Вы тут

Чым мужчыны адрозніваюцца ад жанчын на ўзроўні фізіялогіі і псіхалогіі?


Жанчыны не стрымліваюць эмоцый, і калі радуюцца, то ў поўную сілу. Мужчыны больш стрыманыя і радзей адчуваюць хвіліны шчасця. Вучоныя неаднаразова імкнуліся высветліць, чаму мужчыны адрозніваюцца ад жанчын. Але нават калі перачытаць мноства прац на гэту тэму, усё роўна зразумець да канца, у чым заключаецца міжпалавая розніца, дастаткова складана. Чым мы адрозніваемся на ўзроўні фізіялогіі і псіхалогіі, разважаем разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.


— Мужчына і жанчына — дзве розныя істоты, якія ў першую чаргу дапаўняюць на адну, але кожны мае свае функцыі з пункту погляду біялогіі. Калі мужчына ў чымсьці мацнейшы, дзесьці ёсць і яго слабае месца. У тым, як правіла, яго апярэджвае жанчына. І наадварот. У залежнасці ад таго, якія функцыі мы выконваем, прырода дала нам пэўныя ўласцівасці.

Мужчына — носьбіт храмасомы XY, а жанчына — XX, і гэта дае нам магчымасць захоўваць «відавую разнастайнасць». Жанчына — захавальніца геннага матэрыялу, а мужчына, як бы груба ні гучала, лічыцца «расходным матэрыялам».

— Мужчына адрозніваецца ад жанчыны найперш фізічнай сілай. Чым гэта можна растлумачыць?

— Кожная мышца складаецца з белых і чырвоных валокнаў, якія і даюць ім сілу. Белыя валокны разлічаны на больш хуткую, але кароткую дыстанцыю, яны хутка стамляюцца. Чырвоныя ў сваю чаргу — на больш доўгатэрміновую работу, але сіла іх крыху меншая. У мужчыны больш белых валокнаў, у жанчыны — чырвоных. Таму мужчыны больш моцныя, а жанчыны — больш вынослівыя. Адсюль такая прымаўка, што мужчына падымае цяжэй, а жанчына носіць даўжэй.

Так склалася эвалюцыйна са старажытных часоў, калі мужчына быў паляўнічым, а жанчына сядзела ў пячоры і займалася хатнімі справамі. Натуральна, для мужчыны патрэбна было хутка бегаць, каб злавіць дабычу, а жанчына дома выконвала больш марудную работу, якая патрабавала менш фізічных нагрузак. Таму жанчына можа доўга вязаць шалік, а мужчыну праз 10 хвілін гэта надакучыць.

— Атрымліваецца, што дзяленне на моцны і слабы пол абсалютна апраўдана?

— Я б не быў такім катэгарычным. Напрыклад, жаночы арганізм больш устойлівы да крывацёку па прычыне фізіялагічных асаблівасцяў: жанчыны штомесяц страчваюць кроў. Гэтак жа, як і адразу пасля родаў. Праўда, лічыцца, што на працягу 9 месяцаў яе аб'ём назапашваецца і павялічваецца на 1 літр — такім чынам арганізм рыхтуецца да страт. Нягледзячы на гэта, калі мужчына і жанчына атрымліваюць аднолькавае раненне, мужчына загіне хутчэй, а ў жанчыны нашмат больш шансу дачакацца меддапамогі.

— Шмат спрэчак наконт інтэлекту мужчын і жанчын. Часам здаецца, што жанчыны саступаюць у разумовых здольнасцях моцнай палове...

— Калі не было сучаснага абсталявання, мозг вымяралі па памеры і вазе. І сапраўды, мозг жанчыны крыху меншы за мужчынскі — на 140—200 грам. З гэтага рабілі памылковую выснову, што, калі аб'ём мозгу большы, мужчына разумнейшы. Сучасная навука з іроніяй глядзіць на гэта. У слана мозг яшчэ большы, але ён не разумнейшы за чалавека. Калі суадносіць аб'ём мозгу да цела, то ў такой пароды, як чыхуахуа, таксама памер мозгу даволі вялікі, аднак гэта дастаткова неразумны сабака. Такім чынам, памер мозгу не з'яўляецца крытэрыем, ад якога варта адштурхоўвацца ў ацэнцы разумовых здольнасцяў.

З дапамогай сучаснага абсталявання даследчыкі высветлілі, што шэрага рэчыва, а гэта тое, што дае нам інтэлект, у мужчын на 20 % больш. Затое нейронныя сувязі паміж двума паўшар'ямі галаўнога мозгу ў жанчыны развіты лепш — у мужчыны яны распаўсюджаны пераважна ўнутры аднаго паўшар'я. Насамрэч можна сустрэць як разумных мужчын, так і не вельмі, тое ж самае датычыцца і жанчын. Па інтэлекце мы не моцна адрозніваемся адно ад аднаго.

— Аднак сярод вядомых вучоных мужчын усё ж такі больш...

— Сапраўды, вялікія адкрыцці пераважна рабілі мужчыны. Калі жанчына больш засяроджана на хатняй рабоце, выхаванні дзіцяці, праблемах сям'і, натуральна, у яе менш застаецца часу, каб займацца навукай.

На некаторых работах жанчыны больш эфектыўныя, чым мужчыны. Напрыклад, нюх і смакавыя ўласцівасці ў жанчыны нашмат больш развітыя, чым у мужчыны. НайлЛепшыя дэгустатары віна адназначна жанчыны. Быў міф: быццам калі жанчына спускаецца ў вінны склеп, віно пракісне. Ні адзін вінаўладальнік не хацеў абанкроціцца, і жанчын да гэтага занятку не дапускалі. Насамрэч жанчыны могуць нашмат лепш адрозніць якасць віна, чым мужчыны.

Лічыцца, што першым доктарам была жанчына, а не мужчына. Мужчына хадзіў на паляванне, раніўся, прыносіў здабычу, а жанчына ўмела лячыць яго раны.

— У палітыцы мужчын таксама больш. Лідарства — мужчынская опцыя?

— Калі лічыць, што нашы продкі былі малпамі, то звычайна ў малпаў лідарам з'яўляецца самец. Сапраўды, раней у палітыцы лідзіравалі мужчыны. Апошнім часам колькасць жанчын, якія паспяхова паказваюць сябе ў палітыцы і былі прэзідэнтамі розных краін, дастаткова вялікая. Цяпер на гэта не зважаюць, але генетычна лічыцца, што мужчына мусіць быць лідарам. Хоць і жанчыны нядрэнна сябе ў гэтым зарэкамендавалі.

— Нягледзячы на роўнасць, атрымліваецца, што ў гэтым свеце верхаводзяць мужчыны...

— Жанчыны часта садзейнічаюць гэтаму. Каб зняць частку нагрузкі, кажуць: мы жанчыны, мы слабыя і неразумныя. Гэта называецца спекуляваць абставінамі на карысць сабе. Ёсць шэраг работ, шкодных для жаночага здароўя. Зразумела, што жанчын туды не возьмуць.

— Мужчыны і жанчыны думаюць па-рознаму?

— З аднаго боку, жанчыны больш любяць працаваць калектыўна і гэтак жа думаць. Ім усюды патрэбна падтрымка сяброўкі. Мужчыны больш самастойныя. З іншага боку, жанчыны, хоць і робяць нешта разам, унутры ёсць вялікая канкурэнцыя і асаблівая псіхалогія ўзаемадзеяння. Калі на вечарынцы выпадкова аказаліся дзве жанчыны ў аднолькавых сукенках, яны могуць стаць ворагамі да канца жыцця. Мужчыны ў аднолькавым адзенні, наадварот, хутчэй за ўсё ўспрымуць гэта з гумарам, будуць яшчэ доўга ўспамінаць як кур'ёз. Такім чынам, здавалася б, ёсць жаночая салідарнасць, ды жаночага сяброўства не існуе.

Фота: pixabay.com

Калі жанчыне важнае кантактаванне, то для мужчыны — яго вынкі. Таму жанчыны могуць бясконца размаўляць па тэлефоне. Жанчына, калі сама сябе слухае, лепш аналізуе сітуацыю. І каб разабрацца ў нейкай сваёй праблеме, ёй дастаткова паразмаўляць з сяброўкай.

У адносінах да вырашэння розных задач жанчына іх дэталізуе і пачынае вырашаць па частках. Мужчына праблему бачыць цалкам. Зыходзячы з гэтага, калі нешта трэба вырашаць зараз і неадкладна, мужчынскі падыход лічыцца больш эфектыўным. У жанчыны больш развітая інтуіцыя. Калі трэба прагназаваць падзею, да гэтага больш здатны жаночы мозг.

— Калі інтэлект мужчыны і жанчыны не моцна адрозніваюцца, чаму тады жанчыны нярэдка робяць неразумныя ўчынкі? Гэта яшчэ называюць жаночай логікай...

— Гэта звязана з жаночымі гармонамі, з-за чаго жанчына больш эмацыянальная. Калі мужчына абапіраецца на пэўныя факты, то жанчына — на эмоцыі. І гэта тое, што не дае ёй скокнуць вышэй за сваё мысленне. Уявіце, яна з розных бакоў падвяргаецца эмацыянальнаму ўздзеянню: усё слухае, бачыць, нюхае, разумее! І гэтыя эмоцыі падаўляюць рацыянальнае ўспрыманне рэчаіснасці. Спрацоўвае хуткае мысленне, якое звязана з пачуццямі. Жанчына не ставіць на першае месца факты і лагічную сувязь паміж падзеямі. З пункту погляду мужчыны, гэта незразумела, яны губляюцца часам з-за такіх нелагічных паводзін. І часта вызначаюць гэта як «яна псіханула».

Але гэтае эмацыянальнае ўспрыманне замест лагічнага часам карыснае, так задумана прыродай, каб працягваўся чалавечы род. З'яўленне дзіцяці на свет з пункту погляду камфорту жанчыны ўвогуле нелагічнае. Любы свядомы чалавек стане перад матуляй на калені і мусіць паважаць яе, бо з'яўленне дзіцяці на свет — вялікая рызыка для жаночага здароўя. Цяжарнасць — гэта таксікозы, месяцы з дадатковым грузам і трыванне нязручнасцяў. Раней шмат жанчын гінула падчас родаў. Пасля — кармленне і бяссонныя ночы. Калі мужчыну даць груз і папрасіць насіць яго 9 месяцаў, ён ніколі не пагодзіцца! Таму эмацыяналь стан, які падаўляе лагічнае мысленне, падштурхоўвае жанчын да тых учынкаў, дзякуючы якім мы з'яўляемся на свет.

Мы па-рознаму перажываем і стрэсавыя сітуацыі. Мужчына — як запалка: рэзка загараецца і хутка згасае. У жанчыны — наадварот: стрэс і ўзровень адпаведных гармонаў захоўваецца больш працяглы час. Таму, калі жанчына атрымала стрэс, нават калі гэтага фактару, які яго выклікаў, больш не існуе, яна доўга адыходзіць. Мужчына больш устойлівы да кароткага стрэсу, а жанчына — да доўгага. Хранічныя стрэсавыя станы жанчына больш цярпліва пераносіць, а мужчына зламаецца. Псіхолагі гэта звязваюць з выхаваннем дзіцяці. У першы год яго жыцця пастаянны плач, бяссонныя ночы, і гэты хранічны стрэс варта трываць. Да яго жанчына больш устойлівая і лепш пераносіць.

— Жаночая арыентацыя ў прасторы, у прыватнасці ў незнаёмым горадзе за рулём аўтамабіля, таксама сталі прадметам іроніі. Гэта неяк тлумачыцца з пункту погляду фізіялогіі?

— Ёсць жарт, што бясконца можна глядзець, як цячэ вада, гарыць агонь і жанчына паркуе машыну. Такі ўчастак галаўнога мозгу, як гіпакам, а таксама вестыбулярны апарат, у мужчын развіты лепш. Таму жанчына горш арыентуецца ў прасторы, губляецца ў лесе, блукае ў горадзе. З гэтых прычын жанчын не так ахвотна бяруць у пілоты, касманаўты.

— У чым жанчыны пераўзыходзяць моцную палову?

— Вуха жанчыны нашмат вастрэйшае. Як і адчувальнасць да пахаў. Участак галаўнога мозгу, які адказвае за слых і нюх, нашмат дакладней працуе ў жанчын. Нюх патрэбны, каб пазнаць сваё дзіця. Жанчына, якая нарадзіла і панюхала сваё дзіця, ніколі яго не пераблытае. Па паху жанчына вызначае і імунітэт мужчыны. Яна ўлоўлівае на ўзроўні падсвядомасці асаблівасці паху мужчыны і вызначае такім чынам яго імунітэт. Мужчына з мацнейшым імунітэтам больш жаданы для яе. Гэта спрацоўвае на ўзроўні падсвядомасці.

Слых у жанчыны таксама вастрэйшы, бо жанчына са старажатнысці для абароны дзіцяці мусіць чуць самыя прыглушаныя гукі накшталт шыпення, каб своечасова заўважыць ядавітую змяю, скарпіёна, любую небяспеку — і выратавацца.

У жанчын больш развіты бакавы зрок. Калі мужчына хоча паглядзець на жанчыну, якая яму падабаецца, ён паверне галаву і такім чынам сябе заўсёды выдасць. Жанчына ж паглядзець бакавым зрокам і незаўважна з галавы да ног ацэніць мужчыну. Насамрэч мужчына паляўнічы, ён глядзіць наперад і бачыць мэту. Жанчына бачыць усё, што адбываецца навокал, гэта таксама звязана з абаронай патомства. Сярод дзяцей, якія трапляюць пад машыны, па статыстыцы больш хлопчыкаў, чым дзяўчынак. Хлопчык глядзіць толькі наперад, для яго мэта — супрацьлеглы бок вуліцы, куды ён мусіць трапіць. А ў дзяўчынак развіты бакавы зрок, яна бачыць, што адбываецца вакол.

Жаночы зрок разлічаны на блізкія работы, яна іх лепш выконвае і рэчы бачыць больш дэтальна. У мужчыны зрок накіраваны ўдалечыню. Калі мужчына нешта згубіў, жанчына хутчэй гэта дапаможа знайсці.

Як вядома, жанчына больш цікаўная. Калі яе пакінуць у нейкім пакоі, яна абавязкова вывучыць усё, што там знаходзіцца. Гэта зноў-такі звязана з эвалюцыяй: пакуль мужчына быў на паляванні, яна даследавала пячору.

Памяць у жанчыны лепшая, аднак за кошт уздзеяння эстрадыёлу пасля клімаксу яна пагаршаецца.

Жаночая скура больш адчувальная і ўспрымальная да тактыльных адчуванняў, у мужчын менш рэцэптараў. Аднак жанчына больш успрымальная, але і больш цярплівая да болевага сіндрому. Разам з тым, у мужчынскай скуры ўтрымліваецца больш калагену і яна пазней старэе, сальныя залозы лепш развітыя, і скурны тлушч пры змешванні з потам лічыцца найлепшым ласьёнам для мужчынскай скуры. У жанчыны старэнне скуры адбываецца хутчэй.

Працягласць жыцця ў жанчын большая, чым у мужчын. Ёсць на гэты конт розныя тэорыі. З пункту погляду біялогіі мужчына — расходны матэрыял, яго задача — «зрабіць» дзіця. Напрыклад, самка багамола адкусвае пасля спарвання галаву самца. Адначасова трэба разумець, што роля бабулі ў выхаванні ўнукаў надзвычай вялікая: у яе маецца каласальны вопыт, і яна мусіць перадаць яго сваёй дачцэ. Як бы там ні было, жанчыны жывуць у сярэднім даўжэй.

Насамрэч нельга сказаць, хто — мужчына ці жанчына — больш дасканалая істота. У кожнага свае функцыі, зыходзячы з біялагічных задач. І мы дапаўняем адно аднаго. У нас розныя мысленні і візуальныя ўспрыманні. Мужчына глядзіць з пункту погляду фактаў, жанчына — эмоцый. Гэта дзве разумныя і моцныя біялагічныя істоты. У ЗША, калі хапала мужчынскай працы, была рэклама, што жанчына мусіць сядзець дома і выхоўваць дзяцей. А калі эканоміцы, якая імкліва развівалася, спатрэбілася і жаночая праца, з'явілася рэклама, што жанчыны круцяць гайкі на заводзе і стаяць плячом да пляча з мужчынам. Вось вам і слабы пол.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.