Вы тут

Ці заменіць робат механізатара


Пётр Панасюга — асоба, вядомая не толькі на Магілёўшчыне. Яго імя звязана з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй, што ў Горках, дзе ён 35 гадоў выкладаў, арганізаваў кафедру «тэхналогіі захавання і перапрацоўкі расліннай сыравіны» і быў першым яе загадчыкам. А яшчэ — з Дрыбінскім раёнам, які некалькі гадоў узначальваў. Ён не проста кіраўнік вядучага ў Горацкім раёне аграпрадпрыемства, але і навуковец, рацыяналізатар. «Горацкі элеватар», дарэчы, сёння з’яўляецца навукова-практычнай пляцоўкай для акадэміі. Тут ад яе працуе чатыры філіялы, каля тысячы студэнтаў штогод праходзяць практыку і павышаюць узровень сельскагаспадарчых ведаў. Сёння мы з кіраўніком «Горацкага элеватара» размаўляем пра работу ва ўмовах санкцый, курс на высокатэхналагічнае развіццё і шляхі вырашэння пытання з кадрамі.


Майстар-клас ад Панасюгі

То-бок, прыклад таго, як з адстаючага прадпрыемства робіцца перадавое. Асаблівая нагода для гонару ў Пятра Іванавіча — сем дыпломаў, за кожны год яго работы ў якасці кіраўніка «Горацкага элеватара». Гэта красамоўная адзнака работы дырэктара. «3 2014 года тры разы заваёўвалі ў раённым спаборніцтве пераходны Чырвоны Сцяг, два разы дыплом другой ступені і адзін — трэцяй,» — ганарыцца Пётр Панасюга. Успамінае, што ў 2014 годзе, калі ён толькі прыйшоў сюды працаваць, тут была поўная безгаспадарчасць. З педантычнасцю навукоўца ён усё зафатаграфаваў, зафіксаваў і паклаў пачатак новай эры «Горацкага элеватара». Дзякуючы гэтым фота можна рэальна ўявіць, які шлях прайшло прадпрыемства за восем гадоў. Сёння тут не толькі прымаюць і апрацоўваюць збожжа, але і ствараюць экструдаваныя кармы для жывёл. Апроч гэтага, распрацаваны бізнес-план для вырабу пелет з «мякіны», пакуль гэты праект не рэалізаваны. Распрацоўшчыкі завяраюць, што такое біяпаліва па сваіх якасцях пераўзыходзіць вугаль.

Усё тут па-гаспадарску. Двор заасфальтаваны, сонечныя батарэі, кацельная на мясцовых відах паліва. Першае, што зрабіў новы кіраўнік, — адмовіўся ад прыроднага газу. Цяпло дае смецце, што застаецца ад збожжа — мякіна, пыл (з гэтага, дарэчы, і плануецца рабіць пелеты). Шмат увагі ўдзяляецца стварэнню ўмоў для калектыву. Ёсць спартыўная зала, душавыя, вялікі пакой для адпачынку і прыёму ежы з мікрахвалеўкай, халадзільнікам і зручнай мэбляй. На тэрыторыі знайшлося месца цяпліцам, дзе спеюць агуркі і памідоры.

— У нас і страхоўка пенсіі ёсць, і медыцынскае страхаванне, і даплаты за здаровы лад жыцця, і матэрыяльная дапамога да ўсіх свят, — пералічвае суразмоўца. — За год адной дапамогі набягае паўтары тысячы.

Плюс 13-я зарплата. За кошт прыбытку аплачваецца харчаванне (смачнае, дарэчы, была нагода паспрабаваць. — Аўт.). Тыя, хто болей чым 20 гадоў адпрацаваў, пры выхадзе на пенсію да 10 сярэднямесячных заробкаў атрымлівае, амаль гадавую пенсію за адзін раз.

Ад карэспандэнта ніякіх таямніц. Падняліся на 60-метровую працоўную вежу элеватара, з якой, як на далоні, тэрыторыя прадпрыемства і наваколля. Падчас экскурсіі кіраўнік звяртае ўвагу на рухавікі, што задзейнічаны на транспарціроўцы збожжа.

— Раней тут стаялі малаэфектыўныя, за гадзіну падымалі ўсяго 120 тон зерня, — тлумачыць ён. — За кошт ўдасканалення рэдуктараў мы істотна знізілі спажыванне электраэнергіі і павысілі эфектыўнасць пастаўкі збожжа ў 1,5 раза. Гэта дало рост вытворчасці працы. Калі палічыць выпрацоўку на аднаго работніка, нам сёння няма роўных у Горацкім раёне. Рост адбыўся і за кошт укладання ўласных інвестыцый. Павысіліся эфектыўнасць работы, чысты прыбытак.

Пасля вежы накіроўваемся ў дыспетчарскую. На шчыце ва ўсю сцяну мігаюць лямпачкі, відаць, што працэс рухаецца. Але Панасюга прывёў мяне сюды не каб пахваліцца.

— Гэта ўжо ўчарашні дзень, — кажа ён. — Тут трэба паставіць вадкакрышталічны дысплей, а ўсё гэта грувасткае абсталяванне — сабраць у адну маленькаю каробачку. Тады будзе па-перадавому. Але для гэтага трэба прыпыніць работу ўсяго прадпрыемства, а таму пакуль нерэальна. Хаця сістэму зрабілі больш дасканалай, паставілі тэрмападвескі, праз кожныя пяць метраў замяраецца тэмпература збожжа. Калі павысілася — значыць, нейкі няправільны працэс праходзіць — трэба разбірацца.

На прынцыпова новым абсталяванні было б меней задзейнічана людзей на абслугоўванні, болей было б аўтаматызацыі і кантролю. Але грошы на мадэрнізацыю, што былі, прыйшлося ўкласці ў дзве стратныя дрыбінскія гаспадаркі, якія ў 2019 годзе перадалі «Горацкаму элеватару» на правах давернага кіравання. А гэта, як ні круці, баласт. Бо інвестар павінен разлічвацца з чужымі даўгамі ды яшчэ ўкладвацца ў адсталую вытворчасць. Яна ж не адразу пачынае даход прыносіць.

— За два гады мы, вядома, не дасягнулі там вялікіх вышынь, але рывок зрабілі, — кажа Пётр Панасюга. — Тэхналогіі, якія прымяняюцца ў гэтых дзвюх гаспадарках, дазволілі падняць узровень надояў з ранейшых 1,6 тоны і 800 кілаграмаў малака на карову да 7,5 тоны малака на кожнайабедвюх. І гэта яшчэ не мяжа. Малако хутка не робіцца.

А што там з кадрамі?

Як зразумець: прыбытковая галіна сельская гаспадарка ці не? Калі лічыць па папулярнасці сельскіх прафесій сярод моладзі і стане некаторых гаспадарак, то не. Але калі ўспомніць той жа калгас «Радзіма» ў Бялыніцкім раёне, якім кіраваў Аляксандр Лапацентаў, або «Зару» ў Магілёўскім, на чале якой стаіць Кацярына Зароўская, то адназначна прыбытковая. Што перашкаджае астатнім дацягвацца да ўзроўню паспяховых? Пётр Панасюга лічыць, што тут усё залежыць ад кіраўніцтва. Кадры трэба выхоўваць з дзяцінства. Асабіста сябе ён лічыць аграрнікам да кончыкаў пазногцяў. Яго бацькі працавалі ў калгасе, па іх слядах пайшлі пяцёра дзяцей з шасці. Перад вачыма быў бацькоўскі прыклад, ды яшчэ з розных сельскагаспадарчых ВНУ прадстаўнікі ў школу прыязджалі агітаваць. Была магчымасць паступіць па спецнаборы ў Маскву ў Мічурынскі інстытут. Суразмоўца родам з Браншчыны, але абраў для сябе Беларускую сельгасакадэмію. ВНУ і ў Саюзе была адной з вядучых.

Успамінае, што ў той час прэстыж сельскіх прафесій быў вялікі. З першага разу будучы аграрый нават пры вялікім жаданні і сярэднім бале атэстата 4,75 пры 5-бальнай сістэме не змог стаць студэнтам. Два ўступныя экзамены здаў на пяцёркі, яшчэ два — на чацвёрку і тройку. Адным словам, не прайшоў па конкурсе. І толькі ўжо пасля арміі і васьмімесячных падрыхтоўчых курсаў паступіў. Саўгас Унечыцкага раёна, які даў накіраванне на вучобу, ужо з першага месяца вучобы заахвочваў будучага спецыяліста рублём. І гэта таксама важна.

— Аляксандр Лапацентаў нездарма стыпендыі школьнікам назначаў, — прыводзіць прыклад суразмоўца. — Пасля яго і сёння працягваецца падрыхтоўка спецыялістаў па ўсіх галінах, пачынаючы ад медыцынскага работніка. Кадры трэба шукаць, пачынаючы з пятых класаў. Летам школьнік на таку папрацаваў, а восенню кіраўнік гаспадаркі на школьную лінейку прыйшоў і хлопцу падзякаваў, а то і прэмію ўручыў. Вось гэта клопат. Мы з Беларускай сельгасакадэміяй сувязь трымаем. Сёлета ў нас на пасяўной адзін студэнцкі атрад працаваў, летась два на ўборачнай, адзін з якіх па сваіх паказчыках заняў 1-е месца ў вобласці і на рэспубліцы быў адзначаны ў ліку найлепшых. І сярэдняя зарплата была ў іх каля трох тысяч рублёў. Той, хто з сяла, з дзяцінства з бацькам у кабіне ездзіў, здалёк бачны. Ён адвучыўся і прыехаў у начную змену на трактары працаваць, каб зарабіць грошы.

— А сённяшнія агракласы чаму не выйсце?

— Гэта таксама трэба развіваць. Мой сын 1980 года нараджэння, выпускнік першага агракласа горацкай школы № 4. У акадэмію паступаў па выпускных экзаменах школы на агранамічны факультэт і сёння працуе ў мяне галоўным тэхнолагам. Зараз колькасць агракласаў пашыралася, у Беларускую акадэмію паступаюць таксама выпускнікі каледжаў агратэхнічнага профілю, існуе мэтавая падрыхтоўка, але гэтага недастаткова. Яшчэ раз паўтаруся, трэба працаваць з кадрамі, размаўляць з імі, заахвочваць. Той жа Мікалай Шарснёў, былы губернатар Віцебскай вобласці, маладым спецыялістам сельскагаспадарчай галіны даплачваў з бюджэту. Вельмі правільны падыход. І выхадныя ў іх павінны быць, каб з’ездзіць у горад, з дзяўчынай сустрэцца. Буйныя аграхолдынгі, сапраўды, — выйсце. Той жа агракамбінат «Сноў», дзе 2,5 тысячы работнікаў, або «Зара», дзе іх болей за 1000. Без выхадных маладыя не будуць працаваць. Яны пойдуць туды, дзе ім зручней.

Каб вырасціць добрага спецыяліста, трэба, каб ён, як у савецкі час, прайшоў усе стадыі, пачынаючы ад загадчыка фермы да намесніка дырэктара, і толькі тады стаў кіраўніком. А сёння як? Дыплом атрымаў — і наперад. Пяць ВНУ краіны рыхтуюць кадры для сяла, але іх не хапае. Тыя ж заатэхнікі, аграномы, інжынеры раствараюцца ў іншых галінах народнай гаспадаркі. Ведаеце, колькі паступае ў аграрныя ВНУ сельскай моладзі? Усяго 15–20 %. Астатнія з горада. А потым ідуць у праграмісты, іншыя спецыяльнасці. Добра, калі два гады адпрацуюць. Раней у школе на сяле было 200–400 школьнікаў, цяпер — 70–80.

Работа па спадарожніку

Сёння робіцца акцэнт на выкарыстанне ў сельскай гаспадарцы высокіх тэхналогій. Найбольш прасунутыя гаспадаркі займаюцца земляробствам па спадарожніку, нехта прымяняе квадракоптары. Ці можна спадзявацца, што ў хуткім часе сельскагаспадарчая галіна стане ў нас рабатызаванай?

— У Беларусі ўжо ёсць гаспадаркі, дзе робаты дояць кароў, тая ж малочнатаварная ферма «Белшыны-агра» — філіял бабруйскай «Белшыны», — прыводзіць прыклад Пётр Іванавіч. — Вельмі высокатэхналагічная кампанія «Беларуская нацыянальная біякарпарацыя» ў Пухавічах. У Кітаі такіх 5-6 вытворчасцяў.

— А механізатараў робатамі можна замяніць? Памятаеце, як у савецкай кінастужцы «Справа была ў Пянькове», дзе трактар без кіроўцы па полі ездзіў? Добрае вырашэнне праблемы дэфіцыту кадраў.

— Гэта так званае кропкавае земляробства. Там прысутнасць чалавека мінімальная. Тэхніка кіруецца з дапамогай спадарожніка. Калі 15 гадоў таму да нас прыязджалі спецыялісты з Германіі, Англіі, Канады і расказвалі, як пастаўлена работа ў іх, мы толькі захапляліся. Але сёння гэтая рэальнасць прыйшла і на нашы палі. І гэты рост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі адбыўся дзякуючы дальнабачнай арыентацыі кіраўніка дзяржавы і ўрада на тэхперааснашчэнне. За сем гадзін касілка КДН 2.1 косіць шэсць гектараў, а сучасны КПР-9 — 45! Адчуваеце розніцу? Або адзін чалавек такі аб’ём работы робіць, або восем. Вось што такое вытворчасць працы. Або камбайн, прапускная здольнасць якога была 4-5 кілаграмаў за секунду па хлебнай масе, а стала 15-16. Для сучасных камбайнаў патрэбна ўраджайнасць 40–60 цэнтнераў з гектара, тады ён выдае за дзень па 250–300 тон, а не 50. Нядаўна мы радаваліся ў гаспадарках тысячніку, а сёння трэба, каб кожны па тысячы на камбайн намалочваў. Для гэтага і патрэбны тэхналогіі. Будзе вытворчасць — будуць грошы.

У кожным раёне ёсць 2-3 гаспадаркі моцныя, ёсць сераднячкі і аўтсайдары. Найлепшыя адрозніваюцца высокім перааснашчэннем і высокай культурай захавання тэхналогій. Там і кадры ёсць. У першую чаргу павінны быць кіраўнікі. У Беларускай акадэміі ёсць рэзерв кадраў з найлепшых студэнтаў, іх з самага пачатку рыхтуюць на кіраўнікоў. Разам з іншымі ведамі яны атрымліваюць азы, як кіраваць сучаснай вытворчасцю, іх накіроўваюць на практыку ў найлепшыя гаспадаркі. Вялікая падтрымка для сяла — тэхніка ў лізінг. Многія гаспадаркі выжылі за кошт таго, што бралі тэхніку пад 2-3 % на 7 гадоў. Праграма вельмі добрая, яе ні ў якім разе нельга згортваць.

Санкцыі нас прымушаюць паскорыцца. Дзесяць гадоў таму краіна імпартавала парадку 200 тысяч тон гатункаў цвёрдай пшаніцы, сёння, магчыма, і 10 тон не завозім. Ужо ёсць свая. Тэхналогіі новыя з’явіліся, селекцыянеры вывелі больш урадлівыя гатункі, сёння мы насеннем забяспечаны. І, мяркуючы па тых прадуктах, якія атрымліваем, якасным. Наш барысаўскі вытворца «Барымак» выдатную макаронную прадукцыю выпускае, лідская, клімавіцкая мука таксама на вышыні. І сваю тэхніку якасную навучымся рабіць, каб не аддаваць за яе валюту. Апошнія гомельскія камбайны нічым не горшыя за замежныя. Але могуць стаць яшчэ лепшымі. Санкцыі нас павінны добра ўскалыхнуць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Г. Горкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.