Вы тут

Студэнты пачалі працаваць на рэканструкцыі комплексу «Хатынь»


У работах па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» плануюць задзейнічаць каля 200 студэнтаў. Аб гэтым расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская.


«Ахвотных трапіць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў «Хатыні» было шмат, аднак набор у нас абмежаваны. Работы на аб'екце будуць арганізаваны паэтапна, у тым ліку будуць і валанцёрскія заезды ў выхадныя. Першым прыступіў да работы студатрад БНТУ, паколькі гэты ўніверсітэт — флагман студатрадаўскага руху. Далей у рэканструкцыі прымуць удзел хлопцы і дзяўчаты з Лагойскага раёна, якія шмат разоў бывалі ў гэтым мемарыяльным комплексе. А пасля да работ прыступяць студэнты з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Далей па меры з'яўлення аб'ёмаў работ будуць падключацца і астатнія ахвотныя», — распавяла Надзея Шахоўская. Паводле яе слоў, хоць у работах плануюць задзейнічаць каля 200 студэнтаў, з улікам таго, што ў мемарыяльны комплекс хлопцы і дзяўчаты будуць прыязджаць амаль кожныя выхадныя, чалавека-гадзін і чалавека-дзён, на думку Надзеі Шахоўскай, будзе не менш за тысячу.

«Мы рэканструіравалі «Хатынь» 20 гадоў таму, і тады БРСМ атрымаў падзяку ад кіраўніка дзяржавы. Цяпер прыйшло наступнае пакаленне, якое таксама будзе выконваць такія работы. Гэта вельмі важна і сімвалічна, паколькі моладзь стане правадніком тых каштоўнасцяў і той памяці, якую захоўвае гэтае месца», — сказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў.

Студэнцкі будаўнічы атрад «Мінск-955» імя Героя Савецкага Саюза Івана Ільіча Кустава пачаў 14 чэрвеня работы на аб'ектах капітальнага рамонту і рэканструкцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», якому Указам № 176 Прэзідэнта Беларусі ад 13 мая 2022 года прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Першы студэнцкі будаўнічы атрад для работы на знакавым гістарычным аб'екце — рэканструкцыі мемарыяла «Могілкі вёсак» у мемарыяльным комплексе «Хатынь» — сфарміраваны на базе штаба працоўных спраў БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў складзе дзесяць чалавек.

Прыняць удзел ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі могуць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў. Гэта дазволіць аб'яднаць іх грамадзянска-патрыятычнай ідэяй, будзе садзейнічаць павышэнню сацыяльнай актыўнасці моладзі, а таксама папулярызацыі і развіццю студатрадаўскага руху.

Паміж ЦК БРСМ і Дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь» заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Яго мэта — узаемадзеянне бакоў па папулярызацыі грамадзянскіх каштоўнасцяў, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі праз гістарычную памяць, арганізацыю вольнага часу моладзі, уцягванне юнакоў і дзяўчат у сацыяльныя валанцёрскія праекты.

Запіс у студэнцкія атрады яшчэ ідзе. Зусім хутка будуць стартаваць адзін за адным рэспубліканскія працоўныя праекты. Сярод іх, акрамя «Хатыні», — маладзёжная будоўля «БелАЭС». Таксама ў юнакоў і дзяўчат будзе магчымасць папрацаваць на такіх буйных прадпрыемствах, як «МАЗ» і «Атлант». Акрамя гэтага, плануюцца выезды ў Расійскую Федэрацыю на міжнародныя і ўсерасійскія студэнцкія будоўлі.

Каб трапіць у студатрады, хлопцам і дзяўчатам трэба здаць сесію, азнаёміцца з асновамі працоўнага заканадаўства, а самае галоўнае — мець жаданне працаваць. Акрамя таго, пажадана валодаць добрым здароўем, паколькі праца патрабуе немалых фізічных намаганняў.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.