і сэрцам прыкуты,/ Куваюць зязюлі,/ Клякочуць буслы на маёй Беларусі./ Ты радасць мая, Беларусь,/ Ты гора маё і пакута, / І ад цябе я ніколі / Не адцураюся,/ Не адракуся!»
Гартаеш кнігу «Высокі бераг» — і перад вачыма ўся яго бібліятэка, тыя кнігі, што прыйшліся на мой час: «Крык сойкі», «Вячэрні цягнік», «Снежань», «Лясныя воблакі», «Млечны шлях»... Мудрасць Пімена Панчанкі — у тым, што ён ўнікліва паэтычным радком працінаў балючыя з’явы грамадскага жыцця. Ён не быў ілюстратарам эпохі, нават калі пісаў з тае ці іншае нагоды, калі згадваў пэўныя даты.

Пранізлівая шчырасць, жаданне напоўніцу гаварыць праўду вылучаюць яго творы і сёння, хаця, канешне ж, камусьці яны і зараз недаспадобы... Жадаючыя паспрачацца з пазіцыяй паэта заўсёды знойдуцца. Болей як два дзесяцігоддзі назад Рыгор Барадулін напісаў успаміны пра свайго старэйшага сябра — «Сам сябе не выдумляў...» Чытаем з памяці аднаго выбітнага паэта пра другога яркага, адметнага мастака слова: «Незвычайны талент Пімна Панчанкі немагчыма было замаўчаць, не заўважыць. Дый афіцыйна адзначаны, аблаўрэачаны паэт не даваў спакойна драмаць ідэалагічным заганялам. Збіраліся пленумы ЦК, на якіх кляймілі ломшчыка генеральнай лініі, патрабавалі за адзін толькі верш “Прыстасаванцы” прымяніць найвышэйшую меру. Цэнзура, якаяч з публічнай цнатлівасцю азывалася Галоўлітам, вычытвала кожную літару, кожную коску. Насабіраўся цэлы том вершаў, знятых цэнзурай. 

Нават у зборніку, адзначаным Дзяржаўнай прэміяй СССР (былая Сталінская), калі ён выдаваўся ў Менску па-беларуску, здымаліся паасобныя строфы. Для маладзейшага пакалення чытачоў патлумачу. На Дзяржаўную прэмію СССР падаваліся кнігі, перакладзеныя на расійскую мову. І калі кніга атрымлівала памянёную прэмію, яна первыдавалася й на мове арыгінала. Кніга-лаўрэатка, як звычайна, выдавалася і ў перакладах на мовах народаў, якія ўваходзілі ў склад савецкай імперыі. 

Пімен Панчанка быў сынам свайго часу, палымяным (любіла савецкая літаратурная крытыка гэты эпітэт) паэтам. Але сынам, які адбіваўся ад рук, але паэтам,я кі не толькі славіў, а часцей крычаў, што кароль голы». 

У «Высокім беразе» — і верш «Беларускія настаўніцы»: «Будзьце ад сэрца у вершы праслаўлены:/ Так вы працуеце самааддана./ Войцік Валянціна Вацлаваўна,/ Юбко Валянціна Адамаўна./ Як вы спявалі “Ой рэчанька, рэчанька”,/ Ваш голас у сэрцах — сардэчны, не гучны.../ Гэта пазней нашу мову скалечылі,/ І пакаленні ад мовы адлучаны./ Вы — мае мілыя,/ Вы — мае родныя,/ Колькі было ў вас і крыўды, і слёз.../ Вас пахваліў бы за мову народную/ Мудры настаўнік — Алесь Белакоз./ Таварышы начальнікі,/ Павышайце настаўніцам стаўкі,/ Будуйце ім катэджы/ І не чытайце натацый:/ Калі мы страцім беларускіх настаўніц — / Знікне і ўся беларуская нацыя». 

Эсэ, якія складаюць другую частку кнігі, — не меней прыцягальныя, чым вершы: «Сын Палесся», «Наш Пушкін», «Подзвіг Васіля Быкава», «Сапраўдны народны паэт Расіі» (пра Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага), «Друг па радаснаму, трывожнаму веку» (пра беларускага крытыка Рыгора Бярозкіна)... І ў эсэістычных тэкстах не мізэрнее жаданне паэта гаварыць праўду. Як і ў артыакуле «Не адстаць ад магутнага кроку народа». Назваўшы тых, хто «час ад часу друкуюць добрыя, шчырыя вершы...», Пімен Панчанка вылучае палескую зорку: «...Мне вельмі спадабалася “Зорная паэма” Яўгеніі Янішчыц. Праўдай жыцця і пачуцця». І следам: «Але агульны фон паэзіі — шэры. Многія вершы — перапеў агульнавядомага і... далёкага ад жыцця». 

Тыраж у «Высокага берага» — 7300 экзэмпляраў. Мастак зборніка — кніжны графік Віктар Мікіта. Акрамя вокладкі ён зрабіў графічныя малюнкі як уступ да кожнага з раздзелаў. Мне падаецца, што мастак аказаўся ўважлівым чытачом і вершаў, і эсэістыкі Пімена Панчанкі. 
«Цягнік рассыпаў перастук,/ Шаша скрыгоча тупа./ Яшчэ б прабегчы/ Хоць вярсту,/ Пабачыць век наступны» («Жыццё»). Жыццё паэзіі Пімена Панчанкі, жыццесцвярджальнай і праўдзівай, прадаўжаецца і ў новым, XXI-м, веку. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?