Вы тут

Энергія моладзі. Выстаўка выпускнікоў «Ступені майстэрства»


Мастацтва пачынаецца з урокаў. З дзіцячых малюнкаў на паперы, якія год ад году становяцца больш дасканалыя. З настаўнікаў, якія глядзяць, папраўляюць, падказваюць. З першых адзнак за прагляды, падобных на выстаўкі, — пакуль «для сваіх». Гэта не звычайная школа, але адукацыя з персанальным падыходам. І колькі заўгодна можна казаць пра талент, які даецца ад нараджэння, але і ён патрабуе развіцця і шліфоўкі, чым і займаюцца выкладчыкі ў творчых навучальных установах. А вынік — на выстаўцы «Ступені майстэрства», якая праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі і прысвечана 75-годдзю Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава.


Выстаўка адметная тым, што прадстаўляе найлепшыя работы выпускнікоў «Глебаўкі» розных гадоў. За 75 гадоў праз вучылічша прайшлі тысячы навучэнцаў, сярод якіх ёсць імёны тых, хто, як і Аляксей Глебаў, атрымалі прызнанне і званне народных мастакоў Беларусі: Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч, Май Данцыг, Васіль Шаранговіч, Гергій Паплаўскі, Іван Міско. Але, памятаючы пра нашых славутых мэтраў, арганізатары выстаўкі не столькі адштурхоўваліся ад імёнаў, колькі стваралі цэльную экспазіцыю з асаблівым поглядам на свет і надзеямі на будучыню. І свет гэты беларускі. І погляд беларускі. І будучыня ўжо стала нашым цяперашнім днём у мастацтве.

І ёсць адчуванне свайго, блізкага, роднага ў творах ці то жывапісу, ці то скульптуры, ці то дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Больш за 50 работ, якія фатычна ілюструюць адчуванне радзімы маладымі мастакамі, якія толькі скончылі вучылішча. Напрыклад, повязь часоў і пакаленняў увасоблена ў рабоце «Вытокі жыцця» (1984 года) Аляксеем Вітко. А «Дзяды» 2012 года Мікалая Бацяноўскага па сэнсе перагукаюцца з «Ценямі продкаў» 2006 года Таццяны Залатар, але ў кожнага — уласнае бачанне, пластычная мова, нават настрой. Гэта як у кожнага з нас сваё адчуванне радасці і ўзнёсласці, а вось Алег Манько ў 2005 годзе ўявіў, як выглядаюць «Святы» (2005 год) — і можна супаставіць эмоцыі і колеры. Таксама, як пазнаць знаёмыя часткі Мінска дзякуючы Настассі Матусевіч, якая выявіла «Верхні горад» (2019 год). Ды цікава ж прасачыць, як пачыналі мастакі, якія сёння плённа працуюць, напрыклад Антаніла Слабодчыкава, якая ў 1998 годзе прадставіла сваіх «Азяроідаў», ці Сяргей Рымашэўскі — яго твор «Двое» 1984 года як адпраўны пункт, з якога пачалася эвалюцыя майстра...

Кожны талент унікальны, і па выстаўцы відаць, якія пошукі былі ў яшчэ вельмі маладых беларускіх мастакоў. А калі ёсць пошук, значыць, ёсць жаданне развіцця, навацый.

І працягваюць нараджацца і жыць надзеі. Таму што ў межах святкавання 75-годдзя Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа, якое супала са 120-годдзем А. Глебава, свае работы ў асобнай экспазіцыі прадставілі выпускнікі гэтага года, атрымаўшы дыпломы ва ўрачыстай музейнай атмасферы, дзе ўжо дэманстравалася выстаўка «Ступені майстэрства», якая будзе доўжыцца да 24 ліпеня. Выстаўка маладой энергетыкі і творчага натхнення, якое родам з Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.