Вы тут

Будаўніцтва жылля ў Мінску: новыя пляцоўкі, «спадарожнікі», актуальная інфармацыя ад забудоўшчыкоў


Цікава, як вы думаеце, у якім рэгіёне краіны больш за ўсё жадаюць «прапісацца» нашы суайчыннікі? Правільна, у сталіцы. Толькі ўсіх жадаючых ніяк не заселіш, хай нават і ў буйны мегаполіс дзяржавы. Каб захаваць кампактнасць і гістарычную ідэнтычнасць Мінска, у ім сталі рабіць стаўку на тое, што асноўная маса жыллёвага будаўніцтва паступова будзе пераходзіць у гарады-спадарожнікі. Спецыялісты лічаць, што такое ўзвядзенне жылля «на галёрцы» будзе зніжаць перанаселенасць сталіцы.


Будаўніцтва абмежавана кальцавой дарогай

Так, гэта факт, чарга на будаўніцтва жылля ў Мінску самая вялікая. Яна налічвае каля 185,5 тысячы сем’яў, што складае траціну ад агульнарэспубліканскай колькасці. З іх больш за 5 тысяч — шматдзетныя сем’і, у дачыненні да якіх заканадаўствам вызначаны гадавы тэрмін накіравання на паляпшэнне жыллёвых умоў. Больш за тры тысячы шматдзетных сем’яў ужо будуюцца, астатнія чакаюць сваёй чаргі, паведаміла начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінскага гарвыканкама Алена Лукашэвіч.

Сёлета Мінску даведзена заданне па будаўніцтве 880 тысяч квадратных метраў жылля, з якіх 140 тысяч квадратных метраў — для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яшчэ некалькі гадоў таму ў горадзе ўзводзілі не менш мільёна «квадратаў». Будаўнічыя магутнасці нашых буйнапанэльных домабудаўнічых камбінатаў дазваляюць нам будаваць і значна больш, але ... Варта напэўна ўлічваць і зямельныя магчымасці, якія ў сталіцы не гумовыя.

Умова трох спробаў

У чаргавікоў карыстаецца попытам не толькі традыцыйная серыя панэльнага домабудавання, але і індывідуальнае жыллё, якое адпавядае сучаснаму іміджу Мінска і мае больш высокія спажывецкія якасці. «Што датычыцца шматдзетных сем’яў, то ім прапануецца шмат варыянтаў жылля. Гэта будаўніцтва тэрытарыяльна-вытворчых комплексаў, індывідуальнага жылля, катэджных забудоў, продаж гатовых кватэр, сацыяльнае і арэнднае жыллё. Тыя, хто жадае будавацца, выбіраюць для сябе прымальныя варыянты», — гаворыць спецыяліст.

Варта нагадаць, што па заканадаўстве, на працягу года з дня пастаноўкі на ўлік вялікія сем’і павінны накіроўвацца на будаўніцтва. А на сёння гадавое заданне па шматдзетных сем’ях выканана на 53 %. За год, дарэчы, спецыялісты павінны накіраваць на будаўніцтва 1226 шматдзетных сем’яў.

Алена Лукашэвіч звярнула ўвагу і на той факт, што вялікія сем’і далёка не заўсёды з першага разу згаджаюцца на прапанаваныя ім варыянты будаўніцтва. Чаму? Як аказалася, праблема мае фінансавыя карані. Рэдка сустрэнеш шматдзетную сям’ю, у якой бы не было ніякага жылля наогул. А яго наяўнасць ўплывае на памер дзяржаўнай падтрымкі, якая аказваецца кліенту. Яно адымаецца з належнага сям’і нарматыву льготнага крэдытавання.

Складваецца такая сітуацыя, калі не заўсёды ў такіх сем’яў ёсць грошы на пакрыццё розніцы, а таксама не заўсёды ў банку гатовыя даць гэтым сем’ям крэдыт. Яшчэ хтосьці чакае жылля ў пэўным раёне. У выніку, напрыклад, вельмі многія адмаўляліся ад удзелу ў катэджнай забудове ў мікрараёне «Сокал», дзе ўзводзяцца двух-чатырохпавярховыя таўнхаусы, даецца ўчастак. Некаторыя сем’і не жадаюць купляць машына-месца, калі кватэры прапануюцца разам з ім. Хтосьці хоча атрымаць некалькі сумежных кватэр замест адной вялікай. У апошнім выпадку чыноўнікі ідуць насустрач сем’ям, у якіх чацвёра і больш дзяцей.

Дарэчы, тут Алена Лукашэвіч нагадала, што ў заканадаўстве ёсць магчымасць аднясення сям’і ў канец чаргі ў выпадку, калі ёй як мінімум тройчы прапаноўвалася пабудаваць жыллё ў складзе ЖБВК або атрымаць сацыяльнае на працягу года.

«Спецыялісты нашага ўпраўлення ініцыявалі змяненне ў Жыллёвы кодэкс, і ўрад ухваліў ўнясенне паправак, згодна з якімі трохразовая адмова на працягу каляндарнага года ад прапанаваных варыянтаў будаўніцтва з’яўляецца падставай для зняцця з уліку з магчымасцю аднаўлення ў наступным з канца чаргі. Я ўпэўненая, гэта будзе стымуляваць людзей больш уважліва ставіцца да прапанаваных варыянтаў. Зрэшты, кватэры пасля поўнага апытання чаргі не застаюцца пустымі — іх прапануюць у далейшым іншым катэгорыям маючых патрэбу. У прыватнасці, сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды і дзеці-сіроты, ахвотна адгукаюцца на ўдзел у будаўніцтве,» — патлумачыла сітуацыю Алена Лукашэвіч.

Цікавасць да «спадарожнікаў» расце, у прыватнасці, да Смалявічаў

Цяпер камерцыйная цана квадратнага метра новага жылля ў Мінску заўважна «кусаецца». Таму асаблівую цікавасць у пэўнай часткі мінскіх чаргавікоў выклікае будаўніцтва жылля ў Смалявічах. Для такіх сталічных чаргавікоў і кошт квадратнага метра прывабны, акрамя таго, яны могуць атрымаць дзяржаўную фінансавую падтрымку, што не заўсёды магчыма пры будаўніцтве ў Мінску па сваёй катэгорыі. Адсюль і ўстойліва высокі попыт на жыллё ў спадарожніку.

Акрамя таго, зараз дзяржаўныя органы, арганізацыі і прадпрыемствы таксама праявілі вялікую цікавасць да гэтай забудовы. Таму па ініцыятыве гарвыканкама быў распрацаваны і ў красавіку гэтага года прыняты Указ № 159, які ўнёс змены ва Указ № 466 «Аб будаўніцтве жылых дамоў у гарадах-спадарожніках г. Мінска». Дадзены дакумент дазваляе накіроўваць на будаўніцтва ў гарады-спадарожнікі не толькі чаргавікоў з адміністрацый раёнаў Мінска, але і жадаючых з ліку чаргавікоў дзяржорганаў, арганізацый і прадпрыемстваў. Механізм набору будучых жыхароў прадугледжаны заканадаўствам: на працягу месяца пасля абвяшчэння аб наборы на будаўніцтва жадаючыя з ліку чаргавікоў могуць падаць заявы. Пасля звесткі сістэматызуюцца, выбіраюцца тыя, хто даўжэй за ўсё знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

«Прыкладна такая ж схема будзе дзейнічаць і для чаргавікоў прадпрыемстваў, калі мы ім станем выдзяляць квоты на будаўніцтва ў пэўных дамах, — патлумачыла Алена Лукашэвіч. — Магчыма, гэта будзе асобны дом для чаргавікоў прадпрыемстваў Мінска, як атрымалася з дзяржорганамі: яны выказалі цікавасць да будаўніцтва невялікіх дамоў на 58 кватэр. Некаторыя сілавікі ўжо пачынаюць будавацца. Паглядзім на колькасць жадаючых з боку прадпрыемстваў. Не набярэцца шмат — дадзім квоты на пэўную колькасць кватэр у залежнасці ад колькасці чаргавікоў. Цяпер мы збіраем праз адміністрацыі раёнаў заяўкі ад прадпрыемстваў, чые работнікі хацелі б палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ў Смалявічах. Цікавасць праявілі МТЗ, МЗКЦ, звесткі ад іншых арганізацый працягваюць паступаць.

Між іншым, па даных ДВА «Мінскбуд», якое шмат будуе па дзяржзаказе, кошт квадратнага метра ў панэльных дамах для маючых патрэбу не перавышае 1,7–1,8 тысячы рублёў.

У якасці арыенціра згодна з заканадаўствам бяруць сярэднямесячную зарплату па горадзе, пры гэтым прыбытак забудоўшчыка абмежаваны 5 %, а ўсе па каштарысе, на падставе якога фарміруецца кошт, праходзяць экспертызу на выключэнне дадатковых выдаткаў. У дамах індывідуальнага выканання з палепшанымі спажывецкімі якасцямі цэннік будзе вышэйшы. Напрыклад, у жылых будынках на вуліцы Скрыпнікава — на ўзроўні 2 тысяч рублёў за «квадрат».

Свежая інфармацыя ад практыкаў

Дырэктар УП «УКБ Мінгарвыканкама» Анжэла Бабарыка расказала, якія аб’екты будуць пабудаваны сёлета ў Мінску і Смалявічах. Паводле яе слоў, асноўны напрамак дзейнасці ўпраўлення — будаўніцтва і забеспячэнне жыллём тых маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзян і шматдзетных сем’яў, якія пражываюць у сталіцы.

«Цяпер на прадпрыемстве будуецца 17 жылых дамоў — гэта 2947 кватэр, прыкладна 173 тысяч квадратных метраў. Сёлета плануецца да ўводу ў эксплуатацыю 92 тысяч квадратных метраў, — патлумачыла дырэктар. — З гэтых аб’ектаў — чатыры энергазберагальныя дамы ўводзяцца ў эксплуатацыю ў горадзе-спадарожніку Смалявічах, у гэтым годзе там з’явіцца яшчэ і дзіцячы садок. У наступным годзе плануецца будаўніцтва сярэдняй школы, а да 2025 года намечана пабудаваць яшчэ 17 жылых дамоў».

Што датычыцца сацыяльных аб’ектаў, якія будуць пабудаваны ў 2022 годзе ў Мінску, то 18-я школа і 23-ы дзіцячы садок у комплексе «Мір» будуць уведзены ў эксплуатацыю ўжо да пачатку навучальнага года. «На дадзены момант у школу завозіцца і манціруецца абсталяванне, практычна зманціравана ўся тэхналогія, а таксама завяршаецца добраўпарадкаванне, — заявіла Анжэла Бабарыка. — Ужо з удзелам кіраўніка дзяржавы адкрыта 9-я паліклініка. А ў 3–4 квартале плануецца завяршыць будаўніцтва паліклінікі на вуліцы Розы Люксембург».

Анжэла Бабарыка таксама распавяла, што цяпер ідзе перадпраектная распрацоўка забудовы на пляцоўцы «Гулівера» на вуліцы Прытыцкага. Па праекце дэталёвай планіроўкі на гэтай тэрыторыі можна размясціць да 70 тысяч квадратных метраў жылля. Плануецца, што гэты дом будзе індывідуальнай канструкцыі з падземным паркінгам. Таксама на гэтай пляцоўцы плануецца пабудаваць пяць дамоў панэльнага домабудавання, з якіх частка прадугледжана для тых, хто мае патрэбу.

Мінск па вуліцах і скверах — у дэталях

Намеснік генеральнага дырэктара ДВА «Мінскбуд» Аляксандр Яцко расказаў, дзе ў сталіцы прадугледжаны пляцоўкі для далейшага будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай?

У найбліжэйшы час пачнецца асваенне пад жыллёвае будаўніцтва новых пляцовак на вуліцы Выгоцкага і ў раёне вуліц Філімонава—Сталетава. ДВА «Мінскбуд» выступае заказчыкам па асваенні гэтых тэрыторый. На абедзвюх пляцоўках плануецца ўзвесці жыллё ў новай серыі завода эфектыўных прамысловых канструкцый. Прадпрыемства якраз сёлета завяршыла рэканструкцыю вытворчай базы і гатова выпускаць вырабы ў новай эканамічнай серыі, з сучаснымі планіроўкамі, добрым метражом кухняў і пакояў. Акрамя таго, ацяпляцца такія дамы будуць электрычнасцю — за кошт устаноўкі электракатлоў і воданагравальнікаў ў кожнай кватэры.

Зараз завяршаецца працэс узгаднення і экспертызы праектнай дакументацыі па пазапляцовачных сетках і праекце забудовы ў раёне вуліцы Выгоцкага. «Плануем сёлета ўжо выйсці на пляцоўку, адпаведныя рэсурсы выдаткаваны. У суме на гэтай тэрыторыі пабудуем больш за 100 тысяч квадратных метраў жылля. Кватэры прызначаюцца для маючых патрэбу. Да жылля дададуцца дзіцячы садок і школа, — заўважыў Аляксандр Яцко. — Што датычыцца вуліц Філімонава—Сталетава, то цяпер ідзе праца па праектаванні двух дамоў. Плануем пачаць будаўніцтва ўжо ў гэтым годзе. Паралельна займаемся адсяленнем людзей з існуючага старога жылога фонду, які ўзводзіўся адразу пасля вайны і не адпавядае ўжо ніякім сучасным стандартам і нормам. Намечана сёлета, пры наяўнасці фінансавання, прыступіць да зносу ўжо адселеных будынкаў. На гэтай тэрыторыі таксама з’явіцца больш за 100 тысяч квадратных метраў жылля.

Больш за тое, зараз актыўна забудоўваюцца мікрараёны «Лошыца-7» і «Лошыца-8», у наступным годзе плануецца старт асваення пляцоўкі мікрараёна «Лошыца-5», падкрэсліла намеснік дырэктара па эканамічных пытаннях УП «УКБ Мінгарвыканкама» Вікторыя Манава.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?