Вы тут

Дойлід Алекса і Белая вежа


Хто ён, у Камянцы скажа ці не кожны. І жыхары, і прыезджыя нават і пабачыць яго маглі. Каля самай вежы стаіць ён. Ды не адзін, а з зубром. Так у 1988 годзе ўвекавечылі памяць аб ім. Чаму менавіта ў Камянцы? А таму, што гэта ён падшукаў месца для размяшчэння абарончага збудавання. З іншымі і ўзводзіў яго. Каля вежы ўзнікла паселішча, якое ўжо ў нашы часы стала горадам. Гэтым чалавекам быў дойлід другой паловы ХІІІ стагоддзя Алекса, які працаваў пры валынскім князю Уладзіміру Васількавічу. У гісторыю Алекса ўвайшоў як першы беларускі дойлід. Шкада толькі, што больш-менш дакладных звестак пра яго не захавалася. Усе тыя, нешматлікія, звязаны з князем Уладзімірам Васількавічам.


Помнік Алексу ў Камянцы

Па падказцы самога Усявышняга

Адштурхоўвацца трэба ад Галіцка-Валынскага летапісу. У ім ёсць і згадка пра незвычайны сон Уладзіміра Васількавіча. Безумоўна, яму, прачнуўшыся, захацелася падзяліцца з тым, каму больш давяраў. Такім чалавекам для князя быў Алекса.

Выклікаў свайго дойліда ці не з першымі промнямі. Толькі зайшоў Алекса ў яго палац, як Уладзімір прызнаўся ўсхвалявана:

— Сон надоечы мне дзіўны прысніўся, — з гэтымі словамі перахрысціўся. — Сам Госпад наш сёння са мной у сне размаўляў...

— Гэта добры Боскі знак, княжа! — паспяшаўся яго запэўніць Алекса.

Ён заўважыў на княжым стале некалькі разгорнутых кніг у дарагіх пераплётах. Уважліва слухаў Уладзіміра Васількавіча:

— Пагартаў іх і зразумеў: гэта ж голас Боскі мне раіць, як княства ад захопнікаў уратаваць. Межы яго ўмацаваць... Месца падказвае, дзе новы горад ставіць.

— Там землі, адваяваныя табою, княжа, знаходзяцца, — нагадаў Алекса.

— Нашы землі. Так што адпраўляйся... Чым хутчэй, тым лепш. Шукай месца надзейнае.

Галіцка-Валынскі летапіс пра гэта гаворыць так:

«...и посла Володомиръ мужа хитра именемъ Алексу, иже и при отци его многы города рубити и посла его Володимер с тоземци в челнох в верхъ реки Лосны абы знаити таково место городъ поставити».

Дзень за днём, але ніякай пэўнасці

Не дзень, не два плылі ўверх па цячэнні ракі Лясной. Рухаліся на многіх вялікіх чаўнах, камягамі празваных. Мясцовасць наўкола была неабжытая. Але ў адным месцы напаткалі тутэйшых жыхароў. Некалькі чалавек узялі з сабой. Яны і паказвалі, дзе на беразе, як ім здавалася, найбольш прыдатнае месца, каб абсталявацца. Алекса прыслухоўваўся да кожнай парады. Часам прычальвалі да берага. Аглядалі мясцовасць. Але здавалася дойліду, што спыняцца ранавата.

Так і правялі ў дарозе не адзін тыдзень. Пакуль, нарэшце, зноў не прагучала тое, чаго ўвесь час чакалі падарожнікі ад яго:

— Спыняемся!

Сказана было куды больш упэўнена, чым раней. Але галоўнае нават не гэта.

Што і трэба: бераг непрыступны

Выдавалі Алексу яго вочы. Яны свяціліся радасцю. Загадзя адчуў: прычальваць давядзецца з вялікай цяжкасцю. Гэта акурат тое, што і трэба. Цяжка, канешне, узабрацца на бераг.

Толькі куды цяжэй будзе захопнікам пасля таго, як на беразе з’явіцца крэпасць. Паспрабуй дабярыся непрыкметна. А што яна будзе пабудавана менавіта тут, ужо ніколькі не сумняваўся.

За многія стагоддзі вятры моцна адшліфавалі бераг. Ён ужо сам ператварыўся ў непрыступную крэпасць.

— Тут і спынімся! — паўтарыў Алекса ўпэўнена.

Падарожнікі даўно чакалі такіх слоў. Спяшаліся ўзабрацца на бераг. Гэта было нялёгка. Гліна, камяні, пясок спрасаваліся так, што невядома, як і падступіцца. Толькі ўнізе, каля самай вады, вытыркаліся карані вербаў. Дрэвы, каб утрымацца, спачатку слаліся стваламі гарызантальна. Затым імкнуліся ўгару. Ствалы пакручастыя, парэпаныя.

— Паспяшаемся, — рашуча напомніў Алекса.

Усе ведалі гэта і без напамінку. Пачынала змяркацца. Адны прымацоўвалі камягі да ствалоў вербаў. Іншыя караскаліся ўверх, робячы ў беразе прыступкі. Калі ўзабраліся, позірку адкрыліся маляўнічыя краявіды. Было відавочна, што тут ніколі не ступала нага чалавека.

Зямля каменная, то і Камянец

Вялікага агню не раскладалі. Крыху пасядзелі каля цяпельца, дастаўшы сякія-такія прыпасы. Потым каля яго засталіся толькі тыя, каму выпала несці начную варту. Астатнія ўладкаваліся спаць. Усе вельмі стаміліся, і праз якое імгненне пачуўся дружны храп.

Аднаму Алексу не спалася. Хоць і сіліўся заснуць, з галавой загарнуўшыся ў мядзведжую скуру. Холад пераносіў цяжка, таму заўсёды браў яе з сабою. Стала цёпла, але сон па-ранейшаму не ішоў. Услухоўваўся ў начную цемру, ловячы яе пахі, гукі. А наўкола ўсё працягвала жыць сваім, не заўсёды зразумелым чалавеку, жыццём.

Нечакана пачулася гучнае лопанне крыламі. Тут жа адразу раздалося глухое, тужлівае: ху-хуу. Услед за ім зноў пачулася жалобнае: у-у-у, у-у-у. То не знаходзіла сабе спакою сава. Лётала ад дрэва да дрэва, шукала спажыву. Недзе непадалёку чуваць было гэтакае самотлівае: у-ху, у-ху. Як бы адказваў на яе неспакой пугач. Гукі быццам накладваліся адзін на другі. І стаяла ў вушах працяжнае: ху-хуу-у-у-у-у-у-у-уху...

Не сумняваўся Алекса: спадабаецца князю гэтае месца для крэпасці і горада. Летапіс сведчыць: «Князь же самъ еха с бояры и слугами и улюби место то надо берегом реки Лосны». І яшчэ ў летапісе сказана: «...и потом сруби на нем городъ и нареч имя ему Каменецъ зане бысть земля камена». Аднак куды больш можа «сказаць» сама Камянецкая вежа.

У камянёў свая мова

Дапамагаюць у гэтым даследчыкі — гісторыкі, архітэктары. Іх згадкі і дазваляюць даведацца, чым адметная Камянецкая вежа.

Яна належыць да так званых валынскіх веж. У свой час яны былі ўзведзены ў многіх гарадах на поўдні Беларусі. Такія вежы мела і Бярэсце. Але толькі Камянецкая захавалася поўнасцю.

Па-навуковаму гэта вежа-данжон. Іх будавалі з дрэва, каменю і цэглы. У Камянцы — недзе ў прамежку 1276–1288 гадоў. Не так і доўга, бо гэта «столп камен высотою 17 сажен».

Прамы сажань — адлегласць паміж канцамі выцягнутых альбо распасцёртых рук. Раўняўся 1,52 і 1,76 метра. Касы сажань — адлегласць паміж пальцамі нагі і рукі, выцягнутых па дыяганалі. Адпавядаў 2,16 і 2,48 метра.

Час, аднак, спатрэбіўся не толькі на ўзвядзенне самога «стаўпа каменнага». Спачатку неабходна было расчысціць пляцоўку. Паваліць велізарныя дрэвы. Зрабіць трывалы, магутны падмурак. На сёння ён вышынёй каля 2,3 метра. Яго вонкавы дыяметр прыкладна 16 метраў. На ім месціцца пяціяруснае круглае збудаванне. Сучасныя даследчыкі яго «рост» вызначаюць да 30,15 метра. З пагрэшнасцю ў большы ці меншы бок 5 сантыметраў. Гэта і ёсць 17 сажняў, названых летапісцам. Калі вышыню вымяраць прамым сажнем.

Вонкавы дыяметр вежы — 13,5 метра. Таўшчыня сцен — 2,5. Для іх выкарыстоўвалася цэгла цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру. Цагліны ў час кладкі, як вядома, падганяюцца адна да адной. Безумоўна, пры гэтым атрымліваецца свайго роду шво. Тут яно вельмі тонкае. Гэта сведчыць пра тое, што дойліды і будаўнікі былі прафесіяналамі высокага класа.

Цагліны, што «пераклікаюцца»

Спачатку вежа дзялілася на пяць ярусаў. Дзякуючы ім утвараліся паверхі-памяшканні плошчай каля 300 квадратных метраў. Цяжка сказаць, колькі абаронцаў адначасова знаходзілася ў ёй. Але, безумоўна, нямала. Для гэтага ярусы былі добра ўмацаваны. Так, перакрыцці другога і трэцяга ярусаў з’яўляліся падвойнымі. Можна было без цяжкасці перамяшчацца з яруса на ярус па зручнай драўлянай лесвіцы. З трэцяга яруса вяла яшчэ і цагляная, што як бы прарэзвалася ў сцяне. Так званы баявы праход. Па ім абаронцы забіраліся на самы верх. Сарыентавацца было няцяжка. На лесвіцу ішло святло з двух вузкіх акенцаў.

Верх прыкрыты 14 зубцамі. Схаваўшыся за імі ад варожых стрэлаў, можна было лепш арыентавацца пры асадзе. Стралялі ж абаронцы са спецыяльных байніц, прарэзаных у сцяне вежы і размешчаных неаднолькава. У першым ярусе — дзве. У другім і трэцім — па тры. У чацвёртым — дзве байніцы і адзін вялікі спічасты праём. Ён раней выводзіў на балкон, які размяшчаўся на кансольных бэльках. Адным канцом ён замацаваны ў сцяну. Другі выступае за апору. Кансоль мае элементы дэкаратыўнага аздаблення.

Увядзенне такіх элементаў у баявую вежу сведчыць аб тым, што Алекса быў чалавек творчы. Гэта не адзінкавы прыклад таго, што ён дбаў і пра хараство. На самым завяршэнні вежы ёсць зубчатая стужка. Чатыры рады цаглін пакладзены на вугал і «пераклікаюцца» з арнаментальнымі матывамі. Узяты гэтыя матывы з народнай ткацкай вышыўкі.

Камянецкую вежу сёння часцей называюць Белай. Чаму менавіта так, пэўнага адказу няма. Хутчэй за ўсё віна аўтара кнігі «Беловежская пуща» Георгія Карцава, выдадзенай у 1903 годзе. Тады ж праводзілася і рэканструкцыя гэтага помніка беларускага дойлідства. Георгій Пятровіч памылкова сказаў, што яна знаходзіцца на рацэ Белай. Калі ж рака Белая, то і вежа Белая. А яшчэ пры рэстаўрацыі сцены яе пафарбавалі ў белы колер.

Назва «Белая вежа» прыжылася на доўгі час. З-за гэтага і пушчу, без якой немагчыма ўявіць Беларусь, пачалі называць Белавежскай.

Алесь МАРЦІНОВІЧ
Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».