Вы тут

Што робіць Мінпрыроды супраць агароджы на беларуска-польскай граніцы


Жалезная агароджа, якую пачалі будаваць у студзені гэтага года, раздзеліць на часткі каштоўныя трансгранічныя прыродныя тэрыторыі, у тым ліку аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча» і біясферны рэзерват «Прыбужскае Палессе». Гэта можа вельмі негатыўна адбіцца на стане экасістэм і мясцовых папуляцый жывёл і раслін. Таму Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя робіць усё магчымае, каб спыніць згубнае будаўніцтва. У гэтым пытанні яно імкнецца прыцягнуць увагу і атрымаць падтрымку кампетэнтных міжнародных арганізацый і органаў шматбаковых прыродаахоўных пагадненняў. Пра тое, што ўжо атрымалася зрабіць, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Ларыса Лукіна.


Хроніка зваротаў

28 лютага 2022 года Мінпрыроды накіравала ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў у Еўропе (Бернскай канвенцыі) зварот на адкрыццё краінавага кейса ў адносінах да Польшчы.

1 сакавіка ў адрас Генеральнага дырэктара Савета Еўропы па пытаннях дэмакратыі Сняжаны Самараджыч-Марковіч накіравана пісьмо міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка з выказваннем занепакоенасці, звязанай з сітуацыяй на мяжы Беларусі і Польшчы, і просьбай разгледзець пытанні правядзення аператыўнага маніторынгу гэтай сітуацыі, прыняць адпаведныя меры і даць прававую ацэнку дзеянням Польшчы ў частцы выканання патрабаванняў Бернскай канвенцыі.

Пісьмо Мінпрыроды было накіравана 4 сакавіка і ў Цэнтр Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з просьбай звярнуць увагу польскага боку на неабходнасць выканання ўзятых міжнародных абавязацельстваў і заклікаць Польшчу спыніць узвядзенне агароджы.

9 сакавіка ў адрас міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ганны Москвы кіраўнік прыродаахоўнага ведамства Беларусі накіраваў пісьмо. Акрамя выказвання занепакоенасці будаўніцтвам сцяны, ён папрасіў даць інфармацыю аб ацэнцы ўздзеяння гэтага працэсу на біялагічную разнастайнасць Белавежскай пушчы, а таксама аб мерапрыемствах, накіраваных на мінімізацыю негатыўных наступстваў на гэты трансгранічны прыродны комплекс. Адказу на пісьмо не паступала.

29 сакавіка ўдзельнікі пасяджэння грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета (ГКЭС) пад кіраўніцтвам міністра вырашылі распачаць інфармацыйную кампанію па ўцягванні шырокага кола грамадскасці ў абмеркаванне пытання недапушчэння будаўніцтва штучных загарод у трансгранічных запаведных зонах. Было накіравана 40 зваротаў у грамадскія арганізацыі за мяжой, прайшлі сустрэчы са студэнтамі, пікеты каля пасольстваў, інфармацыя аб праблеме распаўсюджваецца і праз сацыяльныя сеткі.

Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага геаграфічнага таварыства, кіраўнік якога Ірына Абрамава — член абласнога ГКЭС, ад імя жыхароў Брэсцкай вобласці накіравала ў ЮНЕСКА і Савет Еўропы петыцыю супраць будаўніцтва загароды. Яе падпісалі 115 тысяч чалавек.

6 красавіка Мінпрыроды звярнулася ў адрас Міжнароднага саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў з просьбай звярнуць увагу сусветнай супольнасці і органаў дзяржкіравання, у першую чаргу польскіх, на парушэнне міжнародных дагавораў. Яны прадугледжваюць абавязак дзяржаў-падпісантаў ажыццяўляць дзейнасць у рамках сваёй юрысдыкцыі ці кантролю на аснове шырокага прымянення прынцыпу прыняцця мер засцярогі, не наносячы шкоды навакольнаму асяроддзю іншых дзяржаў ці раёнаў за межамі дзеянняў нацыянальнай юрысдыкцыі.

Справа зрушылася

26—29 красавіка Мінпрыроды выступіла на падрыхтоўчым пасяджэнні еўрапейскага рэгіёна да 14-й Канферэнцыі Бакоў Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, што маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак (Рамсарскай канвенцыі). Прадстаўнікі ведамства звярнулі ўвагу на небяспеку парушэння гідралагічнага рэжыму балота Дзікое — часткі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча» і рамсарскай тэрыторыі — у сувязі з будаўніцтвам загараджальнага збудавання для адкрыцця адпаведнай справы, згодна з палажэннямі канвенцыі.

17 мая ў адрас міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь паступіла пісьмо намесніка генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях культуры Эрнеста Атонэ Рамірэса. Ён адказаў, што пытанне стану захаванасці гэтага аб'екта Камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разгледзіць на сваёй 45-й сесіі.

Акрамя таго, адказам на шматлікія звароты беларускага боку да кампетэнтных міжнародных арганізацый стала накіраванне дырэктарам Цэнтра Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Лазарам Элунду Асома пісьма на адрас дзяржаўнага сакратара Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Польшча Малгажаты Галіньскай з настойлівай просьбай прыпыніць работы па будаўніцтве загароды, калі яны былі ўжо распачаты, прадставіць дакумент з ацэнкай патэнцыйнага ўздзеяння праекта на выдатную ўнікальную каштоўнасць аб'екта і яго цэласнасць, а таксама падрабязныя звесткі пра збудаванне, уключаючы наглядную інфармацыю.

Падчас пленарнага пасяджэння міжнароднай сустрэчы «Стакгольм+50: Здаровая планета для ўсеагульнага росквіту — наша адказнасць, наша магчымасць» (2—3 чэрвеня 2022 года) Андрэй Худык таксама выступіў з відэазваротам, у якім кіраўнік прыродаахоўнага ведамства заклікаў Польшчу спыніць узвядзенне агароджы і звярнуўся ў адрас міжнароднай супольнасці з прапановай падтрымаць гэты заклік.

— Мінпрыроды будзе працягваць гэту работу, — падкрэсліла Ларыса Лукіна. — Мы таксама заклікаем усіх неабыякавых падтрымаць яго ініцыятыву, каб разам змагацца за захаванне цэласнасці і дабрабыту найкаштоўнейшых прыродных тэрыторый.

Інга ЗУБРЫЦКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?