Вы тут

Якія перавагі і навацыі прапануе спадарожнік Брэста — Жабінка


Жабінка — цэнтр самага малога раёна Брэстчыны і аднаго з найменшых раёнаў краіны. Гэта невялікі, утульны гарадок, што ўзнік напрыканцы ХІХ стагоддзя вакол чыгуначнай станцыі. Даволі доўга ён быў мястэчкам, якое ў пасляваенны час пераходзіла з раёна ў раён. У другой палове 1960-х Жабінка атрымала статус райцэнтра, а ў 1970-м стала горадам. З 2014 года Жабінка — горад-спадарожнік Брэста.


Транспарт

Першая пяцігодка ў новым статусе стала не асабліва прыкметнай у зменах знешняга выгляду горада і яго рознабаковага зместу. Яно і зразумела: ішла падрыхтоўка, выпрацоўваліся канцэпцыі і праекты. А вось апошнія два-тры гады распачата вялікая работа на шляху развіцця горада. На розных узроўнях адзначалася, што з васьмі спадарожнікаў краіны тутэйшыя падыходы — навацыя.

У райцэнтра здаўна даволі развітыя камунікацыі з Брэстам. З Брэста некалькі разоў у дзень ходзіць маршрутка. Практычна ўсе цягнікі як мінскага, так і палескага напрамкаў маюць прыпынак у Жабінцы. Найбольш эканомным выглядае варыянт праезду на традыцыйных электрычках і дызель-цягніках. Многія жыхары гадамі ездзяць на працу ў вялікі горад, і, наадварот, асобныя брастаўчане працуюць у райцэнтры. А з новага года дабірацца стала яшчэ лепш — можна ехаць і гарадскім аўтобусам. 77-ы маршрут звязвае горад са спадарожнікам на правах гарадскога транспарту: кошт праезду — па цане аднаго талончыка. Цікава, што на пачатку работы новага маршруту скептыкі гаварылі пра яго стратнасць, а выйшла наадварот: праз некалькі месяцаў давялося мяняць выдзелены аўтобус на машыну большай умяшчальнасці. Людзі ацанілі новаўвядзенне і карыстаюцца ім. Штодня 77-м ездзіць каля трох тысяч чалавек.

— У мяне свацця жыве ў Жабінцы, мае ладны ўчастак каля дома, — гаворыць пасажырка названага маршруту Ірына Саўчук. — Мы вырашылі з ёй адзін на дваіх агарод апрацоўваць. Калі б на іншых відах транспарту дабірацца, выходзіла б даволі затратна, а так і танна, і, галоўнае, зручна, — прыпынак каля дома.

Жыллё

А вось дзеці Ірыны Аляксандраўны спадзяюцца з часам пабудаваць кватэру ў адным з новых дамоў жылога квартала для брастаўчан. Маладая сям'я стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Вадзім Краўчук лічыць, што час ранейшых спальных раёнаў, якія складаюцца са шчыльна размешчаных шматпавярховікаў, прайшоў:

— Цяпер чалавек хоча пэўнага ўзроўню камфорту, нават калі ён жыве ў кватэры, а не ва ўласным доме. Гараджаніну патрэбна паветра, напрыклад, парк побач, ды абавязкова каб з дзіцячай пляцоўкай, веладарожкамі. Такім чынам, чалавек выйшаў з дома і адразу атрымаў магчымасць рухацца, займацца спортам, калі ён малады, альбо няспешна пагуляць на чыстым паветры, калі сталага ўзросту.

Таму і ўзводзіцца квартал для брастаўчан у зялёнай зоне з выхадам на ўзбярэжжа ракі. Да будаўніцтва першага дома з названага квартала прыступілі ў студзені гэтага года. А ў лютым пад падмурак дома нават заклалі капсулу з пасланнем нашчадкам. У дзевяціпавярховым доме выдзелена 18 аднапакаёвых і 36 двухпакаёвых кватэр для брастаўчан. Астатнія 18 трохпакаёвак прызначаны для шматдзетных сем'яў з Жабінкі.

Указам Прэзідэнта прадугледжана льготнае крэдытаванне. Брастаўчане, якія стаяць на ўліку ў сваіх адміністрацыях для паляпшэння жыллёвых умоў, маюць права на крэдыт пад 5 працэнтаў. У новым раёне пабудуюць сем дамоў, тры з іх павінны быць здадзены яшчэ сёлета.

Ахвотных скарыстацца льготным крэдытаваннем у Брэсце знайшлося даволі. Яно і зразумела. Жыллё адносна таннае. У крокавай даступнасці ўзводзіцца дзіцячы садок, побач размешчаны школа, паліклініка. Рака і лесапаркавая зона — на адлегласці, зручнай для пешай прагулкі.

Інвестыцыйная прывабнсць

Як вядома, жыллё — галоўнае для дабрабыту любой сям'і. А калі яно размешчана ў прывабнай з пункту гледжання экалогіі зоне, гэта яшчэ лепш. Паводле вызначэння Вадзіма Краўчука, тры кіты для спадарожніка — экакамфорт, лагістыка, эканоміка. Пра экакамфорт сказана (дарэчы, 43 працэнты плошчаў займаюць зялёныя насаджэнні), пра лагістыку для жыхароў таксама. Для магчымых інвестараў мясціна таксама з усіх бакоў выгадная. Адлегласць да Брэста — 25 кіламетраў. Побач траса М1, дарогі Р7 Камянец — Федзькавічы, Р104 Жабінка — Кобрын, чыгуначная станцыя, літаральнна за 10 кіламетрах — аэрапорт. Зараз вырашаецца пытанне пра стварэнне сучаснага міжнароднага класа лагістычнага цэнтра. На 50 гектарах такі цэнтр закладваецца, вядуцца праектныя работы. Пра інвестпляцоўкі кіраўніцтва раёна паклапацілася пры складанні плана развіцця горада. Напрыклад, інвестпрастора для рэстаранаў і гасцініц знаходзіцца паблізу новага квартала. Хутка тут будзе ўзведзены новы гандлёвы цэнтр.

Пляцоўка для новых ідэй

Аб тым, што горад развіваецца, можна ўпэўніцца літаральна на кожным кроку. Жабінка першай пасля Брэста сумесна з кампаніяй Kolobіke арганізавала велашэрынг. Цяпер да паслуг гараджан — пракатныя веласіпеды, для карыстання якімі патрэбна ўсяго толькі спампаваць дадатак на тэлефон. З наступленнем цяпла ў парку адкрылі прыгожы фантан пасля рэканструкцыі. Побач вымалёўваюцца рэкрэацыйныя зоны. А яшчэ горад праявіў гатоўнасць стаць даследчай пляцоўкай для будучых сіці-менеджараў. Рэч у тым, што з гэтага года Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна пачынае падрыхтоўку спецыялістаў па гарадскім кіраванні. Сіці-мененджар, кажуць, больш універсальны спецыяліст, чым урбанолаг. Першы будзе мець веды ва ўсіх галінах гарадскога жыцця, каб рабіць гэтае жыццё больш камфортным, зручным, бяспечным. А ў Жабінцы гатовыя прадставіць пляцоўку для практыкі студэнтаў і збіраць самыя перадавыя, нечаканыя, крэатыўныя ідэі маладых, каб аналізаваць іх і, магчыма, з часам праводзіць у жыццё.

Цяперашняя каманда кіравання горада чуйна ставіцца да ўсяго новага, актыўна выкарыстоўвае сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Тэлеграм-канал «Жабінка актуальна» кожны дзень аператыўна знаёміць з навінамі гарадскога жыцця. Паказальна, што на ўказаным т-канале паведамлялася пра прысутнасць на брэсцкім міжгаліновым кірмашы вакансій наймальнікаў як з Брэста, так і з Жабінкі. Спадарожнік, як відаць, робіцца усё бліжэй да абласнога цэнтра.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала «Жабінка актуальна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».