Вы тут

Юбілейны тыдзень на тэлебачанні. З якімі асобамі сустрэнуцца гледачы?


На наступным тыдні ў эфіры тэлеканалаў па традыцыі будуць адзначаць юбілейныя даты. І, вядома, не абыдзецца без спецыяльных паказаў мастацкіх, дакументальных стужак, дзе аўдыторыя зноў зможа сустрэцца з любімымі акцёрамі, рэжысёрамі, тэлевядучымі.


Так, 28 чэрвеня споўніцца 60 гадоў вучонаму-мовазнаўцу, доктару філалагічных навук, прафесару Віктару Іўчанкаву. І з аўторка да чацвярга ў вячэрнім эфіры ўвазе гледачоў прадставяць лекцыі Віктара Іўчанкава з праграмы «Кафедра». У прыватнасці, будуць асвятляцца такія тэмы, як «Маўленчыя працэсы сучаснасці: заміксуй паці на лайме і мяце; Правапіс у гістарычным вымярэнні: пішам Манчэстар, а чытаем Ліверпуль» (БТРК, 2021 г.), «Мова і штучны інтэлект: віртуальная форма зносін; Ці спраўдзіцца мара чалавецтва — гаварыць на адной мове» (БТРК, 2022 г.) і іншыя. А непасрэдна ў сам дзень нараджэння вучонага зможам убачыць у выпуску праграмы «Суразмоўцы» на «Беларусь 3».

У чацвер 30 чэрвеня кінематаграфічны свет будзе згадваць акцёра, народнага артыста СССР Уладзіміра Дружнікава ў дзень яго 100-гадовага юбілею. З гэтай нагоды на «Беларусь 3» пакажуць мастацкі фільм «Канстанцін Заслонаў», які выйшаў на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1949 годзе. У кінастужцы акцёр задзейнічаны ў галоўнай ролі — вядомага партызана, Героя Савецкага Саюза.

На канале «Культура» адзначаць 95-годдзе з дня нараджэння рэжысёра Уладзіміра Матыля. У суботу, 25 чэрвеня, гледачам пакажуць дакументальны фільм «Кіно — справа тонкая. Уладзімір Матыль».Кінаработы гэтага рэжысёра (ён зняў усяго 10 фільмаў) сталі ўсенародна любімымі. «Белае сонца пустыні», «Жэня, Жэнечка і «Кацюша» і іншыя маюць прыхільнікаў у некалькіх пакаленняў і сталі сапраўднай класікай. А вось пра тое, з якімі цяжкасцямі сутыкаўся рэжысёр пры іх стварэнні, як працаваў з акцёрамі, чаму не паступіў ва ўніверсітэт з-за юнацкага кахання, — распавядуць калегі і сябры Уладзіміра Матыля. Таксама зможам убачыць і працоўныя моманты са здымак апошняй яго карціны «Барвовы колер снегападу». А адразу пасля пакажуць мастацкі фільм рэжысёра «Звезда пленительного счастья» (1975 г.).

Тэлеканал АНТ 25 чэрвеня не абміне ўвагай жыццё і творчасць актрысы Наталлі Варлей, якой сёлета споўнілася 75 гадоў. Дакументальны фільм «Адна маленькая, але гордая птушачка...» распавядае пра артыстку, якую гледачы ведаюць па кінастужках «Каўказская палонніца», «Вій», «12 крэслаў» і многіх іншых. Менавіта роля палонніцы зрабіла яе вядомай і пазнавальнай, але калі ад артысткі пасля чакалі гайдаеўскую Ніну, то сама Варлей была тонкай, сарамлівай і ранімай. Пра тое, як актрыса пражывала свае ўдачы і спраўлялася з выпрабаваннямі лёсу, якой была ў дзяцінстве і дзе спасцігала прафесію, і раскажа дакументальная стужка.

А ў нядзелю, таксама на АНТ, не прапусціце дакументальны фільм «Шэсць мангустаў, сем кобр і адзін паўскарпіён» пра Мікалая Драздова, які ў гэтым годзе адзначае сваё 85-годдзе. Можа, нават няма такога тэлегледача, які б не ведаў праграму «У свеце жывёл» і яе вядучага. Імя Мікалая Драздова даўно ўжо стала брэндам тэлебачання, хоць сам вучоны-біёлаг зусім выпадкова трапіў у кадр і нават не марыў пра такую прафесію. Спачатку яго як арнітолага запрашалі ў студыю ў якасці эксперта, а калі вядучым праграмы стаў Васіль Пяскоў, то Драздову зрабілі нечаканую прапанову... Яго розум і кругагляд падкуплялі і тэлеаўдыторыю, і студэнтаў МДУ, дзе ён выкладаў. Для сваіх вучняў

Мікалай Драздоў быў прыкладам біёлага ХХІ стагоддзя. Можа, тое і не дзіўна, паколькі ў сям'і вучонага былі і ўрачы, і настаўнікі, і ўрачы, і ваенныя. А яшчэ святары — людзі даволі падазронай прафесіі ў дзяржаве з атэістычнай ідэалогіяй. Усё гэта не магло не пакінуць адбітку на асобе Мікалая Драздова. Больш падрабязны аповед пра жыццё і атачэнне вядомага вучонага і тэлевядучага даведаецеся падчас прагляду фільма ў нядзелю 26 чэрвеня. Дарэчы, у верасні Мікалай Мікалаевіч плануе зладзіць творчы вечар у беларускай сталіцы, таму ў прыхільнікаў ёсць магчымасць загадзя падрыхтавацца да сустрэчы.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.