Вы тут

Музей у Бабінавічах: Вёска, дзе 9 месяцаў стаяла лінія фронту. Фотарэпартаж


Вайна ў вёсцы Бабінавічы Лёзненскага раёна пакінула цяжкі і крывавы след. Жывая памяць пра тыя апаленыя дні і сёння жыве ў сэрцах пакалення, народжанага ў перадваенны і ваенны час. Засталіся толькі адзінкі з тых вясковых жыхароў, чыё дзяцінства прыпала на ліхалецце саракавых. Яны добра памятаюць, як ад вялікага населенага пункта засталося толькі чатыры хаты, як Бабінавічы сталі рубяжом фронту на цэлых дзевяць месяцаў. А яшчэ памяць жыве ў невялікім вясковым музеі баявой славы — першым музеі ў раёне, дзе сабраны важныя артэфакты і дакументы. Памяць захоўвае і брацкая магіла, якая знаходзіцца на высокім пагорку ў цэнтры вёскі — самым буйным мемарыяльным комплексе Лёзненшчыны. Тут, на плітах воінскага пахавання, якому прысвоены асабісты нумар — 4317, пазначаны прозвішчы дзвюх тысяч сямісот васьмідзесяці аднаго абаронца. Але і да гэтуль ніхто дакладна не ведае, колькі яшчэ салдат спачывае пад гэтым курганам і чакае свайго часу, адкрыцця. Пошукамі тых, хто прапаў без вестак на Бабінавіцкіх вышынях, займаецца музей, які за ўвесь перыяд свайго існавання вярнуў з небыцця болей за дзве тысячы пяцьсот невядомых імён. Калі кіраўніком музея стала Дзіна Багдановіч (яна на гэтым фота), на новых плітах з'явіліся прозвішчы яшчэ адной тысячы ста дзевяноста пяці чырвонаармейцаў радавога і афіцэрскага складу, а таксама партызан. Пошукі працягваюцца і да сёння. Дзіна Анатольеўна часта падымаецца на курган, каб зверыць архіўныя даныя са спісам на мемарыяльных дошках, паглядзець на стан помніка, навесці парадак каля абеліскаў.


У Бабінавіцкіх ваколіцах фронт стаяў цэлых дзевяць месяцаў — з лістапада 1943 да чэрвеня 1944-га. Адсюль, з вышынь і балот пачыналася вызваленча-наступальная аперацыя «Баграціён». Некалькі разоў Чырвоная армія спрабавала прарваць абарону гітлераўцаў, але не ўсе атакі мелі станоўчы вынік. У адной такой аперацыі каля вёскі Асіпенкі трыццаць восем байцоў мінамётнага палка авалодалі вышынёй і на працягу некалькіх дзён адбівалі варожыя атакі супраць 800 нямецкіх пехацінцаў, адбілі іх чатыры атакі, знішчылі болей за 250 гітлераўцаў. А паколькі сувязі з армейскім камандаваннем не было, ніхто не ведаў, ці жывыя мінамётчыкі. І таму спачатку залічылі іх у спісы тых, хто прапаў без вестак. Пра гэты ваенны эпізод пісалі многія франтавыя газеты. Пасля вайны, у 1959 годзе, адна з такіх газет трапіла на вочы настаўніцы гісторыі і геаграфіі Бабінавіцкай школы Галіне Цімчанцы. І яна з вучнямі занялася пошукам відавочцаў тых баёў. Перапіска з франтавікамі і камандзірам той батарэі Леанідам Ціхмянавым і камсоргам Сяргеем Багамолавым дала плён і кірунак для далейшага пошуку. А потым узнік і народны школьны музей, а на безыменнай вышыні пад Асіпенкамі ўзвялі курган і назвалі яго ў гонар камандзіра — Ціхмянаўская вышыня. Галіна Аляксандраўна Цімчанка на працягу 40 гадоў кіравала музеем, і дзякуючы ёй воінскае пахаванне ў Бабінавічах таксама ператварылася ў галоўны мемарыял раёна. У гэтым ёй дапамагала настаўніца пачатковых класаў Дзіна Багдановіч. Калі першы кіраўнік музея па стане здароўя не змагла спраўляцца, музейна-пошукавую справу стала працягваць Дзіна.

У 2018 годзе Галіны Цімчанкі не стала, але жыхары вёсак Бабінавічы і Асіпенкі не забылі сваю настаўніцу, ахвяравалі грошы, каб каля падножжа воінскага пахавання ўсталяваць памятную дошку з партрэтам заслужанай зямлячкі. На гэтым прыкладзе павагі і памяці вяскоўцы прадэманстравалі нераўнадушша да гісторыі свайго народа, да людзей, якія абаранялі Радзіму, і тых, хто шукаў праўду і захоўваў яе для іншых пакаленняў. У 2009 годзе і мне давялося сустракацца з мужнай і працавітай музейшчыцай і ў «Звяздзе» з'явіўся яе фотапартрэт. А былы школьны музей з-за таго, што школу закрылі, пераехаў у будынак сельскага выканаўчага камітэта. Дзіна Анатольеўна па-ранейшаму вядзе пошукавую працу, піша ў архівы лісты, перапісваецца з роднымі і нашчадкамі герояў, збірае артэфакты, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да вайны на бабінавіцкай зямлі. За зберажэнне і папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны і асабісты ўклад ва ўвекавечванне памяці аб загінулых і ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі Дзіне Багдановіч была ўручана дзяржаўная ўзнагарода.

 

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».