Вы тут

Андрэй Худык сустрэўся з пасланцамі Мэт устойлівага развіцця


Да Дня абароны дзяцей і Дня аховы навакольнага асяроддзя на базе гімназіі № 19 г. Мінска прайшла сустрэча міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка з маладзёжнымі пасламі і пасланцамі Мэт устойлівага развіцця.


«Дасягнуць Мэт устойлівага развіцця без згуртавання грамадства ў гэтым кірунку немагчыма, а тым больш без цікавасці з боку моладзі. Міністэрства мэтанакіравана і пастаянна праводзіць такую работу для таго, каб маладое пакаленне разумела важнасць здароўя навакольнага асяроддзя, — распавёў Андрэй Худык. — У краіне з'явіўся маладзёжны інстытут, стварэнню якога пасадзейнічала і наша ведамства. Упэўнены, што гэта праца працягнецца, і ўсе 17 Мэт устойлівага развіцця будуць дасягнутыя».

Міністр адзначыў, што Беларусь уваходзіць у трыццатку краін-перадавікоў па выкананні МУР. І дасягнула максімальных вынікаў сярод дзяржаў СНД. Важна сказаць, што міністэрства заўсёды сур'ёзна вывучае міжнародны вопыт па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. У гэту работу ўцягнуты як дзяржаўныя органы, так і грамадскія арганізацыі. За Мінпрыроды замацавана выкананне сямі з іх.

На сустрэчы прайшла прэзентацыя работы рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця гімназіі № 19 г. Мінска. Педагогі і навучэнцы паказалі вынікі праектаў, што рэалізоўваюцца ў сферы экалагічнай адукацыі: «Гімназія без пластыку», «Майстэрня Эка+», «Другое жыццё старых рэчаў», «Для тых, у каго ёсць сэрца» і іншыя. А пасля юныя акцёры запрасілі міністра і гасцей на спектакль лялечнага тэатра, у якім усе дэкарацыі і лялькі зроблены рукамі навучэнцаў з другасных матэрыялаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі выставу вырабаў з пластыкавых коркаў «Вечкі дабра і творчасці» і запрасілі ўсіх на заняткі дзіцячай навукова-даследчай лабараторыі «Геліяс».

Дырэктар гімназіі №19 Анатоль Мураўёў растлумачыў, якім чынам экалагічная накіраванасць установы адукацыі дапамагае ў дасягненні МУР: «Мы ўцягваем дзяцей у праектную дзейнасць, якая дазваляе ім праяўляць сябе і актыўна сацыялізавацца на гэтай базе. Ёсць праекты сацыяльнай накіраванасці, звязаныя з падтрымкай дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Акрамя гэтага, мы рэалізавалі праект па энергазберажэнні для пажылых людзей».

Паводле слоў намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Веры Сячковай, гімназія № 19 — адна з найстарэйшых навучальных устаноў, якая працуе ў галіне экалагічнай адукацыі. «Гэта рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У нас рэалізоўваецца больш за 70 праектаў пад адзінай назвай «Экагорад». У рамках ініцыятывы праходзяць дні экалогіі, экадэфіле, ёсць вялікая колькасць экалагічных майстэрань. На базе гімназіі дзейнічае метэастанцыя, даныя з якой ідуць у Белгідрамет, і нашы вучні ўжо ўмеюць карыстацца гэтай прыладай. Клуб для самых маленькіх «Геліяс» накіраваны на стварэнне ўласных метэастанцый першакласнікамі. Сёння іх паказалі міністру», — распавяла намеснік дырэктара.

Варта адзначыць, што ў гімназіі яшчэ ёсць калекцыя мінералаў, зімовы сад. На базе ўстановы таксама рэалізоўваюцца праекты дапамогі жывёлам, працуе клуб аматараў экалагічнага транспарту, які арганізоўвае велапрабегі ў Мінску. У рамках работы інтэрактыўнай пляцоўкі «Арт-квадрат» госці стварылі пано Мэт устойлівага развіцця, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя. А члены Клуба аматараў экатранспарту «КЛЭТ» прапанавалі гасцям далучыцца да флэшмобу «Мы за чыстае паветра», у якім паказалі свае ўменні кіраваць экатранспартам (роварам, самакатам, сігвеем, монаколам) і ўрачыста прынялі Андрэя Худыка ў члены свайго клуба.

«Сёння мы наведалі эпіцэнтр экалагічнай агульнай сярэдняй адукацыі. Гімназія развівае праекты ў галіне рацыянальнага спажывання і вытворчасці, метэаралогіі, захавання марскіх экасістэм. Гэта вельмі дапамагае дасягненню ўсіх Мэт устойлівага развіцця, звязаных з экалогіяй. У маладзёжных паслоў МУР цяпер ёсць ініцыятыва аб юных валанцёрах МУР, куды прысвячаюцца школьнікі, якія захапляюцца гэтай сферай», — адзначыла маладзёжны пасол Стэфанія-Віталія Віннічак.

Напрыканцы мерапрыемства міністр узяў удзел у пасадцы саджанцаў сібірскага кедра, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці. І, зразумела, для добрага настрою ад Мінпрыроды былі перададзены падарункі: гімназія атрымала ноўтбук, а ўсім навучэнцам дасталіся прысмакі. Акрамя гэтага, геалагічная калекцыя гімназіі папоўнілася новымі экспанатамі — базальту і туфу. Дарэчы, гэтыя горныя пароды з'яўляюцца новай і важнай для нашай краіны сыравінай з пункту гледжання імпартазамяшчэння.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.