Вы тут

Уладзімір Ліпскі «Прыгоды Нуліка» і Жанна Міус «Несумавальная дачка»


Уладзімір Ліпскі. Прыгоды Нуліка. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2021. 

Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Ліпскага чытачам прадстаўляць не трэба. Ён ведае, як пісаць цікавыя і змястоўныя кніжкі для дзяцей, як зачараваць іх дасціпным беларускім словам. 


Аповесць-казка для малодшага школьнага ўзросту «Прыгоды Нуліка» якраз такая кніга. Яна мае займальны сюжэт і адначасова развівае здольнасці дзяцей, прапаноўвае ім самастойна рашыць матэматычныя задачкі, адгадаць загадкі, але адбываецца гэта ў форме гульні. Маленькія чытачы могуць такім чынам паўдзельнічаць у прыгодах герояў. Нездарма казачная аповесць Уладзіміра Ліпскага ўключана ў школьную праграму для трэцяга класа, у спіс для пазакласнага чытання.

Жыве на свеце самотны Нулік. Аднойчы ён знаёміцца з Міколкам, які таксама сумуе без сябра. Так пачынаюцца прыгоды хлопчыка і Нуліка, у якія ўцягваюцца мама і тата Міколкі, яго бабуля, аднакласнікі і школьная настаўніца. Увесь час героі штосьці прыдумляюць, малююць, гуляюць, то- бок праводзяць час карысна і весела. Але аднойчы Міколка атрымлівае ў падарунак прыстаўку да тэлевізара і электронныя гульні. Ці вытрымае яго сяброўства з Нулікам гэта выпрабаванне? Ці даруе хлопчыку пакрыўджаны Нулік?

Без залішняй павучальнасці, на зразумелай дзецям мове пісьменнік тлумачыць каштоўнасць сяброўства ў жыцці чалавека. Сябра лёгка згубіць, але няпроста адшукаць зноў. Кніга будзе карыснай таксама бацькам, выхавацелям і педагогам, бо напісана з добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі. «Звяздоўскае» выданне прыцягвае і арыгінальнымі малюнкамі Святланы Стахоўскай.

Жанна Міус. «Несумавальная дачка». Мінск, выдавецтва «Беларусь», 2021.

Што такое «зверомода»? А «буквет»? Хто такая «доктораня»? І чаму звычайная лужына раптам ператвараецца ў «волнужу»? А вось яшчэ — «птушкарыб»... Пра значэнне ўсіх гэтых дзіўных слоў можна даведацца, прачытаўшы кнігу Жанны Міус «Несумавальная дачка». Ілюстрацыі Вольгі Міхеенкі дапамогуць уявіць забаўныя сюжэты вершаў. 

Жанна Міус — аўтарка некалькіх кніг, у тым ліку кнігі «Дзіўныя дзеткі» (Выдавецкі дом «Звязда», 2018 год). У новай кнізе сабраны вершы, «несумавальныя» ва ўсіх адносінах — не толькі таму, што расказваюць пра дзіцячыя свавольствы, а яшчэ і таму, што аўтара відавочна захапляе прыдумванне словаў. Значэнне не ўсіх угадаеш адразу, але вось што такое «пераборшчаны боршч» — думаю, тлумачыць не трэба. 

Чым жа займаюцца героі кніжкі, пераважна калі бацькоў няма дома? Напрыклад, ператвараюць падлогу ў кветкавы лужок з дапамогай фламастара. Ладзяць у кватэры модны салон — у якасці мадэляў выступаюць кот і сабака. Дзеляцца адно з адным сакрэтамі, бо лічаць, што таямніцам патрэбны чыісьці вушкі. Словам, любяць няшкодна пасваволіць. Калі, вядома, не лічыць шкодай адчуванні матулі, калі тая пакаштавала баршчу з перцам, часнаком і яшчэ дзясяткам спецый. Але такія ўжо яны, вясёлыя і няўрымслівыя дзеткі. Дарослыя таксама былі такімі — у рознай ступені «несумавальнасці». 

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».