Вы тут

Расказваем, як на мінулым тыдні вызначыліся беларускія спартсмены


Героі тыдня

Беларускія дзюдаісты выступілі на Усерасійскіх спаборніцтвах памяці В. Н. Гулідава Russіan Judo Tour у Краснаярску. У катэгорыі да 100 кг у схватцы за трэцяе месца прадстаўнік Беларусі Даніэл Мукетэ павінен быў сапернічаць з Заўрам Гасанавым, аднак незадоўга да паядынку прадстаўнік Расіі зняўся са спаборніцтваў з-за траўмы. Такім чынам, Даніэл Мукетэ аўтаматычна стаў бронзавым прызёрам турніру. Беларуская спартсменка Яна Макрэцкая таксама заваявала «бронзу». У паўфінале жаночага турніру ў вагавой катэгорыі да 63 кг яна ўступіла спартсменцы з Расіі Далі Лілуашвілі, а ў паядынку за «бронзу» ўпэўнена перамагла яшчэ адну расіянку — Аляксандру Саян. Ксенія Даніловіч папоўніла скарбонку беларускай каманды сярэбраным медалём. У паўфінале жаночага турніру ў вагавой катэгорыі да 52 кг Даніловіч упэўнена перамагла спартсменку з Манголіі, аднак у фінальным паядынку ўступіла расіянцы Дар'і Грыбанавай.

Медалі тыдня 

Беларускія стралкі з лука сталі ўладальнікамі чатырох узнагарод на міжнародным турніры «Grand prіx Nur-Sultan». У актыве беларусаў тры залатыя медалі. У асабістых спаборніцтвах жанчын «золата» выйграла Ганна Марусава. У мужчын найлепшым аказаўся Антон Куроўкін. Карына Дзямінская і Раман Нікіцёнак перамаглі ў спаборніцтвах змешаных пар. Беларус Фёдар Курэль стаў уладальнікам «бронзы» ў юніёрскіх спаборніцтвах.

Цытата тыдня

«Я выступаю ад імя ўсіх спартсменаў-паралімпійцаў Рэспублікі Беларусь. Хачу данесці да вас наш боль і неразуменне рашэння Выканкама Міжнароднага Паралімпійскага камітэта аб адмове ўсёй беларускай камандзе ў выступленні на зімовых Паралімпійскіх гульнях 2022 года ў Пекіне. Уся праведзеная намі работа, гады трэніровак аказаліся марнымі. Ва ўгоду палітыцы ў ахвяру прынесены не толькі спартыўныя прынцыпы, але і лёсы людзей, якія сваім прыкладам імкнуцца матываваць іншых на развіццё і ўдасканаленне. Спорт заўсёды быў і павінен заставацца па-за палітыкай! Паралімпійскі рух — сімвал роўнасці, даступнасці, аб'ектыўнасці і бесстароннасці. Балюча ўсведамляць, што гэтыя непарушныя асновы сёння фактычна разбураюцца», — член нацыянальнай паралімпійскай каманды Беларусі па лыжных гонках і біятлоне Валянціна Шыц выступіла на 15-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў — удзельніц Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Валянціна Шыц — бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2017 года, двухразовы пераможца Кубка Еўропы 2021 года, двухразовы сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2022 года, удзельніца трох зімовых Паралімпійскіх гульняў.

Спартсменка адзначыла, што Канвенцыя ААН па правах інвалідаў дала людзям з інваліднасцю веру ў тое, што іх правы на роўнасць будуць прытрымлівацца ўсіх дзяржаў, арганізацый і тым больш міжнародных аб'яднанняў спартсменаў. Таму спартсменка звярнулася да ўдзельнікаў канферэнцыі з просьбай выкарыстаць усе магчымасці і міжнародны ўплыў, каб заклікаць Міжнародны паралімпійскі камітэт перагледзець свае рашэнні ў адносінах да беларускіх спартсменаў-інвалідаў.

Поспех тыдня

Беларускія баксёры заваявалі тры залатыя медалі на юніёрскім міжнародным турніры памяці Уладзіміра Батвінніка ў Мінску. У спаборніцтвах дзяўчат найлепшымі сталі Аліна Кардзюшова (57 кг) і Арына Барсук (63 кг). У спаборніцтвах хлопцаў беларус Іван Лабазанаў перамог у вагавой катэгорыі 75 кг.

У турніры прынялі ўдзел спартсмены са Славеніі, Расіі, Узбекістана, Літвы і Латвіі.

Камбэк тыдня

Хакейны клуб «Дынама-Мінск» падпісаў кантракт з канадскім нападаючым Раянам Спунерам. Форвард ужо выступаў за «зуброў» у сезонах 2019/20 і 2020/21, за 79 матчаў набраў 76 балаў. Раян Спунер стаў трэцім легіянерам, падпісаным мінскім «Дынама» ў гэтае міжсезонне. Раней склад сталічнага клуба папоўнілі канадцы Шон Лалонд і Брэндан Казун.

Няўдача тыдня

Футбольная зборная Беларусі пацярпела другое паражэнне ў матчах Лігі нацый, уступіўшы на выездзе камандзе Азербайджана. Вынік сустрэчы 0:2. Становішча каманд пасля 4 гульнявых дзён: Казахстан — 10 ачкоў, Славакія — 6, Азербайджан — 4, Беларусь — 2. Заключныя матчы адбудуцца восенню.

Турнір тыдня

У Мінску завяршыўся І этап Нацыянальнай лігі па баскетболе 3х3, дзе вызначыўся лідар у самай масавай катэгорыі. У катэгорыі «Агульная» для ўдзелу ў першым этапе Лігі падалі заяўкі 70 каманд. Пераможцам стаў магілёўскі квартэт 3х3BY у складзе Рамана Кантаністава, Аляксандра Харкевіча, Сяргея Татура і Максіма Далганосава. У вырашальным матчы яны ўзялі верх над камандай «Майкі» з лікам 17:12. Наступны этап Нацыянальнай лігі па баскетболе 3х3 PALOVA пройдзе 9—10 ліпеня 2022 года.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.