Вы тут

Паміж двух агнёў. Чаму бацькам не варта высвятляць адносіны пры дзецях?


З ранняга дзяцінства менавіта ў сям'і мы вучымся ўзаемадзейнічаць з блізкімі, любіць, прымаць сябе і навакольных. «Спрыяльны клімат» і ўзаемную павагу, на жаль, не заўсёды атрымліваецца сустрэць у сям'і. Высвятляючы адносіны паміж сабой, лаючыся і скандалячы, бацькі наносяць непапраўны ўрон дзіцячай псіхіцы. Сямейныя «разборкі» развіваюць пачуццё няўпэўненасці ў сабе, неабароненасці і нават часам пазбаўляюць даверу да свету. Чым дрэнныя канфлікты бацькоў на вачах у дзяцей і чаму нельга ўпадаць у іншую крайнасць — цалкам іх хаваць ад дзяцей? Пра гэта разважаем разам з псіхолагам сталічнага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Аляксеем Белацаркоўцам.


Частыя канфлікты дарослых і размовы на павышаных танах можна сустрэць не толькі ў нешчаслівых сем'ях, але і, як прынята лічыць, ва ўзорна паказальных. Бо часта за вонкавым «фасадам» дабрабыту і дастатку хаваюцца адносіны вельмі дырэктыўныя і абясцэньвальныя. Ад бацькоў можна нярэдка чуць: «Дзіця яшчэ маленькае, яно нічога не разумее». Але гэта зусім не так.

— Канфлікты паміж дарослымі ў большасці сваёй маюць негатыўныя, а часам і сумныя наступствы, — кажа суразмоўнік. — Неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці дзяцей і ўсведамляць тыя сітуацыі, якія траўміруюць іх. У сем'ях, дзе праблемы бацькоў вырашаюцца ў прысутнасці дзяцей, нярэдка назіраюцца непаспяховасць у школе ў выніку павышанай трывожнасці, парушэнне сну, пагаршэнне паводзін для прыцягнення ўвагі.

Для такіх дзяцей характэрная адсутнасць пачуцця бяспекі і ўласнай абароненасці, яны могуць адыгрываць негатыўны досвед на больш слабых равесніках альбо, наадварот, станавіцца мішэнню для ціску мацнейшых аднагодкаў. Вуліца станавіцца больш камфортным і бяспечным месцам, у тым ліку каб не назіраць прыніжэнне аднаго з бацькоў.

— Калі ў сям'і практыкуецца гвалт, то асабліва хлопчыкам цяжка не мець магчымасці супрацьдзейнічаць бацьку, калі ён крыўдзіць маму. У іх нярэдка назіраюцца бескантрольныя прыступы агрэсіі, якія выліваюцца на аднагодкаў. Дзяўчынкі ў будучыні на падсвядомым узроўні ўступаюць у канкурэнцыю са сваім партнёрам, душачы яго псіхалагічна і спрабуючы адпомсціць бацьку за пакуты маці. Гэта лёгка тлумачыцца такімі прыкладамі, як пасля нярэдкіх сварак муж і жонка часта не могуць нават успомніць, з-за чаго пачалася сварка. Наш негатыўны дзіцячы вопыт накладваецца на наша дарослае жыццё і нікуды не знікае, — папярэджвае псіхолаг.

Пры гэтым дзеці, якія назіралі агрэсію і сцэны гвалту паміж бацькамі, могуць мець шмат спагады ў стаўленні да бацькоў і шчыра шкадаваць іх. Але ўсё гэта зусім не азначае, што калі яны вырастуць, то не працягнуць тую ж лінію паводзін. Пасталеўшы і ўсведамляючы гэта, не ва ўсіх атрымліваецца справіцца з эмоцыямі і пачуццём віны, і ў выніку людзі могуць прыахвоціцца да алкаголю або іншых самаразбуральных формаў залежнасці.

Аднак сустракаюцца і падводныя камяні ў супрацьлеглай стратэгіі выхавання, калі бацькі імкнуцца поўнасцю засцерагчы дзяцей ад магчымасці высвятлення адносін нават у канструктыўнай форме. Муж і жонка па зразумелых прычынах не жадаюць наносіць псіхалагічных траўмаў свайму дзіцяці, цалкам агароджваюць яго ад высвятлення ўзаемаадносін у яго прысутнасці, забываючы аб эмацыянальным фоне.

Вось просты прыклад. Бацькі знаходзяцца ў выдатным настроі, дзіця побач, і ўсё цудоўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Раптам у выніку некаторых дзеянняў мужа ці жонкі ў іншага з'яўляецца пачуццё крыўды. На невербальным узроўні партнёры даюць зразумець адно аднаму, што яны знаходзяцца ў стане канфлікту. Улічваючы іх стратэгію не праяўляць наогул ніякіх негатыўных эмоцый да партнёра, дзіця аказваецца ў поўнай разгубленасці. Бо толькі што было ўсё так добра, бацькі ўсміхаліся і цудоўна размаўлялі паміж сабой. Яму складана зразумець, што здарылася. Такія дзеці не маюць магчымасці вучыцца канструктыўна ўзаемадзейнічаць з партнёрам у будучыні. Назіраючы за бацькамі, дзіця часцей за ўсё імкнецца ў будучыні выбудаваць мадэль паводзін і ўзаемадзеянні са сваім партнёрам менавіта з досведу, атрыманага ў дзяцінстве.

Як правільна сябе паводзіць?

— Найперш не варта баяцца абмяркоўваць пры дзіцяці тэму, на якую ў кожнага з бацькоў уласнае меркаванне. Няхай непрыемная сварка ператварыцца ў канструктыўны дыялог. Не выкарыстоўвайце ненарматыўную лексіку і абразы ў адрас адно аднаго. Гэтак жа вельмі непажаданае абясцэньванне аднаго з партнёраў ці прыніжэнне яго значнасці. І калі не грэбаваць гэтымі простымі правіламі, то вы зможаце не толькі пазбавіць сваіх дзяцей ад псіхалагічных паталогій, але і навучыць іх правільна вырашаць канфлікты ў будучыні, — рэзюмуе псіхолаг.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».