Вы тут

Зарубіны на сэрцы


Прэзентацыя кнігі «Генацыд беларускага народа» у Брэсце супала з адкрыццём перасоўнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны невыпадкова. Мерапрыемствы адбыліся на адной лакацыі — у кінатэатры «Беларусь» — і аб’яднаныя яны адной тэмай. Названыя імпрэзы адкрылі насычаную праграму мерапрыемстваў з нагоды Дня Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Грунтоўная праца калектыву аўтараў пад рэдакцыяй генеральнага пракурора краіны Андрэя Шведа ўжо была прадстаўлена ў сталіцы, а таксама ў некалькіх гарадах нашай вобласці. 


На прэзентацыі расказалі, што над матэрыяламі, якія сталі асновай зместу выдання, працавалі работнікі пракуратуры цэлы год. Кожны раздзел кнігі змяшчае звесткі пра канкрэтны рэгіён. Што ні абзац — то ссылка на архіў, а ў ім факты з крымінальнай справы, факты, якія скрупулёзна правераныя. Такія, напрыклад, як звесткі пра забойствы амаль 20 тысяч чалавек ў канцэнтрацыйным лагеры ля вёскі Калдычэва ў Баранавіцкім раёне альбо расстрэл 50 тысяч грамадзян ва ўрочышчы Бронная Гара Бярозаўскага раёна. Выяўлены цэлы шэраг новых фактаў — прыкладна 500 — зверскай расправы над людзьмі. 

— Варта прызнаць, што быў перыяд у нашым жыцці, калі мы палічылі, што «фашызм», «генацыд» — паняцці, якія раз і назаўсёды сыходзяць з нашага жыцця. Але мы памыліліся — сказаў на цырымоніі адкрыцця выставы-прэзентацыі старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. — І нацызм, і розныя праявы генацыду узнікаюць, на жаль, у новых формах. І сённяшняе мерапрыемства накіравана на тое, каб не дапусціць гэтую навалу ў наша грамадства, каб дакладна размяжоўваць паняцці дабра і зла. 

Мэр Брэста выразіў падзяку ўсім, хто мае дачыненне да гэтай грунтоўнай працы, асабліва работнікам пракуратуры. 

Пракурор горада Брэста Андрэй ВАЛАДЗЬКО расказаў пра работу над кнігай, пра тое, як знаходзілі новыя матэрыялы, апытвалі сведак, якая пошукавая работа была праведзена ў кожным раёне. Паведаміў, што работа працягваецца. Цалкам верагодна, што будуць скарэктаваны і колькасць знішчаных вёсак і лічбы ўрону, які нанесены нашай краіне падчас вайны.

— Калі чытаеш гэтыя матэрыялы, тыдзень не можаш спаць — сказала галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь» Ларыса Языковіч. — Успаміны, сведчанні відавочцаў аб тым, як зганялі людзей, як штыкамі калолі, жывымі ў яму скідвалі, як спальвалі жыўцом — гэта не можа не кранаць, не можа не пакідаць зарубіны на сэрцы. Гэта складана нейкім чынам асэнсаваць і дараваць... Раней мы думалі, што ўсё ўжо напісана пра вайну, усё сказана, усё даследавана. Аказваецца, не ўсё. Таму падобныя кнігі патрэбныя, трэба, каб з імі знаёмілася кожнае пакаленне. Гістарычная праўда ў дакументах і фотаздымках не выклікае сумненняў, не дапускае іншых трактовак.

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў, не толькі на гісторыкаў, музейных работнікаў, у ёй знойдуць патрэбны матэрыял настаўнікі, журналісты, ідэолагі, ды і любы чалавек, які цікавіцца сваім мінулым. 

«Кніга павінна быць у кожнай бібліятэцы — выказала сваё меркаванне карэспандэнту ўдзельніца прэзентацыі пенсіянерка Марыя Валасовіч. — Яе павінны чытаць маладыя». Верагодна так і будзе. На прэзентацыі прысутнічалі настаўнікі брэсцкіх школ, рэктары абодвух брэсцкіх ВНУ, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.