Вы тут

Праўда, тэхналогіі, высокія стандарты


Што сёння цікава аўдыторыі розных узростаў і як прыцягваць іх увагу, якія новыя формы працы для гэтага патрабуюццца, абмеркавалі супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі з усёй краіны. Цэнтрам беларускай журналістыкі ў чацвер стаў Віцебск. На базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава прайшоў ІІ форум медыйнай супольнасці Беларусі. У цэнтры ўвагі прадстаўнікоў міністэрства інфармацыі, рэдактараў сродкаў масавай інфармацыі, журналістаў, блогераў — рэгіянальныя медыя ў лічбавай прасторы, вопыт, праблемы і перспектывы гэтага напрамку дзейнасці.


Вітаючы ўдзельнікаў форуму, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў падкрэсліў, што гэта максімальна канструктыўная сустрэча, дзе адыходзяць ад пратакола і афіцыёзу. Міністр заўважыў, што форум — выдатная пляцоўка, у першую чаргу для прадстаўнікоў рэгіянальных медыя, дзе можна і нават трэба задаць хвалюючыя пытанні калегам, у тым ліку і прадстаўнікам міністэрства інфармацыі.

Фота БелТА

 

«Пытанняў нямала. Першае — як пашыраць сваю аўдыторыю і нарошчваць прысутнасць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў новых медыях. Гэта агульнае пытанне, якое я чую, наведваючы шматлікія рэдакцыі раённых СМІ. У кагосьці гэтая праца зроблена ў вялікім аб’ёме, хтосьці добра адчувае сябе ў інтэрнэце, для кагосьці гэта толькі пачатак шляху», — сказаў міністр. Ён звярнуў увагу на яшчэ адно важнае для журналістаў пытанне — як сёння выбудоўваць працу ў недружалюбных лічбавых асяроддзях. «Мы сутыкнуліся з агрэсіўнымі паводзінамі лічбавых платформ. Мы бачым, як яны мяняюць працу сваіх алгарытмаў. Але зараз маскі зняты, ідзе інфармацыйная вайна. Нашы апаненты не саромеючыся высякаюць нашы каналы, выразаюць тэлеграм-каналы. Але гэта рэаліі, з якімі мы мусім жыць. І на гэтыя пытанні мы пастараемся адказаць» — адзначыў Уладзімір Пярцоў.

Асобна міністр інфармацыі акцэнтаваў увагу на даручэнні, якое Прэзідэнт даў 10 чэрвеня на семінары-нарадзе па рабоце з насельніцтвам на мясцовым узроўні. Яно тычыцца ўдасканалення кантэнту рэгіянальных СМІ, у прыватнасці, адлюстравання праблем рэгіёну. Па словах Уладзіміра Пярцова, усё тое, што хвалюе людзей, павінна вырашацца, а не толькі гіпертрафіравацца, як няздольнасць улады вырашаць праблемы. Усе праблемы рэгіёна павінны абазначацца ў мясцовых медыя і вырашацца. «Тады вы будзеце эфектыўным каналам камунікацыі і будзеце карысным для вашых чытачоў, гледачоў, слухачоў і органаў улады і для краіны ў цэлым. Самы галоўны пасыл — калі нейкія праблемы рэгіёнаў знаходзяцца ў чатах, супольнасцях, але пра іх няма згадкі ў вашых СМІ, адпаведна мы робім выснову аб нізкай эфектыўнасці і нізкай запатрабаванасці сродку масавай інфармацыі. Я хачу, каб да канца лета мы ўсё зрабілі патрэбныя дзеянні для пераўтварэння нашых рэгіянальных СМІ. Для таго, каб увосень мы пачалі працаваць у новых інфармацыйных умовах», — паставіў задачу міністр інфармацыі.

Уладзімір Пярцоў нагадаў: ні для каго не сакрэт, што інфармацыйнае супрацьстаянне працягваецца. «Ад нас не адстануць, у нас наперадзе няпростыя гады, і мы мусім стаць сапраўднымі эфектыўнымі сродкамі масавай інфармацыі, запатрабаванымі ў чытачоў, гледачоў і слухачоў.

Фота БелТА

Нашы сустрэчы накіраваны на гэта. Мы будзем назіраць, будзем патрабаваць эфектыўнага выніку працы. На жаль, іншага выйсця ў нас няма. Наш чытач, глядач і слухач мае зараз мноства каналаў камунікацыі. І калі вы не задавальняеце яго інфармацыйныя запатрабаванні, ён пяройдзе на іншыя сродкі масавай інфармацыі. Так уладкавана жыццё. І інфармацыйны вакуум будзе запоўнены нашымі і вашымі апанентамі», — папярэдзіў ён.

Міністр інфармацыі падкрэсліў, што дзейнічаць у новых лічбавых асяроддзях не так страшна, як здаецца на першы погляд. «На жаль, часам назіраем, як вялікія рэгіёны, дзе ёсць раённая і гарадская газеты і студыя тэлебачання прайграюць адной невялікай інтэрнэт-супольнасці ў цытаванні, чытальнасці, колькасці перасылак і ахопу аўдыторыі. Варта задумацца: можа, трэба выйсці з зоны камфорту і трансфармаваць нашы СМІ? Калі вы будзеце ахопліваць большы аб’ём работ, рабіць больш кантэнту, эфектыўна яго прасоўваць у сацыяльных сетках, тады мы будзем адзінай магутнай інфармацыйнай машынай, якой і павінны быць, якой я бачу ўсю сістэму рэгіянальных СМІ і што ад нас патрабуе кіраўнік дзяржавы», - канстатаваў Уладзімір Пярцоў.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін звярнуўся да ўдзельнікаў форуму не як кіраўнік рэгіёна, а як чытач і глядач. «Сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні светапогляду жыхароў краіны і стараюцца задавальняць іх інфармацыйныя патрэбыі.Вы прымушаеце дзейнічаць больш актыўна, інтэнсіўна і ў патрэбным напрамку выканаўчую ўладу. У нас ідзе вайна на інфармацыйным полі. Гэта непрыемнае слова, але няма ліха без дабра. Менавіта падзеі, якія пачаліся ў 2020 годзе, дазволілі ўзварушыць нашу інфармацыйную сферу. Навіны сталі цікавейшымі, агрэсіўнымі, надзённымі. З’явіліся новыя імёны, падыходы, людзі, перадачы, — сказаў ён.

 

Фота БелТА

Па словах Аляксандра Субоціна, прыемна, што журналісты не спыняюцца толькі на тым, каб асвятліць навіны, а пашыраюць фармат, ідуць у сацсеткі, месэнджэры, пад новым ракурсам. «Вы штодзень асвятляеце падзеі з розных ракурсаў, і нават з непрыемных для ўлады. І што радуе: вы робіце прагнозы, прыцягваеце навукоўцаў, гэта значыць праз вас можна ў тым ліку зазірнуць у магчымую будучыню нашай краіны, нейкай з галін, горада, рэгіёна і гэтак далей», — звярнуўся для ўсіх прысутных Аляксандр Субоцін.

 

Фота БелТА

Сваім вопытам працы ў лічбавай прасторы з калегамі падзяліліся прадстаўнікі СМІ, якія ўжо засвоілі правілы работы ў інтэрнэце. Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч расказала, што ў апошні час агенцтва перабудавала сваю работу з улікам запытаў сваёй аудыторыі. Гэта нашло адлюстраванне ў новых праектах, акцэнце на мультымэдыйны фармат. Паводле яе слоў, працуе над гэтымі матэрыяламі зусім невялікая каманда ад фотакараў да журналістаў прэзідэнцкага пула. «Мы разумеем, што, выкарыстоўваючы відэакантэнт, мы можам атрымаць нашмат большую аддачу. А ў сучасных умовах перанасычанага інфармацыяй медыярынку важна не проста валодаць кантэнтам, але і правільна яго прасоўваць», — растлумачыла Ірына Акуловіч. Яна прывяла цікавы факт — сёлета ў СМІ і ў БелТА ў прыватнасці стала на 40 працэнтаў больш матэрыялаў грамадска-палітычнага характару. Гэта адна з самых цікавых і папулярных тэм. «Супраць нашай краіны цяпер працуюць буйныя сусветныя СМІ. Вялікія карпарацыі і вялізныя бюджэты. Наша задача — гаварыць аб галоўным. 

Мы з вамі самі фарміруем сваю аўдыторыю — тэмамі, экспертамі, падачай матэрыялу, фарматам. Для грамадска-палітычнага кантэнту асабліва важная і рэпутацыя. Адзіная прамашка, можа, і даруецца, а вось далей, якім бы крутым ні быў кантэнт, да яго ўжо не будзе даверу.Акрамя таго, нашы апаненты вельмі ўважліва сочаць за ўсім, што мы з вамі робім. Любая дробязь становіцца падставай для артыкулаў і разбору памылак і чыноўнікаў, і дзяржаўных СМІ. Таму трэба пераправяраць крыніцы інфармацыі, усе факты, вывучаць спікераў на прадмет іх дасведчанасці і кваліфікацыі», — падкрэсліла Ірына Акуловіч.

Фота БелТА

 

Генеральны дырэктар БелТА пажадала калегам не баяцца эксперыментаваць, вучыцца і памыляцца. «І калі невялікаму па мерках інфармагенцтваў БелТА удаецца абыходзіць найбуйнейшыя расійскія медыяхолдынгі, то ўсё нам з вамі па плячы. Трэба толькі «ўперціся і выстаяць», — канстатавала.


Прыклад таго, як рэдакцыі рэгіянальных СМІ не баяцца эксперыментаваць, паказала Аляксандра Дзербіс, загадчык аддзела інтэрнэт-рэсурсаў Бярозаўскай раённай газеты «Маяк». Газета з тыражом 6 тысяч экземпляраў ў сваім тэлеграм-канале мае аўдыторыю ў 4 тысячы карыстальнікаў. Накіраванасць на сваіх чытачоў і любоў да працы — вось і ўвесь сакрэт поспеху, якім і падзялілася Аляксандра Дзербіс.

Таксама эксперты абмеркавалі, як раёнкам працаваць у складзе медыяхолдынгаў, як даваць аўдыторыі важную інфармацыю і пры гэтым не «нагружаць» людзей. І самае галоўнае — заставацца цікавымі для сваёй аўдыторыі, расказваць пра дасягненні вобласці і краіны, дапамагаць людзям у рашэнні іх праблем.

Валерыя СЦЯЦКО
г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».