Вы тут

У сезон адпачынкаў і канікул рызыка траўміравання грамядзян узрастае


Чыгунка заўсёды была аб'ектам павышанай небяспекі. Інтэнсіўны рух цягнікоў, у тым ліку цяжкіх грузавых саставаў, лініі электраперадач, канцэнтрацыя вялікай колькасці людзей на буйных станцыях і вакзалах — усё гэта патрабуе ад чалавека асаблівай пільнасці і асцярожнасці. Аднак не кожны, хто знаходзіцца ў раёне чыгуначнага палатна або ў самім цягніку, ведае аб элементарных правілах паводзін на аб'екце павышанай небяспекі.


Аб гэтым сведчыць і трагедыя на прыпыначным пункце «Ратамка», якая ў канцы мая адбылася ў Мінскім раёне. Пад коламі цягніка загінула сям'я: маці і бацька, а таксама іх маленькае дзіця, якому быў усяго годзік! Па інфармацыі Следчага камітэта, 32-гадовы мужчына і яго 22-гадовая жонка, якія везлі сваё дзіця ў калясцы, перабягалі чыгуначныя пуці на папярэджвальны сігнал святлафора. Спяшаючыся на сваю электрычку, яны трапілі пад іншы цягнік. Усе загінулі. Жанчына, акрамя ўсяго, была цяжарная…

А колькі сітуацый, калі людзі не чуюць папярэджвальных сігналаў, бо пераходзяць чыгуначныя пуці або пераязджаюць іх на веласіпедзе, будучы ў навушніках! Чаму бацькі, чые дзеці трапілі пад высакавольтнае напружанне, робячы сэлфі ў забароненых для гэтага месцах, не патлумачылі ім, што падобным гульням на чыгунцы не месца?! Няўжо людзі, нават будучы ў стане алкагольнага ап'янення, не разумеюць, што машыніст не здолее своечасова затармазіць, убачыўшы чалавека на чыгуначных пуцях?!

Не дапусціць гібелі і траўміравання

Па інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, за пяць месяцаў гэтага года на аб'ектах чыгуначнага транспарту пацярпелі 32 чалавекі. Сем атрымалі траўмы, 25, у тым ліку двое непаўналетніх, загінулі. Толькі ў маі на чыгунцы адбыліся тры няшчасныя выпадкі з дзецьмі.

Трагедый магло быць і больш. Даюць вынік комплексныя меры па папярэджанні фактаў траўміравання дарожным рухомым саставам, якія прымаюцца супрацоўнікамі міліцыі ва ўзаемадзеянні з іншымі ведамствамі. Гэта і выступленні ў працоўных калектывах, у навучальных установах. Рэгулярнымі сталі рэйдавыя мерапрыемствы — асабліва ў тыя месцы, дзе раней былі зарэгістраваны няшчасныя выпадкі, а таксама туды, дзе людзі масава парушаюць правілы праходу чыгуначных пуцей. У бягучым годзе супрацоўнікамі органаў унутраных спраў ужо выяўлена звыш 1600 такіх фактаў. Грамадзяне прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Адна з найбольш дзейсных мер па папярэджанні надзвычайных здарэнняў — пастаянная прысутнасць міліцыянераў на аб'ектах чыгуначнага транспарту.

— Наша задача заключаецца не ў тым, каб выявіць парушэнне і прыцягнуць чалавека да адказнасці, — заўважае намеснік начальніка аддзела арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту падпалкоўнік міліцыі Віталь ЯКУБОЎСКІ. — Галоўнае — не дапусціць таго, каб чалавек атрымаў траўму або загінуў. Мы спрабуем данесці да кожнага, што чыгунка — крыніца павышанай небяспекі. І правілы паводзін на ёй павінны адпавядаць патрабаванням, якія ўстаноўлены нарматыўнымі актамі, у цэлым жыццёвай сітуацыі.

Шматгадовы аналіз, праведзены па кожным факце гібелі і траўміравання людзей на чыгунцы, сведчыць: нярэдка грамадзяне не ўсведамляюць усёй небяспекі знаходжання на аб'ектах чыгуначнага транспарту. Асноўнай прычынай надзвычайных сітуацый з'яўляецца парушэнне імі правіл бяспекі. І, як не сумна гэта канстатаваць, часта людзі парушаюць правілы не па той прычыне, што не ведаюць іх. Некаторыя кажуць, што ўсё жыццё пераходзілі чыгуначнае палатно ў неўстаноўленым месцы і далей будуць гэта рабіць. І вельмі здзіўляюцца, што за той жа пераход чыгуначнага палатна там, дзе гэта забаронена, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У асобных выпадках высновы рабіць ужо позна…

Менавіта ігнараванне ўстаноўленых правілаў у мінулую суботу скончылася трагедыяй для жыхара Маладзечанскага раёна. На прыпыначным пункце «Вязынка» 41-гадовы мужчына спрабаваў перабегчы чыгуначныя шляхі на папярэджвальны сігнал святлафора менавіта ў той момант, калі набліжалася электрычка. Ад атрыманых траўмаў мужчына загінуў на месцы.

Катэгарычна забараняецца!

Каб даведацца пра найбольш распаўсюджаныя правапарушэнні на аб'ектах чыгуначнага транспарту, разам з намеснікам начальніка аддзела арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту Віталём Якубоўскім карэспандэнты «Звязды» накіраваліся на чыгуначны прыпыначны пункт «Інстытут культуры», які з'яўляецца адным з найбольш запатрабаваных у сталіцы. Адпаведна тут і вельмі інтэнсіўны рух цягнікоў. Усё абсталявана з улікам патрабаванняў бяспекі. За парадкам на станцыі сочаць супрацоўнікі ўнутраных спраў.

Віталь Якубоўскі расказвае, што, каб прадухіліць выхад на чыгуначнае палатно ў неўстаноўленым месцы, участкі чыгункі ў межах Мінска абсталёўваюцца агароджамі — такая тэндэнцыя апошніх гадоў. Таксама агароджваюцца тыя ўчасткі аб'ектаў чыгуначнага транспарту, дзе фіксуецца найбольш правапарушэнняў. Выхад на платформы прадугледжаны па наземных і падземных пераходах, што гарантуе пасажырам бяспеку. Калі ж нехта з мэтай скарачэння шляху вырашыць пералезці праз забор або перайсці чыгуначнае палатно там, дзе гэта забаронена, абавязкова трапіць у поле зроку міліцыянераў. У выніку нядобрасумленным грамадзянам прыйдзецца плаціць штраф.

— Пераход чыгуначных шляхоў у неўстаноўленым месцы з'яўляецца найбольш распаўсюджаным правапарушэннем на аб'ектах чыгуначнага транспарту, якое ў тым ліку ўплывае і на бяспеку руху, — заўважае намеснік начальніка аддзела арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту. — Перасякаць чыгуначнае палатно можна толькі па ўсталяваных і абсталяваных для гэтага месцах. На ўчастках інтэнсіўнага руху ўстаноўлены сістэмы апавяшчэння аб цягніку, які набліжаецца. Калі ёсць таблічкі з надпісамі «праход забаронены» або «службовы праход», пераходзіць чыгунку нельга. Катэгарычна забараняецца пераходзіць праз чыгуначныя шляхі перад цягніком, які набліжаецца або блізка стаіць.

І калі ў горадзе добрасумленнасць грамадзян пракантраляваць лягчэй, то ў месцах праходжання цягнікоў, якія знаходзяцца ўдалечыні ад населеных пунктаў, гэта амаль немагчыма. Мала хто задумваецца, што небяспечна нават ісці ўздоўж чыгуначных шляхоў. Калі цягнік імчыць на вялікай хуткасці, ёсць верагоднасць, што нешта можа адляцець (камень, друз, якім пасыпана чыгунка) і трапіць у чалавека. Акрамя таго, не варта знаходзіцца на краі платформы. Прычым гэта актуальна як для чыгуначнага транспарту, так і для метрапалітэна. Былі выпадкі, калі патокам паветра чалавека проста засмоктвала пад састаў. Падобная трагедыя здарылася і сёлета. Грамадзянін апынуўся ў міжкалейнай прасторы: з аднаго боку цягнік стаяў, з іншага — ішоў. Паветраны паток, які ўтварыўся, засмактаў чалавека пад састаў. Пацярпелы атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём.

Смяротныя сэлфі

Як адзначае Віталь Якубоўскі, большасць няшчасных здарэнняў, якія адбываюцца на аб'ектах чыгуначнага транспарту, звязана з траўміраваннем рухомым саставам. Рэгіструюцца і выпадкі паражэння электрычным токам. Ахвярамі высокага напружання, як правіла, становяцца дзеці. Падлеткі любяць залезці на вагоны, сфатаграфавацца. Вядома, мала хто з іх задумваецца аб тым, чым можа скончыцца такая забава.

— Паражэнне электрычным токам адбываецца неабавязкова пасля таго, калі датыкаешся да электрычнай сеткі, — удакладняе прадстаўнік міліцэйскага ведамства. — Пры пэўных умовах надвор'я, іншых фактарах можа ўзнікнуць электрычная дуга, якая паражае чалавека. Такія выпадкі таксама рэгістраваліся. Так, у маі бягучага года на станцыі «Сцяпянка» ў Мінску пацярпеў непаўналетні 2009 года нараджэння, які ўзлез на вагон. На шчасце, ён застаўся жывы, але атрымаў тэрмічны апёк другой ступені. Электратраўма вельмі небяспечная: чалавек або гіне, або застаецца інвалідам на ўсё жыццё.

Яшчэ адна вельмі небяспечная тэндэнцыя — сэлфі або кароткае відэа на фоне цягніка, які набліжаецца. Не так даўно быў выпадак, калі дзеля ўдалага кадра дзяўчынка, якой не было і 14 гадоў, выйшла на чыгуначны шлях. У выніку дзіця загінула. Непрыемныя наступствы падчас знаходжання на аб'ектах чыгуначнага транспарту цягне за сабой і выкарыстанне навушнікаў, іншых персанальных сродкаў.

— Нават чалавек не можа ў адну секунду спыніцца пры пэўнай хуткасці, — заўважае Віталь Якубоўскі. — Тармазны шлях цягніка складае ў сярэднім каля кіламетра. Кожны выпадак экстраннага тармажэння можа прынесці шкоду як самой Беларускай чыгунцы, так і пасажырам канкрэтнага саставу. Чалавек, напрыклад, можа ўпасці і пашкодзіць сабе нешта. Нясе за гэта адказнасць той, хто перасякае чыгуначнае палатно ў неўстаноўленым месцы або знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад цягніка.

І калі дзеці гінуць на чыгунцы з-за сваёй няўважлівасці, неасцярожнасці і непрадбачлівасці, то найбольш частай прычынай, па якой пад цягнік трапляюць дарослыя людзі, з'яўляецца іх знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення. Нецвярозаму чалавеку маюць права адмовіць і ў праездзе. Яго знаходжанне на аб'екце павышанай небяспекі, якім з'яўляецца чыгунка, увогуле рызыкоўнае: п'яны чалавек можа не толькі загінуць або атрымаць траўмы, упаўшы пад цягнік, але і сам здзейсніць злачынства або стаць ахвярай зламыснікаў.

Прафесія дапамагаць

Накіроўваемся на чыгуначную станцыю «Мінск-Пасажырскі». Гэта ключавая чыгуначная артэрыя краіны, праз якую ў суткі праходзяць сотні цягнікоў, сотні тысяч чалавек. Дзеля бяспечнага іх знаходжання на аб'екце чыгункі супрацоўнікі міліцыі нясуць тут дзяжурства ва ўзмоцненым кругласутачным рэжыме.

Прыбывае цягнік рэгіянальных ліній эканом-класа. Супрацоўнікі міліцыі кантралююць пасадку пасажыраў, у пэўных выпадках суправаджаюць электрычкі на ўчастках следавання: як правіла, у перадвыхадныя, выхадныя дні, падчас дачнага сезона, перыяду водпускаў, калі людзі едуць да месцаў масавага адпачынку. Нягледзячы на тое, што ў вагонах рэгулярна гучаць аб'явы аб выкананні мер бяспекі, паведамляецца, каб пасажыры сачылі за сваімі рэчамі, у цягніку можа здарыцца ўсякае. Адзін нецвярозы чалавек можа зрабіць усё, што заўгодна. Грамадзяне часта баяцца зрабіць яму заўвагу, і вельмі добра, што могуць звярнуцца да нарада, які праходзіць па цягніку. Не сакрэт, што супрацоўнікі міліцыі яшчэ і дысцыплінуюць пасажыраў.

— Вакзал — вароты горада: калі людзі прыязджаюць, першае, што яны бачаць, — вакзальны комплекс, — гаворыць Віталь Якубоўскі. — Заўсёды пасажыры ўбачаць і супрацоўніка органаў унутраных спраў. Калі ў іх на шляху следавання адбыліся пэўныя непрыемнасці, то адразу па прыбыцці яны могуць звярнуцца да міліцыянера, які ўважліва іх выслухае і дапаможа.

У адрозненне ад гарадской патрульна-паставой службы, якая ў асноўным нясе службу ў крымінагенных месцах або на аб'ектах, якія патрабуюць павышанай увагі, на вакзале супрацоўнікі міліцыі часцей за ўсё працуюць на прафілактыку. Нават сваёй адной прысутнасцю міліцыянер можа спыніць чалавека, які задумаў здзейсніць правапарушэнне.

— Вакзал — гэта магніт, што прыцягвае злачынныя элементы і людзей, якія выношваюць злачынную задуму, — акцэнтуе ўвагу камандзір роты патрульна-паставой службы міліцыі мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце падпалкоўнік міліцыі Сяргей ХУДОБА. — Асабліва прывабны для парушальнікаў закона начны час, калі пасажыры стомленыя, хочуць адпачыць, чым зламыснікі і карыстаюцца. Міліцыянеры ведаюць гэта і рэгулярна ходзяць па радах, будзяць пасажыраў, каб яны не праспалі ні свой цягнік, ні сваю маёмасць.

А яшчэ, акрамя непасрэдных абавязкаў, міліцыянеры аказваюць людзям пасільную дапамогу: суправаджаюць інвалідаў, дапамагаюць выйсці з цягніка пажылым пасажырам, дзякуючы гучнай сувязі шукаюць тых, хто згубіўся. Калі камусьці з пасажыраў стала дрэнна, аказваюць і першасную медыцынскую дапамогу.

Як заўважае Сяргей Худоба, да міліцыянераў патрульна-паставой службы, якія нясуць дзяжурства на вакзале «Мінск-Пасажырскі», прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні. «Міліцыянеры павінны быць падкаваныя юрыдычна, павінны ўмець адказаць на любое пытанне пасажыраў, прычым на англійскай мове таксама, — удакладняе ён. — Часам да супрацоўнікаў унутраных спраў звяртаюцца як у даведачнае бюро: да іх паступаюць як самыя элементарныя пытанні накшталт «Як прайсці на цягнік?», так і пытанні, звязаныя з размяшчэннем аб'ектаў на тэрыторыі горада Мінска».

Кругласутачнае нясенне службы дзяжурнымі нарадамі міліцыі ажыццяўляецца на буйных чыгуначных вузлах у кожным рэгіёне краіны. У невялікіх населеных пунктах кантроль за выкананнем правіл бяспекі ў раёне чыгуначных шляхоў нясуць участковыя інспектары. Аднак, спадзеючыся на кампетэнтныя органы, людзі, якія карыстаюцца паслугамі чыгуначнага транспарту, у першую чаргу падчас знаходжання на такіх аб'ектах павінны выконваць правілы бяспекі і разумець, што цягнік раптоўна не спыніць ніхто, нават міліцыянер.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.