Вы тут

Як незвычайны падыход дапамог падтрымаць «цяжкага падлетка»


Чатырнаццацігадовы Вова з вёскі Аздзеліна, што за 16 кіламетраў ад Гомеля, дужа хацеў займець веласіпед. Аб новым нават не марыў. Нерэальна ў яго сямейнай сістэме каардынат. А здавацца не хацелася: са старых запчастак у гаражы спрабаваў сам сабраць свайго «велафранкенштэйна». Атрымлівалася. Не ведаў тады, што кола яго веласіпеднай гісторыі праз пару месяцаў раскруціцца зусім ужо нечакана. У першыя дні школьных канікулаў падлетак прачнуўся знакамітым у сваёй вёсцы. Ды яшчэ і ўладальнікам новенькага жалезнага таварыша.


Дарэчы, Вова — злосны прагульшчык. Быў! Менавіта пропускі васьмікласніка Аздзелінскага дзіцячага сада — базавай школы прымусілі педагогаў сур'ёзна ўзяцца за персону падлетка. Размаўлялі, высвятлялі, што здарылася: можа, з кім не склаліся адносіны, ёсць канфлікт? Настаўнікі і маці хлопца спрабавалі высветліць прычыны поўнай адсутнасці матывацыі да вучобы. Нягледзячы на тое, што вучань не здзейсніў ніякіх праступкаў у плане парушэнняў закона, дырэктар — педагог з 25-гадовым стажам Наталля Іванаўна Сычова —спрацавала на апярэджанне. Вырашыла падаць хадайніцтва аб разглядзе стаўлення да навучальнага працэсу і вучэбнай дысцыпліны васьмікласніка на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама. Маці хлопчыка, якая адна выхоўвае Вову і дзвюх яго сястрычак, такую меру толькі падтрымала. На камісію паехалі ўтрох — дырэктар школы, маці Алена Аляксееўна і сам Уладзімір.

— Калі да нас паступае хадайніцтва на дзіця, мы збіраем інфармацыю аб ім, яго сям'і з сельвыканкамаў, медустаноў, калі неабходна, да разгляду справы на камісіі, каб усебакова і аб'ектыўна прааналізаваць матэрыял, — тлумачыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама Кацярына Ваўчок. — Нават калі на пасяджэнні камісіі вывучаюцца самыя негатыўныя моманты ў паводзінах дзіцяці, мы заўсёды ведаем, што ёсць і нешта добрае, пазітыўнае.

Там жа, на пасяджэнні камісіі, і выявілася: так, Вова з Аздзеліна школу прагульваў. Але не ў дрэнных кампаніях праводзіў час, не бадзяўся, не краў, а ішоў дадому ў гараж: чысціў запчасткі, каб урэшце паспець да вясны ўсё ж сабраць веласіпед. У тэхніцы, як аказалася, Вова — дока. Так, у школе вучэбныя справы не клеіліся, зусім з'ехаў на нізкія балы, проста рукі апускаліся, а тут у гаражы — тэхнічная сублімацыя.

Удзел у пасяджэнні камісіі, дзе разбіраюць справу твайго дзіцяці, — падзея вельмі эмацыянальна няпростая для бацькоў. Маці Вовы паводзіла сябе вельмі годна. Была ўдзячна, што ўдзельнікі камісіі па справах непаўналетніх імкнуцца дапамагчы, знайсці падыход да падлетка ў яго няпростым узросце. Алена Аляксееўна — сама работнік Аздзелінскага дзіцячага сада — базавай школы. Работнік па прыборцы тэрыторыі, яна вельмі рана ідзе на працу. Прызнавалася, што і сама, можа, нешта не дагледзела ў стаўленні сына да школы.

Тое, што ў рабоце з дзецьмі, якія прыцягнулі да сябе ўвагу органаў кантролю, нельга падыходзіць шаблонна, даказалі чарговы раз удзельнікі раённай камісіі па справах непаўналетніх. Цікавую прапанову хлопцу, каб той таксама ўявіў адказнасць за свае паводзіны, зрабіў старшыня камісіі па справах непаўналетніх, намеснік старшыні Гомельскага райвыканкама. Ігар Бейзераў узяў з вучня абяцанне, што калі ён перастане прагульваць, будзе старацца ў школе, то да канца навучальнага года ад усяго раёна атрымае жаданы падарунак.

Спатрэбілася сказаць гэта толькі раз. І вось да канца навучальнага года Вова больш ні разу не прапусціў заняткі ў школе, не атрымаў ніводнай заўвагі. У першы дзень канікулаў у двары школы стаяў загорнуты ў завадское пакаванне веласіпед. Да канца дня ніхто з вучняў не ведаў, для каго гэты падарунак.

— Мы з Ігарам Аляксандравічам прыехалі ў школу, каб уручыць падарунак дзіцяці. Не зрабілі гэта публічна, не збіралі ўвесь калектыў, дзяцей, — падзялілася Кацярына Ваўчок. — Тое, што адбывалася з хлопчыкам, якія эмоцыі яго перапаўнялі, цяжка перадаць, ён не мог вымавіць ні слова, так разгубіўся, што ўвесь пабялеў, так не верыў, што гэты веласіпед для яго.

На дарагі падарунак вясковаму школьніку, дарэчы, сабралі, як кажуць, крыха да крыхі. Веласіпед для хлопчыка набылі за ахвяраванні ад усіх членаў камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага райвыканкама.

— Для дзіцяці гэта важны жыццёвы прыклад. Яно зразумее, што самы лепшы і правільны варыянт — рухацца ў пазітыўным напрамку. Калі ты займаешся тэхнікай, гэта пазітыўна і правільна, за добрыя паводзіны цябе заўсёды падтрымаюць, — упэўненая Кацярына Ваўчок.

Які фурор на сваёй вясковай вуліцы зрабіў новы веласіпед Валодзі, расказала маці падлетка. Алена Аляксееўна кажа, што проста няма слоў, як яна ўдзячная за такую каласальную падтрымку сына. Да таго ж і ў яе вельмі няпростым жыцці маці-адзіночкі гэты падарунак — як маячок: у цяжкую хвіліну жыццё пашле таго, хто працягне руку, не адвернецца.

— Я наогул шчаслівая маці, дзеці ў мяне добрыя, — прызнаецца жанчына. — І Воўка мой вельмі добры. Вы б ведалі, які ён рукасты! З тэхнікай як упраўляецца! Але, калі стаў прагульваць, я таксама адчувала сваю віну. Мяккая, можа, з ім занадта была. Моцна спалохалася, што калі не змагу сама наладзіць праблемы сына з вучобай, то, атрымліваецца, не спраўляюся, значыць, увогуле дрэнная я маці. Могуць і дзяцей забраць, а жыву ж толькі дзеля іх. Сын, думаю, гэта таксама зразумеў, не хацеў мяне хваляваць. Вельмі рада, што яго так падтрымалі, дапамаглі шмат што зразумець.

Мама Валодзі расказала, як сын шмат дзён баяўся чапаць, падыходзіць да новага веласіпеда. Паставіў яго ў пакоі малодшай сястры, яна якраз з'ехала з дому на канікулы: як у «музей» заходзіў паглядзець толькі на падарунак. Магчыма, падлетак, які доўгія гады забараняў сабе марыць пра дарагія рэчы, баяўся, што ровар забяруць назад. Сам хлопец інтэрв'ю не даў, але ёсць улоўленыя дэталі гэтай веласіпеднай гісторыі, якія шмат што могуць расказаць без слоў. Цяпер у сціплым дворыку Вовавага сямейства на прыбранай і пераабсталяванай верандзе з'явілася шыльда — «Гараж». Так сваёй рукой тэрыторыю любімых мужчынскіх тэхнічных інтарэсаў для сясцёр і мамы абазначыў Вова. У сваёй школе ў хлопца будучы навучальны год апошні. Веласіпед, а да яго круты электронны замок, падораны ў знак падтрымкі суседзямі, гараж, дзе можна далей майстраваць, наблізілі хлопца да мары. Яна простая — праз год паехаць вучыцца ў аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй у Касцюкоўцы, што недалёка ад дома, атрымаць прафесію трактарыста і вярнуцца працаваць у гаспадарку ў родным Аздзеліне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.