Вы тут

Разбіраем гардэроб: новыя рашэнні для звыклых рэчаў


Ці можна апранацца так, каб вобраз у люстэрку вас цешыў, не марнуючы пры гэтым шмат грошай? Стылісты запэўніваюць, што можна. Дастаткова ўважліва прыгледзецца да свайго цяперашняга гардэроба і надаць увагу нюансам.


Фота pixabay.com

Смялей спалучайце рэчы

Сённяшняя мода дапускае спалучэнні такіх прадметаў адзення, якія раней вы наўрад ці апранулі б разам. Проста камбінуючы паміж сабой тое, што ёсць, можна дабіцца выдатнага эфекту. Складанне камплектаў – аснова эканоміі. Пагартайце часопісы, зазірніце ў інтэрнэт, і вы вельмі хутка навучыцеся спалучаць рэчы па-новаму. Паспрабуйце ўлетку надзець з футболкай кашулю замест пінжака або кофты, да джынсаў і белай кашулі дадаць камізэльку з упрыгожваннямі, каб асвяжыць звыклы вобраз.

Правядзіце рэвізію гардэроба

Рэчаў шмат, а надзець няма чаго – не той колер, фасон або крой? Значыць, прыйшоў час выцягнуць усё з шафы і перагледзець. Адразу прыбярыце сапсаванае – рэчы з плямамі, якія немагчыма адмыць, заношаныя швэдары з катышкамі і зацяжкамі. Навошта вам спадніца з каляровым прынтам, якая ні з чым не спалучаецца? Наўрад ці вы будзеце насіць і тое, што не надзявалі на працягу некалькіх апошніх гадоў. А вось гэтая спадніца даўно не сыходзіцца вам на сцёгнах, але яе «шкада выкінуць»? Не шкадуйце, пазбаўцеся ад непатрэбнага, яно толькі займае месца, перашкаджаючы вам убачыць, чаго на самой справе не хапае.

Аксэсуары і абутак – наша ўсё

Ніколі яшчэ не было так проста надаць навізну вобразу, выкарыстоўваючы сумкі, нестандартныя ўпрыгожванні або проста замяніўшы рэмень на штанах на каляровы шалік. Можна прышыць новыя гузікі на пінжак, надзець бранзалет з натуральнага камяня ці стыльны гадзіннік, незвычайным чынам павязаць на шыю хустку, падабраць прыгожую заколку.

Варыянтам «вішанькі на торце» можа стаць абутак. Паспрабуйце надзець доўгую спадніцу рамантычнага крою не са звыклымі лодачкамі, а з грубымі чаравікамі, замяніць класічную сумку на торбу з матэрыі – і вы атрымаеце зусім іншы вобраз.

Купляйце толькі неабходнае

Спыніце сябе, калі ў вас з’явілася жаданне купіць модную рэч толькі таму, што на яе зараз зніжка. Ці будзеце вы насіць яе, калі эмоцыі сыдуць, а трэнды зменяцца? Ці падыходзіць яна да вашага асноўнага гардэроба? З чым вы плануеце яе насіць? Можа, яна для вас занадта экстравагантная ці «крыху цеснаватая»?

Са зніжкай варта купляць толькі тыя з дарагіх рэчаў, якія вы будзеце насіць доўга, а гэта, як правіла, класічныя мадэлі. Калі рука сама цягнецца за кашальком, спытайце сябе: можа, варта ў прахалодны дзень надзець футболку пад занадта лёгкі пуловер, які вісіць у шафе, а не купляць новы – цяплейшы? Або блэйзер неонавага колеру – ці захачу я надзець яго ў наступным сезоне?

Святочнае робім будзённым

У вас даўно вісяць рэчы «на выхад», якія вы апраналі толькі некалькі разоў? Пашытую на юбілей сяброўкі сукенку паспрабуйце надзяваць кожны дзень. А «лятучую» блузку можна насіць, закасаўшы рукавы. Не забывайце аб паслугах атэлье: спадніцу, якая пыліцца ў шафе да наступнага чужога юбілею, можна пакараціць, надаўшы ёй актуальны выгляд, і насіць не з параднай блузкай, а з джэмперам. Са скуранога пінжака пашыць модную камізэльку і нашыць на яе дэкаратыўныя ўпрыгожванні.

Дзякуючы сённяшняй модзе з яе функцыянальнасцю і адсутнасцю цвёрдых рамак мы можам, не марнуючы сотні рублёў, заўсёды быць у трэндзе. Трэба толькі выдаткаваць крыху часу і знайсці новыя рашэнні для звыклых рэчаў.

Агата СЛАВІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.