Вы тут

Раніца ў лесе: чытанне разам з Валерыем Кастручыным


Беларускай літаратуры пашчасціла на прыродазнаўчы характар. Успомніце творы Якуба Коласа, Янкі Маўра, Віталя Вольскага, Рыгора Ігнаценкі, Кастуся Кірэенкі і іншых мастакоў слова — і вы адчуеце неверагодную асалоду судакранання са словам і роднымі краявідамі, адчуеце пах травы і лясных дрэў, разгледзіце глыбіню азёрных вачэй, пабяжыце следам за рэкамі і ручаінамі... 


Фота: kastruchin.by

 

І сёння ў беларускай літаратуры працуе яркі, самабытны празаік, які, перш-наперш з разлікам на юнага чытача, зазірае ў таямніцы беларускай прыроды, падарожнічае па нацыянальных парках, запаведніках, узіраецца ў прыгажосць лясоў, знаходзіць словы, каб расказаць пра Прыпяць і Дняпро, Белавежскую пушчу і іншыя вечныя скарбніцы, вечныя цуды жыцця... Імя гэтага самаахвярнага ў служэнні адной тэме творцы — Валерый Кастручын. 

«З раніцы ў дуброве на ўсе галасы спявалі птушкі; на лясным поплаве мірна пасвіліся казулі; у балоце квакалі жабы. Але ў жыцці дзікай прыроды часта адбываюцца здарэнні, якія парушаюць мірную, спакойную карціну быцця. Вось і цяпер: на адным дубе сустрэліся два жукі-алені. У любым іншым выпадку яны б проста разбегліся — кожны ў свой бок. Але гэтыя алені варагавалі з-за тэрыторыі пражывання. У дуброве не было „звяроў“ больш упартых, чым гэтыя! Яны не маглі падзяліць не тыя прыгожыя і магутныя дубы, што раслі вакол, а адно хворае дрэва, з кары якога па кропельцы выцякаў сок. Гэты сок з’яўляецца любімым ласункам жукоў-аленяў. З-за гэтага соку яны былі гатовы біцца зноў і зноў. А біцца ім ёсць чым: жукі ўзброеныя вялікімі „рагамі“. За што, уласна кажучы, і атрымалі назву — алень. Счапіўшыся „рагамі“, яны імкнуліся скінуць адзін аднаго з дрэва...

Аднаго жука звалі Аскольд. Ён быў колеру спелага каштана, даўжынёй з пачак запалак, з доўгімі верхнімі сківіцамі, якія ўсе памылкова прымаюць за рогі. Аскольд нарадзіўся ў гэтай дуброве. Яшчэ лічынкай ён пяць гадоў жыў у трухлявым пні і толькі на шосты ператварыўся ў прыгожага жука-аленя з карычневымі „рагамі“. 
Другі алень, якога звалі Лукас, быў буйнейшы за Аскольда, і „рогі“ ў яго былі даўжэйшыя і мелі больш адросткаў. Ён лічыўся прышлым у дуброве, паколькі нарадзіўся ў суседнім лесе, і нават колер меў іншы — цёмна-карычневы і чорны — такое спалучэнне каштана з алівай. Чым яму не спадабаўся свой лес, цяжка сказаць. Дубы там таксама раслі. Можа, вільготных месцаў было няшмат. Дуброва, дзе жыў Аскольд, знаходзілася ў пойме вялікай ракі, таму і гнілых дрэў тут сустракалася больш. Як бы там ні было, Лукас, прыляцеўшы ў чужы лес, пачаў паводзіць сябе не як госць, а як новы гаспадар...» 

Валерый Кастручын піша на рускай мове. Казка «Апошні рыцар, ці Казкі жука-аленя» выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» па-беларуску ў перакладзе Вольгі Аляксеевай. Дынамічная дзея адпрэчвае казачную стылістыку. Аповяд чытаецца як уважлівы погляд пісьменніка на сапраўдную рэчаіснасць, прыродныя з’явы і рэальныя паводзіны тых ці іншых герояў. Пісьменнік-прыродазнаўца захоплена ўзіраецца у сутнасць таго, што адбываецца навокал...

Шмат каму падаецца, што пісаць аб прыродзе даволі проста. Маўляў, дастаткова быць уважлівым назіральнікам. Дадавай да ўбачанага асэнсаванне, развагі — і вось табе гатовыя старонкі бясконцых энцыклапедый пра жыццё жывой прыроды. Але нельга з такімі думкамі пагадзіцца. Першае, што вылучае пісьменніка-натураліста, — яго пастаяннае жаданне адкрываць свет прыроды напоўніцу. Нельга аддацца ў палон сентыментальных пераказаў — важна спасцігнуць сутнасць таго, што адбываецца вакол. У Віталія Біянкі было такое правіла: калі ліса паядае якую-небудзь жывёлу, то так і расказваць трэба пра гэта. Як ёсць, без ацэнак і каментарыяў жаласлівага характару. Нешта прыдумваць за прыроду — шлях няправільны. Цеплыня, дабрыня павінны выяўляцца ў іншым — у стаўленні чалавека да жывёл, яго спагадзе, ласцы там, дзе сам чалавек павінен прыняць рашэнне, дзе яму падыходзіць да той ці іншай дзеі... Відавочна, гэтым кіруецца і Валерый Кастручын. 

З кніг пільнага назіральніка за прыродай можна скласці цэлую бібліятэку: «Берёзкины одёжки», «Лосиный гриб», «Сказки лесной полянки», «Чудесные острова», «Жёлтая река», «Небесный колокольчик», «Сказки в лукошке», «Олень, спасибо», «Лети, бабочка!», «Лесное дитя», «Сказки старой черепахи», «Приключения храброго муравья», «Приключения зайца Пульки и его друзей», «Жила за морем гагара»... Валерый Кастручын узнагароджаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя В. В. Біянкі. А яго кніга «Ангел милый» у 2018 годзе ўвайшла ў шорт-ліст IX Міжнароднага Славянскага літаратурнага форума «Залаты Віцязь» у намінацыі «Літаратура для дзяцей і юнацтва». 

Чытаеш некаторыя творы Валерыя Кастручына і следам за аўтарам трапляеш у лес, на бераг маленькай рачулкі. Некаторыя апавяданні зусім кароткія, уяўляюць сабой мініяцюры літаральна з некалькіх кароткіх абзацаў. Але і яны прыцягальныя і запамінальныя. 

...Нарадзіўся Валерый Кастручын на Украіне. З бацькамі пераехаў у Беларусь. Закончыў сярэднюю школу, затым беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры. Паступова пачаў пісаць апавяданні і казкі пра прыроду. Упершыню надрукаваўся ў часопісе «Вясёлка». У хуткім часе перайшоў працаваць у газету «Зорька». Быў карэспандэнтам і рэдактарам дзіцячай рэдакцыі Беларускага тэлебачання, часопіса «Качели»... Выдаў болей 50 кніг для дзяцей і падлеткаў. І літаральна ўсе яны тэматычна звязаныя з прыродай роднага края. 
Кнігі Валерыя Кастручына ілюструюць найлепшыя кніжныя графікі Беларусі: Юрый Алісевіч, Алена Карповіч, Таццяна Беразенская, Юрый Струкаў, Віталь Дударэнка, Тамара Шэлест... Кожны з іх прыўнёс у яго кнігі нешта сваё, выключна аўтарскае. Іх малюнкі робяць выданні красамоўнымі, прыцягальнымі, што сведчыць: працуюць з пісьменнікам-прыродазнаўцам тыя мастакі, хто ведае і любіць родную прыроду. 

... А вяртаючыся да казкі пра жука-аленя, хацелася б сказаць і пра яго жаданне быць памагатым чалавека ў добрых справах... «Эх, умеў бы жук-алень гаварыць па-чалавечы, ён бы дапамог гэтаму ляснічаму знайсці браканьераў!..» Кнігі Валерыя Кастручына ўдзельнічаюць у барацьбе за прыроду, за экалагічную чысціню, за тое, каб планета наша была прыгожай і ўпарадкаванай!.. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.