Вы тут

Лукашэнка: Для сельскай гаспадаркі настаў залаты век


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці наведаў ААТ «Агракамбінат «Юбілейны». Гаспадарка перадавая і ўзорная. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у такія трэба прыязджаць, каб проста паглядзець і адпачыць. Прадпрыемства ўтварылася ў выніку аб’яднання шэрагу больш дробных гаспадарак, што дало магчымасць. сканцэнтраваць вытворчыя сілы і кармавую базу. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся шэрагам аспектаў у працы агракамбіната, у тым ліку па пытаннях забяспечанасці тэхнікай, піша БелТА


Ужо ў маштабе краіны абмяркоўваўся ход нарыхтоўкі травяністых кармоў. Аб гэтым далажыў кіраўнік Мінсельгасхарча Ігар Брыло. Рэгіёны вытрымліваюць раней складзены план, сітуацыя складваецца пазітыўна. Асобнае пытанне — нарыхтоўка ў палімерную плёнку. Частка матэрыялу закуплялася па імпарце, ёсць і беларускія аналагі, але іх кошт таксама дастаткова высокі. І тут жорсткае патрабаванне Прэзідэнта, у тым ліку ў разрэзе імпартазамяшчэння. «На жорсткі кантроль ураду, каб гэта плёнка была на працягу года. Гэта перспектыўная тэхналогія, — даручыў Прэзідэнт. — Плёнка павінна быць. І гэта тэхналогія павінна быць таннай, даступнай і для слабых. гаспадарак. Калі будзе танны гэты працэс, нікога не трэба будзе ўгаворваць».

Аляксандр Лукашэнка спытаўся і пра тое, як міністр ацэньвае развіццё Віцебшчыны ў пытанні АПК. «Мне патрэбны вынік. Парадак тут павінен быць. Патрэбна дысцыпліна. Будзе дысцыпліна — праблем не будзе», — падкрэсліў ён, адзначыўшы, што гэта пытанне па вобласці павінна быць на асаблівым кантролі ў міністра.

Кіраўнік дзяржавы ў агракамбінаце азнаёміўся з работай малочнатаварнага комплексу «Купалінка». Тут ён звярнуў увагу на яшчэ адно важнае пытанне, якое патрабуе ўвагі ў АПК, — захаванасць жывёлы. «За падзеж жывёлы адкажаце галавой», — папярэдзіў беларускі лідар.

У час наведвання кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся і праблемныя пытанні ў рэгіянальным разрэзе. Адно з іх — меліярацыя. Аляксандр Лукашэнка даў канкрэтныя ўказанні наконт гэтага, даручыўшы вызначыць схему фінансавання і аб’ёмы работ.

Прэзідэнт таксама закрануў пытанні развіцця сыравінных зон. Ён падкрэсліў, што ў гэтай рабоце нароўні з дзяржаўнымі павінны ўдзельнічаць і прыватныя сельгасарганізацыі. Кіраўнік дзяржавы бачыць перспектыву ў далейшым узбуйненні гаспадарак у АПК: «Мы ўсё роўна будзем ісці да буйных кампаній». Паводле яго слоў, гэтага патрабуюць сучасныя рэаліі — аб’ядноўвацца, далучаць землі. Адначасова Прэзідэнт звярнуў увагу на падрыхтоўку кадраў на базе такіх гаспадарак. «Трэба кадры гадаваць свае», — падкрэсліў ён.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка ў агракамбінаце наведаў машынны двор, азнаёміўся са станам і абслугоўваннем тэхнікі.


Прэзідэнт таксама паразмаўляў з працоўным калектывам агракамбіната «Юбілейны», адказаў на пытанні вяскоўцаў.

«Вы павінны ў гэтыя гады ўзяць свае грошы»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць скарыстацца добрай кан’юнктурай цэн на прадукты харчавання на сусветным рынку і ў бліжэйшыя некалькі гадоў паспяхова спрацаваць у сельскай гаспадарцы. «Для сельскай гаспадаркі наступіў залаты век. Сітуацыя зараз складваецца такая, што нам трэба кроў з носу гэты і наступны год спрацаваць добра ў сельскай гаспадарцы. Таму што ваша прадукцыя, асабліва за межамі краіны, каштуе вялікіх грошай. Цэны на прадукты харчавання падскочылі неймаверна. Таму трэба ўмець узяць тое, што мы павінны. Для сельскай гаспадаркі, шчыра кажу, наступіў такі залаты век.Колькі ён працягнецца, ніхто не ведае. Але я перакананы, што гэты і наступны гады будуць нашымі — тых, хто займаецца сельскагаспадарчай вытворчасцю і вырабляе прадукты харчавання, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму як бы ні было цяжка, вы павінны ў гэтыя гады ўзяць свае грошы. Для таго, каб паправіць матэрыяльнае становішча, недзе з крэдытамі разлічыцца і далей спакойна працаваць».

«Вам яшчэ раз дзякуй за тое, што вы рызыкнулі працаваць у сельскай гаспадарцы і працуеце. Ведаю, што ўсё складваецца не зусім проста. Але ваша гаспадарка нядрэнная. У вас у руках усё для таго, каб жыць нармальна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Калі будуць нармальныя ўмовы жыцця і працы, людзі сюды прыйдуць»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што апошнія гады ў сельскай мясцовасці ствараюцца камфортныя ўмовы для жыцця і працы людзей. Прэзідэнт нагадаў, што па яго патрабаванні ў Беларусі атрымалі развіццё аграгарадкі. Іх мэтай якраз і было стварэнне ў вёсцы больш камфортных умоў для жыцця, каб замацаваць людзей у рэгіёнах. Аднак усё гэта не дасць выніку, калі не стварыць працоўныя месцы і годныя ўмовы працы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Але яны будуць нішто, калі не будзе добрай тэхнікі, добрых комплексаў — машынны двор, збожжаток, калі не будзе добрых умоў працы. У нас, дарэчы, спачатку быў перакос: аграгарадкі стварылі, а тэхналогіі і тэхніка адставалі. А зараз пачынаем падцягваць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта працэс не хуткі, не адна гаспадарка, а іх тысячы. Але за пяцігодку краіна будзе іншай і ў сельскай гаспадарцы таксама, калі скарыстаемся гэтым момантам, калі прадукты харчавання падаражэлі (па ўсім свеце. — Зв.)» .

«Калі будуць нармальныя ўмовы жыцця (гэта перш за ўсё) і работы, людзі сюды прыйдуць», — адказаў кіраўнік дзяржавы на пытанне, якія меры трэба прыняць для замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў свой час, будучы кіраўніком гаспадаркі, сутыкнуўся з праблемай лішку рабочых кадраў, і гэта, на яго думку, горш, чым недахоп. «Мы будзем усё роўна, як і ва ўсім свеце, ісці да таго, што колькасць насельніцтва ў вёсцы залішняй не будзе. Будуць толькі тыя, хто павінен працаваць», — растлумачыў Прэзідэнт.

Калі б Беларусь не захавала такія буйныя формы гаспадаркі, як калгасы і саўгасы, а пайшла па шляху драбнення на фермерскія гаспадаркі, то адток людзей з сельскай мясцовасці быў бы яшчэ большым, упэўнены Прэзідэнт. Аднак у краіне захаваны і тыя і іншыя формы гаспадарання ў вёсцы, што дае магчымасць аграпрамысловаму комплексу спакойна развівацца. «Дзесьці больш фермераў, дзесьці менш, хтосьці сыходзіць, хтосьці прыходзіць і гэтак далей. Камусьці рэдка, але перадаём стратныя калгасы і саўгасы. Але насельніцтва ўсё роўна будзе скарачацца. Я спрабую ўтрымаць колькасць насельніцтва ( на вёсцы. — Зв.), хоць, калі глядзіш па статыстыцы, у нас значна ў вёсцы насельніцтва скарачаецца. Але яго дастаткова, таму што тэхніка іншая прыходзіць», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Бяром з рэгіёнаў людзей, каб наверх паднімаліся»

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Беларусі нацэлена на ўсебаковую падтрымку дзяцей як у частцы іх выхавання, навучання, медыцынскай дапамогі, так і адносна мер падтрымкі пры працаўладкаванні ў малых населеных пунктах. «Прычым мы дапамагаем як ні адна дзяржава ў свеце, хоць мы не самая багатая дзяржава. Дапаможам з дзеткамі. Але вы павінны разумець, што дзеці — гэта ваша, вы іх нараджалі і вы павінны перш за ўсё за іх адказваць, а потым — дзяржава» , - адзначыў Прэзідэнт.

У Беларусі, паводле яго слоў, укладзены каласальныя грошы ў сферу аховы здароўя, у тым ліку для аказання якаснай дапамогі маці і дзецям. Дарэчы, сітуацыя з каранавірусам пацвердзіла, што краіна выбрала правільны шлях як у развіцці айчыннай медыцыны ў цэлым, так і ў стратэгіі барацьбы з COVID-19. 

Дзяржаўная падтрымка аказваецца і сферы адукацыі, асабліва ў частцы забеспячэння навучальнага працэсу для дзяцей з сельскіх раёнаў. «Мы ствараем роўныя ўмовы для ўсіх. Я заўсёды арыентую ВНУ: вы паглядзіце на глыбінку, на рэгіёны, там у дзетак не такія магчымасці, як у Мінску. А мы ВНУ апанавалі мінскімі школьнікамі, і студэнты, як толькі якая заварушка, яны ў першых шэрагах. Таму што яны не ад зямлі, не бачылі гэтага нармальнага жыцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на кандыдатаў з рэгіёнаў часта робіцца стаўка пры падборы кіруючых кадраў у краіне: «Бяром з рэгіёнаў людзей, каб наверх узнімаліся адсюль людзі: кіравалі краінай, міністрамі былі і гэтак далей».

Ён запэўніў, што дзяржава працягне ствараць умовы для замацавання моладзі ў вёсцы. «Але пажадана, каб і вы былі душой з гэтай зямлёй, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі вашыя дзеці будуць прывязаны да зямлі, ніякае замацаванне не трэба. Яны прыедуць, атрымаюць адукацыю, спецыяльнасць, прыйдуць да кіраўніка і скажуць: „Я гатовы ўперціся і рабіць у цябе вось гэта, а ты мне дапамажы дом пабудаваць“. Кожны кіраўнік заўсёды гэта зробіць. Гэта ваша выхаванне, як вы будзеце выхоўваць вашых дзяцей».

«Будзем рамантаваць. І асабліва мясцовыя дарогі»

Прэзідэнту было зададзена пытанне, ці будзе дзяржава ва ўмовах санкцый і ў далейшым падтрымліваць рэканструкцыю мясцовых дарог. «Не проста будзе. Мы павінны ўзмацніцца зараз», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для гэтага ёсць усе магчымасці. Аснова асфальту — нафтапрадукт — бітум, а для Беларусі нафта ў дадзены момант даступная па кошце ў параўнанні з сусветным узроўнем. Што да бетону для пакрыцця дарожнага палатна, то ў краіне таксама мадэрнізаваны адпаведныя вытворчасці, ёсць неабходныя магутнасці. «Гэта значыць чаму сёння не будаваць дарогі і не рамантаваць? Нам і будаваць іх не шмат трэба, нам трэба гэтыя ўтрымліваць. Мы прынялі праграму будаўніцтва і мадэрнізацыі мясцовых дарог. Мы не адстаём. Там тысячы кіламетраў дарог. Мадэрнізуем, аднаўляем. І няма ў нас прычыны, каб пад нейкімі санкцыямі згарнуць гэту работу, — заявіў Прэзідэнт. — Будзем рамантаваць. І асабліва мясцовыя дарогі. Ад раённага цэнтра да аграгарадка за пяцігодку ўсе дарогі павінны быць. Двухпалосныя, нам не трэба там аўтабаны, але ў добрым стане. І ад вобласці да ўсіх раёнаў дарогі павінны быць нармальныя».

Гаворачы аб санкцыях, кіраўнік дзяржавы адзначыў запатрабаванасць таго, што вырабляецца ў краіне: «Адзенне, прадукты харчавання, наша тэхніка... Мы не паспяваем выконваць заказы, якія нам паступаюць на прадпрыемствы. Вось і санкцыі... Таму не трэба перажываць. Нас душаць санкцыямі гадоў 20. Ну зараз больш жорсткія санкцыі ўвялі гэтыя мярзотнікі».

«Галоўнае, каб было каго апранаць у гэтае адзенне»

Пытанне аб ініцыятыве абавязковага нашэння школьнай формы задала адна з работніц прадпрыемства, адзначыўшы, што ў бацькоў узнікае пытанне аб асартыменце, даступнасці і цане. «Чуў аб гэтым. Шырокага распаўсюджвання не атрымала, але абавязкова займуся гэтым пытаннем так, як вы сказалі: даступнасць, цана. Абяцаю, што ніхто там на кішэню працаваць не будзе», — паабяцаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на асартымент: «Павінна быць маса разнастайнасці. Не павінна быць як у савецкія часы — ні налева, ні направа. Так, не павінна быць „разбэшчанасцi“, як модна казаць, дрэс-код. Але не трэба заганяць дзяцей у нейкая вузкая прастора.Гэта разнастайнасць павінна быць дастатковай.Абяцаю гэтым заняцца.І паглядзім па кошце.Я не думаю, што там хтосьці будзе загінаць кошт. Ды гэта і пад кантролем усё.Да 1 верасня мы адрэгулюем гэтае пытанне.Не перажывайце. Галоўнае, каб было каго апранаць у гэтае адзенне».

«Усе хочуць дадому»

Адказваючы на пытанні работнікаў агракамбіната, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, на якіх умовах могуць вярнуцца ў Беларусь тыя, хто раней збег з краіны.

«Пабеглі за мяжу, а сёння 95% (яны ўжо пішуць адкрыта) хочуць назад вярнуцца: „Вось калі б Аляксандр Рыгоравіч дараваў і адкрыў мяжу...“ 95% вярнуліся б. Я не супраць: хто ў турму, хто куды — хто што заслужыў . Трэба вяртацца. Вы там не прыжывецеся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, многія краіны, куды з’язджалі збеглыя з Беларусі, сталі потым прымаць бежанцаў з Украіны, але ў далейшым, сутыкнуўшыся з праблемамі з-за моцнай міграцыі, пачалі скарачаць аказанне дапамогі перасяленцам з іншых дзяржаў. «Нашы там ужо на падхваце, усе хочуць дадому», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».