Вы тут

У Мінску ўстанавілі дошку памяці ў гонар сярэдняга сына Якуба Коласа


У Мінску на Вайсковых могілках адбылося адкрыццё дошкі ў гонар Георгія Канстанцінавіча Міцкевіча, сярэдняга сына Якуба Коласа. Ён нарадзіўся ў 1917 годзе ў Пярмі, дзе сям’я апынулася ў якасці бежанцаў. Хлопчыка ахрысцілі Георгіем, але родныя заўсёды называлі яго Юркам. Пасля заканчэння БДУ ў 1940-м Юру разам з іншымі выпускнікамі прызвалі на вайсковую службу. Сям’я паспела атрымаць некалькі лістоў ад яго, апошні датуецца 30-м верасня 1941 года. З таго часу ад Юры не было ніякіх вестак — Якуб Колас нават звяртаўся да сына па радыё, але адказу так і не атрымаў.


Дачка малодшага сына Якуба Коласа, Марыя Міцкевіч, падзялілася ўспамінамі бацькі аб перадваенных днях, калі сям’я бачыла Юру ў апошні раз:

Марыя Міцкевіч.

— Мой бацька Міхась вельмі любіў брата Юрку — заўсёды раўняўся і хацеў быць падобным да яго. Ён распавядаў аб іх апошняй сустрэчы. Юра прыехаў у Мінск, і яны разам пайшлі на спаборніцтвы па стэндавай стральбе. Бацька з захапленнем успамінаў, як ён радаваўся, гледзячы на кавалачкі талерак, што разбіваліся пры трапных стрэлах Юркі. Іх апошняя сустрэча адбылася 24 чэрвеня — Юра збіраўся ў ваенкамат. Ён папрасіў майго бацьку зберагчы ягоныя стрэльбы. Яны развіталіся, не ведаючы ў той момант, што гэта ўжо назаўсёды. У хуткім часе пачалася бамбёжка Мінска. Сям’я вырашыла пакінуць горад. Яны збіраліся вельмі хутка, беручы з сабой толькі неабходныя рэчы. Але бацька забраў стрэльбы і Юркін фотаапарат. Таварныя вагоны, Ляўкі, Падмаскоўе, Ташкент — бацька збярог гэтыя стрэльбы і быў вельмі ўзрадаваны, калі прыйшоў ліст ад Юры. У ім сярэдні сын Коласа напісаў: «Міхаська, дзякуй, што ты захаваў мае стрэльбы. Мы паб’ем гэтых фашыстаў. Я вярнуся дамоў, і будзем разам хадзіць на паляванне, страляць качак». Але Юрка не вярнуўся.

Адкрыццё дошкі ў гонар Георгія Канстанцінавіча было здейснена дзякуючы намаганням супрацоўнікаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Куратарам праекта стала праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч:

Васіліна Міцкевіч.

— Над гэтым праектам музей працаваў не адзін год. Аўтарам ідэі з’яўляецца колішні дырэктар музея Якуба Коласа Аляксандр Храмой, які цяпер узначальвае Нацыянальны гістарычны музей. Пазней гэтую ідэю пераняла сённяшні дырэктар музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. Дзякуючы яе намаганням, праект атрымаў канчатковы выгляд. Лічу, што ў год 140-годдзя з дня нараджэння класіка адкрыццё дошкі ў гонар яго сярэдняга сына на Вайсковых могілках — вельмі сімвалічная падзея. Бо сапраўды: сюды прыходзіць шмат людзей, каб аддаць даніну памяці класіку беларускай літаратуры. У наведвальнікаў з’явіцца добрая нагода, каб даведацца аб лёсе Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча.

Аўтарам мастацкага рашэння мемарыяльнай дошкі стаў скульптар, сябра Беларускага саюза мастакоў Максім Пятруль. Творца распавёў, што падчас работы над дошкай уяўляў Якуба Коласа не толькі як вядомага пісьменніка, а і як мужчыну, галаву сям’і:

Максім Пятруль.

— Мне хацелася, каб дошка была лаканічнай і выразнай. Почыркам Якуба Коласа напісаны драматычныя радкі: «Яфрэйтар Міцкевіч Георгій (Юрый) Канстанцінавіч // I.V.1917 — у верасні 1941 года прапаў без вестак пад Вязьмай». Гэтыя словы застануцца тут, побач з мемарыялам усёй коласаўскай сям’і. 

Арына КАРПОВІЧ

Лізавета ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».