Вы тут

Бязрукаў: Перадзел свету непазбежны


Маштабныя трансфармацыі, якія апошнім часам закранулі ўсе краіны, аказваюць значны ўплыў на сучаснае светаўладкаванне. Якім будзе свет, хто зойме пазіцыі сусветных лідараў, як будзе развівацца эканоміка, з абсалютнай дакладнасцю мала хто бярэцца казаць. Важна разабрацца ў тым, што адбываецца цяпер, у канкрэтны гістарычны перыяд.

Аб спецыфіцы супрацьстаяння цэнтраў сілы ў ХХІ стагоддзі, глабальным расколе і фарміраванні макрарэгіёнаў, канфлікце цывілізацый, а таксама ролі ў ім палітычных і эканамічных эліт расказаў прафесар Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін, член Прэзідыума Савета па знешняй і абароннай палітыцы Расіі Андрэй Бязрукаў. Эксперт-міжнароднік выступіў з дакладам падчас круглага стала «Геапалітыка і бяспека ў новым свеце», які адбыўся на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а наш карэспандэнт запісала самыя цікавыя моманты.


Перыяд нестабільнасці

Па словах эксперта, мы ўступілі ў час гістарычнага пералому. Для таго каб зразумець, што цяпер адбываецца, ён прапанаваў аўдыторыі вярнуцца на сто гадоў таму.

— Роўна сто гадоў таму адбываўся такі ж глабальны ўсёабдымны пералом, як цяпер, — адзначыў Андрэй Бязрукаў. — Ішла грамадзянская вайна, пасля Першай сусветнай, у якой загінулі чатыры імперыі. Потым быў 30-гадовы пераход ад аднаго свету да іншага, які скончыўся стварэннем Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. І цяпер мы пражываем гэты пасляваенны перыяд. Усё вельмі падобнае на тое, што адбываецца цяпер. Працуюць тыя ж тры фактары, якія працавалі раней.

Па меркаванні эксперта, мы пераходзім з аднаго тэхналагічнага цыкла ў іншы. «У 1914 годзе людзі ездзілі на падводах, а ў 1945-м ужо ажыццяўляліся трансатлантычныя пералёты, — канстатаваў ён. — Прайшло 30 гадоў — свет абсалютна памяняўся. І цяпер мы бачым, што эканоміка пачынае хутка мяняцца, некаторыя краіны ідуць наперад, іншыя адстаюць. Як тады, калі Злучаныя Штаты і Германія развіваліся хутчэй, чым Англія і Францыя, якія раней трымалі ўсю сусветную сістэму. Цяпер Кітай, Азія цалкам вырываюцца наперад, развіваюцца хутчэй, і заходні свет, у першую чаргу Злучаныя Штаты, спрабуюць іх спыніць. Спыніць не проста Кітай, а ўвесь астатні свет, захаваць свае пазіцыі. У свой час падобнае імкненне скончылася сусветнай вайной. Цяпер паглядзім — мы таксама ўваходзім у гэты перыяд нестабільнасці».

Прафесар заўважыў, што перабудоўваецца ўся сацыяльная сістэма. «Мы зноў, як і сто гадоў таму, вярнуліся да такога ж катастрафічнага расслаення на багатых і бедных, на багатыя і бедныя краіны, — удакладніў ён. — Што кажуць палітыкі аб сённяшняй сітуацыі? Яны бачаць крызісы, якім ніяк не могуць даць рады. Крызісы наклаліся адзін на аднаго, яны ўсёабдымныя, глабальныя. Мы бачым, што эканоміка з 2008 года не расце, што ўрады любой цаной спрабуюць абкласці людзей падаткамі, урэзаць сацыяльныя праграмы, якія ў мірныя гады аддавалі направа і налева. І ліберальная мадэль, якая была выбудавана, аптымізавана пад папярэдні тэхналагічны цыкл, ужо не працуе. Заходні свет траціць кантроль над незаходнім».

Па словах Андрэя Бязрукава, упершыню з часоў Калумба Захад страціў ваенна-тэхналагічную перавагу. «Першы раз за апошнія 500 гадоў гэтай перавагі няма, — падкрэсліў спікер. — Не проста таму, што, напрыклад, расійская і кітайская ваенныя машыны дастаткова моцныя. Калі паглядзець на многія іншыя дзяржавы, на тую ж Паўднёвую Карэю, то яна нічым не саступае Брытаніі па сваім ваенным патэнцыяле».

Эфект Злучаных Штатаў

Але самы страшны крызіс, на думку эксперта, сацыяльны. «Ён заўсёды прыходзіць нечакана, — удакладніў Андрэй Бязрукаў. — І цяпер, калі дзяржава адмовіла ў дабрабыце доўгажыхарам, калі няма больш грошай раздаваць усім, каб людзі жылі ціха і падтрымлівалі гэтую прыгожую дэмакратычную карцінку, у гарадах з'яўляецца прыкарыят, што ад французскага азначае «на мяжы». Гэта маладыя, адукаваныя, дынамічныя людзі, якія сацыяльна арыентаваныя, сядзяць у сацыяльных сетках, але ў іх няма дакладных перспектыў, што будзе заўтра. У іх няма і стабільнай работы, на якой можна будаваць сям'ю, яны перабіваюцца з аднаго на другое: то дастаўка, то Макдональдс, то яшчэ нейкая падпрацоўка, то непрацяглы кантракт. І гэтая выбухованебяспечная сумесь у вялікіх гарадах назапашваецца, і людзі гатовы выйсці на вуліцу па любой нагодзе: ці гэта брэксіт, Трамп або незалежнасць Каталоніі. Гэтая напружанасць павялічваецца ва ўсім. І гэта прыкмета таго, што сацыяльная сістэма будзе вельмі моцна мяняцца. Мы вярнуліся да перадзелу ўсяго астатняга свету».

Найбольш падрабязна прафесар спыніўся на Злучаных Штатах Амерыкі як краіне з найбольш развітой эканомікай, якая ўваходзіць у наступны тэхналагічны цыкл і першай пачынае адчуваць сацыяльныя і палітычныя змены. Паводзіны ЗША вельмі моцна адлюстроўваюцца на ўсіх астатніх. Па словах Андрэя Бязрукава, яны цягнуць за сабой канфлікты, спрабуюць спыніць свет, каб ён больш не мяняўся.

— Злучаныя Штаты — гэта праект групы рэлігійных адшчапенцаў, якія збеглі з Еўропы, каб будаваць абсалютна іншае грамадства, якое не мае нічога агульнага з тым, што было ў Еўропе, — звярнуў увагу эксперт-міжнароднік. — Яны былі рэлігійнымі радыкаламі, адмаўлялі і тую сістэму дзяржавы, і тую рэлігію, якая дамінавала ў Еўропе. Для іх гэта быў праект барацьбы дабра са злом. Натуральна, яны былі «дабром», а ўсё астатняе — «злом». І ў іх пратэстанцкай логіцы гэтую тэрыторыю «дабра» трэба было пашыраць. Спачатку яны пашырылі яе да Апалацкіх гор, потым сутыкнуліся з індзейцамі, французамі, затым дайшлі да Лацінскай Амерыкі і гэтак далей. У рэшце рэшт пасля Другой сусветнай вайны яны быццам бы сталі ўладарамі свету. Зноў-такі гэта праект пашырэння тэрыторыі «дабра».

Як адзначыў Андрэй Бязрукаў, для нас гісторыя — там, дзе мы знаходзім сябе. «У Злучаных Штатаў гісторыі няма, — дадаў ён. — Яна вельмі дробная, надуманая, лакальная. Што казаць, калі Вялікі тэатр у Маскве існуе даўжэй, чым Злучаныя Штаты. Яны будаваліся з розных калоній. І для іх самым галоўным было тое, каб ніхто на іх не ціснуў, каб была незалежнасць. Дзяржава — гэта «зло», па іх меркаванні. Дзяржава павінна быць мінімальная. А для нас дзяржава — гэта ўсё, гэта стрыжань, які трымае тэрыторыю, ідэалогію, эканоміку. І ў нас людзі, якія стаяць на чале дзяржавы, прадстаўляюць яе. Яны з'яўляюцца вяршыняй дзяржавы. Там падпарадкоўваюцца правілам, а ў нас — асобам. Прычым гэта не толькі ў нас. Увесь Усход — гэта аб асобах. Увесь Захад — аб правілах».

Захад страчвае пазіцыі

Выказаўся спікер і аб ваеннай аперацыі ва Украіне. Па яго словах, у дадзены момант Расія вядзе вайну за незалежнасць.

— Апошнія 30 гадоў Расія была залежнай краінай, — адзначае прафесар. — Гэтая залежнасць ёй была навязана: і культурная, і эканамічная, і фінансавая. Цяпер у Расіі ёсць шанц ад гэтай залежнасці вызваліцца. Так атрымалася, што гэта адбываецца сілавым шляхам. І гэтага немагчыма было б пазбегнуць. Спадзяюся, што ў выніку гэтага канфлікту так ці інакш будзе выбудаваны новы свет — больш шчыры і справядлівы. Астатні — незаходні — па сутнасці, ужо гэтага чакае. Паглядзіце на рэакцыю арабскага свету, на Кітай, Індыю. Увесь свет, які ніколі не быў вольны (гэта значыць каланіяльны свет), цяпер за нас.

Па словах Андрэя Бязрукава, перш за ўсё, крызіс б'е па небагатых краінах. «У іх няма запасу трываласці, які ёсць, напрыклад, у Еўропы, Злучаных Штатаў Амерыкі, Кітая, нас у тым ліку, — заўважыў ён. — Любое ператрэсванне сусветных рынкаў, любы рост цэн на прадукты б'е перш за ўсё па іх. І, вядома, наша задача — гэтыя небагатыя краіны падтрымаць, у тым ліку палітычна. Яны таксама шукаюць незалежнасць: сістэма абмену абсалютна неэквівалентная».

Гаворачы аб узмацненні інтэграцыйных сувязяў Беларусі і Расіі, прафесар акцэнтаваў увагу на тым, што і Беларусь, і Расія з'яўляюцца часткай адзінай прасторы. «І гэта незаходняя палітычная прастора, — падкрэсліў эксперт. — А цяпер, калі Захад, па сутнасці, вярнуўся да сваіх каланіяльных звычак, гэта не толькі пытанне Расіі і Беларусі — гэта пытанне ўвогуле інтэграцыі многіх краін для таго, каб пабудаваць новы свет — больш справядлівы і з іншай эканомікай. Заходні свет знаходзіцца ў меншасці. Гэта цяжкая сітуацыя, калі ён пачынае страчваць пазіцыі і за іх змагаецца. Усе астатнія шукаюць агульныя базы, у тым ліку Беларусь і Расія, каб выбудаваць абсалютна іншую эканамічную і палітычную сістэмы».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?