Вы тут

Навацыі ад Мірскага замка


У Мірскім замку стварылі спецыяльную экскурсію для малодшых школьнікаў, а таксама запусцілі квэст-прыгоду для сем’яў


Вачыма маленькіх дзяцей многае ў свеце бачыцца вялікім і неспасціжным. Два гэтыя прыметнікі добра падыходзяць да апісання Мірскага замка, аднаго з самых знакамітых помнікаў эпохі Адраджэння ў Беларусі.

Сам архітэктурны комплекс, які ўключае замак XVI — XX стагоддзяў, уражвае сваёй веліччу нават дарослага, што ўжо казаць пра дзяцей? Неспасціжнай для маленькіх падарожнікаў застаецца мудрагелістая гісторыя замка, якая пачынаецца з імя Юрыя Ільініча. Але навуковыя супрацоўнікі музея знайшлі некалькі эфектыўных спосабаў, што дапамагаюць дзеткам уключыць фантазію і назаўжды пакінуць у памяці не толькі цікавае месца, але і незвычайныя імёны. Абыякавых не застанецца!

Уваход толькі для дзяцей

Навінкай гэтага сезона ў Мірскім замку стала новая тэматычная экскурсія «Падарожжа ў часе» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

— Спецыяльна для вучняў 1–4 класаў у першы дзень вясновых канікул музей «Замкавы комплекс «Мір» запусціў новую экскурсію «Падарожжы ў часе», — распавядае намеснік дырэктара па асветніцкай і навуковай рабоце замкавага комплексу «Мір» Вольга Навіцкая. — Асаблівасцю такіх падарожжаў па залах з’яўляюцца дадатковыя дыялогі, «гукі і галасы з мінулага», якія распавядаюць дзецям на працягу ўсёй экскурсіі дэталі былога жыцця тутэйшых мясцін.

Для гэтага на планшэце ўключаецца спецыяльнае гукавое суправаджэнне, якое дазваляе малодшым школьнікам уключыць фантазію і ўявіць, як перагаворваюцца будаўнікі Мірскага замка альбо шэпчуцца кухмістар і кухаркі, якія спрабуюць зразумець сакрэты прыгатавання дзіцячых прысмакаў у тыя далёкія часы. Пры гэтым у некаторых залах чуюцца гукі музычных інструментаў, спецыяльна падабраныя па экспазіцыі. Напрыклад, лютня, дуда або спінет.

Адправіцца ў суправаджэнні экскурсавода па асноўнай музейнай экспазіцыі могуць як турыстычныя групы з дваццаці дзяцей, так і асобныя сем’і з дзецьмі.

Калі ёсць неабходнасць заняць дзяцей старэйшага ўзросту, то для іх ужо даўно дзейнічае некалькі займальных гульнявых экскурсій-прыгод.

— Старшакласнікі і дарослыя часта жадаюць паўдзельнічаць у займальных квэстах «Таямніца двух куфраў» або «Белы слон». Усе гульні ў нас патрабуюць засяроджанасці, разважлівасці. Калі не быць уважлівымі, прыйдзецца браць падказкі ў экскурсавода. Ні адзін адказ на пытанне ў заданні не знайсці ў сеціве. Разгадкі шукаюцца проста на месцы — на сценах музея, пры разглядзе экспанатаў, — усміхаецца Вольга Васілеўна.

Чаму прыйдзецца прыехаць не адзін раз

Па словах Вольгі Навіцкай, для турыстаў створана самая разнастайная забаўляльная прадукцыя, паколькі навуковыя супрацоўнікі імкнуцца ўлічыць усе пажаданні сваіх наведвальнікаў.

— Мы зацікаўленыя ў неаднаразовым наведванні. Як правіла, першыя экскурсіі часта бываюць самастойныя. Пасля гэтага звычайна людзі разумеюць, што недастаткова пранікліся гісторыямі Мірскага замка, таму прыязджаюць паўторна, каб заказаць аглядную экскурсію са спецыялістам. Трэці раз падарожнік можа выбраць тэатралізаваную экскурсію, альбо экскурсію з дэгустацыяй, — паясніла намеснік дырэктара.

І тэатралізацыя, і экскурсіі з дэгустацыяй даўно сталі аднымі з любімых забаў для падарожнікаў. Аднак у трэнды гэтага года свае карэктывы ўнесла пандэмія, якая падзяліла вялікія турыстычныя групы на маленькія сямейныя. Спецыялісты музея звярнулі ўвагу, што асобныя сем’і, якія хацелі трапіць на экскурсію ў Мірскі замак, усё часцей пачалі адмаўляцца ад удзелу ў групе і заказваць менавіта індывідуальныя наведванні экспазіцый. Прыкладна ў гэты ж перыяд стала відавочна, што вялікі інтарэс у наведвальнікаў выклікаюць квэсты. Неўзабаве ў праграме з’явілася новая гульнявая экскурсія «Легенды і паданні Мірскага замка» для сем’яў з дзецьмі.

— Сямейная група з пяці-шасці чалавек павінна прайсці маршрут разам з экскурсаводам, — распавяла навуковы супрацоўнік Наталля Кавалевіч. — У пэўных залах удзельнікі атрымліваюць канверт з заданнем. Там размяшчаюцца спецыяльныя карткі, у якія неабходна ўпісаць правільны адказ. Усяго такіх канвертаў шэсць, дзеці чакаюць іх з найбольшай цікавасцю. Каб ускладніць задачу, каманда, знайшоўшы патрэбны прадмет, павінна вырашыць галаваломку.

У той час, пакуль дзеці і бацькі разгадваюць заданні, экскурсавод тактычна робіць сваю справу — распавядае новую легенду або сямейную гісторыю ўладальнікаў замка. У выніку ў галаве ва ўдзельніка квэста надоўга застаюцца імёны «Сонечка», «Рыбанька», «Сіротка», а яшчэ немудрагелістыя правілы гульні з цікавай назвай «Гусь».

Сям’я са Шклова, з якой мне ўдалося пазнаёміцца адразу ж пасля праходжання такой гульнявой экскурсіі, падзялілася ўражаннямі:

— Выбіралі экскурсію з тым сэнсам, каб асабліва цікава было дзецям. Таму такі квэст цалкам задаволіў — прыйшлося праявіць кемлівасць і назіральнасць, а на некаторых заданнях нават мы з мужам прасілі даць падказкі, — дзеліцца Анастасія. — У музеях звычайна не пускаюць за агароджы, аднак такая незвычайная экскурсія як бы дае магчымасць зазірнуць нават за зачыненыя дзвяры, узяць у рукі некаторыя экспанаты.

Падарожжы па краіне для Анастасіі і Дзмітрыя, а таксама іх траіх дзяцей — Арцёма, Андрэя і Арыны — занятак ужо звыклы. Асабліва ў час канікулаў. Летась яны наведалі Брэст і Полацк, а ў гэтым сезоне адправіліся на Гродзеншчыну.

У Мірскім замку распавялі, што з пачатку года да іх прыехала больш за дзевяноста тысяч чалавек, хоць наперадзе яшчэ цэлыя два летнія месяцы. Нягледзячы на пандэмію і сучасны крызіс, турыстычны паток у Мір мае міжнародны характар — па-ранейшаму ў невялікае мястэчка Карэліцкага раёна прыязджаюць расійскія грамадзяне, вандроўцы з Латвіі і Літвы, Польшчы і Кітая.

Дарэчы

Замкавы комплекс «Мір» з’яўляецца ўнікальным помнікам нацыянальнай культуры Беларусі, уключаны ў 2000 годзе ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Акрамя неверагоднага па памерах і прыгажосці замка XVI — XX стагоддзяў, тут можна пабываць у царкве-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх, доміку вартаўніка, наведаць руіны палаца апошніх уладальнікаў, флігель, прыдарожнаю капліцу і атрымаць асалоду ад пейзажнага парку ў англійскім стылі з сажалкай, дзе спрэс віднеюцца рэшткі італьянскага саду.

Уваход на тэрыторыю комплексу, уключаючы двор і паркі, бясплатны. Уваход у музей платны. Прэйскурант даступны на афіцыйным сайце.

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».